Першая Царстваў 1

1 Быў адзін чалавек з Раматаім-Цофіма, з гары Яфрэмавай, імя яго Элкана, сын Ерахама, сына Ілія, сына Тоху, сына Цуфа, - Эфрацянін;

2 у яго былі дзьве жонкі: імя адной Ганна, а імя другой Фэнана; у Фэнаны былі дзеці, а ў Ганны ня было дзяцей.

3 І хадзіў гэты чалавек з горада свайго ў адпаведныя дні пакланяцца і прыносіць ахвяру Госпаду Саваофу ў Сілом; і там былі два сыны ягоныя, Офні і Фэнэес, сьвятарамі Госпада.

4 У той дзень, калі Элкана прыносіў ахвяру, даваў Фэнане, жонцы сваёй, і ўсім сынам яе і дочкам яе долі;

5 а Ганьне даваў долю адмысловую, бо кахаў Ганну, хоць Гасподзь замкнуў улоньне яе.

6 Суперніца яе моцна засмучала яе, падбіваючы яе да нараканьняў на тое, што Гасподзь замкнуў улоньне яе.

7 Так бывала кожны год, калі хадзіла яна ў дом Гасподні: тая засмучала яе, а гэтая плакала і ня ела.

8 І сказаў ёй Элкана, муж яе: Ганна! Чаго ты плачаш і чаму не ясі, і, чаго смуткуе сэрца тваё? ці ж ня лепшы я табе за дзесяць сыноў?

9 І ўстала Ганна пасьля таго, як яны елі і пілі ў Сіломе. А Ілій сьвятар сядзеў тады на сядзеньні каля ўваходу ў храм Гасподні.

10 І была яна ў скрусе душы, і малілася Госпаду, і горка плакала,

11 і дала абяцаньне, кажучы: Госпадзе Саваоф! Калі Ты ўважыш скрусе рабы Тваёй і спамянеш пра мяне, і не забудзеш рабы Тваёй і дасі рабе Тваёй дзіця мужчынскага полу, дык я аддам яго Госпаду на ўсе дні жыцьця яго, і брытва не кране галавы ягонай.

12 Тым часам як яна доўга малілася прад Госпадам, Ілій глядзеў на вусны яе;

13 і як Ганна гаварыла ў сэрцы сваім, а вусны яе толькі варушыліся, і ня было чуваць голасу яе, дык Ілій прыняў яе за п'яную.

14 І сказаў ёй Ілій: дакуль ты будзеш п'яная? працьверазіся зь віна твайго.

15 І адказвала Ганна і сказала: не, спадару мой; я - жонка, што засмучаецца духам, віна і сікеру я ня піла; а выліваю душу маю прад Госпадам;

16 ня лічы рабы тваёй нягоднаю жанчынаю, бо ад вялікай журбы маёй і ад скрухі маёй я гаварыла дагэтуль.

17 І адказваў Ілій і сказаў: ідзі зь мірам, і Бог Ізраілеў спраўдзіць просьбу тваю, чаго ты прасіла ў Яго.

18 А яна сказала: хай жа знойдзе раба твая літасьць у вачах тваіх! І пайшла яна ў няволю сваю, і ела, і аблічча яе ня было ўжо журботнае, як раней.

19 І ўсталі яны раніцай, і пакланіліся прад Госпадам, і вярнуліся, і прыйшлі ў дом свой у Раму. І паклікаў Элкана Ганну, жонку сваю, і спамянуў пра яе Гасподзь.

20 Празь некаторы час зачала Ганна і нарадзіла сына і дала яму імя Самуіл, бо, "у Госпада я выпрасіла яго".

21 І пайшоў муж яе Элкана і ўся сямья ягоная прынесьці гадавую ахвяру Госпаду і абяцаньні свае.

22 А Ганна не пайшла, сказаўшы мужу свайму: калі дзіця будзе аднята ад грудзей і падрасьце, тады я завяду яго, і ён зьявіцца прад Госпадам і застанецца там назаўсёды.

23 І сказаў ёй Элкана, муж яе: рабі, што табе заўгодна; заставайся, пакуль ня выкарміш яго грудзьмі; толькі хай спраўдзіць Гасподзь слова, якое выйшла з вуснаў тваіх. І засталася жонка ягоная і карміла грудзямі сына свайго, пакуль ня выкарміла.

24 А калі выкарміла яго, пайшла зь ім у Сілом, узяўшы тры цяляці і адну эфу мукі і мех віна, і прыйшла ў дом Госпада ў Сіломе; а хлопчык быў яшчэ дзіця.

25 І закалолі цяля; і прывялі хлопчыка да Ілія,

26 і сказала: о, спадару мой! хай жыве душа твая, спадару мой! я - тая самая жанчына, якая тут пры табе стаяла і малілася Госпаду;

27 за гэтае дзіця малілася я, і спраўдзіў мне Гасподзь просьбу маю, чаго я прасіла ў Яго;

28 і я аддаю яго Госпаду на ўсе дні жыцьця ягонага - служыць Госпаду. І пакланілася там Госпаду.

Першая Царстваў 2

1 І малілася Ганна і казала: зарадавалася сэрца маё ў Госпадзе; узьнёсься рог мой у Богу маім; шырока адкрыліся вусны мае на ворагаў маіх, бо я радуюся за ратаваньне Тваё.

2 Няма такога сьвятога, як Гасподзь, бо няма іншага, апрача Цябе; і няма цьвярдыні, як Бог наш.

3 Ня множце прамоваў пыхлівых; дзёрзкія словы няхай ня выходзяць з вуснаў вашых; бо Гасподзь ёсьць Бог веданьня, і дзеі ў Яго ўзважаныя.

4 Лук моцных ламаецца, а немачныя апярэзваюцца сілаю;

5 насычаныя хлебам працуюць, а галодныя адпачываюць; нават няплодная родзіць сем разоў, а шматдзетная зьнемагае.

6 Гасподзь сьмерціць і ажыўляе, зводзіць у апраметную і выводзіць;

7 Гасподзь робіць жабраком і ўзбагачае, прыніжае і ўзвышае.

8 З пылу падымае Ён беднага, з гразі ўзвышае ўбогага, садзіць зь вяльможамі, і трон славы дае ім у спадчыну; бо ў Госпада асновы зямлі, і Ён сьцьвердзіў на ім сусьвет.

9 Сьляды сьвятых Сваіх Ён захоўвае, а беззаконьнікі ў цемры зьнікаюць: бо ня сілаю моцны чалавек.

10 Гасподзь сатрэ тых, што спрачаюцца зь Ім; зь нябёсаў загрыміць на іх. Гасподзь будзе судзіць канцы зямлі і дасьць моц цару Свайму і падыме рог памазанца Свайго.

11 І пайшоў Элкана ў Раму ў дом свой, а хлопчык застаўся служыць Госпаду пры Іліі сьвятары.

12 А сыны Ілія былі людзі нягодныя; яны ня ведалі Госпада

13 і абавязку сьвятароў перад народам. Калі хто прыносіў ахвяру, хлопчык сьвятарскі, калі гатавалася мяса, прыходзіў зь відэльцам у руцэ сваёй

14 і апускаў яго ў касьцёл, альбо ў каструлю, альбо на патэльню, альбо ў горшчык, і што выме відэлец, тое браў сабе сьвятар. Так рабілі яны з усімі Ізраільцянамі, якія прыходзілі туды ў Сілом.

15 Нават раней, чым спальвалі тлушч, прыходзіў хлопчык сьвятарскі і казаў ахвяравальніку: давай мяса на смажанку сьвятару; ён ня возьме ў цябе варанага мяса, а дай сырога.

16 І калі хто казаў яму: "хай спаляць раней тлушч, як павінна быць, і потым вазьмі сабе, колькі захоча душа твая", дык ён казаў: не, цяпер дай, а калі не, дык вазьму сілком.

17 І грэх гэтых маладых людзей быў даволі вялікі прад Госпадам, бо яны ўхіляліся ад ахвяраваньняў Госпаду.

18 А хлопчык Самуіл служыў прад Госпадам, надзяваючы ільняны наплечнік.

19 Верхнюю вопратку малую рабіла яму маці ягоная і прыносіла яму штогоду, калі прыходзіла з мужам сваім дзеля належнага ахвярапрынашэньня.

20 І дабраславіў Ілій Элкану і жонку ягоную і сказаў: хай дасьць табе Гасподзь дзяцей ад жонкі гэтай, замест гэтага, якога ты аддаў Госпаду! І пайшлі яны ў месца сваё.

21 І наведаў Гасподзь Ганну, і зачала яна і нарадзіла яшчэ трох сыноў і дзьвюх дачок; а хлопчык Самуіл падрастаў у Госпада.

22 А Ілій быў вельмі стары і чуў усё, як учыняюць сыны ягоныя з усімі Ізраільцянамі, і што яны сьпяць з жанчынамі, што зьбіраліся каля ўваходу ў скінію сходу.

23 І сказаў ім: навошта вы робіце такія ўчынкі? бо я чую благія словы пра вас ад усяго народу,

24 не, дзеці мае, нядобрая пагудка, якую я чую; вы разбэшчваеце народ Гасподні;

25 калі згрэшыць чалавек супроць чалавека, дык памоляцца за яго Богу; а калі чалавек згрэшыць супроць Госпада, дык хто будзе хадайнікам за яго? Але яны ня слухалі голасу бацькі свайго, бо Гасподзь вырашыў ужо аддаць іх сьмерці.

26 А хлопчык Самуіл усё больш і больш набіраў узросту і ўпадабаньня ў Госпада і ў людзей.

27 І прыйшоў чалавек Божы да Ілія і сказаў яму: так кажа Гасподзь: ці ж не адкрыўся Я дому бацькі твайго, калі яны былі яшчэ ў Егіпце, у доме фараона?

28 і ці ж ня выбраў яго з усіх каленаў Ізраілевых Сабе ў сьвятары, каб ён падымаўся да ахвярніка Майго, каб дыміў фіміямам, каб насіў наплечнік прад Мною? і ці ж ня даў я дому бацькі твайго ад усіх паленых агнём ахвяр сыноў Ізраілевых?

29 навошта ж вы топчаце нагамі ахвяры Мае і хлебныя прынашэньні Мае, якія запавядаў Я жытлішчу Майму, і навошта ты аддаеш перавагу сынам сваім прад Мною, раскормліваючы сябе пачаткамі прынашэньняў народу Майго Ізраіля?

30 Таму так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: Я сказаў тады: дом твой і дом бацькі твайго будуць хадзіць прад абліччам Маім вавек; а цяпер кажа Гасподзь: хай ня будзе так, бо Я праслаўлю тых, што праслаўляюць Мяне, а тыя, што няславяць Мяне, будуць паганьбаваныя.

31 Вось, настаюць дні, калі я падсяку мышцу тваю і мышцу дома бацькі твайго, так што ня будзе старца ў доме тваім ніколі;

32 і ты будзеш бачыць бедства жытлішча Майго, пры ўсім тым, што Гасподзь дабрачыніць Ізраілю, і ня будзе ў доме тваім старога праз усе дні.

33 Я не адхілю ў цябе ўсіх ад ахвярніка Майго, каб таміць вочы твае і мучыць душу тваю; але ўсе нашчадкі дома твайго будуць паміраць у сярэдніх гадах.

34 І вось табе азнака, якая будзе з двума сынамі тваімі, Офні і Фінээсам: абодва яны памруць у адзін дзень.

35 І пастаўлю сабе сьвятара вернага; ён будзе рабіць па сэрцы Маім і па душы Маёй; і дом яго зраблю цьвёрдым, і ён будзе хадзіць прад памазанцам Маім праз усе дні;

36 І кожны, хто застаўся з дому твайго, прыйдзе кланяцца яму за геру срэбра і кавалак хлеба і скажа: далучы мяне да якой-небудзь лявіцкай пасады, каб мець пракорм.

Першая Царстваў 3

1 Хлопчык Самуіл служыў Госпаду пры Іліі; слова Гасподняе было рэдкае ў тыя дні, відзежы былі ня частыя.

2 І было ў той час, калі Ілій ляжаў на сваім месцы, - і ў вачах ягоных пачало цямнець, і ён ня мог бачыць, -

3 і сьвяцільня Божая яшчэ не патухла, і Самуіл ляжаў у храме Гасподнім, дзе каўчэг Божы:

4 паклікаў Гасподзь Самуіла. І адказаў ён: вось я!

5 І пабег да Ілія і сказаў: вось я! ты клікаў мяне. Але той сказаў: я ня клікаў цябе; ідзі назад, кладзіся. І ён пайшоў і лёг.

6 Але Гасподзь другі раз паклікаў Самуіла. Ён устаў і прыйшоў да Ілія другі раз і сказаў: вось я! ты клікаў мяне. Але той сказаў: я ня клікаў цябе, сыне мой; ідзі назад, кладзіся.

7 Самуіл яшчэ ня ведаў тады голасу Госпада, і яшчэ не адкрывалася яму слова Гасподняе.

8 І паклікаў Гасподзь Самуіла яшчэ трэці раз. Ён устаў і прыйшоў да Ілія і сказаў: вось я! ты клікаў мяне. Тады зразумеў Ілій, што Гасподзь кліча хлопчыка.

9 І сказаў Ілій Самуілу: ідзі назад і кладзіся, і калі пакліча цябе Той, Які кліча, ты скажы: кажы, Госпадзе, бо чуе раб Твой. І пайшоў Самуіл і лёг на месцы сваім.

10 І прыйшоў Гасподзь, і стаў, і паклікаў, як таго і другога разу: Самуіле! Самуіле! І сказаў Самуіл: кажы, Госпадзе, бо чуе раб Твой.

11 І сказаў Гасподзь Самуілу: вось, Я ўчыню дзею ў Ізраілі, пра якую калі хто пачуе, дык у таго зазьвініць у вушах;

12 у той дзень Я ўчыню над Ізраілем усё тое, што Я казаў пра дом ягоны; Я пачну і закончу;

13 Я абвясьціў яму, што Я пакараю дом яго навекі за тую віну, што ён ведаў, як сыны ягоныя ліхадзейнічаюць, і ня цугляў іх;

14 і таму прысягаю дому Ілія, што віна дома Іліевага не загладзіцца ні ахвярамі, ні прынашэньнямі хлебнымі павек.

15 І спаў Самуіл да раніцы, і адчыніў дзьверы дома Гасподняга; і баяўся Самуіл абвясьціць відзеж гэты Ілію.

16 Але Ілій паклікаў Самуіла і сказаў: сыне мой Самуіле! Той сказаў: вось я!

17 І сказаў Ілій: што сказана табе? не хавай ад мяне, тое і тое зробіць з табою Бог, і яшчэ болей зробіць, калі ты ўтоіш ад мяне што-колечы з усяго таго, што сказана табе.

18 І абвясьціў яму Самуіл і ня ўтоіў ад яго нічога. Тады сказаў Ілій: Ён - Гасподзь; што Яму заўгодна, тое і ўтворыць.

19 І вырас Самуіл, і Гасподзь быў зь ім; і не засталося ніводнага слова ягонага, каб ня спраўдзілася.

20 І даведаўся ўвесь Ізраіль ад Дана да Вірсавіі, што Самуілу выпаў гонар быць прарокам Гасподнім.

21 І прадаўжаў Гасподзь зьяўляцца ў Сіломе пасьля таго, як адкрыў Сябе Самуілу ў Сіломе праз слова Гасподняе.

Першая Царстваў 4

1 І было слова Самуіла да ўсяго Ізраіля. І выступілі Ізраільцяне супроць Філістымлянаў на вайну і атабарыліся каля Авэн-Эзэра, а Філістымляне атабарыліся каля Афэка.

2 І выстраіліся Філістымляне супроць Ізраільцянаў, і адбылася бітва, і былі пабітыя Ізраільцяне Філістымлянамі, якія пабілі на полі бітвы каля чатырох тысяч чалавек.

3 І прыйшоў народ у табар; і сказалі старэйшыны Ізраільскія: за што пабіў нас Гасподзь сёньня перад Філістымлянамі? возьмем сабе зь Сілома каўчэг запавета Гасподняга, і ён пойдзе сярод нас і ўратуе нас ад рукі ворагаў нашых.

4 І паслаў народ у Сілом, і прынесьлі адтуль каўчэг запавета Госпада Саваофа, Які сядзіць на херувімах; а пры каўчэгу запавета Божага былі і два сыны Іліевыя, Офні і Фінээс.

5 І калі прыбыў каўчэг запавета Гасподняга ў табар, увесь Ізраіль падняў такі вялікі крык, што зямля стагнала.

6 І пачулі Філістымляне шум крыкаў і сказалі: чаго такія моцныя крыкі ў табары Габрэяў? І даведаліся, што каўчэг Гасподні прыбыў у табар.

7 І спалохаліся Філістымляне, бо сказалі: Бог той прыйшоў да іх у табар. І сказалі: гора нам! бо ня бывала падобнага ні ўчора, ні заўчора;

8 гора нам! хто выбавіць нас ад рукі гэтага магутнага Бога? гэта - Той Бог, Які пабіў Егіпцян усялякімі карамі ў пустыні;

9 умацуйцеся і будзьце мужныя, Філістымляне, каб вам ня быць у рабстве ў Габрэяў як яны ў вас у рабстве; будзьце мужныя і паваюйце іх.

10 І біліся Філістымляне, і пабітыя былі Ізраільцяне, і кожны пабег у намёт свой, і была параза вельмі вялікая, і загінула ў Ізраільцянаў трыццаць тысяч пешых.

11 І каўчэг Божы быў узяты, і два сыны Іліевыя, Офні і Фінээс, памерлі.

12 І пабег адзін Веньямініцянін зь месца бітвы і прыйшоў у Сілом таго ж самага дня; вопратка на ім была падраная і пыл на галаве ў яго.

13 Калі прыйшоў ён, Ілій сядзеў на сядзеньні пры дарозе каля варот і глядзеў, бо сэрца ягонае трымцела за каўчэг Божы. І калі чалавек той прыйшоў і абвясьціў у горадзе, дык моцна застагнаў увесь горад.

14 І пачуў Ілій гукі ляманту і сказаў: чаго такі шум? І адразу падышоў чалавек той і абвясьціў Ілію.

15 Ілію было тады дзевяноста восем гадоў; і вочы ў яго патухлі, і ён ня мог бачыць.

16 І сказаў той чалавек Ілію: я прыйшоў з табара, а сёньня бег я з поля бітвы. І сказаў Ілій: што адбылося, сыне мой?

17 І адказваў весьнік і сказаў: пабег Ізраіль перад Філістымлянамі, і параза вялікая адбылася ў народзе, і абодва сыны твае, Офні і Фінээс, памерлі, і каўчэг Божы ўзяты.

18 Калі спамянуў ён пра каўчэг Божы, Ілій упаў зь сядзеньня дагары каля варотаў, зламаў сабе хрыбет і памёр; бо ён быў стары і цяжкі. А быў ён судзьдзя Ізраіля сорак гадоў.

19 Нявестка ягоная, жонка Фінээсава, была цяжарная, і ўжо блізіліся роды. Калі пачула яна вестку пра ўзяцьце каўчэга Божага і пра сьмерць сьвёкра свайго і мужа свайго, дык упала на калені і нарадзіла, бо падступіліся да яе болі яе.

