Чацьвёртая Царстваў 1

1 І адасобіўся Мааў ад Ізраіля пасьля сьмерці Ахава.

2 А Ахозія ўпаў праз краты са сьвяцёлкі сваёй, што ў Самарыі, і занямог. І паслаў паслоў і сказаў ім: ідзеце, спытайцеся ў Вэльзэвула, божышча Акаронскага: ці выздаравею я ад гэтай хваробы?

3 Тады анёл Гасподні сказаў Ільлю Фэсьвіцяніну: устань, ідзі насустрач пасланым ад цара Самарыйскага і скажы ім: хіба няма Бога ў Ізраілі, што вы ідзяце пытацца ў Вэльзэвула, божышча Акаронскага?

4 За гэта так кажа Гасподзь: з пасьцелі, на якую ты лёг, ня сыдзеш зь яе, а памрэш. І пайшоў Ільля і сказаў ім.

5 І вярнуліся да Ахозіі пасланцы. І ён сказаў ім: што гэта вы вярнуліся?

6 І сказалі яму: насустрач нам выйшаў чалавек і сказаў нам: ідзеце, вярнецеся да цара, які паслаў вас, і скажэце яму: так кажа Гасподзь: хіба няма Бога ў Ізраілі, што ты пасылаеш пытацца ў Вэльзэвула, божышча Акаронскага? За тое з пасьцелі, на якую ты лёг, ня сыдзеш зь яе, а памрэш.

7 І сказаў ім: які з выгляду той чалавек, які выйшаў напярэймы вам і казаў вам словы гэтыя?

8 Яны сказалі яму: чалавек той увесь у валасах і скураным поясам аперазаны па сьцёгнах сваіх. І сказаў ён: гэта Ільля Фэсьвіцянін.

9 І паслаў да яго пяцідзясятніка зь ягоным пяцідзясяткам. І ён узышоў да яго, калі Ільля сядзеў наверсе гары, і сказаў яму: чалавек Божы? цар кажа: сыдзі.

10 І адказваў Ільля і сказаў пяцідзясятніку: калі я чалавек Божы, дык хай сыдзе агонь зь неба і папаліць цябе і твой пяцідзясятак. І сышоў агонь зь неба і папаліў яго і пяцідзясятак ягоны.

11 І паслаў да яго цар другога пяцідзясятніка зь ягоным пяцідзясяткам. І ён пачаў гаварыць яму: чалавек Божы! так сказаў цар: сыдзі хутчэй.

12 І адказваў Ільля і сказаў яму: калі я чалавек Божы, дык хай сыдзе агонь зь неба і папаліць цябе і твой пяцідзясятак. І сышоў агонь Божы зь неба і папаліў яго і пяцідзясятак ягоны.

13 І яшчэ паслаў трэцім разам пяцідзясятніка зь ягоным пяцідзясяткам. І падняўся, і прыйшоў пяцідзясятнік трэці, і ўпаў на калені свае перад Ільлём, і ўмольваў яго і казаў яму: чалавек Божы! хай ня будзе пагарджана душа мая і душа рабоў тваіх - гэтых пяцідзесяці - перад вачыма тваімі;

14 вось, сышоў агонь зь неба і папаліў двух пяцідзясятнікаў ранейшых зь іхнімі пяцідзясяткамі; але цяпер хай ня будзе пагарджана душа мая перад вачыма тваімі!

15 І сказаў анёл Гасподні Ільлю; ідзі зь ім, ня бойся яго. І ён устаў і пайшоў зь ім да цара.

16 І сказаў яму: так кажа Гасподзь: за тое, што ты пасылаў пасланцаў пытацца ў Вэльзэвула, божышча Акаронскага, быццам у Ізраілі няма Бога, каб папытацца пра слова Ягонае, - з пасьцелі, на якую ты лёг, ня сыдзеш зь яе, а памрэш.

17 І памёр ён па слове Гасподнім, якое сказаў Ільля. І зацараваў Ёрам, брат Ахозіі, замест яго, у другі год Ёрама, сына Ёсафатавага, цара Юдэйскага, бо сына ў таго ня было.