20 І калі памірала яна, дык жанчыны, якія стаялі каля яе, казалі ёй: ня бойся, ты нарадзіла сына. Але яна не адказвала і не зважала.

21 І назвала дзіця: Іхавод, сказаўшы: "адышла слава ад Ізраіля" - з узяцьцем каўчэга Божага і зь сьмерцю сьвёкра яе і мужа яе.

22 Яна сказала: адышла слава ад Ізраіля, бо ўзяты каўчэг Божы.

Першая Царстваў 5

1 А Філістымляне ўзялі каўчэг Божы і прынесьлі яго з Авэн-Эзэра ў Азот.

2 І ўзялі Філістымляне каўчэг Божы, і ўнесьлі яго ў храм Дагона, і паставілі яго каля Дагона.

3 І ўсталі Азацяне рана на другі дзень, і вось, Дагон ляжыць тварам сваім да зямлі перад каўчэгам Гасподнім. І ўзялі яны Дагона і зноў паставілі яго на сваё месца.

4 І ўсталі яны раніцай на другі дзень, і вось, Дагон ляжыць ніцма на зямлі перад каўчэгам Гасподнім; галава Дагонава і абедзьве нагі яго і абедзьве рукі ягоныя адцятыя, кожная асобна, на парозе, засталося толькі тулава Дагонава.

5 Таму жрацы Дагонавы і ўсе, хто прыходзіў у капішча Дагона ў Азот, ня ступаюць на парог Дагонаў да сёньня.

6 І ацяжэла рука Гасподняя над Азацянамі, і Ён пабіваў іх і пакараў іх пакутлівымі нарасьцямі, у Азоце і ў навакольлі яго.

7 І ўгледзелі гэта Азацяне і сказалі: хай не застанецца каўчэг Бога Ізраілевага ў нас, бо цяжкая рука ў Яго і для нас і для Дагона, бога нашага.

8 І паслалі, і сабралі да сябе ўсіх уладароў Філістымскіх, і сказалі: што нам рабіць з каўчэгам Бога Ізраілевага? І сказалі: няхай каўчэг Бога Ізраілевага пяройдзе ў Гэт. І адправілі каўчэг Бога Ізраілевага ў Гэт.

9 Пасьля таго, як адправілі яго, была рука Гасподняя на горадзе - жудасьць вельмі вялікая, і пабіў Гасподзь жыхароў горада ад малога да вялікага, і паказаліся на іх нарасьці.

10 І паслалі яны каўчэг Божы ў Аскалон. І калі прыйшоў каўчэг Божы ў Аскалон, заенчылі Аскаланіцяне, кажучы: прынесьлі да нас каўчэг Бога Ізраілевага, каб аддаць сьмерці нас і народ наш.

11 І паслалі, і сабралі ўсіх уладароў Філістымскіх, і сказалі: вышліце каўчэг Бога Ізраілевага; няхай ён вернецца на сваё месца, каб ня ўсьмерціў ён нас і народ наш. Бо сьмяротная жудасьць была на ўсім горадзе: вельмі ацяжэла рука Божая на іх.

12 І тыя, якія не памерлі, пакараныя былі нарасьцямі, так што енк горада падымаўся да нябёсаў.

Першая Царстваў 6

1 І прабыў каўчэг Гасподні ў вобласьці Філістымскай сем месяцаў.

2 І паклікалі Філістымляне жрацоў і празарліўцаў і сказалі: што нам рабіць з каўчэгам Гасподнім? навучэце нас, як нам адпусьціць яго ў месца ягонае.

3 Тыя сказалі: калі вы хочаце адпусьціць каўчэг Бога Ізраілевага, дык не адпускайце яго ні з чым, а прынясеце яму ахвяру павіннасьці; тады ацаліцеся і ўведаеце, за што не адступае ад вас рука Ягоная.

4 І сказалі яны: якую ахвяру павіннасьці мусім прынесьці мы Яму? Тыя сказалі: па ліку ўладароў Філістымскіх пяць нарасьцяў залатых і пяць мышэй залатых; бо кара адна на ўсіх вас і на ўладарах вашых;

5 дык вось, зрабеце выявы нарасьцьяў вашых і выявы мышэй вашых, што спусташаюць зямлю, і ўзьнясеце славу Богу Ізраілеваму; магчыма, Ён паслабіць руку Сваю над вамі і над багамі вашымі і над зямлёю вашаю;

6 і навошта вам рабіць жорсткім сэрца ваша, як ажарсьцьвілі сэрца сваё Егіпцяне і фараон? вось, калі Гасподзь паказаў сілу Сваю над імі, дык яны адпусьцілі іх, і тыя пайшлі;

7 дык вось, вазьмеце, зрабеце адну калясьніцу новую і вазьмеце дзьве каровы-першацёлкі, на якіх ня было ярма, і запражэце кароў у калясьніцы, а цялят ад іх завядзеце ад іх дамоў;

8 і вазьмеце каўчэг Гасподні і пастаўце яго на калясьніцу, а залатыя рэчы, якія прынесяце Яму ў ахвяру павіннасьці, пакладзеце ў скрынку збоку ад яго; і адпусьцеце яго, і хай пойдзе;

9 і глядзеце, калі ён пойдзе да межаў сваіх, да Бэтсаміса, дык ён вялікае зло зрабіў нам; а калі не, дык мы будзем ведаць, што не ягоная рука пакарала нас, а зрабілася гэта з намі выпадкова.

10 І зрабілі яны так: і ўзялі дзьве каровы-першацёлкі і запрэглі іх у калясьніцу, а цялят іх затрымалі дома;

11 і паставілі каўчэг Госпада на калясьніцу і скрынку з залатымі мышамі і выявамі нарасьцяў.

12 І пайшлі каровы проста на дарогу да Бэтсаміса: адною дарогаю ішлі, ішлі і рыкалі, але ня ўхіляліся ні направа, ні налева; а ўладары Філістымскія ішлі сьледам за імі да межаў Бэтсаміса.

13 Жыхары Бэтсаміса жалі тады пшаніцу ў даліне і, зірнуўшы, угледзелі каўчэг Гасподні, і ўзрадаваліся, што ўбачылі яго.

14 А калясьніца прыйшла на поле Ісуса Бэтсамісяніна і спынілася там; і быў тут вялікі камень, і раскалолі калясьніцу на дровы, а кароў прынесьлі на цэласпаленьне Госпаду.

15 Лявіты зьнялі каўчэг Госпада і скрынку, што была пры ім, у якой былі залатыя рэчы, і паставілі на вялікім тым камені; а жыхары Бэтсаміса прынесьлі таго дня цэласпаленьне і закалолі ахвяры Госпаду.

16 І пяць уладароў Філістымскіх бачылі гэта і вярнуліся таго ж дня ў Акарон.

17 Залатыя гэтыя нарасьці, якія прынесьлі Філістымляне ў ахвяру павіннасьці Госпаду, былі: адна за Азот, адна за Газу, адна за Аскалон, адна за Гэт, адна за Акарон;

18 а залатыя мышы былі па колькасьці гарадоў Філістымскіх - пяці валадароў, ад гарадоў умацаваных і да адкрытых сёлаў, да вялікага каменя, на якім паставілі каўчэг Госпада, і які да сёньня на полі Ісуса Бэтсамісяніна.

19 І пакараў Ён жыхароў Бэтсаміса за тое, што яны заглядвалі ў каўчэг Госпада, і забіў з народу пяцьдзесят тысяч семдзесят чалавек. І заенчыў народ, бо пакараў Гасподзь народ караю вялікаю.

20 І сказалі жыхары Бэтсаміса: хто можа стаяць прад Госпадам, Гэтым Сьвятым Богам? і да каго Ён пойдзе ад нас?

21 І паслалі паслоў да жыхароў Кірыятыярыма сказаць: Філістымляне вярнулі каўчэг Госпада; прыйдзеце, вазьмеце яго сабе.

Першая Царстваў 7

1 І прыйшлі жыхары Кірыятыярыма, і ўзялі каўчэг Госпада, і прынесьлі яго ў дом Амінадаваў, на пагорак, а Элеазара, сына ягонага, асьвяцілі, каб ён захоўваў каўчэг Госпада.

2 З таго дня, як застаўся каўчэг у Кірыятыярыме, прайшло шмат часу, гадоў дваццаць. І вярнуўся ўвесь дом Ізраілеў да Госпада.

3 І сказаў Самуіл усяму дому Ізраіля, кажучы: калі вы ўсім сэрцам сваім вяртаецеся да Госпада, дык выдаліце са свайго асяродзьдзя багоў іншаземных і Астартаў і расхінеце сэрца ваша да Госпада і служэце Яму аднаму, і Ён выратуе вас ад рукі Філістымлянаў.

4 І выдалілі сыны Ізраілевыя Ваалаў і Астартаў і пачалі служыць аднаму Госпаду.

5 І сказаў Самуіл: зьбярэце ўсіх Ізраільцянаў у Масіфу, і я памалюся за вас Госпаду.

6 І сабраліся ў Масіфу, і чэрпалі ваду, і вылівалі прад Госпадам, і пасьціліся ў той дзень, кажучы: зграшылі мы прад Госпадам. І судзіў Самуіл сыноў Ізраілевых у Масіфе.

7 Калі пачулі Філістымляне, што сабраліся сыны Ізраілевыя ў Масіфу, тады пайшлі валадары Філістымскія на Ізраіля. Ізраільцяне, дачуўшыся, спалохаліся Філістымлянаў.

8 І сказалі сыны Ізраілевыя Самуілу: не пераставай заклікаць за нас Госпада Бога нашага, каб Ён выратаваў нас ад рукі Філістымлянаў.

9 І ўзяў Самуіл адно ягня ад саскоў і прынёс яго на цэласпаленьне Госпаду, і заклікаў Самуіл Госпада да Ізраіля, і пачуў яго Гасподзь.

10 І калі Самуіл прыносіў цэласпаленьне, Філістымляне прыйшлі ваяваць зь Ізраілем. Але Гасподзь загрымеў у той дзень моцным громам над Філістымлянамі і навёў на іх жах, і яны былі пакараныя перад Ізраілем.

11 І выступілі Ізраільцяне з Масіфы, і перасьледавалі Філістымлянаў, і білі іх да месца пад Вэтхорам.

12 І ўзяў Самуіл адзін камень, і паставіў паміж Масіфаю і Сэнам і назваў яго Авэн-Эзэр, сказаўшы: да гэтага месца дапамог нам Гасподзь.

13 Так упакораны былі Філістымляне і перасталі хадзіць у межы Ізраілевыя; і была рука Гасподняя на Філістымлянах ва ўсе дні Самуіла.

14 І вернуты былі Ізраілю гарады, якія ўзялі Філістымляне ў Ізраіля, ад Акарона і да Гэта, і межы іх вызваліў Ізраіль з рук Філістымлянаў, і быў мір паміж Ізраілем і Амарэямі.

15 І быў Самуіл судзьдзёю Ізраіля ва ўсе дні жыцьця свайго:

16 год у год ён хадзіў і абыходзіў Вэтыль і Галгал і Масіфу і судзіў Ізраіля ва ўсіх гэтых мясьцінах;

17 потым вяртаўся ў Раму, бо там быў дом ягоны, і там судзіў ён Ізраіля, і пабудаваў там ахвярнік Госпаду.

Першая Царстваў 8

1 А калі састарыўся Самуіл, дык паставіў сыноў сваіх судзьдзямі над Ізраілем.

2 Імя старэйшага сына ягонага Ёіль, а імя другога сына ягонага Авія; яны былі судзьдзямі ў Вірсавіі.

3 Але сыны яго не хадзілі шляхамі ягонымі, а ўхіляліся ў карысьлівасьць і бралі дарункі і судзілі несправядліва.

4 І сабраліся ўсе старэйшыны Ізраіля, і прыйшлі да Самуіла ў Раму,

5 і сказалі яму: вось, ты састарыўся, а сыны твае ня ходзяць шляхамі тваімі; дык вось пастаў над намі цара, каб ён судзіў нас, як у іншых народаў.

6 І не спадабалася слова гэтае Самуілу, калі яны сказалі: дай нам цара, каб ён судзіў нас. І маліўся Самуіл Госпаду.

7 І сказаў Гасподзь Самуілу: паслухай голасу народу ва ўсім, што яны кажуць табе; бо не цябе яны адхілілі, а адхілілі Мяне, каб Я не валадарыў над вамі;

8 як яны рабілі з таго дня, калі Я вывеў іх зь Егіпта, і да гэтага дня, пакідалі Мяне і служылі іншым багам, так робяць яны з табою;

9 дык вось паслухай голасу іхняга; толькі абвясьці ім і пакажы ім правы цара, які будзе валадарыць над імі.

10 І пераказаў Самуіл усе словы Госпада народу, што прасіў у яго цара,

11 і сказаў: вось якія будуць правы ў цара, які будзе валадарыць над вамі: сыноў вашых ён возьме і прыставіць іх да калясьніц сваіх і зробіць верхаўцамі сваімі, і будуць яны бегаць перад калясьніцамі ягонымі;

12 і паставіць іх у сябе тысячнікамі і пяцідзясяцкімі, каб яны ўраблялі палеткі ягоныя і чакалі хлеба ад яго і рабілі яму воінскую зброю і калясьнічныя прылады ягоныя;

13 і дочак вашых возьме, каб яны складвалі масьці, гатавалі ежу і пяклі хлеб;

14 і палі вашыя і вінаградныя і аліўкавыя сады вашыя лепшыя возьме і аддасьць слугам сваім;

15 і з пасеваў вашых і зь вінаградных садоў вашых возьме дзясятую частку і аддасьць еўнухам сваім і слугам сваім;

16 і рабоў вашых і рабынь вашых, і юнакоў вашых найлепшых і аслоў вашых возьме і ўжыве на свае патрэбы;

17 з дробнага быдла вашага возьме дзясятую частку, і самі вы будзеце яму рабамі;

18 і застогнеце тады ад цара вашага, якога вы выбралі сабе, і ня будзе Гасподзь адказваць вам тады.

19 Але народ не згадзіўся паслухацца голасу Самуіла і сказаў: не, хай цар будзе над намі,

20 і мы будзем як іншыя народы: будзе судзіць нас цар наш, і хадзіць перад намі, і весьці войны нашыя.

21 І выслухаў Самуіл усе словы народу і пераказаў іх у вушы Госпаду.

22 І сказаў Гасподзь Самуілу: паслухай голасу іхняга і пастаў ім цара. І сказаў Самуіл Ізраільцянам: ідзеце кожны ў свой горад.

Першая Царстваў 9

1 Быў нехта з сыноў Веньяміна, звалі яго Кіс, сын Авііла, сына Цэрона, сына Бэхарата, сына Афія, сына нейкага Веньямініцяніна, чалавек знакаміты.

2 У яго быў сын, звалі яго Саўл, малады і прыгожы; і ня было нікога зь Ізраільцянаў прыгажэйшага за яго; ён ад плячэй сваіх быў вышэйшы за ўвесь народ.

3 І прапалі асьліцы ў Кіса, бацькі Саўлавага, і сказаў Кіс Саўлу, сыну свайму: вазьмі з сабою аднаго са слугаў і ўстань, ідзі, пашукай асьліц.

4 І прайшоў ён зямлю Яфрэмавую і прыйшоў у зямлю Шалішу, але не знайшлі; і прайшлі зямлю Шаалім, і там іх няма; і прайшоў ён зямлю Веньямінавую, і не знайшлі.

5 Калі яны прыйшлі ў зямлю Цуф, Саўл сказаў слузе свайму, які быў зь ім: хадзем назад, каб бацька мой, пакінуўшы асьліц, не пачаў непакоіцца за нас.

6 Але слуга сказаў яму: вось у гэтым горадзе ёсьць чалавек Божы, чалавек паважаны; усё, што ён скажа, збываецца; сходзім цяпер туды; можа, ён пакажа нам дарогу нашую, па якой нам ісьці.

7 І сказаў Саўл слузе свайму: вось мы пойдзем, а што мы прынясем таму чалавеку? бо хлеба не засталося ў торбах нашых, і дарунка няма, каб паднесьці чалавеку Божаму; што ў нас?

8 І зноў адказваў слуга Саўлу і сказаў: вось у руцэ маёй чвэрць сікля срэбра; я аддам чалавеку Божаму, і ён пакажа нам дарогу нашую.

9 Раней у Ізраіля, калі хто-небудзь ішоў пытацца Бога, казалі так: хадзем да празарліўца. Бо той, каго называюць сёньня прарокам, раней называўся празарліўцам.

10 І сказаў Саўл слузе свайму: добра ты кажаш; пойдзем. І пайшлі ў горад, дзе чалавек Божы.

11 Калі яны падымаліся ўгору ў горад, дык спаткалі дзяўчат, якія выйшлі чэрпаць ваду, і сказалі ім: ці ёсьць тут празарлівец?

12 Тыя адказвалі ім і сказалі: ёсьць; вось ён, паперадзе цябе; толькі пасьпяшайся, бо ён сёньня прыйшоў у горад, бо сёньня ў народа ахвярапрынашэньне на вышыні;

13 калі прыйдзеце ў горад, застанеце яго, пакуль ён яшчэ не пайшоў на тую вышыню, на абед; бо народ не пачне есьці, пакуль ён ня прыйдзе; бо ён дабраславіць ахвяру, і пасьля таго пачнуць есьці кліканыя; дык вось, ідзеце, цяпер яшчэ застанеце яго.

14 І пайшлі яны ў горад. Калі ж увайшлі ў сярэдзіну горада, дык вось і Самуіл выходзіць насустрач ім, каб ісьці на вышыню.

15 А Гасподзь адкрыў Самуілу за дзень да прыходу Саўлавага і сказаў:

16 заўтра гэтым часам Я прыйшлю да цябе чалавека зь зямлі Веньямінавай, і ты памаж яго ў кіраўніка народу Майму Ізраілю, і ён уратуе народ Мой ад рукі Філістымлянаў; бо Я ўважыў народу Майму, бо енк ягоны дайшоў да Мяне.

17 Калі Самуіл убачыў Саўла, дык Гасподзь сказаў яму: вось чалавек, пра якога Я казаў табе; ён будзе кіраваць народам Маім.

18 І пайшоў Саўл да Самуіла ў браме і спытаўся ў яго: скажы мне, дзе дом празарліўца?

19 І адказваў Самуіл Саўлу і сказаў: я празарлівец, ідзі паперадзе мяне на вышыню; і вы будзеце абедаць са мною сёньня, і адпушчу цябе раніцай, і ўсё, што ў цябе на сэрцы, скажу табе;

20 а пра асьліц, якія ў цябе прапалі ўжо тры дні, ня турбуйся, яны знайшліся. І каму ўсё прывабнае ў Ізраілі? Ці ж не табе і ўсяму дому бацькі твайго?

21 І адказваў Саўл і сказаў: ці ж ня сын я Веньяміна, аднаго з малодшых пакаленьняў Ізраілевых? і племя маё ці ж ня меншае сярод плямёнаў Веньямінавых? Навошта ж ты кажаш мне гэта?

22 І ўзяў Самуіл Саўла і слугу ягонага, і ўвёў іх у пакой, і даў ім першае месца сярод запрошаных, якіх было каля трыццаці чалавек.

23 І сказаў Самуіл кухару: падай тую частку, якую я даў табе і пра якую я сказаў табе: адкладзі яе ў сябе.