18 Астатняе пра Ахозію, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.

Чацьвёртая Царстваў 2

1 У той час, як Гасподзь захацеў узьнесьці Ільлю ў віхуры на неба, ішоў Ільля зь Елісеем з Галгала.

2 І сказаў Ільля Елісею: застанься тут, бо Гасподзь пасылае мяне ў Вэтыль. Але Елісей сказаў: жывы Гасподзь і жывая душа твая! не пакіну цябе. І пайшлі яны ў Вэтыль.

3 І выйшлі сыны прарокаў, якія ў Вэтылі, да Елісея і сказалі яму: ці ведаеш, што сёньня Гасподзь узьнясе гаспадара твайго над галавою тваёю? Ён сказаў: я таксама ведаю, маўчэце.

4 І сказаў яму Ільля: Елісей, застанься тут, бо Гасподзь пасылае мяне ў Ерыхон. І сказаў ён: жывы Гасподзь і жывая душа твая! не пакіну цябе. І прыйшлі ў Ерыхон.

5 І падышлі сыны прарокаў, якія ў Ерыхоне, да Елісея і сказалі яму: ці ведаеш, што сёньня Гасподзь бярэ гаспадара твайго і ўзьнясе над галавою тваёю? Ён сказаў: я таксама ведаю, маўчэце.

6 І сказаў яму Ільля: застанься тут, бо Гасподзь пасылае мяне да Ярдана. І сказаў ён: жывы Гасподзь і жывая душа твая! не пакіну цябе. І пайшлі абодва.

7 Пяцьдзясят чалавек з сыноў прарокавых пайшлі і сталі здалёк супроць іх, і яны абодва стаялі каля Ярдана.

8 І ўзяў Ільля аўчыну сваю, і згарнуў, і ўдарыў ёю па вадзе, і расступілася яна туды і сюды, і перайшлі абодва па сухім.

9 Калі яны перайшлі, Ільля сказаў Елісею: прасі, што зрабіць табе, перш чым я буду ўзяты ад цябе. І сказаў Елісей: дух, які ў табе, хай будзе на мне ўдвая.

10 І сказаў ён: цяжкага ты просіш; калі ўбачыш, як я буду ўзяты ад цябе, дык будзе табе так, а калі ня ўбачыш, ня будзе.

11 Калі яны ішлі і па дарозе гутарылі, раптам зьявілася калясьніца вогненная і коні вогненныя, і разлучылі іх абодвух, і панёсься Ільля ў віхуры на неба.

12 А Елісей глядзеў і ўсклікнуў: бацька мой, бацька мой, калясьніца Ізраіля і коньніца ягоная! І ня бачыў яго болей. І схапіў ён вопратку сваю і падраў яе на дзьве часткі.

13 І падняў аўчыну Ільлі, якая ўпала зь яго, і пайшоў назад, і стаў на беразе Ярдана;

14 і ўзяў аўчыну Ільлі, якая ўпала зь яго, і ўдарыў ёю па вадзе і сказаў: дзе Гасподзь, Бог Ільлі, - Ён Самы? І ўдарыў па вадзе, і яна расступілася туды і сюды, і перайшоў Елісей.

15 І ўбачылі яго сыны прарокаў, якія ў Ерыхоне, здалёк і сказалі: спачыў дух Ільлі на Елісеі. І пайшлі напярэймы яму, і пакланіліся яму да зямлі,

16 і сказалі яму: вось, ёсьць у нас, рабоў тваіх, чалавек пяцьдзясят - людзі дужыя; хай бы яны пайшлі і пашукалі гаспадара твайго; можа, панёс яго Дух Гасподні і скінуў яго на адной з гор, альбо на адной з далін. А ён сказаў: не пасылайце.

17 Але яны падступаліся да яго доўга, так што абрыдлі яму, і ён сказаў: пашлеце. І паслалі пяцьдзясят чалавек, і шукалі тры дні, і не знайшлі яго,

18 і вярнуліся да яго, тым часам як ён заставаўся ў Ерыхоне, і сказаў ім: ці ж не казаў я вам: не хадзеце?

19 І сказалі жыхары таго горада Елісею: вось, стан гэтага горада добры, як бачыць гаспадар мой; але вада нядобрая і зямля неўрадлівая.

20 І сказаў ён: дайце мне новую чару і пакладзеце туды солі. І далі яму.

21 І выйшаў ён да вытоку вады, і кінуў туды солі, і сказаў: так кажа Гасподзь: Я зрабіў ваду гэтую здароваю, ня будзе ад яе наперад ні сьмерці, ні неўрадлівасьці.

22 І вада зрабілася здароваю да сёньня, паводле слова Елісея, якое ён сказаў.

23 І пайшоў ён адтуль у Вэтыль. Калі ён ішоў дарогаю, малыя дзеці выйшлі з горада і сьмяяліся зь яго і казалі яму: ідзі, пляшывы, ідзі, пляшывы.

24 Ён азірнуўся і ўбачыў іх і пракляў іх імем Гасподнім. І выйшлі дзьве мядзьведзіхі зь лесу і разадралі зь іх сорак два дзіцяці.

25 Адсюль пайшоў ён на гару Карміл, а адтуль вярнуўся ў Самарыю.

Чацьвёртая Царстваў 3

1 Ёрам, сын Ахава, зацараваў над Ізраілем у Самарыі ў васямнаццатым годзе Ёсафата, цара Юдэйскага, і цараваў дванаццаць гадоў,

2 і рабіў неспадобнае ў вачах Гасподніх, хоць ня так, як бацька ягоны і маці ягоная: ён зьняў статую Ваала, якую зрабіў бацька ягоны,

3 аднак жа грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў у грэх Ізраіля, ён трымаўся, не адставаў ад іх.

4 Меса, цар Маавіцкі, быў багаты на быдла і прысылаў цару Ізраільскаму па сто тысяч авечак і па сто тысяч нястрыжаных бараноў.

5 Але калі памёр Ахаў, цар Маавіцкі адасобіўся ад цара Ізраільскага.

6 І выступіў цар Ёрам у той час з Самарыі і зрабіў агляд усім Ізраільцянам,

7 і пайшоў і паслаў да Ёсафата, цара Юдэйскага, сказаць: цар Маавіцкі адасобіўся ад мяне, ці пойдзеш са мною на вайну супроць Маава? Ён сказаў: пайду; як ты, так і я, як твой народ, так і мой народ, як твае коні, так і мае коні.

8 І сказаў: якою дарогаю ісьці нам? Ён сказаў: дарогаю пустыні Эдомскай.

9 І пайшоў цар Ізраільскі і цар Юдэйскі і цар Эдомскі, і ішлі яны абыходам сем дзён, і ня было вады войску і быдлу, якое шло за імі.

10 І сказаў цар Ізраільскі: ах! склікаў Гасподзь трох цароў гэтых, каб аддаць іх у руку Маава.

11 І сказаў Ёсафат: ці няма тут прарока Гасподняга, каб нам папытацца ў Госпада празь яго? І адказваў адзін з слуг цара Ізраільскага і сказаў: тут Елісей, сын Сафатаў, які падаваў ваду на рукі Ільлю.

12 І сказаў Ёсафат: ці ёсьць у яго слова Гасподняе. І пайшлі да яго цары Ізраільскі Ёсафат і цар Эдомскі.

13 І сказаў Елісей цару Ізраільскаму: што мне і табе? ідзі да прарокаў бацькі твайго і да прарокаў маці тваёй. І сказаў яму цар Ізраільскі: не, бо Гасподзь склікаў сюды трох цароў гэтых, каб аддаць іх у руку Маава.