24 І ўзяў кухар лапатку і што было пры ёй і паклаў перад Саўлам. І сказаў Самуіл: вось гэта пакінута, пакладзі перад сабою і еж, бо на гэты час ашчаджана гэта табе, калі я склікаў народ. І абедаў Саўл з Самуілам у той дзень.

25 І сышлі яны з вышыні ў горад, і Самуіл гутарыў з Саўлам на даху.

26 Раніцай усталі яны так: калі ўзышла зара, Самуіл паклікаў Саўла на даху і сказаў: устань, я правяду цябе. І ўстаў Саўл, і выйшлі абодва яны з дома, ён і Самуіл.

27 Калі падыходзілі яны ў канец горада, Самуіл сказаў Саўлу: скажы слузе, каб ён пайшоў наперад нас, - і той пайшоў наперад; - а ты спыніся цяпер, і я адкрыю табе, што сказаў Бог.

Першая Царстваў 10

1 І ўзяў Самуіл посуд з алеем і выліў на галаву ягоную, і пацалаваў яго і сказаў: вось, Гасподзь памазвае цябе на кіраўніка спадчыны Сваёй:

2 калі ты цяпер пойдзеш ад мяне, дык сустрэнеш двух чалавек паблізу магілы Рахілі, на межах Веньямінавых, у Цэлцаху, і яны скажуць табе: знайшліся асьліцы, якіх ты хадзіў шукаць, і вось бацька твой, забыўшы пра асьліц, непакоіцца за вас, кажучы: што з сынам маім?

3 і пойдзеш адтуль далей і прыйдзеш да дубровы Фаворскай, і сустрэнуць цябе там тры чалавекі, што ісьцімуць да Бога ў Вэтыль: адзін нясе тры казьляняткі, другі нясе тры хлябы, а трэці нясе мех зь віном;

4 і будуць яны цябе вітаць і дадуць табе два хлябы, і ты возьмеш з рук іхніх.

5 Пасьля таго ты прыйдзеш на пагорак Божы, дзе ахоўны атрад Філістымскі; і калі ўвойдзеш там у горад, сустрэнеш гурт прарокаў, што сыходзіцьмуць з вышыні, і перад імі псалтыр і тымпан, і жалейка і гусьлі, і яны прарочаць;

6 і сыйдзе на цябе Дух Гасподні, і ты будзеш прарочыць зь імі і зробішся іншым чалавекам.

7 Калі гэтыя азнакі збудуцца з табою, тады рабі, што можа рука твая, бо з табою Бог.

8 І ты пайдзі раней за мяне ў Галгал, куды і я прыйду да цябе дзеля прынясеньня цэласпаленьня і мірных ахвяраў; сем дзён чакай, пакуль я ня прыйду да цябе, і тады пакажу табе, што табе рабіць.

9 Як толькі Саўл павярнуўся, каб ісьці да Самуіла, Бог даў яму іншае сэрца, і збыліся ўсе тыя азнакі ў той самы дзень.

10 Калі прыйшлі яны да пагорка, вось сустракаецца ім гурт прарокаў, і сышоў на яго Дух Божы, і ён прарочыў сярод іх.

11 Усе, хто ведаў яго ўчора і заўчора, убачыўшы, што ён з прарокамі прарочыць, казалі ў народзе адзін аднаму: што гэта сталася з сынам Кісавым? няўжо і Саўл у прароках?

12 І адказваў адзін з тых, што былі там, і сказаў: а ў тых, хто бацька. Таму ўвайшло ў прымаўку: няўжо і Саўл у прароках?

13 І перастаў ён прарочыць і пайшоў на вышыню.

14 І сказаў дзядзька Саўлаў яму і слузе ягонаму: куды вы хадзілі? Ён сказаў: шукаць асьліц, але, бачачы, што іх няма, зайшлі да Самуіла.

15 І сказаў дзядзька Саўлаў: раскажы мне, што сказаў вам Самуіл.

16 І сказаў Саўл дзядзьку свайму: ён абвясьціў нам, што асьліцы знайшліся. А таго, што сказаў яму Самуіл пра царства, не адкрыў яму.

17 І склікаў Самуіл народ да Госпада ў Масіфу

18 і сказаў сынам Ізраілевым: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: Я вывеў Ізраіля зь Егіпта і выбавіў вас з рукі Егіпцянаў і ад рукі ўсіх царстваў, што прыгняталі вас.

19 А вы цяпер адкінулі Бога вашага, Які ратуе вас ад усіх бедстваў вашых і смуткаў вашых, і сказалі Яму: цара пастаў над намі. Дык вось станьце прад Госпадам паводле плямёнаў вашых і паводле родаў вашых.

20 І загадаў Самуіл падыходзіць усім плямёнам Ізраілевым, і ўказана племя Веньямінава.

21 І загадаў падыходзіць племю Веньямінаваму паводле родаў яго і ўказаны род Матрыеў; і прыводзяць род Матрыеў па мужчынах, і названы Саўл, сын Кісаў; і шукалі яго і не знаходзілі.

22 І спыталіся яшчэ ў Госпада: ці прыйдзе ён яшчэ сюды? І сказаў Гасподзь: вось ён хаваецца ў абозе.

23 І пабеглі і ўзялі яго адтуль, і ён стаў сярод народу і быў ад плячэй сваіх вышэйшы за ўвесь народ.

24 І сказаў Самуіл усяму народу: ці бачыце, каго выбраў Гасподзь? падобнага да яго няма ва ўсім народзе. Тады ўвесь народ усклікнуў і сказаў: хай жыве цар!

25 І выклаў Самуіл народу правы царства, і напісаў кнігу, і паклаў прад Госпадам. І адпусьціў увесь народ, кожнага ў дом свой.

26 Таксама і Саўл пайшоў у дом свой, у Гіву; і пайшлі зь ім адважныя, сэрца якіх крануўся Бог.

27 А нягодныя людзі казалі: ці ж яму ратаваць нас? І пагардзілі ім і не паднесьлі яму дарункаў. Але ён як бы не заўважаў таго.

Першая Царстваў 11

1 І прыйшоў Наас Аманіцянін і аблажыў Явіс Галаадскі. І сказалі ўсе жыхары Явіса Наасу: заключы з намі спрымірэнства, і мы будзем служыць табе.

2 І сказаў ім Наас Аманіцянін: я ўступлю з вамі ў спрымірэнства, але дзеля таго, каб выкалаць кожнаму з вас правае вока і тым самым пакласьці няславу на ўсяго Ізраіля.

3 І сказалі яму старэйшыны Явіса: дай нам тэрміну сем дзён, каб паслаць нам паслоў ва ўсе межы Ізраільскія, і калі ніхто не дапаможа нам, дык мы пойдзем да цябе.

4 І прыйшлі паслы ў Гіву Саўлавую і пераказалі словы гэтыя ў вушы народу; і ўвесь народ падняў лямант і заплакаў.

5 І вось, прыйшоў Саўл, ідучы за валамі, з поля і сказаў: што зрабілася з народам, што ён плача? І пераказалі яму словы жыхароў Явіса.

6 І сышоў Дух Божы на Саўла, калі ён пачуў словы гэтыя, і моцна ўспалымніўся гнеў ягоны;

7 І ўзяў ён пару валоў, і расьцяў іх на часткі, і паслаў ва ўсе межы Ізраільскія праз тых паслоў, абвяшчаючы, што так будзе зроблена з валамі таго, хто ня пойдзе сьледам за Саўлам і Самуілам. І напаў страх Гасподні на народ, і выступілі як адзін чалавек.

8 Саўл агледзеў іх у Вэзэку, і знайшоў сыноў Ізраілевых трыста тысяч, і мужчын Юдавых трыццаць тысяч

9 І сказалі прыйшлым паслам: так скажэце жыхарам Явіса Галаадскага: заўтра будзе вам дапамога, калі прыгрэе сонца. І прыйшлі паслы і абвясьцілі жыхарам Явіса, і яны зарадаваліся.

10 І сказалі жыхары Явіса: заўтра выйдзем да вас, і рабеце з намі, як вам заўгодна.

11 На другі дзень Саўл падзяліў народ на тры атрады, і яны праніклі ўсярэдзіну табара ў час ранішняй варты і пабілі Аманіцянаў да дзённай сьпёкі; тыя, што засталіся, расьсеяліся, так што не засталося зь іх двух разам.

12 Тады сказаў народ Самуілу: хто казаў: ці ж Саўлу цараваць над намі? дайце гэтых людзей, і мы аддамо іх сьмерці.

13 Але Саўл сказаў: у гэты дзень нікога ня трэба аддаваць сьмерці, бо сёньня Гасподзь учыніў выратаваньне ў Ізраілі.

14 І сказаў Самуіл народу: пойдзем у Галгал і абновім там царства.

15 І пайшоў увесь народ у Галгал, і паставілі там Саўла царом прад Госпадам у Галгале, і прынесьлі там мірныя ахвяры прад Госпадам. І вельмі весяліліся там Саўл і ўсе Ізраільцяне.

Першая Царстваў 12

1 І сказаў Самуіл усяму Ізраілю: вось, Я паслухаўся голасу вашага ва ўсім, што вы казалі мне, і паставіў над вамі цара,

2 і вось, цар ходзіць перад вамі; а я састарыўся і пасівеў; і сыны мае з вамі; а я хадзіў перад вамі з маладосьці маёй і да сёньня;

3 вось я; сьведчыце на мяне перад Госпадам і прад памазанцам Ягоным, у каго я ўзяў вала, у каго ўзяў асла, каго пакрыўдзіў і каго ўціснуў, у каго ўзяў дарунак і заплюшчыў у справе ягонай вочы мае, - і я вярну вам.

4 І адказвалі: ты ня крыўдзіў нас і ня ўціскаў нас і нічога ні ў кога ня ўзяў.

5 І сказаў ён ім: сьведка на вас Гасподзь, і сьведка памазанец Ягоны ў гэты дзень, што вы не знайшлі нічога за мною. І сказалі: сьведка.

6 Тады Самуіл сказаў народу: сьведка Гасподзь, Які паставіў Майсея і Аарона і Які вывеў бацькоў вашых зь зямлі Егіпецкай.

7 А цяпер станьце, і я буду судзіцца з вамі прад Госпадам за ўсе дабрачынствы, якія зрабіў Ён вам і бацькам вашым.

8 Калі прыйшоў Якаў у Егіпет, і бацькі вашыя залямантавалі да Госпада, дык Гасподзь паслаў Майсея і Аарона, і яны вывелі бацькоў вашых зь Егіпта і пасялілі іх на месцы гэтым.

9 Але яны забылі Госпада Бога свайго, і Ён аддаў іх у рукі Сісары, ваеначальніка Асорскага, і ў рукі Філістымлянаў і ў рукі цара Маавіцкага, якія ваявалі супроць іх.

10 Але калі яны залямантавалі да Госпада і сказалі: "зграшылі мы, бо пакінулі Госпада і пачалі служыць Ваалам і Астартам, цяпер выратуй нас ад рукі ворагаў нашых і мы будзем служыць Табе",

11 тады Гасподзь паслаў Ераваала і Варака, і Ефтая і Самуіла, і выратаваў вас ад рукі ворагаў вашых, што атачалі вас, і вы жылі ў бясьпецы.

12 Але ўбачыўшы, што Наас, цар Аманіцкі, ідзе супроць вас, вы сказалі мне: "ня цар няхай валадарыць над намі", тым часам як Гасподзь Бог ваш - цар ваш.

13 Дык вось, вось цар, якога вы абралі, якога вы патрабавалі: вось, Гасподзь паставіў над вамі цара.

14 Калі будзеце баяцца Госпада і служыць Яму і слухаць голасу Ягонага, і ня будзеце супрацівіцца загадам Госпада, і будзеце і вы і цар ваш, які валадарыць над вамі, хадзіць за Госпадам Богам вашым;

15 а калі ня будзеце слухаць голасу Госпада і пачняце супрацівіцца загадам Госпада, дык рука Госпада будзе супроць вас, як была супроць бацькоў вашых.

16 Цяпер станьце і паглядзеце на дзею вялікую, якую Гасподзь учыніў перад вачыма вашымі:

17 ці ж ня жніва пшаніцы сёньня? але я паклічу Госпада, і пашле Ён гром і дождж, і вы ўведаеце і пабачыце, які вялікі грэх, які вы ўчынілі прад вачыма Госпада, просячы сабе цара.

18 І паклікаў Самуіл Госпада, і Гасподзь паслаў гром і дождж у той дзень; і прыйшоў увесь народ у вялікі страх ад Госпада і Самуіла.

19 І сказаў увесь народ Самуілу: памаліся за рабоў тваіх прад Госпадам Богам тваім, каб не памерці нам; бо да ўсіх грахоў нашых мы дадалі яшчэ грэх, калі прасілі сабе цара.

20 І адказваў Самуіл народу: ня бойцеся, грэх гэты вамі зроблены, але вы не адступайце толькі ад Госпада і служэце Госпаду ўсім сэрцам вашым

21 і не навяртайцеся на сьлед нікчэмных багоў, якія не прынясуць карысьці і ня выбавяць, бо яны - нішто.

22 А Гасподзь не пакіне народу Свайго дзеля вялікага імя Свайго, бо Госпаду заўгодна было выбраць вас народам Сваім;

23 і я таксама не дапушчу сабе грэху прад Госпадам, каб перастаць маліцца за вас, і буду настаўляць вас на шлях добры і просты;

24 толькі бойцеся Госпада і служэце Яму ў ісьціне, ад усяго сэрца вашага, бо вы бачылі, якія вялікія дзеі Ён учыніў з вамі;

25 калі ж вы будзеце рабіць ліхое, дык і вы і цар ваш загінеце.

Першая Царстваў 13

1 Год быў з пачатку цараваньня Саўла, і другі год цараваў ён над Ізраілем, як выбраў сабе Саўл тры тысячы зь Ізраільцянаў:

2 дзьве тысячы былі з Саўлам у Міхмасе і на гары Вэтыльскай, а тысяча была зь Ёнатанам у Гіве Веньямінавай; а астатні люд адпусьціў ён па дамах сваіх.

3 І разьбіў Ёнатан ахоўны атрад Філістымскі, які быў у Гіве; і пачулі пра гэта Філістымляне, а Саўл пратрубіў у трубу па ўсёй краіне, абвяшчаючы: няхай пачуюць Габрэі!

4 Калі ўвесь Ізраіль пачуў, што разьбіў Саўл ахоўны атрад Філістымскі і што Ізраіль зрабіўся ненавісны Філістымлянам, дык люд сабраўся да Саўла ў Галгал.

5 І сабраліся Філістымляне на вайну супроць Ізраіля: трыццаць тысяч калясьніц і шэсьць тысяч коньніцы, і люду мноства, як пясок на беразе мора; і прыйшлі і разьмясьціліся табарам у Міхмасе, з усходняга боку Бэт-Авэна.

6 Ізраільцяне, бачачы, што яны ў небясьпецы, бо народ быў уціснуты, хаваліся ў пячорах і ў цясьнінах і ў скалах, і ў вежах і ў равах;

7 а некаторыя з Габрэяў пераправіліся за Ярдан у краіну Гадаву і Галаадскую; а Саўл быў яшчэ ў Галгале, і ўвесь люд, які быў зь ім, быў у страху.

8 І чакаў ён сем дзён, да тэрміну, вызначанага Самуілам, а Самуіл ня прыходзіў у Галгал. І пачаў люд разьбягацца ад яго.

9 І сказаў Саўл: прывядзеце да мяне, што вызначана ў ахвяру цэласпаленьня і ў ахвяры мірныя. І ўчыніў цэласпаленьне.

10 Але ледзь толькі закончыў ён цэласпаленьне, вось, прыходзіць Самуіл. І выйшаў Саўл насустрач яму, каб вітаць яго.

11 Але Самуіл сказаў: што ты зрабіў? Саўл адказаў: я бачыў, што люд разьбягаецца ад мяне, а ты ня прыходзіў у назначаны час, а Філістымляне сабраліся ў Міхмасе;

12 тады падумаў я: "цяпер прыйдуць на мяне Філістымляне ў Галгал, а я яшчэ не заклікаў да Госпада", і таму рашыўся ўчыніць цэласпаленьне.

13 І сказаў Самуіл Саўлу: кепска зрабіў ты, што ня выканаў загаду Госпада Бога твайго, што даўно быў табе, бо сёньня ўмацаваў бы Гасподзь цараваньне тваё над Ізраілем назаўсёды;

14 але цяпер ня выстаяць царству твайму: Гасподзь знойдзе Сабе чалавека па сэрцы Сваім і загадае яму Гасподзь быць правадыром народу Свайго, бо ты ня выканаў таго, што было загадана табе Госпадам.

15 І ўстаў Самуіл і пайшоў з Галгала ў Гіву Веньямінаву; а Саўл пералічыў людзей, якія былі зь ім, да шасьцісот чалавек.

16 Саўл з сынам сваім Ёнатанам і людзьмі, якія былі пры іх, заселі ў Гіве Веньямінавай; а Філістымляне стаялі табарам у Міхмасе.

17 І выйшлі з табара Філістымскага тры атрады для спусташэньня зямлі: адзін скіраваўся па дарозе да Офры, у акругу Саўлавую,

18 другі атрад выправіўся па дарозе Вэтаронскай, а трэці скіраваўся па дарозе да мяжы даліны Цэваім, да пустыні.

19 Кавалёў ня было ва ўсёй зямлі Ізраільскай, бо Філістымляне апасаліся, каб Габрэі не зрабілі меча альбо дзіды.

20 І павінны былі хадзіць усе Ізраільцяне да Філістымлянаў мянціць свае сашнікі і свае рыдлёўкі, і свае сякеры і свае матыкі,

21 калі зробіцца шчарбіна на лязе ў сашніку і ў рыдлёўках, і ў вілах і ў сякерах, альбо калі трэба ражон паправіць.

22 Таму ў час вайны ня было ні меча, ні дзіды ва ўсяго народу, які быў з Саўлам і Ёнатанам, а толькі знайшліся яны ў Саўла і Ёнатана, сына ягонага.

23 І выйшаў перадавы атрад Філістымскі да пераправы Міхмаскай.

Першая Царстваў 14

1 Аднаго дня сказаў Ёнатан, сын Саўлаў, слузе, збраяносцу свайму: ідзі, пяройдзем да атрада Філістымскага, што па той бок. А бацьку свайму не сказаў пра гэта.

2 А Саўл быў у навакольлі Гівы, пад гранатавым дрэвам, што ў Мігроне; зь ім было каля шасьцісот чалавек народу

3 і Ахія, сын Ахітува, брата Ёхавэда, сына Фінэеса, сына Ілія, сьвятар Госпада ў Сіломе, які насіў наплечнік. А народ ня ведаў, што Ёнатан пайшоў.

4 Паміж пераходамі, па якіх Ёнатан спрабаваў прабрацца да атрада Філістымскага, была вострая скала з аднаго боку і вострая скала з другога: адна называлася Бацэц, а другая Сэнэ;

5 адна скала выдавалася з поўначы да Міхмаса, а другая з поўдня да Гівы.

6 І сказаў Ёнатан слузе-збраяносцу свайму: ідзі, пяройдзем да атрада гэтых неабрэзаных; магчыма, Гасподзь дапаможа нам, бо Госпаду няцяжка выратаваць многіх, альбо нямногіх.

7 І адказаў збраяносец: рабі ўсё, што на сэрцы ў цябе; ідзі, вось я з табою, куды табе заўгодна.

8 І сказаў Ёнатан: вось, мы пяройдзем да гэтых людзей і станем на вачах у іх;

9 калі яны так скажуць нам: "спынецеся, пакуль мы пойдзем да вас", дык мы спынімся на сваіх месцах і ня ўзыдзем да іх;

10 а калі так скажуць: "падымемся да нас", дык мы ўзыдзем, бо Гасподзь аддаў іх у рукі нашыя; і гэта будзе знакам нам.

11 Калі абодва яны спыніліся на вачах у атрада Філістымскага, дык Філістымляне сказалі: вось, Габрэі выходзяць зь цясьнінаў, у якіх хаваліся яны.

12 І закрычалі людзі, якія складалі атрад, да Ёнатана і збраяносца ягонага, кажучы: падымецеся да нас, і мы вам скажам нешта. Тады Ёнатан сказаў збраяносцу свайму: ідзі сьледам за мною, бо Гасподзь аддаў іх у рукі Ізраілю.

13 І пачаў узыходзіць Ёнатан, чапляючыся рукамі і нагамі, і збраяносец ягоны за ім. І падалі Філістымляне перад Ёнатанам, а збраяносец дабіваў іх за ім.

14 І загінула ў гэтым першым пабоішчы ад Ёнатана і збраяносцаў ягоных каля дваццаці чалавек, на палавіне поля, ураблянага параю валоў за дзень.

15 І ўсчалася жудасьць у табары на полі і ва ўсім народзе: перадавыя атрады і спусташальнікі зямлі затрымцелі; здрыганулася ўся зямля, і быў жах вялікі ад Госпада.

16 І ўбачылі вартавыя Саўла ў Гіве Веньямінавай, што натоўп расьсейваецца і бяжыць туды і сюды.

17 І сказаў Саўл народу, які быў зь ім: перагледзьце і даведайцеся, хто з нашых выйшаў. І перагледзелі, і вось, няма Ёнатана і збраяносца ягонага.

18 І сказаў Саўл Ахію: прынясі ківот Божы, - бо ківот Божы ў той час быў з сынамі Ізраільскімі.

19 Саўл яшчэ гаварыў, калі замяшаньне ў табары Філістымскім усё больш і больш павялічвалася. Тады сказаў Саўл сьвятару: складзі рукі твае.

20 І ўсклікнуў Саўл і ўвесь люд, які быў зь ім, і прыйшлі да месца бітвы, і вось, там меч кожнага павернуты быў супроць блізкага свайго; замяшаньне было вельмі вялікае.

21 Тады і Габрэі, якія ўчора і заўчора былі ў Філістымлянаў і якія ўсюды хадзілі зь імі ў табары, прысталі да Ізраільцянаў, што былі з Саўлам і Ёнатанам;

22 І ўсе Ізраільцяне, якія хаваліся на гары Яфрэмавай, пачуўшы, што Філістымляне пабеглі, таксама прысталі да сваіх у бітве.

23 І выратаваў Гасподзь таго дня Ізраіля; а бітва пашырылася аж да Бэт-Авэна.

24 Людзі Ізраільскія былі стомленыя ў той дзень; а Саўл закляў народ, сказаўшы: пракляты, хто скаштуе хлеба да вечара, пакуль я не адпомшчу ворагам маім. І ніхто зь люду не скаштаваў ежы.

25 І пайшоў увесь люд у лес, і быў там на паляне мёд.

26 І ўвайшоў люд у лес, кажучы: вось, цячэ мёд. Але ніхто не працягнуў рукі сваёй да вуснаў сваіх, бо люд баяўся заклёну.

27 А Ёнатан ня чуў, калі бацька ягоны заклінаў люд, і працягнуўшы канец кія, які быў у руцэ ў яго, умачыў яго ў соты мядовыя і павярнуў рукою да вуснаў сваіх, і пасьвятлелі вочы ягоныя.

28 І сказаў яму адзін зь людзей, кажучы: бацька твой закляў люд, сказаўшы: пракляты, хто сёньня скаштуе ежы; ад гэтага люд стаміўся.

29 І сказаў Ёнатан: зьбянтэжыў бацька мой зямлю; глядзеце, у мяне прасьвятлелі вочы, калі я скаштаваў крыху гэтага мёду;

30 калі б паеў сёньня люд са здабычы, якую знайшоў у ворагаў сваіх, дык ці ня большым быў бы разгром Філістымлянаў?

31 І таго дня разграмілі Філістымлянаў ад Міхмаса да Аялона, і народ вельмі стаміўся.

32 І кінуўся люд на здабычу, і бралі авечак, валоў і цялят, і калолі на зямлі, і еў люд з крывёю.

33 І паведамілі Саўлу, кажучы: вось, люд грэшыць прад Госпадам, есьць з крывёю. І сказаў Саўл: вы зграшылі; прывярнеце цяпер да мяне вялікі камень.

34 Потым сказаў Саўл: прайдзеце паміж людзей і скажэце ім: хай кожны прыводзіць да мяне свайго вала і кожны сваю авечку, і калеце тут і ежце, і не грашэце прад Госпадам, ня ежце з крывёю. І прыводзілі ўсе зь люду, кожны сваёю рукою, вала свайго ўначы, і калолі там.

35 І зладзіў Саўл ахвярнік Госпаду: то быў першы ахвярнік, пастаўлены ім Госпаду.

36 І сказаў Саўл: пойдзем у пагоню за Філістымлянамі ўначы і абяром іх да сьвітаньня і не пакінем у іх ніводнага чалавека. І сказалі: рабі ўсё, што добра ў вачах тваіх. А сьвятар сказаў: прыступім тут да Бога.

37 І спытаў Саўл у Бога: ці ісьці мне ў пагоню за Філістымлянамі? ці аддасі іх у рукі Ізраіля? Але Ён не адказваў яму ў той дзень.

38 Тады сказаў Саўл: хай падыдуць сюды ўсе начальнікі народу і разьведаюць і даведаюцца, на кім грэх сёньня?

39 бо - жывы Гасподзь, які выратаваў Ізраіля, - калі будзе і на Ёнатане, сыне маім, дык і ён памрэ мусова. І ніхто не адказваў яму з усяго народу.

40 І сказаў Саўл усім Ізраільцянам: станьце вы па адзін бок, а я і сын мой Ёнатан станем па другі бок. І адказваў люд Саўлу: рабі, што добра ў вачах тваіх.

41 І сказаў Саўл: Госпадзе, Божа Ізраілеў! дай знак. І выкрытыя былі Ёнатан і Саўл, а народ выйшаў невінаваты.

42 Тады сказаў Саўл: кіньце жэрабя паміж мною і Ёнатанам, сынам маім, і ўпала жэрабя на Ёнатана.

43 І сказаў Саўл Ёнатану: раскажы мне, што зрабіў ты? І расказаў яму Ёнатан і сказаў: я паспытаў канцом кія, што ў руцэ ў мяне, крыху мёду; і вось, я павінен памерці.

44 І сказаў Саўл: хай тое і тое зробіць мне Бог, і яшчэ болей зробіць; ты, Ёнатан, павінен сёньня памерці!

45 Але люд сказаў Саўлу: ці Ёнатану памерці, які даў вялікае выратаваньне Ізраілю? Хай ня будзе гэтага! Жывы Гасподзь, і валасіна не ўпадзе з галавы ягонай на зямлю, бо з Богам ён дзеяў сёньня. І вызваліў люд Ёнатана, і не памёр ён.

46 І вярнуўся Саўл ад перасьледу Філістымлянаў; а Філістымляне пайшлі ў сваё месца.

47 І ўцьвердзіў Саўл сваё цараваньне над Ізраілем, і ваяваў з усімі навакольнымі ворагамі сваімі, з Маавам і з Аманіцянамі, і з Эдомам і з царамі Совы і зь Філістымлянамі, і ўсюды, супроць каго ні выступаў, меў посьпех.

48 І сабраў войска, і пабіў Амаліка, і вызваліў Ізраіля з рукі грабежнікаў ягоных.

49 Сыны ў Саўла былі: Ёнатан, Есуі і Мэлхісуа; а імёны дзьвюх дачок ягоных: імя старэйшай - Мэрова, а імя малодшай - Мэлхола.

50 А імя жонкі Саўлавай - Ахінаам, дачка Ахімааца; а імя правадыра войска ягонага - Авэнір, сын Ніра, дзядзькі Саўлавага.

51 Кіс, бацька Саўлаў, і Нір, бацька Авэніраў, былі сыны Авііла.

52 І была зацятая вайна супроць Філістымлянаў праз ўвесь час Саўлаў. І калі Саўл бачыў якога-небудзь чалавека дужага і ваяўнічага, браў яго да сябе.

Першая Царстваў 15

1 І сказаў Самуіл Саўлу: Гасподзь паслаў мяне памазаць цябе царом над народам Ягоным, над Ізраілем; цяпер паслухайся голасу Госпада.

2 Так кажа Гасподзь Саваоф: успомніў Я пра тое, што зрабіў Амалік Ізраілю, як ён супрацьстаяў яму на шляху, калі ён ішоў зь Егіпта.

3 цяпер ідзі і пабі Амаліка і вынішчы ўсё, што ў яго; і не давай літасьці яму, а аддай сьмерці ад мужа да жонкі, ад падлетка да немаўляці, ад вала да авечкі, ад вярблюда да асла.

4 І сабраў Саўл люд і налічыў іх у Тэлаіме дзьвесьце тысяч Ізраільцянаў пешых і дзесяць тысяч з калена Юдавага.

5 І дайшоў Саўл да горада Амалікавага і зрабіў засаду ў даліне.

6 І сказаў Саўл Кіняянам: ідзеце, аддзялецеся, выйдзіце з асяродзьдзя Амаліка, каб я не загубіў вас зь ім, бо вы аказалі прыхільнасьць усім Ізраільцянам, калі яны ішлі зь Егіпта. І аддзяліліся Кіняяне з асяродзьдзя Амаліка.

7 І пабіў Саўл Амаліка ад Хавілы да навакольля Сура, што перад Егіптам;

8 і Агага, цара Амалікавага, захапіў жывога, а народ увесь вынішчыў мечам.

9 Але Саўл і народ пашкадавалі Агага і найлепшых авечак і валоў і ўкормленых ягнят, і ўсё добрае, і не хацелі зьнішчаць, а ўсе рэчы малаважныя і благія зьнішчылі.

10 І было слова Госпада Самуілу такое:

11 Шкадую, што паставіў Я Саўла царом, бо ён адвярнуўся ад Мяне і слова Майго ня выканаў. І засмуціўся Самуіл і заклікаў Госпада цэлую ноч.

12 І ўстаў Самуіл рана раніцай і пайшоў насустрач Саўлу. І паведамілі Самуілу, што Саўл хадзіў на Карміл і там паставіў сабе помнік, і сышоў у Галгал.

13 Калі прыйшоў Самуіл да Саўла, дык Саўл сказаў яму: дабраславёны ты ў Госпада; я выканаў слова Госпада.

14 І сказаў Самуіл: а што гэта за бляяньне авечак у вушах маіх і рыканьне валоў, якое я чую?

15 І сказаў Саўл: прывялі іх ад Амаліка, бо людзі пашкадавалі найлепшых авечак і валоў на ахвяраваньне Госпаду Богу твайму; а астатняе мы зьнішчылі.

16 І сказаў Самуіл Саўлу: пачакай, я скажу табе, што сказаў мне Гасподзь уначы. І сказаў яму Саўл: кажы.

17 І сказаў Самуіл: ці не малы ты быў у вачах тваіх, калі стаўся галавою плямёнаў Ізраілевых, і Гасподзь памазаў цябе царом над Ізраілем?

18 І паслаў цябе Гасподзь у дарогу, сказаўшы: ідзі і пракляні няверных Амалікіцянаў і ваюй супроць іх, пакуль ня зьнішчыш іх.

19 Чаму ж ты не паслухаў голасу Госпада і кінуўся на здабычу і ўчыніў благое перад вачыма Госпада?

20 І сказаў Саўл Самуілу: я паслухаўся голасу Госпада і пайшоў у дарогу, куды паслаў мяне Гасподзь, і прывёў Агага, цара Амалікіцкага, а Амаліка зьнішчыў;

21 а людзі са здабычы, з авечак і валоў, узялі самае лепшае з праклятага, дзеля ахвяраваньня Госпаду Богу твайму ў Галгале.

22 І адказаў Самуіл: няўжо цэласпаленьні і ахвяры гэтак сама прыемныя Госпаду, як паслушэнства голасу Госпада? паслушэнства лепшае за ахвяры і паслухмянасьць лепшая за тлушч авечы;

23 бо непакорлівасць ёсьць грэх, як чараўніцтва, і супраціўства тое самае, што балвахвалства; за тое, што ты занядбаў слова Госпада, і ён занядбаў цябе, каб ты ня быў царом.

24 І сказаў Саўл Самуілу: зграшыў я, бо пераступіў загад Госпада і слова тваё; але я баяўся народу і паслухаўся голасу ягонага;

25 а цяпер здымі зь мяне грэх мой і вярніся са мною, каб я пакланіўся Госпаду твайму.

26 І адказаў Самуіл Саўлу: не вярнуся я з табою, бо ты зьнікчэмніў слова Госпада, і Гасподзь зьнікчэмніў цябе, каб ты ня быў царом над Ізраілем.

27 І павярнуўся Самуіл, каб адысьці. Але Саўл ухапіўся за край вопраткі ягонай і разадраў яе.

28 Тады сказаў Самуіл: сёньня адабраў Гасподзь царства Ізраільскае ў цябе і аддаў яго блізкаму твайму, лепшаму за цябе;

29 і ня скажа няпраўды і не пакаецца вернік Ізраілеў, бо не чалавек Ён, каб каяцца Яму.

30 І сказаў Саўл: я зграшыў; але ўшануй мяне сёньня перад старэйшынамі народу майго і перад Ізраілем і вярніся са мною, і я пакланюся Госпаду Богу твайму.

31 І вярнуўся Самуіл па Саўла, і пакланіўся Саўл Госпаду.

32 Потым сказаў Самуіл: прывядзеце да мяне Агага, цара Амалікіцкага. І падышоў да яго Агаг дрыготкі, і сказаў Агаг: канечне горыч сьмерці мінулася?

33 Але Самуіл сказаў: як меч твой жанчын пазбаўляў дзяцей, так маці твая сярод жанчын хай пазбудзецца сына. І расьсек Самуіл Агага прад Госпадам у Галгале.

34 І адышоў Самуіл у Раму, а Саўл пайшоў у дом свой, у Гіву Саўлаву.

35 І больш ня бачыўся Самуіл з Саўлам да сьмерці сваёй; але смуткаваў Самуіл па Саўле, бо Гасподзь шкадаваў, што зрабіў Саўла царом над Ізраілем.

Першая Царстваў 16

1 І сказаў Гасподзь Самуілу: дакуль ты будзеш смуткаваць па Саўле, якога Я адхіліў, каб ён ня быў царом над Ізраілем? напоўні рог твой алеем і ідзі; Я пашлю цябе да Ясэя Віфляемляніна, бо сярод сыноў ягоных Я нагледзеў Сабе цара.

2 І сказаў Самуіл: як я пайду? Саўл дачуецца і заб'е мяне. Гасподзь сказаў: вазьмі ў руку тваю цяля са статку і скажы: я прыйшоў дзеля ахвяраваньня Госпаду;

3 і запрасі Ясэя да ахвяры; Я пакажу табе, што табе рабіць, і ты памажаш Мне таго, пра каго Я скажу табе.

4 І зрабіў Самуіл так, як сказаў яму Гасподзь. Калі прыйшоў ён у Віфляем, дык старэйшыны горада з трымценьнем выйшлі насустрач яму і сказалі: ці мірны прыход твой?

5 І адказаў ён: мірны, дзеля ахвяраваньня Госпаду прыйшоў я; асьвяцецеся і ідзеце са мною да ахвярапрынашэньня. І асьвяціў Ясэя і сыноў ягоных і запрасіў іх да ахвяры.

6 І калі яны прыйшлі, ён, убачыўшы Эліява, сказаў: правільна, гэты прад Госпадам памазанец Ягоны!

7 Але Гасподзь сказаў Самуілу: не зважай на выгляд ягоны і на вышыню росту яго; Я адхіліў яго; Я гляджу ня так, як глядзіць чалавек; бо чалавек глядзіць на аблічча, а Гасподзь глядзіць на сэрца.

8 І паклікаў Ясэй Амінадава і падвёў яго да Самуіла, і сказаў Самуіл: і гэтага ня выбраў Гасподзь.

9 І падвёў Ясэй Саму, і сказаў Самуіл: і гэтага ня выбраў Гасподзь.

10 Так падводзіў Ясэй да Самуіла сямёх сыноў сваіх, але Самуіл сказаў Ясэю; нікога з гэтых ня выбраў Гасподзь.

11 І сказаў Самуіл Ясэю: ці ўсе дзеці тут? І адказаў Ясэй: ёсьць яшчэ маладзейшы; ён пасьвіць авечкі. І сказаў Самуіл Ясэю: пашлі і вазьмі яго, бо мы ня сядзем абедаць, пакуль ня прыйдзе ён сюды.

12 І паслаў Ясэй, і прывялі яго. І быў ён бялявы, з прыгожымі вачыма і прыемным тварам. І сказаў Гасподзь: устань, памаж яго, бо гэта ён.

13 І ўзяў Самуіл рог з алеем і памазаў яго сярод братоў ягоных, і пакоіўся Дух Гасподні на Давідзе з таго дня і пасьля. А Самуіл устаў і адышоў у Раму.

14 А ад Саўла адступіўся Дух Гасподні, і бунтаваў яго ліхі дух супраць Госпада.

15 І сказалі яму слугі Саўлавыя: вось, ліхі дух супроць Госпада бунтуе цябе;

16 няхай гаспадар наш загадае слугам сваім, якія перад табою, пашукаць чалавека, умельскага ў гульні на арфе, і калі прыйдзе на цябе ліхі дух супроць Бога, дык ён, іграючы рукою сваёю, будзе супакойваць цябе;

17 і адказаў Саўл слугам сваім: знайдзеце мне чалавека, які добра грае, і прывядзеце яго да мяне.

18 Тады адзін слуга ягоны сказаў: вось, я бачыў у Ясэя Віфляемляніна сына, які ўмее граць, чалавека адважнага і ваяўнічага, і разумнага ў словах і віднага сабою, і Гасподзь зь ім.

19 І паслаў Саўл вястуноў да Ясэя і сказаў: пашлі да мяне Давіда, сына твайго, які каля статку.

20 І ўзяў Ясэй асла з хлебам і мех зь віном і адно казьляня, і паслаў з Давідам, сынам сваім, да Саўла.

21 І прыйшоў Давід да Саўла і служыў перад ім, і вельмі спадабаўся яму і зрабіўся ягоным збраяносцам.

22 І паслаў Саўл сказаць Ясэю: няхай Давід служыць пры мне, бо ён здабыў упадабаньне ў вачах маіх.