14 І сказаў Елісей: жывы Гасподзь Саваоф, прад Якім я стаю! калі б я не шанаваў Ёсафата, цара Юдэйскага, дык ня зірнуў бы на цябе і ня бачыў бы цябе;

15 цяпер паклічце мне гусьляра. І калі гусьляр іграў на гусьлях, тады рука Гасподняя дакранулася да Елісея,

16 і ён сказаў: так кажа Гасподзь: рабі ў гэтай даліне равы за равамі,

17 бо так кажа Гасподзь: ня ўбачыце ветру і ня ўбачыце дажджу, а даліна гэтая напоўніцца вадою, якую будзеце піць вы і дробнае і буйное быдла ваша;

18 але гэтага мала прад вачыма Госпада: Ён і Маава аддасьць у рукі вашыя,

19 і вы пабэяце ўсе гарады ўмацаваныя і ўсе гарады галоўныя, і ўсе лепшыя дрэвы сьсечаце, і ўсе вытокі водныя запрудзіце, і ўсе лепшыя дзялянкі польныя сапсуяце каменьнем.

20 Раніцай, калі ўзносяць хлебнае прынашэньне, раптам палілася вада па шляху ад Эдома, і напоўнілася зямля вадою.

21 Калі Маавіцяне пачулі, што ідуць цары ваяваць зь імі, тады сабраны былі ўсе, пачынаючы з таго, хто насіў пояс, і старэй, і сталі на мяжы.

22 Раніцай усталі яны завідна, і калі сонца зазьзяла над вадою, Маавіцянам здалёк здалася гэтая вада чырвонаю, як кроў.

23 І сказалі яны: гэта кроў; схапіліся цары паміж сабою і зьнішчылі адзін аднаго; цяпер на здабычу, Мааў!

24 І прыйшлі яны да табара Ізраільскага. І ўсталі Ізраільцяне і пачалі біць Маавіцянаў, і тыя пабеглі ад іх, а яны ўсё ішлі на іх і біць Маавіцянаў.

25 І гарады разбурылі, і на кожную лепшую дзялянку ў полі кінулі кожны па камені і закідалі яго, і ўсе вытокі водаў запрудзілі і ўсе дрэвы лепшыя сьсеклі, так што заставалася толькі каменьне ў Кір-Харэшаце. І абступілі яго таранчыкі і разбурылі яго.

26 І ўбачыў цар Маавіцкі, што бітва адольвае яго, і ўзяў з сабою сямсот чалавек, якія валодалі мечам, каб прабіцца да цара Эдомскага; але не маглі.

27 І ўзяў ён сына свайго першынца, якому належала цараваць замест яго, і прынёс яго на цэласпаленьне на сьцяне. Гэта выклікала вялікае хваляваньне ў Ізраільцянаў, і яны адступіліся ад яго і вярнуліся ў сваю зямлю.

Чацьвёртая Царстваў 4

1 Адна жонка сыноў прарокавых зь лямантам казала Елісею: раб твой, мой муж памёр; а ты ведаеш, што раб твой баяўся Госпада; цяпер прыйшоў пазыковец забраць абодвух дзяцей маіх у рабы сабе.

2 І сказаў ёй Елісей: што мне зрабіць табе? скажы мне, што ёсьць у цябе ў доме? Яна сказала: няма ў рабы тваёй нічога ў доме, акрамя посуду з алеем.

3 І сказаў ён: ідзі, папрасі сабе посуду на старане, ва ўсіх суседзяў тваіх, посуду парожняга; набяры многа,

4 і ідзі, замкні дзьверы за сабою і за сынамі тваімі, і налівай ва ўвесь гэты посуд; поўны адстаўляй.

5 І пайшла ад яго і замкнула дзьверы за сабою і за сынамі сваімі. Яны падавалі ёй, а яна налівала.

6 Калі посуд быў напоўнены, яна сказала сыну свайму: падай мне яшчэ пасудзіну. Ён сказаў: больш няма посуду. І спыніўся алей.

7 І прыйшла яна і пераказала чалавеку Божаму. Ён сказаў: ідзі, прадай алей і сплаці пазыку тваю; а што застанецца, тым будзеш жыць з сынамі тваімі.

8 Аднаго разу прыйшоў Елісей у Сонам. Там адна багатая жанчына запрасіла яго да сябе есьці хлеб, і калі б ён ні прыходзіў, заходзіў туды есьці хлеб.