23 І калі Дух ад Бога бываў на Саўле, дык Давід, узяўшы арфу, граў, - і радасьней і лепей рабілася Саўлу, і дух ліхі адступаўся ад яго.

Першая Царстваў 17

1 Філістымляне сабралі войскі свае на вайну і сабраліся ў Сакхоце, што ў Юдэі, і разьмясьціліся табарам паміж Сакхотам і Азэкам у Эфэс-Даміме.

2 А Саўл і Ізраільцяне сабраліся і разьмясьціліся табарам у даліне дуба і падрыхтаваліся да вайны супроць Філістымлянаў.

3 І сталі Філістымляне на гары з аднаго боку, і Ізраільцяне на гары з другога боку, а паміж імі была даліна.

4 І выступіў з табара Філістымскага аднаборац, імем Галіяф, з Гэта; ростам ён - шэсьць локцяў зь пядзяю.

5 Медны шалом на галаве ў яго; і апрануты ён быў у лускаватую браню, і вага брані ягонай - пяць тысяч сікляў медзі;

6 медныя накаленьнікі на нагах ягоных, і медны шчыт за плячамі ў яго;

7 і дзяржак дзіды ягонай, як навой у кроснах; а сама дзіда ягоная - шэсьцьсот сікляў жалеза, і перад ім ішоў збраяносец.

8 І стаў ён і крычаў да палкоў Ізраільскіх, кажучы ім: навошта вы выйшлі ваяваць? ці ж не Філістымлянін я, а вы рабы Саўлавыя? выбераце ў сябе чалавека, і няхай выйдзе да мяне;

9 калі ён можа пабіцца са мною і заб'е мяне, дык мы будзем вашымі рабамі; а калі я адолею яго і заб'ю яго, дык вы будзеце нашымі рабамі і будзеце служыць нам.

10 І сказаў Філістымлянін: сёньня я пасаромлю палкі Ізраільскія; дайце мне чалавека, і мы падужаемся ўдвух.

11 І пачулі Саўл і ўсе Ізраільцяне гэтыя словы Філістымляніна, і вельмі перапалохаліся і жахнуліся.

12 А Давід быў сын Эфрацяніна зь Віфляема Юдавага, на імя Ясэй, у якога было восем сыноў; гэты чалавек у дні Саўла дасягнуў старасьці і быў старэйшы сярод мужчын.

13 Тры старэйшыя сыны Ясэевыя пайшлі з Саўлам на вайну; імёны трох сыноў ягоных, што пайшлі на вайну: старэйшы - Эліяў, другі за ім - Амінадаў, і трэці - Сама:

14 А Давід быў малодшы. Трое старэйшых пайшлі з Саўлам,

15 а Давід вярнуўся ад Саўла, каб пасьвіць авечкі бацькі свайго ў Віфляеме.

16 І выступаў Філістымлянін той раніцай і ўвечары і выстаўляў сябе сорак дзён.

17 І сказаў Ясэй Давіду, сыну свайму: вазьмі братам сваім эфу сушанага зерня і дзесяць гэтых хлябоў і занясі ў табар да сваіх братоў;

18 а гэтыя дзесяць сыроў занясі тысячніку і даведайся пра здароўе братоў і даведайся пра патрэбы іхнія.

19 Саўл і яны і ўсе Ізраільцяне былі ў даліне дуба і рыхтаваліся да бітвы зь Філістымлянамі.

20 І ўстаў Давід рана раніцай, і даручыў авечак вартавому, і, узяўшы ношку, пайшоў, як загадаў яму Ясэй; і прыйшоў да табара, калі войскі былі выведзены ў строй і з крыкам рыхтаваліся да бітвы.

21 І выставілі Ізраільцяне і Філістымляне строй супроць строю.

22 Давід пакінуў сваю ношку абознаму вартавому, і пабег у рады і, прыйшоўшы, спытаўся ў братоў сваіх пра здароўе.

23 І вось, калі ён гутарыў зь імі, аднаборац зь імем Галіяф, Філістымлянін з Гэта, выступае з радоў Філістымскіх і кажа тыя словы, і Давід пачуў.

24 І ўсе Ізраільцяне, убачыўшы гэтага чалавека, уцякалі ад яго і вельмі баяліся.

25 І казалі Ізраільцяне: бачыце гэтага чалавека, што выступае? ён выступае, каб ганіць Ізраіля; калі б хто забіў яго, адарыў бы таго цар вялікім багацьцем, і дачку сваю выдаў бы за яго, і дом бацькі ягонага зрабіў бы свабодным у Ізраілі.

26 І сказаў Давід людзям, якія стаялі зь ім: што зробяць таму, хто заб'е гэтага Філістымляніна і здыме ганьбу зь Ізраіля? бо хто гэты неабрэзаны Філістымлянін, што так ганіць войска Бога жывога?

27 І сказаў яму народ тыя самыя словы, кажучы: вось, што зроблена будзе таму чалавеку, які заб'е яго.

28 І пачуў Эліяў, старэйшы брат Давідаў, што гаварыў ён зь людзьмі, і раззлаваўся Эліяў на Давіда і сказаў: навошта ты сюды прыйшоў і на каго пакінуў нямногія авечкі тыя ў пустыні? я ведаю пыху тваю і благое сэрца тваё, ты прыйшоў падзівіцца на бойку.

29 І сказаў Давід: што ж я зрабіў? ці ня словы гэта?

30 І адвярнуўся ад яго да другога і казаў тыя самыя словы, і адказаў яму народ па-ранейшаму.

31 І пачулі словы, якія казаў Давід, і пераказалі Саўлу, і той паклікаў яго.

32 І сказаў Давід Саўлу: няхай ніхто ня падае духам празь яго; раб твой пойдзе і памерыцца з гэтым Філістымлянінам.

33 І сказаў Саўл Давіду: ня можаш ты ісьці супроць гэтага Філістымляніна, каб дужацца зь ім, бо ты яшчэ хлопец, а ён воін з маладосьці сваёй.

34 І сказаў Саўл Давіду: раб твой пасьвіў авечкі ў бацькі свайго, і калі, бывала, прыходзіў леў або мядзьведзь і задзіраў авечку ў статку,

35 дык я гнаўся за ім і нападаў на яго і адбіраў з пашчы ягонай; а калі ён кідаўся на мяне, дык я браў яго за касмачы і біў яго і забіваў яго;

36 і льва і мядзьведзя забіваў раб твой, і з гэтым Філістымлянінам неабрэзаным будзе тое самае, што зь імі, бо так ганіць войска Бога жывога.

37 І сказаў Давід: Гасподзь, Які выбаўляў мяне ад ільва і ад мядзьведзя, выбавіць мяне і ад рукі гэтага Філістымляніна. І сказаў Саўл Давіду: ідзі, і хай будзе Гасподзь з табою.

38 І апрануў Саўл Давіда ў сваю вопратку, і ўсклаў на галаву ягоную медны шалом, і надзеў на яго браню.

39 І аперазаўся Давід мечам паверх вопраткі і пачаў хадзіць, бо ня прывык да такое зброі; потым сказаў Давід Саўлу: я не магу хадзіць у гэтым, я ня прывык. І зьняў Давід усё гэта зь сябе.

40 І ўзяў кій свой у руку сваю, і выбраў сабе пяць гладкіх камянёў з ручая, і паклаў іх у пастуховую торбу, якая была зь ім; і з торбаю і з прашчаю ў руцэ сваёй выступіў супроць Філістымляніна.

41 Выступіў і Філістымлянін, ідучы і набліжаючыся да Давіда, і збраяносец ішоў паперадзе яго.

42 І зірнуў Філістымлянін і, убачыўшы Давіда, з пагардаю паглядзеў на яго, бо ён быў малады, бялявы і прыгожы тварам.

43 І сказаў Філістымлянін Давіду: што ты ідзеш на мяне зь кіем? хіба я сабака? І пракляў Філістымлянін Давіда сваімі багамі.

44 І сказаў Філістымлянін Давіду: падыдзі да мяне, і я аддам цела тваё птушкам нябесным і зьвярам польным.

45 А Давід адказваў Філістымляніну: ты ідзеш супроць мяне зь мечам і дзідай і шчытом, а я іду супроць цябе ў імя Госпада Саваофа, Бога войска Ізраільскага, якое ты ганіў;

46 сёньня аддасьць цябе Гасподзь у руку маю, і я заб'ю цябе, і здыму зь цябе галаву тваю, і аддам трупы войска Філістымскага птушкам нябесным і зьвярам польным, і ўведае ўся зямля, што ёсьць Бог у Ізраілі;

47 і ўведае ўвесь гэты гурт, што ня мечам і дзідаю ратуе Гасподзь, бо гэта вайна Госпада, і Ён аддасьць вас у рукі нашыя.

48 Калі Філістымлянін падняўся і пачаў падыходзіць і зьбліжацца дзеля сустрэчы з Давідам, Давід пасьпешліва пабег да строю насустрач Філістымляніну.

49 І апусьціў Давід руку сваю ў торбу і дастаў адтуль камень, і шпурнуў з прашчы і пацэліў Філістымляніну ў лоб, так што камень упіўся ў лоб ягоны, і ён упаў тварам на зямлю.

50 Так адолеў Давід Філістымляніна прашчаю і каменем, і падужаў Філістымляніна і забіў яго; а меча ня было ў руках у Давіда.

51 Тады Давід падбег і, наступіўшы на Філістымляніна, узяў меч ягоны і дастаў яго з похваў, ударыў яго і адсек ім галаву ягоную; Філістымляне, убачыўшы, што асілак іхні памёр, пабеглі.

52 І падняліся мужчыны Ізраільскія і Юдэйскія, і закрычалі і гналі Філістымлян да ўваходу ў даліну і да брамы Акарона. І падалі бітыя Філістымляне па дарозе Шаарымскай, да Гэта і да Акарона.

53 І вярнуліся сыны Ізраільскія з пагоні за Філістымлянамі і разрабавалі табар іхні.

54 І ўзяў Давід галаву Філістымляніна і занёс яе ў Ерусалім, а зброю ягоную паклаў у намёце сваім.

55 Калі Саўл убачыў Давіда, які выходзіў супроць Філістымляніна, дык сказаў Авэніру, начальніку войска: Авэнір, чый сын гэты хлопец? Авэнір адказаў: хай жыве душа твая, цару; я ня ведаю.

56 І сказаў цар: дык спытайся, чый сын гэты хлопец?

57 А калі Давід вяртаўся пасьля пагібелі Філістымляніна, дык Авэнір узяў яго і прывёў да Саўла, і галава Філістымляніна была ў руцэ ў яго.

58 І спытаўся ў яго Саўл: чый ты сын, хлопча? І адказаў Давід: сын раба твайго Ясэя зь Віфляема.

Першая Царстваў 18

1 Калі закончыў Давід гутарку з Саўлам, душа Ёнатана прыляпілася да душы ягонай, і палюбіў яго Ёнатан, як сваю душу.

2 І ўзяў яго Саўл таго самага дня і не дазволіў яму вяртацца ў дом бацькі ягонага.

3 А Ёнатан заключыў з Давідам спрымірэнства, бо палюбіў яго, як сваю душу.

4 І зьняў Ёнатан вопратку сваю, якая была на ім, і аддаў яе Давіду, таксама і астатнюю вопратку сваю, і меч свой, і лук свой, і свой пояс.

5 І Давід дзеяў разумна ўсюды, куды ні пасылаў яго Саўл, і зрабіў яго Саўл начальнікам над ваеннымі людзьмі; і гэта спадабалася ўсяму народу і слугам Саўлавым.

6 Калі яны ішлі, пры вяртаньні Давіда зь перамогі над Філістымлянінам, дык жанчыны з усіх гарадоў Ізраільскіх выходзілі насустрач Саўлу цару са сьпевамі і танцамі, з урачыстымі тымпанамі і зь кімваламі.

7 І крычалі жанчыны, якія ігралі, кажучы: Саўл перамог тысячы, а Давід дзясяткі тысяч!

8 І Саўл моцна засмуціўся, і няпрыемнае яму было гэтае слова, і ён сказаў: Давіду далі дзясяткі тысяч, а мне тысячы; яму нехапае толькі царства.

9 І з таго дня і потым падазрона глядзеў Саўл на Давіда.

10 І было на другі дзень: напаў ліхі дух ад Бога на Саўла, і ён шалеў у доме сваім, а Давід граў рукою сваёю на струнах, як і ў іншыя дні; у руцэ ў Саўла была дзіда.

11 І кінуў Саўл дзіду, падумаўшы: прыб'ю Давіда да сьцяны; але Давід два разы ўхіліўся ад яго.

12 І пачаў баяцца Саўл Давіда, бо Гасподзь быў зь ім, а ад Саўла адступіўся.

13 І выдаліў яго Саўл ад сябе і паставіў яго ў сябе тысячнікам, і ён уваходзіў і выходзіў перад народам.

14 І Давід ва ўсіх дзеях сваіх рабіў разумна, і Гасподзь быў зь ім.

15 І Саўл бачыў, што ён вельмі разумны, і баяўся яго.

16 А ўвесь Ізраіль і Юда любілі Давіда, бо ён уваходзіў і выходзіў перад ім.

17 І сказаў Саўл Давіду: вось старэйшая дачка мая, Мэрова: я дам яе табе за жонку, толькі будзь у мяне адважны і вядзі войны Гасподнія. Бо Саўл думаў: няхай не мая рука будзе на ім, а рука Філістымлянаў будзе на ім.

18 Але Давід сказаў Саўлу: хто я і што жыцьцё маё і род бацькі майго ў Ізраілі, каб мне быць зяцем царовым?

19 А калі настаў час аддаць Мэрову, дачку Саўлавую, Давіду, дык яна выдадзена была замуж за Адрыэла з Мэхолы.

20 Але Давіда пакахала другая дачка Саўлавая, Мэлхола; і калі паведамілі пра гэта Саўлу, дык гэта было прыемна яму.

21 Саўл думаў: аддам яе за яго, і яна будзе яму сеткаю, і рука Філістымлянаў будзе на ім. І сказаў Саўл Давіду: праз другую ты пароднішся са мною.

22 І загадаў Саўл слугам сваім: скажэце Давіду патаемна: вось, цар дабраволіць табе, і ўсе слугі ягоныя любяць цябе; дык вось, будзь зяцем царовым.

23 І перадалі слугі Саўлавыя ў вушы Давіду ўсе словы гэтыя. І сказаў Давід: хіба лёгка даецца вам быць зяцем цара? я - чалавек бедны і нязначны.

24 І данесьлі Саўлу слугі ягоныя і сказалі: вось, што кажа Давід.

25 І сказаў Саўл: так скажэце Давіду, цар ня хоча вена, апрача ста краеабразаньняў Філістымскіх, у помсту ворагам царовым. Бо Саўл меў на думцы загубіць Давіда рукамі Філістымлянаў.

26 І пераказалі слугі ягоныя Давіду гэтыя словы, і спадабалася Давіду стацца зяцем царовым.

27 Яшчэ не прайшлі вызначаныя дні, як Давід устаў і пайшоў сам і людзі ягоныя зь ім, і забіў дзьвесьце чалавек Філістымлянаў, і прынёс Давід краеабразаньні іхнія, і падаў іх у поўным ліку цару, каб зрабіцца зяцем царовым. І выдаў Саўл за яго Мэлхолу, дачку сваю, замуж.

28 І ўбачыў Саўл і зразумеў, што Гасподзь з Давідам, і што Мэлхола, дачка Саўлавая, любіла Давіда.

29 І пачаў Саўл яшчэ больш баяцца Давіда і зрабіўся ворагам ягоным на ўсё жыцьцё.

30 І калі правадыры Філістымскія выйшлі на вайну, Давід, з самага выхаду іхняга, дзеяў разумней за ўсіх слуг Саўлавых, і вельмі праславілася імя ягонае.

Першая Царстваў 19

1 І казаў Саўл Ёнатану, сыну свайму, і ўсім слугам сваім, каб забіць Давіда. Але Ёнатан, сын Саўлаў, вельмі любіў Давіда.

2 І паведаміў Ёнатан Давіду, кажучы: бацька мой Саўл спрабуе забіць цябе; дык вось, асьцерагайся заўтра; схавайся і будзь у патайным месцы;

3 а я выйду і стану каля бацькі майго на полі, дзе ты будзеш, і пагавару пра цябе з бацькам маім, і што ўбачу, раскажу табе.

4 І сказаў Ёнатан добрае пра Давіда Саўлу, бацьку свайму, і сказаў яму: хай ня грэшыць цар супроць раба свайго Давіда, бо ён нічым не зграшыў супроць цябе, і дзеі ягоныя вельмі карысныя табе;

5 ён унебясьпечваў душу сваю, каб пабіць Філістымляніна; і Гасподзь учыніў вялікае выратаваньне ўсяму Ізраілю; ты бачыў гэта і радаваўся; навошта ж ты хочаш зграшыць супроць невінаватай крыві і забіць Давіда бяз прычыны?

6 І паслухаў Саўл голасу Ёнатана і запрысягнуўся Саўл: жывы Гасподзь, Давід не памрэ.

7 І паклікаў Ёнатан Давіда, і пераказаў яму Ёнатан усе словы гэтыя, і прывёў Ёнатан Давіда да Саўла, і ён быў пры ім, як учора і заўчора.

8 Зноў пачалася вайна, і выйшаў Давід, і ваяваў зь Філістымлянамі, і ўчыніў ім вялікае пабоішча, і яны пабеглі ад яго.

9 І ліхі дух ад Бога напаў на Саўла, і ён сядзеў у доме сваім, і дзіда была ў руцэ ў яго, а Давід іграў рукою сваёю на струнах.

10 І хацеў Саўл прыбіць Давіда дзідаю да сьцяны, але Давід адскочыў ад Саўла, і дзіда ўпілася ў сьцяну; а Давід уцёк і ўратаваўся тае начы.

11 І паслаў Саўл слуг у дом да Давіда, каб падпільнаваць яго і забіць да раніцы. І сказала Давіду Мэлхола, жонка ягоная: калі ты ня выратуеш душы тваёй у гэтую ноч, дык заўтра будзеш забіты.

12 І спусьціла Мэлхола Давіда з акна, і ён пайшоў, і ўцёк і ўратаваўся.

13 А Мэлхола ўзяла статую і паклала яе на ложак, а ў галавах у яе паклала казіную скуру, і накрыла вопраткай.

14 І паслаў Саўл слуг, каб узяць Давіда; але Мэлхола сказала: ён хворы.

15 І паслаў Саўл слуг, каб агледзець Давіда, кажучы: прынясеце яго да мяне на пасьцелі, каб забіць яго.

16 І прыйшлі слугі, і вось, на пасьцелі статуя, а ў галавах у яе казіная скура.

17 Тады Саўл сказаў Мэлхоле: дзеля чаго ты так ашукала мяне і адпусьціла ворага майго, каб ён уцёк? І сказала Мэлхола Саўлу: ён сказаў мне: адпусьці мяне, інакш я заб'ю цябе.

18 І ўцёк Давід і ўратаваўся, і прыйшоў да Самуіла ў Раму і расказаў яму ўсё, што зрабіў зь імі Саўл. І пайшоў ён з Самуілам, і спыніліся яны ў Наваце.

19 І данесьлі Саўлу, кажучы: вось, Давід у Наваце, у Раме.

20 І паслаў Саўл слуг узяць Давіда, і калі ўбачылі яны гурт прарокаў, што прарочылі, і Самуіла, які начальнічаў над імі, дык Дух Божы сышоў на слуг Саўла, і яны пачалі прарочыць.

21 Данесьлі пра гэта Саўлу, і ён паслаў іншых слуг, але і гэтыя пачалі прарочыць. Потым паслаў Саўл трох слуг, і гэтыя пачалі прарочыць.

22 Саўл сам пайшоў у Раму, і дайшоў да вялікай крыніцы, што ў Сэфе, і спытаўся, кажучы: дзе Самуіл і Давід? І сказалі: вось, у Наваце, у Раме.

23 І пайшоў ён туды ў Нават у Раме, і на яго сышоў Дух Божы, і ён ішоў і прарочыў, пакуль ня прыйшоў у Нават у Раме.

24 І зьняў ён вопратку сваю, і прарочыў перад Самуілам, і ўвесь дзень той і ўсю ноч ляжаў неапрануты; таму кажуць: няўжо і Саўл у прароках?

Першая Царстваў 20

1 Давід уцёк з Навата ў Раме і прыйшоў і сказаў Ёнатану: што зрабіў я, у чым няпраўда мая, чым зграшыў я перад бацькам тваім, што ён шукае душы маёй?

2 І сказаў яму Ёнатан: не, ты не памрэш; вось, бацька мой ня робіць ні большае, ні меншае дзеі, не адкрыўшы вушам маім; навошта ж бо бацьку майму хаваць ад мяне гэтую дзею? гэтага ня будзе.

3 Давід прысягаў і казаў: бацька твой добра ведае, што я здабыў упадабаньне ў вачах тваіх, і таму гаворыць сам у Сабе: "хай ня ведае пра тое Ёнатан, каб не засмуціўся, але жывы Гасподзь і жывая душа твая! адзін толькі крок паміж мною і сьмерцю,"

4 І сказаў Ёнатан Давіду: чаго жадае душа твая, я зраблю табе.

5 І сказаў Давід Ёнатану: вось заўтра малады месяц, і я павінен сядзець з царом за сталом; але адпусьці мяне, і я схаваюся ў полі да вечара пасьлязаўтра.

6 Калі бацька твой спытаецца пра мяне, ты скажы: Давід адпрасіўся ў мяне схадзіць у свой горад Віфляем, бо там гадавое ахвярапрынашэньне ўсяго роду ягонага.

7 Калі на гэта ён скажа: "добра", дык мір рабу твайму; а калі ён угневаецца, дык ведай, што ліхое намысьліў ён.

8 А ты зрабі міласьць рабу твайму, - бо ты прыняў раба твайго ў запавет Гасподні з табою, - і калі ёсьць якая віна на мне, дык забі ты мяне; навошта табе весьці мяне да бацькі твайго?

9 І сказаў Ёнатан: ніяк ня будзе гэтага з табою; бо, калі я даведаюся напэўна, што ў бацькі майго намысьлена ліхое ўчыніць над табою, дык няўжо не паведамлю табе пра гэта?

10 І сказаў Давід Ёнатану: хто паведаміць мне, калі бацька твой адкажа сурова?

11 І сказаў Ёнатан Давіду: ідзі, выйдзем у поле. І выйшлі абодва ў поле.

12 І сказаў Ёнатан Давіду: жывы Гасподзь Бог Ізраілеў! я заўтра каля гэтага часу, альбо пасьлязаўтра, выпытаю ў бацькі майго; і калі ён добрым прыхільны да Давіда, і я тады не пашлю да цябе і не адкрыю перад вушамі тваімі,

13 няхай тое і тое зробіць Гасподзь зь Ёнатанам і яшчэ болей зробіць. Калі ж бацька мой намышляе зрабіць табе ліхое, і гэта адкрыю ў вушы твае, і адпушчу цябе, і тады ідзі зь мірам: і хай будзе Гасподзь з табою, як бы з бацькам маім!

14 Але і ты, калі я яшчэ буду жывы, зрабі мне міласьць Гасподнюю.

15 А калі я памру, дык не адбяры міласьці тваёй ад дому майго вавек, нават і тады, калі Гасподзь зьнішчыць з улоньня зямлі ўсіх ворагаў Давідавых.

16 Так заключыў Ёнатан запавет з домам Давіда і сказаў: хай спагоніць Гасподзь з ворагаў Давідавых!

17 І зноў Ёнатан прысягаўся Давіду сваёй любоўю да яго, бо любіў яго, як сваю душу.

18 І сказаў яму Ёнатан: заўтра малады месяц, і пра цябе спытаюць, бо месца тваё будзе не занятае;

19 таму на трэці дзень ты спусьціся і пасьпяшайся на тое месца, дзе ты хаваўся раней, і сядзь каля каменя Азэль:

20 а я ў той бок пушчу тры стралы, быццам страляючы па цэлі;

21 потым пашлю хлопчыка, кажучы: "ідзі, знайдзі стрэлы"; і калі я скажу хлопчыку: "вось, стрэлы за табою, вазьмі іх", дык прыйдзі да мяне, бо мір табе, і, жывы Гасподзь, нічога табе ня будзе;

22 а калі так скажу хлопчыку: "вось, стрэлы прад табою", дык ты сыдзі, бо адпускае цябе Гасподзь;

23 а таму, што мы казалі, я і ты, сьведка Гасподзь паміж мною і табою навекі.

24 І схаваўся Давід у полі. І настаў час маладзіка, і сеў цар абедаць.

25 Цар сеў на сваім месцы, паводле звычаю, на сядзеньні каля сьцяны, і Ёнатан устаў, і Авэнір сеў каля Саўла; а месца Давідава засталася незанятае.

26 І не сказаў Саўл у той дзень нічога, бо падумаў, што гэта выпадковасьць, што Давід нячысты, не ачысьціўся.

27 Настаў і другі дзень маладзіка, а месца Давідава заставалася незанятае. Тады сказаў Саўл сыну свайму Ёнатану: чаму сын Ясэеў ня прыйшоў на абед ні ўчора, ні сёньня?

28 І адказаў Ёнатан Саўлу: Давід адпрасіўся ў мяне ў Віфляем:

29 ён казаў: "адпусьці мяне, бо ў нас у горадзе родавае ахвярапрынашэньне, і мой брат запрасіў мяне; дык вось, калі я знайшоў дабраславеньне ў вачах тваіх, схаджу я і пабачуся са сваімі братамі"; таму ён і ня прыйшоў на абед да цара.

30 Тады моцна ўгневаўся Саўл на Ёнатана і сказаў яму: сыне нягодны і непакорлівы! хіба я ня ведаю, што ты сябраваўся з сынам Ясэевым на сорам сабе і на сорам маці тваёй!

31 бо ўсе дні, пакуль сын Ясэеў будзе жыць на зямлі, ня ўстоіш ні ты, ні царства тваё; цяпер жа пашлі і прывядзі яго да мяне, бо ён асуджаны на сьмерць.

32 І адказаў Ёнатан Саўлу, бацьку свайму, і сказаў яму: за што забіваеш яго? што ён зрабіў?

33 Тады Саўл кінуў дзіду ў яго, каб забіць яго. І Ёнатан зразумеў, што бацька ягоны рашыўся забіць Давіда.

34 І ўстаў Ёнатан з-за стала ў вялікім гневе і не абедаў на другі дзень маладзіка, бо смуткаваў па Давідзе і таму што пакрыўдзіў яго бацька ягоны.

35 На другі дзень раніцай выйшаў Ёнатан у поле, у час, назначаны Давіду, і малы хлопчык зь ім.

36 І сказаў ён хлопчыку: бяжы, шукай стрэлы, якія я пускаю. Хлопчык пабег, а ён пускаў стрэлы так, што яны ляцелі далей хлопчыка.

37 І пабег хлопчык туды, куды Ёнатан пускаў стрэлы, і закрычаў Ёнатан усьлед хлопчыку і сказаў: глядзі, страла перад табою.

38 І зноў крычаў Ёнатан усьлед хлопчыку: хутчэй бяжы, ня спыняйся. І сабраў хлопчык Ёнатанаў стрэлы і прыйшоў да свайго гаспадара.

39 А хлопчык ня ведаў нічога; толькі Ёнатан і Давід ведалі, што да чаго.

40 І аддаў Ёнатан зброю сваю хлопчыку, які быў пры ім, і сказаў яму: ідзі, занясі ў горад.

41 Хлопчык пайшоў, а Давід падняўся з паўднёвага боку і ўпаў тварам сваім на зямлю і тройчы пакланіўся; і цалавалі яны адзін аднаго, і плакалі абодва разам, але Давід плакаў болей.

42 І сказаў Ёнатан Давіду: ідзі зь мірам; а ў чым прысягалі мы абодва імем Госпада, кажучы: "Гасподзь хай будзе паміж мною і табою і паміж семем маім і семем тваім", тое хай будзе навекі.

43 І ўстаў Давід і пайшоў, а Ёнатан вярнуўся ў горад.

Першая Царстваў 21

1 І прыйшоў Давід у Номву да Ахімэлэха сьвятара, і сумеўся Ахімэлэх пры сустрэчы з Давідам і сказаў яму: чаму ты адзін, і нікога няма з табою?

2 І сказаў Давід Ахімэлэху сьвятару: цар даручыў мне дзею і сказаў мне: "хай ніхто ня ведае, па што я паслаў цябе і што даручыў табе"; таму людзей я пакінуў на пэўным месцы;

3 дык вось, што ёсьць у цябе пад рукою, дай мне, хлябоў пяць, альбо што знойдзецца.

4 І адказаў сьвятар Давіду, кажучы: няма ў мяне пад рукою простага хлеба, а ёсьць хлеб асьвечаны; калі толькі людзі твае ўстрымаліся ад жанчын.

5 І адказаў Давід сьвятару і сказаў яму: жанчын з намі ня было ні ўчора, ні заўчора, з часу, як я выйшаў, а посуд хлопчыкаў чысты, а калі дарога нячыстая, дык хлеб застанецца чыстым у посудзе.

6 І даў яму сьвятар асьвечанага хлеба; бо ня было ў яго хлеба, акрамя хлябоў выстаўленьня, якія ўзятыя былі ад аблічча Госпада, каб, калі зьнятыя будуць, пакласьці цёплыя хлябы.

7 Там быў таго дня прад Госпадам адзін слуга Саўлаў, імем Доік, Ідумэянін, начальнік пастухоў Саўлавых.

8 І сказаў Давід Ахімэлэху: ці няма тут у цябе пад рукою дзіды ці меча? бо я ня ўзяў з сабою ні меча, ні іншай зброі, бо даручэньне царовае было сьпешнае.

9 І сказаў сьвятар: вось меч Галіяфа Філістымляніна, якога ты забіў у даліне дуба, загорнуты ў вопратку, за наплечнікам; калі хочаш, вазьмі яго; іншага акрамя гэтага тут няма. І сказаў Давід: няма да яго падобнага, дай мне яго.

10 І ўстаў Давід, і ўцёк таго самага дня ад Саўла, і прыйшоў да Анхуса, цара Гэцкага.

11 І сазалі Анхусу слугі ягоныя: ці ня гэта Давід, цар той краіны? ці не яму сьпявалі ў карагодах і казалі: Саўл пабіў тысячы, а Давід - дзясяткі тысяч?

12 Давід паклаў словы гэтыя ў сэрцы сваім і моцна баяўся Анхуса, цара Гэцкага.

13 І зьмяніў твар свой перад імі, і прыкінуўся вар'ятам у іхніх вачах, і крэсьліў на дзьвярах, і пускаў сьліну па барадзе сваёй.

14 І сказаў Анхус рабам сваім: бачыце, ён чалавек вар'ят; навошта вы прывялі яго да мяне?

15 ці ж мала ў мяне вар'ятаў, што вы прывялі яго, каб ён юродзіў перад мною? няўжо ён увойдзе ў дом мой?

Першая Царстваў 22

1 І выйшаў Давід адтуль і ўцёк у пячору Адаламскую, і пачулі браты ягоныя і ўвесь дом бацькі ягонага і прыйшлі да яго туды.

2 і сабраліся да яго ўсе прыгнечаныя і ўсе пазычэнцы і ўсе засмучаныя душою, і стаўся ён начальнікам над імі: і было зь ім каля чатырохсот чалавек.

3 Адтуль пайшоў Давід у Масіфу Маавіцкую і сказаў цару Маавіцкаму: няхай бацька мой і маці мая пабудуць у вас, пакуль я не даведаюся, што зробіць са мною Бог.

4 І прывёў іх да цара Маавіцкага, і жылі яны ў яго ўвесь час, пакуль Давід быў у тым сховішчы.

5 Але прарок Гад сказаў Давіду: не заставайся ў гэтым сховішчы, а выпраўляйся, ідзі ў зямлю Юдаву. І пайшоў Давід і прыйшоў у лес Хэрэт.

6 І дачуўся Саўл, што Давід аб'явіўся і людзі, якія былі зь ім. Саўл сядзеў тады ў Гіве пад дубам на гары, зь дзідай у руцэ, і ўсе слугі ягоныя абступалі яго.

7 І сказаў Саўл слугам сваім, што абступалі яго: паслухайце, сыны Веньямінавыя! няўжо ўсім вам дасьць сын Ясэя палі і вінаграднікі і ўсіх вас паставіць тысячнікамі і сотнікамі,

8 што вы ўсе згаварыліся супроць мяне, і ніхто не адкрыў мне, калі сын мой уступіць у сяброўства з сынам Ясэя, і ніхто з вас не пашкадаваў мяне і не адкрыў мне, што сын мой узбудзіў супроць мяне раба майго каваць мне путы, як гэта сёньня відаць?

9 І адказваў Доік Ідумэянін, які стаяў са слугамі Саўлавымі, і сказаў: я бачыў, як сын Ясэя прыходзіў у Номву да Ахімэлэха, сына Ахітува,

10 і той спытаўся пра яго ў Госпада, і даў яму ежу, і меч Галіяфа Філістымляніна аддаў яму.

11 І паслаў цар паклікаць Ахімэлэха, сына Ахітувавага, сьвятара, і ўвесь дом бацькі ягонага, сьвятароў, што ў Номве. І прыйшлі яны ўсе да цара.

12 І сказаў Саўл: паслухай, сыне Ахітува. І той адказваў: вось я, гаспадару мой.

13 І сказаў яму Саўл: навошта вы змовіліся супроць мяне, ты і сын Ясэя, што ты даў яму хлябы і меч і спытаўся пра яго ў Бога, каб ён паўстаў супроць мяне і каваў мне путы, як гэта сёньня відаць?

14 І адказваў Ахімэлэх цару і сказаў: хто з усіх рабоў тваіх такі верны, як Давід? ён і зяць цароў, і выканаўца загадаў тваіх, і шанаваны ў доме тваім.

15 Ці ж цяпер я пачаў пытацца пра яго ў Бога? Не, не вінаваць мяне за гэта, цару, раба твайго і ўвесь дом бацькі майго, бо ва ўсім гэтым ня ведае раб твой ні малога, ні вялікага.

16 І сказаў цар: ты павінен памерці, Ахімэлэх, ты і ўвесь дом бацькі твайго.

17 І сказаў цар целаахоўцам, якія стаялі каля яго: ідзеце, аддайце сьмерці сьвятароў Гасподніх, бо й іхняя рука з Давідам, і яны ведалі, што ён уцёк, і не адкрылі мне. Але слугі царовыя не хацелі падняць рук сваіх на забойства сьвятароў Гасподніх.

18 І сказаў цар Доіку: ідзі ты і аддай сьмерці сьвятароў. І пайшоў Доік Ідумэянін, і напаў на сьвятароў, і забіў таго дня восемдзесят пяць мужчын, што насілі ільняны наплечнік;

19 Номву, горад сьвятароў, пабіў мечам; і мужчын і жанчын, і юнакоў і дзяцей, і валоў і аслоў і авечак пабіў мечам.

20 Уратаваўся адзін толькі сын Ахімэлэхаў, сына Ахітува, якога звалі Авіятар, і ўцёк да Давіда.

21 І расказаў Авіятар Давіду, што Саўл забіў сьвятароў Гасподніх.

22 І расказаў Давід Авіятару: я ведаў у той дзень, калі там быў Доік Ідумэянін, што ён мусова данясе Саўлу; я вінаваты за ўсе душы дома бацькі твайго;

23 застанься ў мяне, ня бойся, бо хто будзе шукаць маёй душы, будзе шукаць і тваёй душы; ты будзеш у мяне пад аховай.

Першая Царстваў 23

1 Паведамілі Давіду, кажучы: вось, Філістымляне напалі на Кэіль і рабуюць гумны.

2 І спытаўся Давід у Госпада. кажучы: ці ісьці мне, і ці паб'ю я гэтых Філістымлянаў? І адказваў Гасподзь Давіду: ідзі, ты паб'еш Філістымлянаў і выратуеш Кэіль.

3 Але тыя, што былі з Давідам, сказалі яму: вось, мы баімся тут у Юдэі, як жа нам ісьці ў Кэіль супроць рушэньняў Філістымскіх?

4 Тады зноў спытаў Давід у Госпада, і адказваў яму Гасподзь і сказаў: устань і йдзі ў Кэіль, бо Я перадам Філістымлянаў у рукі твае.

5 І пайшоў Давід зь людзьмі сваімі ў Кэіль, і ваяваў зь Філістымлянамі, і забраў быдла іхняе, і ўчыніў ім вялікае пабоішча, і выратаваў Давід жыхароў Кэіля.

6 Калі Авіятар, сын Ахімэлэхаў, прыбег да Давіда ў Кэіль, дык прынёс з сабою і наплечнік.

7 І данесьлі Саўлу, што Давід прыйшоў у Кэіль, і Саўл сказаў: Бог аддаў яго ў рукі мае, бо ён замкнуўся, увайшоўшы ў горад з брамамі і замкамі.

8 І склікаў Саўл увесь народ на вайну, каб ісьці да Кэіля, аблажыць Давіда і людзей ягоных.

9 Калі даведаўся Давід, што Саўл намысьліў супроць яго ліхое, сказаў сьвятару Авіятару: прынясі наплечнік.

10 І сказаў Давід: Госпадзе Божа Ізраілеў! Раб твой пачуў, што Саўл хоча прыйсьці ў Кэіль, спустошыць горад празь мяне.

11 Ці аддадуць мяне жыхары Кэіля ў рукі яму? І ці прыйдзе сюды Саўл, як чуў раб Твой? Госпадзе Божа Ізраілеў! адкрый рабу Твайму. І сказаў Гасподзь: прыйдзе.

12 І сказаў Давід: ці аддадуць жыхары Кэіля мяне і людзей маіх у рукі Саўлу? І сказаў Гасподзь: аддадуць.

13 Тады падняўся Давід і людзі ягоныя, каля шасьцісот чалавек, і выйшлі з Кэіля і хадзілі, дзе маглі. А Саўлу было данесена, што Давід уцёк з Кэіля, і тады ён адмяніў паход.

14 А Давід заставаўся ў пустыні ў недаступных мясьцінах і потым на гары ў пустыні Зіф. А Саўл шукаў яго кожны дзень; але Бог не аддаў Давіда ў рукі ягоныя.

15 І бачыў Давід, што Саўл выйшаў шукаць душы ягонай; а Давід быў у пустыні Зіф у лесе.

16 І ўстаў Ёнатан, сын Саўлаў, і прыйшоў да Давіда ў лес, і ўмацаваў яго спадзяваньнем на Бога,

17 і сказаў яму: ня бойся, бо ня знойдзе цябе рука бацькі майго Саўла, і ты будзеш цараваць над Ізраілем, а я буду другі пасьля цябе; і Саўл, бацька мой, ведае гэта.

18 І паклалі яны паміж сабою заруку прад абліччам Госпада; і Давід застаўся ў лесе, а Ёнатан пайшоў у дом свой.

19 І прыйшлі Зіфэі да Саўла ў Гіву, кажучы: вось, Давід хаваецца ў нас у недаступных мясьцінах, у лесе, на пагорку Гэхіла, што направа ад Есімона;

20 дык вось, па жаданьні душы тваёй, цару, ідзі; а нашым чынам будзе аддаць яго ў рукі цара.

21 І сказаў ім Саўл: дабраславёныя вы ў Госпада за тое, што пашкадавалі мяне;

22 ідзеце, упэўніцеся яшчэ і высачыце месца ягонае, дзе будзе нага ягоная, і хто бачыў яго там, бо мне кажуць, што ён вельмі хітры;

23 і высачыце, і разьведайце ўсе ягоныя сховішчы, у якіх ён тоіцца, і вярнецеся да мяне з пэўнаю весткаю, і я пайду з вамі; і калі ён у гэтай зямлі, я буду шукаць яго ва ўсіх тысячах Юдавых.

24 І ўсталі яны і пайшлі ў Зіф раней за Саўла. А Давід і людзі ягоныя былі ў пустыні Маон, на раўніне, направа ад Есімона.

25 І пайшоў Саўл зь людзьмі сваімі шукаць яго. Але Давіду паведамілі пра гэта, і ён перайшоў да скалы і заставаўся ў пустыні Маон. І дачуўся Саўл і пагнаўся за Давідам у пустыню Маон.

26 І йшоў Саўл па адным баку гары, а Давід зь людзьмі сваімі быў па другі бок гары. І калі Давід сьпяшаўся ўцячы ад Саўла, а Саўл зь людзьмі сваімі ішоў у абыход Давіду і людзям ягоным, каб захапіць іх,

27 тады прыйшоў да Саўла вястун, кажучы: сьпяшайся і прыходзь, бо Філістымляне напалі на зямлю.

28 І вярнуўся Саўл ад перасьледу Давідавага і пайшоў насустрач Філістымлянам; таму і назвалі гэтую мясьціну: Сэла-Гамахлэкот.

Першая Царстваў 24

1 І выйшаў Давід адтуль і жыў у бясьпечных мясьцінах Эн-Гадзі.

2 Калі Саўл вярнуўся ад Філістымлянаў, яму паведамілі, кажучы: вось, Давід у пустыні Эн-Гадзі.

3 І ўзяў Саўл тры тысячы выбраных мужчын з усяго Ізраіля і пайшоў шукаць Давіда і людзей ягоных па гарах, дзе жывуць сарны.

4 І прыйшоў да кашары авечай, пры дарозе; там была пячора, і зайшоў туды Саўл дзеля патрэбы; а Давід і людзі ягоныя сядзелі ўглыбіні пячоры.

5 І казалі Давіду людзі ягоныя: вось дзень, пра які казаў табе Гасподзь: вось, Я аддам ворага твайго ў рукі твае, і зробіш зь ім, што табе заўгодна. Давід устаў і ціхенька адрэзаў край ад верхняй вопраткі Саўла.

6 Але пасьля гэтага забалела на сэрцы ў Давіда, што ён адрэзаў край ад вопраткі Саўла.

7 І сказаў ён людзям сваім: хай не дапусьціць мне Гасподзь зрабіць гэта гаспадару майму, памазанцу Гасподняму, каб накласьці руку маю на яго, бо ён памазанец Гасподні.

8 І стрымаў Давід людзей сваіх гэтымі словамі і ня даў ім паўстаць на Саўла. А Саўл устаў і выйшаў зь пячоры на дарогу.

9 Потым устаў і Давід, і выйшаў зь пячоры, і закрычаў усьлед Саўлу, кажучы: гаспадару мой, цару! Саўл азірнуўся, і Давід упаў тварам на зямлю і пакланіўся.

10 І сказаў Давід Саўлу: навошта ты слухаеш словы людзей, якія кажуць: вось, Давід намышляе ліхое на цябе?

11 Вось, сёньня бачаць вочы твае, што Гасподзь аддаваў цябе сёньня ў рукі мае ў пячоры, і мне казалі, каб забіць цябе; але я пашкадаваў цябе і сказаў: не падыму рукі маёй на гаспадара майго, бо ён памазанец Госпада.

12 Бацька мой! паглядзі на край вопраткі тваёй у руцэ маёй: я адрэзаў край вопраткі тваёй, а цябе не забіў; пазнай і пераканайся, што няма ў руцэ маёй ліха, ні падступства, і я не зграшыў супроць цябе; а ты шукаеш душы маёй, каб забраць яе.

13 Хай рассудзіць Гасподзь паміж мною і табою, і хай адпомсьціць табе Гасподзь за мяне; але рука мая ня будзе на табе,

14 як павядае старадаўняя прыпавесьць: ад беззаконных паходзіць беззаконьне. А мая рука ня будзе на табе.

15 Супроць каго выйшаў цар Ізраільскі? За кім ты ганяешся? За мёртвым сабакам, за адною блыхою.

16 Гасподзь хай будзе судзьдзёю паміж мною і табою. Ён разгледзіць, разьбярэ справу маю і выратуе мяне ад рукі тваёй.

17 Калі скончыў Давід гаварыць словы гэтыя да Саўла, Саўл сказаў: ці твой гэта голас, сыне мой Давідзе? І ўзвысіў Саўл голас свой, і плакаў,

18 і сказаў Давіду: твая большая праўда за маю, бо ты адплаціў мне дабром, а я плаціў табе злом;

19 ты паказаў гэта сёньня, абышоўшыся са мною мілажальна: калі Гасподзь аддаваў мяне ў рукі твае, ты не забіў мяне.

20 Хто, знайшоўшы ворага свайго, адпусьціў бы яго ў добрую дарогу? Гасподзь заплаціць табе дабром за тое, што ты зрабіў мне сёнья.

21 І цяпер я ведаю, што ты канечне будзеш цараваць, і царства Ізраілевае будзе цьвёрдае ў руцэ тваёй.

22 Дык вось, запрысягніся мне Госпадам, што ты ня выкараніш нашчадкаў маіх пасьля мяне і ня зьнішчыш імя майго ў доме ў бацькі майго.

23 І прысягнуў Давід Саўлу. І пайшоў Саўл у дом свой, а Давід і людзі ягоныя ўвайшлі ў месца ўмацаванае.

Першая Царстваў 25

1 І памёр Самуіл. І сабраліся ўсе Ізраільцяне, і плакалі па ім, і пахавалі яго ў доме ягоным, у Раме. Давід устаў і сышоў да пустыні Фаран.

2 Быў нехта ў Маоне, а маёнтак яго на Карміле, чалавек вельмі багаты; у яго было тры тысячы авечак і тысяча коз; і быў ён пры стрыжцы авечак на Карміле.

3 Імя чалавека таго - Навал, а імя жонкі ягонай - Авігея. Гэтая жанчына была вельмі разумная і прыгожая з твару, а ён - чалавек жорсткі і ліхі норавам; ён быў з роду Халева.

4 І пачуў Давід у пустыні, што Навал стрыжэ авечкі свае.

5 І паслаў Давід дзесяць хлопчыкаў, і сказаў Давід хлопчыкам: узыдзеце на Карміл і ідзеце да Навала, і павітайце яго ад майго імя.

6 і скажэце так: мір табе, мір дому твайму, мір усяму твайму;

7 сёньня я пачуў, што ў цябе стрыгуць авечкі; вось, пастухі твае былі з намі, і мы ня крыўдзілі іх, і нічога ў іх не прапала за ўвесь час, пакуль яны былі на Карміле;

8 спытайся ў слуг тваіх, і яны скажуць табе; дык вось, знойдуць хлопчыкі ўпадабаньне ў вачах тваіх, бо ў добры дзень прыйшлі мы; дык дай рабам тваім і сыну твайму Давіду, што знойдзе рука твая.

9 І пайшлі людзі Давідавыя, і сказалі Навалу ад імя Давіда ўсе гэтыя словы, і замоўклі.

10 І ўскочыў Навал, і адказваў слугам Давідавым, і сказаў: хто такі Давід, і хто такі сын Ясэеў? сёньня стала многа рабоў, якія ўцякаюць ад гаспадароў сваіх;

11 няўжо мне ўзяць хлябы мае і ваду маю, і мяса, прыгатаванае мною стрыгалям маім, і аддаць людзям, пра якіх ня ведаю, адкуль яны?

12 І пайшлі назад людзі Давідавыя сваёй дарогай і вярнуліся, і прыйшлі і пераказалі яму ўсе словы гэтыя.

13 Тады Давід сказаў людзям сваім: аперажэцеся кожны мечам сваім. І ўсе аперазаліся мечамі сваімі, аперазаўся і сам Давід сваім мечам, і пайшлі за Давідам каля чатырохсот чалавек, а дзьвесьце засталіся каля абозу.

14 А Авігеі, жонцы Навалавай, паведаміў адзін слуга, сказаўшы: вось, Давід прысылаў з пустыні паслоў вітаць нашага гаспадара, але ён абышоўся зь імі груба;

15 а гэтыя людзі вельмі добрыя да нас, ня крыўдзілі нас, і нічога не прапала ў нас за ўвесь час, калі мы хадзілі зь імі, быўшы ў полі;

16 яны былі нам аслонаю і ўдзень і ўначы ўвесь час, калі мы пасьвілі статкі паблізу іх;

17 дык вось, падумай і паглядзі, што рабіць; бо непазьбежна пагражае бяда гаспадару нашаму і ўсяму дому ягонаму, а ён - чалавек ліхі, нельга гаварыць зь ім.

18 Тады Авігея пасьпешліва ўзяла дзьвесьце хлябоў і два мяхі зь віном, і пяць авечак падрыхтаваных і пяць мераў сушанага зерня, і сто вязанак разынак і дзьвесьце вязанак смокваў, і наўючыла на аслоў,

19 і сказала слугам сваім: ідзеце паперадзе мяне, вось, я пайду за вамі. А мужу свайму Навалу нічога не сказала.

20 Калі ж яна, седзячы на асьле, спускалася па схілах гары, вось, насустрач ёй ідзе Давід і людзі ягоныя, і яна сустрэлася зь імі.

21 І Давід сказаў: так, дарэмна я ахоўваў у пустыні маёмасьць гэтага чалавека, і нічога не прапала з таго, што належала яму; ён плаціць мне злом за дабро;

22 няхай тое і тое зробіць Бог з ворагамі Давіда, і яшчэ болей зробіць, калі да сьвітаньня з усяго, што належыць Навалу, я пакіну таго, што мочыцца да сьцяны.

23 Калі Авігея ўбачыла Давіда, дык пасьпяшалася сысьці з асла і ўпала перад Давідам на твар свой і пакланілася да зямлі;

24 і ўпала да ног ягоных і сказала: на мне грэх, гаспадару мой; дазволь рабыні тваёй гаварыць у вушы твае і паслухай слоў рабыні тваёй.

25 Няхай гаспадар мой не зважае на гэтага ліхога чалавека, на Навала; бо якое імя ў яго, такі і ён. Навал - імя яго, і вар'яцтва ягонае зь ім. А я, рабыня твая, ня бачыла слуг гаспадара майго, якіх ты прыслаў.

26 І сёньня, гаспадару мой, жывы Гасподзь і жывая душа твая! Гасподзь не дазволіць табе ісьці праліваць кроў і ўтрымае руку тваю ад помсты, і сёньня хай будуць, як Навал, ворагі твае і зламысьнікі гаспадара майго.

27 Вось гэтыя дарункі, якія прынесла рабыня твая гаспадару майму, каб даць іх хлопчыкам, якія служаць гаспадару майму.

28 Даруй віну рабыні тваёй; Гасподзь мусова зладзіць гаспадару майму дом трывалы, бо войны Госпада вядзе гаспадар мой, і ліхое ня знойдзецца ў табе праз усё жыцьцё тваё.

29 Калі паўстане чалавек перасьледаваць цябе і шукаць душы тваёй, дык душа гаспадара майго будзе завязана ў вузьле жыцьця ў Госпада Бога твайго, а душу ворагаў тваіх кіне Ён як бы з прашчы.

30 І калі зробіць Гасподзь гаспадару майму ўсё, што казаў пра цябе добрага, і паставіць цябе гаспадаром над Ізраілем,

31 дык ня будзе гэта сэрцу гаспадара майго засмутаю і непакоем, што не праліў марна крыві і ахаваў сябе ад помсты. І Гасподзь адорыць дабром гаспадара майго, і ўзгадаеш рабыню тваю.

32 І сказаў Давід Авігеі: дабраславёны Гасподзь Бог Ізраілеў, Які паслаў цябе сёньня насустрач мне,

33 і дабраславёны розум твой, і дабраславёная ты за тое, што ты цяпер не дазволіла мне ісьці праліваць кроў і помсьціць за сябе.

34 Але, - жывы Гасподзь Бог Ізраілеў, Які стрымаў мяне, каб не зрабіў ліха табе, - калі б ты не пасьпяшалася і ня прыйшла на сустрэчу да мяне, дык да ранішняга сьвітаньня я не пакінуў бы Навалу нікога, хто мачыўся б на сьцяну.

35 І прыняў Давід з рук яе тое, што яна прынесла яму, і сказаў ёй: ідзі зь мірам у дом твой; вось, я паслухаўся голасу твайго і ўшанаваў твар твой.

36 І прыйшла Авігея да Навала, і вось, у яго банкет у доме ягоным, як банкет царскі, і сэрца ў Навала было вясёлае; а ён быў вельмі п'яны; і не сказала яму ні слова, ні большага, ні меншага, да раніцы.

37 А раніцай, калі Навал працьверазеў, жонка ягоная расказала яму пра гэта, і замерла ў ім сэрца ягонае, і зрабіўся ён, як камень.

38 Дзён празь дзесяць уразіў Гасподзь Навала, і ён памёр.

39 І пачуў Давід, што Навал памёр, і сказаў: дабраславёны Гасподзь, Які заплаціў яму за ганьбаваньне мяне Навалам, і Які ахаваў раба свайго ад ліхога; Гасподзь абярнуў злосьць Навалаву на яго ж галаву. І паслаў Давід сказаць Авігеі, што ён бярэ яе сабе за жонку.

40 І прыйшлі слугі Давідавыя і сказалі ёй так: Давід паслаў нас да цябе, каб узяць цябе яму за жонку.

41 Яна ўстала і пакланілася тварам да зямлі і сказала: вось, рабыня твая гатовая быць служанкаю, каб абмываць ногі слуг гаспадара майго.

42 І сабралася Авігея пасьпешліва і села на асла, і пяць служанак суправаджалі яе; і пайшла яна за пасламі Давідавымі і зрабілася яго жонкаю.

43 І Ахінааму з Ізрэеля ўзяў Давід, і абедзьве яны былі яго жонкі.

44 А Саўл аддаў дачку сваю Мэлхолу, жонку Давідавую, Фалтыю, сыну Лаіша, што з Галіума.

Першая Царстваў 26

1 Прыйшлі Зіфеі да Саўла ў Гіву і сказалі: вось, Давід хаваецца ў нас на пагорку Гахіла, што направа ад Есімона.

2 І ўстаў Саўл і спусьціўся ў пустыню Зіф, і зь ім тры тысячы выбраных мужчын Ізраільскіх, каб шукаць Давіда ў пустыні Зіф.

3 І атабарыўся Саўл на пагорку Гахіла, што направа ад Есімона, каля дарогі; а Давід быў у пустыні і бачыў, што Саўл ішоў за ім у пустыню;

4 і паслаў Давід віжоў і даведаўся, што Саўл сапраўды прыйшоў з Кэіля.

5 І ўстаў Давід і пайшоў да месца, на якім Саўл атабарыўся, і ўбачыў Давід месца, дзе спаў Саўл і Авэнір, сын Ніраў, ваеначальнік ягоны. А Саўл спаў у намёце, а народ разьмясьціўся вакол яго.

6 І зьвярнуўся Давід і сказаў Авімэлэху Хэтэяніну і Авэсу, сыну Саруінаму, брату Ёава, кажучы: хто пойдзе са мною да Саўла ў табар? І адказаў Авэса: я пайду з табою.

7 І прыйшоў Давід з Авэсам да людзей Саўлавых уначы; і вось, Саўл ляжыць, сьпіць у намёце, і дзіда ягоная ўваткнутая ў зямлю каля галавы ягонай: а Авэнір і людзі ляжаць вакол яго.

8 Авэса сказаў Давіду: аддаў сёньня Бог ворага твайго ў рукі твае; дык вось, дазволь я прыкалю яго дзідай да зямлі адным ударам і не паўтару ўдару.

9 Але Давід сказаў Авэсу: не забівай яго; бо хто, падняўшы руку на памазанца Гасподняга, застанецца непакараны?

10 І сказаў Давід: жывы Гасподзь! няхай уразіць яго Гасподзь, альбо прыйдзе дзень ягоны, і ён памрэ, альбо пойдзе на вайну і загіне; а мне хай не дазволіць Гасподзь падняць руку маю на памазанца Гасподняга;

11 а вазьмі ягоную дзіду, якая каля галавы ягонай, і посуд з вадою, і пойдзем да сябе.

12 І ўзяў Давід дзіду і посуд з вадою каля галавы Саўла, і пайшлі яны да сябе; і ніхто ня бачыў, і ніхто ня ведаў, і ніхто не прачнуўся, а ўсе спалі, бо сон ад Госпада напаў на іх.

13 І перайшоў Давід на другі бок і стаў на вяршыні гары ўдалечыні; вялікая адлегласьць была паміж імі.

14 І заклікаў Давід народ і Авэніра, сына Ніравага, кажучы: адказвай, Авэнір. І адказваў Авэнір і сказаў: хто ты, што крычыш і турбуеш цара?

15 І сказаў Давід Авэніру: ці ня ты мужчына, роўнага якому няма ў Ізраілі? Чаму ж ты не ахоўваеш гаспадара твайго, цара? бо прыходзіў нехта зь людзей, каб загубіць цара, гаспадара твайго.

16 Нядобра ты гэта робіш; жывы Гасподзь! вы вартыя сьмерці за тое, што не ахоўваеце гаспадара вашага, памазанца Гасподняга. Паглядзі, дзе дзіда царовая і посуд з вадою, што былі каля галавы ягонай?

17 І пазнаў Саўл голас Давідаў і сказаў: ці твой гэта голас, сыне мой Давідзе? І сказаў Давід: мой голас, гаспадару мой, цару.

18 І сказаў: за што гаспадар мой перасьледуе раба свайго? што я зрабіў? якое ліха ў руцэ маёй?

19 І сёньня няхай выслухае гаспадар мой, цар, слова раба свайго: калі Гасподзь узбудзіў цябе супроць мяне, дык хай гэта будзе ад цябе духмянаю ахвяраю; а калі - сыны чалавечыя, дык пракляты яны прад Госпадам, бо яны выгналі мяне сёньня, каб не належаць мне да спадчыны Госпада, кажучы: ідзі, служы багам чужым.

20 Хай жа не пральецца кроў мая на зямлю прад абліччам Госпада: бо цар Ізраілеў выйшаў шукаць адну блыху, як ганяюцца за курапаткаю па гарах.

21 І сказаў Саўл: зграшыў я; вярніся, сыне мой Давідзе, бо я ня буду больш чыніць табе зла, бо душа мая была дарагая сёньня ў вачах тваіх; неразумна рабіў я і многа грашыў.

22 І адказваў Давід і сказаў: вось дзіда царовая; няхай адзін хлопчык прыйдзе і возьме яе;

23 і хай дасьць Гасподзь кожнаму паводле праўды ягонай і паводле ісьціны ягонай, бо Гасподзь аддаваў цябе ў рукі мае, але я не захацеў падняць рукі маёй на памазанца Гасподняга;

24 і няхай, як каштоўнае было жыцьцё тваё сёньня ў вачах маіх, так цэніцца маё жыцьцё ў вачах Госпада, і хай выбавіць мяне з усякай бяды!

25 І сказаў Саўл Давіду: дабраславёны ты, сыне мой Давідзе; і дзею ўчыніш, і пераадолець пераадолееш. І пайшоў Давід сваёй дарогаю, а Саўл вярнуўся ў сваё месца.

Першая Царстваў 27

1 І сказаў Давід у сэрцы сваім: калі-небудзь траплю я ў рукі Саўлу, і няма мне нічога лепшага, як уцячы ў зямлю Філістымскую; і адчэпіцца ад мяне Саўл і ня будзе шукаць мяне болей па ўсіх межах Ізраільскіх, і я выратуюся ад рукі ягонай.

2 І ўстаў Давід, і выправіўся сам і шэсьцьсот мужчын, якія былі зь ім, да Анхуса, сына Маоха, цара Гэцкага.

3 І жыў Давід у Анхуса ў Гэце, сам і людзі ягоныя, кожны зь сямэёю сваёю, Давід і абедзьве жонкі ягоныя - Ахінаама Ізрэеліцянка і Авігея, былая жонка Навала, Кармэліцянка.

4 І данесьлі Саўлу, што Давід уцёк у Гэт, і перастаў ён болей шукаць яго.

5 І сказаў Давід Анхусу: калі я здабыў упадабаньне ў вачах тваіх, дык няхай дадзена будзе мне месца ў адным з малых гарадоў, і я буду жыць там; навошта рабу твайму жыць у царскім горадзе разам з табою?

6 Тады даў яму Анхус Сэкелаг; Таму Сэкелаг і застаўся за царамі Юдэйскімі да сёньня.

7 Усяго часу, які пражыў Давід у краіне Філістымскай, было год і чатыры месяцы.

8 І выходзіў Давід зь людзьмі сваімі і нападаў на Гесуранаў і Гарзэянаў і Амілікіцянаў, якія здаўна насялялі гэтую краіну да Сура і да зямлі Егіпецкай.

9 І спусташаў Давід тую краіну, і не пакідаў жывых ні мужчыны, ні жанчыны, і забіраў авечак і валоў, і аслоў і вярблюдаў і вопратку, і вяртаўся і прыходзіў да Анхуса.

10 І сказаў Анхус Давіду: на каго нападалі сёньня? Давід сказаў: на паўднёвую краіну Юдэі і на паўднёвую краіну Ерахмээла і на паўднёвую краіну Кенэі.

11 І не пакідаў Давід жывых ні мужчыны, ні жанчыны і ня прыводзіў у Гэт, кажучы: яны могуць данесьці на нас і сказаць: так зрабіў Давід, і такі лад дзеяў ягоных праз увесь час, пакуль ён жыве ў краіне Філістымскай.

12 І даверыўся Анхус Давіду, кажучы: ён збрыдзеў народу свайму Ізраілю і будзе слугою маім вечна.

Першая Царстваў 28

1 У той час Філістымляне сабралі войскі свае на вайну, каб ваяваць зь Ізраілем. І сказаў Анхус Давіду: хай будзе табе вядома, што ты пойдзеш са мною ў рушэньне, і ты і людзі твае.

2 І сказаў Давід Анхусу: сёньня ты даведаешся, што зробіць раб твой. І сказаў Анхус Давіду: за тое я зраблю цябе ахоўцам галавы маёй на ўсе часіны.

3 І памёр Самуіл, і аплаквалі яго ўсе Ізраільцяне і пахавалі яго ў Раме, у горадзе ягоным, а Саўл прагнаў чараўнікоў і варажбітоў з краіны.

4 І сабраліся Філістымляне і пайшлі і атабарыліся ў Сонаме; сабраў і Саўл увесь народ Ізраільскі, і атабарыліся ў Гэлвуе.

5 І ўбачыў Саўл табар Філістымскі і спалохаўся, і моцна ўздрыгнула сэрца ягонае.

6 І спытаўся Саўл у Госпада; але Гасподзь не адказваў яму ні ў сьне, ні праз урым, ні праз прарокаў.

7 Тады Саўл сказаў слугам сваім: знайдзеце мне жанчыну-чараўніцу, і я пайду да яе і спытаюся ў яе. І адказвалі яму слугі ягоныя: тут у Аэндоры ёсьць жанчына-чараўніца.

8 І зьняў зь сябе Саўл вопратку сваю і апрануў іншую, і пайшоў сам і двое людзей зь ім, і прыйшлі яны да жанчыны ўначы. І сказаў ёй Саўл: прашу цябе, паваражы мне і выведзі мне, пра каго я скажу табе.

9 Але жанчына адказвала яму: ты ведаеш, што зрабіў Саўл, як выгнаў ён з краіны чараўнікоў і варажбітоў; навошта ж ты раскідаеш сетку на душу маю і на пагібель мне?

10 І прысягнуў ёй Саўл Госпадам, кажучы: жывы Гасподзь! ня будзе табе бяды за гэтую дзею.

11 Тады жанчына спыталася: каго ж табе вывесьці? І адказваў ён: Самуіла выведзі мне.

12 І ўбачыла жанчына Самуіла і гучна ўскрыкнула; і зьвярнулася жанчына да Саўла, кажучы: навошта ты ашукаў мяне? ты - Саўл.

13 І сказаў ёй цар: ня бойся, што ты бачыш? І адказвала жанчына: бачу як бы бога, які выходзіць зь зямлі.

14 Які ён з выгляду? - спытаўся ў яе Саўл. Яна сказала: выходзіць зь зямлі мужчына вельмі стары, апрануты ў доўгае адзеньне. Тады пазнаў Саўл, што гэта Самуіл, і ўпаў тварам на зямлю і пакланіўся.

15 І сказаў Самуіл Саўлу: навошта ты трывожыш мяне, каб я выйшаў? І адказваў Саўл: цяжка мне вельмі: Філістымляне ваююць супроць мяне, а Бог адступіўся ад мяне і больш не адказвае мне ні праз прарокаў, ні ўва сьне; таму я выклікаў цябе, каб ты навучыў мяне, што мне рабіць.

16 І сказаў Самуіл: навошта ж ты пытаешся ў мяне, калі Гасподзь адступіўся ад цябе і зрабіўся ворагам табе?

17 Гасподзь зробіць тое, што казаў празь мяне: забярэ Гасподзь царства з рук тваіх і аддасьць яго блізкаму твайму Давіду.

18 Таму што ты не паслухаўся голасу Гасподняга і не абярнуў гневу Ягонага на Амаліка, дык Гасподзь і робіць гэта над табою сёньня.

19 І аддасьць Гасподзь Ізраіля разам з табою ў рукі Філістымлянаў: заўтра ты і сыны твае будуць са мною, і табар Ізраільскі аддасьць Гасподзь у рукі Філістымлянаў.

20 Тады Саўл раптам упаў усім целам сваім на зямлю, бо моцна спалохаўся слоў Самуіла; прытым і сілы ня стала ў ім, бо ён ня еў хлеба цэлы той дзень і цэлую ноч.

21 І падышла жанчына тая да Саўла, і ўбачыла, што ён вельмі спалохаўся, і сказала: вось, рабыня твая паслухалася голасу твайго і паставіла жыцьцё сваё пад небясьпеку і выканала загад, які ты даў мне;

22 цяпер прашу, паслухайся і ты голасу рабыні тваёй: я прапаную табе кавалак хлеба, паясі, і будзе ў табе моц, калі пойдзеш у дарогу.

23 Але ён адмовіўся і сказаў: ня буду есьці. І пачалі ўгаворваць яго слугі ягоныя, а таксама і жанчына; і ён паслухаўся голасу іхняга, і ўстаў зь зямлі, і сеў на ложак.

24 А ў жанчыны было дома ўкормленае цяля, і яна пасьпяшалася закалоць яго і, узяўшы мукі, замясіла і сьпякла праснакі,

25 і прапанавала Саўлу і слугам ягоным; і яны паелі, і ўсталі, і пайшлі тае ж ночы.

Першая Царстваў 29

1 І сабралі Філістымляне ўсе рушэньні свае ў Афэку, а Ізраільцяне атабарыліся каля крыніцы, што ў Ізрэелі.

2 Князі Філістымскія ішлі з сотнямі і тысячамі, а Давід і людзі ягоныя ішлі ззаду з Анхусам.

3 І казалі князі Філістымскія: што гэта за Габрэі? Анхус адказваў князям Філістымскім: хіба ня ведаеце, што гэта Давід, раб Саўла, цара Ізраільскага? ён пры мне ўжо болей году, і я не знайшоў у ім нічога благога з часу яго прыходу да гэтага дня.

4 І абурыліся на яго князі Філістымскія, і сказалі яму князі Філістымскія: адпусьці ты гэтага чалавека, няхай ён сядзіць у сваім месцы, якое ты яму вызначыў, каб ён ня йшоў з намі на вайну і не зрабіўся праціўнікам нашым на вайне. Чым ён можа ўмілажаліць гаспадара свайго, як не галовамі гэтых мужчын?

5 Ці ня той гэта Давід, якому сьпявалі ў карагодах, кажучы: Саўл пабіў тысячы, а Давід - дзясяткі тысяч?

6 І паклікаў Анхус Давіда і сказаў яму: жывы Гасподзь! ты сумленны і вачам маім прыемна было б, каб ты выходзіў і ўваходзіў са мною ў рушэньні; бо я не заўважыў у табе благога з часу прыходу твайго да мяне да сёньня; але ў вачах князёў ты ня добры.

7 Дык вось, вярніся цяпер і йдзі зь мірам і не дражні князёў Філістымскіх.

8 Але Давід сказаў Анхусу: што я зрабіў, і што ты знайшоў у рабе тваім з таго часу, як я перад тварам тваім, і да сёньня, чаму бо мне ня ісьці і не ваяваць з ворагамі гаспадара майго, цара?

9 І адказваў Анхус Давіду: будзь пэўны, што ў вачах маіх ты добры, як анёл Божы; але князі Філістымскія сказалі: хай ён ня йдзе з намі на вайну.

10 Дык вось, устань раніцай ты і рабы гаспадара твайго, якія прыйшлі з табою; і ўстаньце раніцай, і калі разьвіднее, ідзеце.

11 І ўстаў Давід, сам і людзі ягоныя, каб ісьці раніцай і вярнуцца ў зямлю Філістымскую. А Філістымляне пайшлі ў Ізраіль.

Першая Царстваў 30

1 На трэці дзень пасьля таго, як Давід і людзі ягоныя пайшлі ў Сэкелаг, Амалікіцяне напалі з поўдня на Сэкелаг і ўзялі Сэкелаг і спалілі яго агнём,

2 а жанчын і ўсіх, што былі ў ім, ад малога да вялікага, не забілі, а забралі ў палон, і пайшлі сваёй дарогаю.

3 І прыйшоў Давід і людзі ягоныя да горада, і вось, ён спалены агнём, а жонкі іхнія і сыны іхнія і дочкі іхнія пабраныя ў палон.

4 І падняў Давід і люд, што быў у ім, плач, і плакалі, пакуль не засталося ў іх сілы плакаць.

5 Узятыя былі ў палон і абедзьве жонкі Давіда, Ахінаама Ізраіліцянка і Авігея, былая жонка Навала, Кармэліцянка.

6 Давід моцна быў зьбянтэжаны, бо люд хацеў пабіць яго камянямі, бо ўбольваўся душою ўвесь люд, кожны за сыноў сваіх і дочак сваіх.

7 Але Давід умацаваўся спадзяваньнем на Госпада Бога свайго, і сказаў Давід Авіятару сьвятару, сыну Авімэлэхаваму: прынясі мне наплечнік. І прынёс Авіятар наплечнік Давіду.

8 І спытаўся Давід у Госпада, кажучы: ці перасьледаваць мне гэтае полчышча, і ці даганю іх? І сказана яму: перасьледуй, дагоніш і адбярэш.

9 І пайшоў Давід сам і шэсьцьсот мужчын, якія былі зь ім; і прыйшлі да патока Васор і стомленыя спыніліся там.

10 І перасьледаваў Давід сам і чатырыста чалавек; а дзьвесьце чалавек заставаліся, бо ня мелі сілы перайсьці паток Васорскі.

11 І знайшлі Егіпцяніна ў полі, і прывялі яго да Давіда, і далі яму хлеба, і ён еў, і напаілі яго вадою;

12 і далі яму частку зь вязанкі смокваў і дзьве вязанкі разынак, і ён еў і ўмацаваўся, бо ён ня еў хлеба і ня піў вады тры дні і тры ночы.

13 І сказаў яму Давід: чый ты і адкуль ты? І сказаў ён: я - хлопец Егіпцяніна, раб аднаго Амалікіцяніна, і кінуў мяне гаспадар мой, бо ўжо тры дні, як я захварэў;

14 мы прарваліся ў паўднёвую частку Керэці і ў вобласьць Юдавую і ў паўднёвую частку Халева, а Сэкелаг спалілі агнём.

15 І сказаў яму Давід: ці давядзеш мяне да гэтага полчышча? І сказаў ён: прысягні мне Богам, што ты не заб'еш мяне і не перадасі мяне ў рукі гаспадара майго, і я давяду цябе да гэтага полчышча.

16 Давід прысягнуў яму, і ён павёў яго. І вось Амалікіцяне, рассыпаўшыся па ўсёй той краіне, ядуць і п'юць і сьвяткуюць з прычыны вялікай здабычы, якую яны ўзялі зь зямлі Філістымскай і зь зямлі Юдэйскай.

17 І пабіваў іх Давід ад зьмярканьня да вечара другога дня, і ніхто зь іх не ўратаваўся, апрача чатырохсот юнакоў, якія селі на вярблюды і паўцякалі.

18 І адабраў Давід усё, што ўзялі Амалікіцяне, і абедзьвюх жонак сваіх адабраў Давід,

19 і не прапала ў іх нічога, ні малога, ні вялікага, ні з сыноў, ні з дачок, ні са здабычы, ні з усяго, што Амалікіцяне ўзялі ў іх: усё вярнуў Давід.

20 І ўзяў Давід усё дробнае і буйное быдла, і гналі яго перад сваім быдлам і казалі: гэта - Давідава здабыча.

21 І прыйшоў Давід да тых дзьвюх сотняў чалавек, якія ня мелі сілы ісьці за ім, і якіх ён пакінуў каля патока Васор, і выйшлі яны насустрач Давіду і насустрач людзям, якія былі зь ім. І падышоў Давід да гэтых людзей і прывітаў іх.

22 Тады ліхія і нягодныя зь людзей, якія хадзілі з Давідам, пачалі гаварыць: за тое, што яны не хадзілі з намі, не дамо ім са здабычы, якую мы адабралі: няхай кожны возьме толькі сваю жонку і дзяцей і йдзе.

23 Але Давід сказаў, не рабеце так, братове мае, пасьля таго, як Гасподзь даў нам гэта і захаваў нас і перадаў у рукі нашыя полчышча, што прыходзіла супраць нас.

24 І хто паслухаецца вас у гэтай справе? Якая частка тым, што хадзілі на вайну, такая частка павінна быць і тым, што заставаліся пры абозе: на ўсіх трэба падзяліць.

25 Так было з гэтага часу і пасьля; і паставіў ён гэта ў закон і ў правіла Ізраілю да сёньня.

26 І прыйшоў Давід у Сэкелаг і паслаў са здабычы старэйшынам Юдавым, сябрам сваім, кажучы: "вось вам дарунак са здабычы, узятай у ворагаў Гасподніх", -

27 тым, якія ў Вэтылі і ў Раме паўднёвай і ў Ятыры,

28 і ў Араіры і ў Шыфмоце, і ў Эстэмоа,

29 і ў Рахале і ў гарадах Ерахмэельскіх і ў гарадах Кенэйскіх,

30 і ў Хорме, і ў Харашане, і ў Атаху,

31 і ў Хэўроне і ва ўсіх мясьцінах, дзе хадзіў Давід сам і людзі ягоныя.

Першая Царстваў 31

1 А Філістымляне ваявалі зь Ізраільцянамі, і пабеглі мужы Ізраільскія ад Філістымлянаў і ўпалі пабітыя на гары Гэлвуе.

2 І дагналі Філістымляне Саўла і сыноў ягоных, і забілі Філістымляне Ёнатана і Амінадава і Малхісуа, сыноў Саўлавых.

3 І бітва супроць Саўла сталася жорсткая, і стралкі з лукаў цалялі ў яго, і ён вельмі паранены быў стралкамі.

4 І сказаў Саўл збраяносцу свайму: агалі твой меч і закалі мяне ім, каб ня прыйшлі гэтыя неабрэзаныя і не забілі мяне і ня глуміліся зь мяне. Але збраяносец не хацеў, бо вельмі баяўся. Тады Саўл узяў меч свой і ўпаў на яго.

5 Збраяносец ягоны, убачыўшы, што Саўл памёр, і сам упаў на свой меч і памёр зь ім.

6 Так і памёр у той дзень Саўл і тры сыны ягоныя і збраяносец ягоны, а таксама і ўсе людзі ягоныя разам.

7 Ізраільцяне, якія жылі ў даліне і за Ярданам, бачачы, што людзі Ізраільскія пабеглі і што памёр Саўл і сыны ягоныя, пакінулі гарады свае і беглі, а Філістымляне прыйшлі і заселі ў іх.

8 На другі дзень Філістымляне прыйшлі рабаваць забітых і знайшлі Саўла і трох сыноў ягоных, якія загінулі на гары Гэлвуйскай.

9 І адсеклі яму галаву, і зьнялі зь яго зброю і паслалі па ўсёй зямлі Філістымскай, каб абвясьціць пра гэта ў капішчах ідалаў сваіх і народу;

10 і паклалі зброю ягоную ў капішчы Астарты, а цела яго павесілі на сьцяне Бэт-сана.

11 І пачулі жыхары Явіса Галаадскага пра тое, што зрабілі Філістымляне з Саўлам,

12 і падняліся ўсе людзі моцныя, і йшлі ўсю ноч, і ўзялі цела Саўла і целы сыноў ягоных са сьцяны Бэт-сана, і прыйшлі ў Явіс, і спалілі іх там;

13 і ўзялі косьці іхнія і пахавалі пад дубам у Явісе, і пасьціліся сем дзён.