9 І сказала яна мужу свайму: вось, я ведаю, што чалавек Божы, які пастаянна праходзіць міма нас, сьвяты;

10 зробім невялікую сьвяцёлку над сьцяною і паставім яму там пасьцель і стол, і сядзеньне і сьвяцільню, і калі ён будзе прыходзіць да нас, хай заходзіць туды.

11 Аднаго дня ён прыйшоў туды, і зайшоў у сьвяцёлку, і лёг там,

12 і сказаў Гіезію, слузе свайму: пакліч гэту Санаміцянку. І паклікаў яе, і яна стала перад ім.

13 І сказаў яму: скажы ёй: вось, ты так клапоцішся за нас: што б зрабіць табе? ці ня трэба табе пагаварыць з царом, альбо з ваеначальнікам? Яна сказала: не, сярод свайго народу я жыву.

14 І сказаў ён: што б зрабіць ёй? І сказаў Гіезій: ды вось, сына няма ў яе, а муж яе стары.

15 І сказаў ён: пакліч яе. Ён паклікаў яе, і стала яна ў дзьвярах.

16 І сказаў ён: праз год, у гэты самы час ты будзеш трымаць на руках сына. І сказала яна: не, спадару мой, чалавеча Божы, не падманвай рабы тваёй.

17 І жанчына стала цяжарная і нарадзіла сына на другі год, у той самы час, як сказаў ёй Елісей.

18 І падрасло дзіця і аднаго дня пайшло да бацькі свайго, да жняцоў.

19 І сказала бацьку свайму: галава мая! Галава мне баліць. І сказаў той слузе свайму: занясі гэта маці ягонай.

20 І панёс яго і прынёс яго маці ягонай. І яно сядзела на каленях у яго да полудня і памерла.

21 І пайшла яна, і паклала яго на пасьцелі чалавека Божага, і замкнула яго, і выйшла,

22 і паклікала мужа свайго і сказала: прышлі мне аднаго слугу і адну асьліцу, я паеду да чалавека Божага і вярнуся.

23 Ён сказаў: навошта табе ехаць да яго? сёньня не навамесячны час і ня субота. Але яна сказала: добра.

24 І асядлала яна асьліцу і сказала слузе свайму: вядзі і йдзі; ня спыняйся, пакуль не скажу табе.

25 І выправілася і прыбыла да чалавека Божага, да гары Карміл. І калі ўбачыў чалавек Божы яе здалёк, дык сказаў слузе свайму Гіезію: гэта тая Санаміцянка;

26 бяжы ёй насустрач і скажы ёй: ці здаровая ты? ці здаровы твой муж? ці здаровае дзіця? - Яна сказала: здаровыя.

27 А калі прыйшла да чалавека Божага на гару, ухапілася за ногі ягоныя. І падышоў Гіезій, каб адвесьці яе; але чалавек Божы сказаў: пакінь яе, душа ў яе засмучаная, а Гасподзь утоіў ад мяне і не абвясьціў мне.

28 І сказала яна: ці прасіла я сына ў гаспадара майго? ці ж не казала я: не падманвай мяне?

29 І сказаў ён Гіезію: аперажы сьцёгны твае і вазьмі жазло маё ў руку тваю і йдзі; калі сустрэнеш каго, ня вітай яго, і калі хто будзе цябе вітаць, не адказвай яму; і пакладзі кій мой на твар дзіцяці.

30 І сказала маці дзіцяціна: жывы Гасподзь і жывая душа твая! не адстану ад цябе. І ён устаў і пайшоў зь ёю.

31 Гіезій пайшоў паперадзе іх і паклаў жазло на твар дзіцяці. Але ня было ні голасу, ні адказу. І выйшаў насустрач яму, і данёс яму, і сказаў: ня будзіцца дзіця.

32 І ўвайшоў Елісей у дом, і вось, дзіця памерлае ляжыць на пасьцелі ягонай.

33 І ўвайшоў, і замкнуў дзьверы за сабою, і памаліўся Госпаду;

34 і падняўся і лёг над дзіцём, і прыклаў свае вусны да яго вуснаў, і свае вочы да яго вачэй, і свае далоні да яго далоняў, і прасьцёрся на ім, і сагрэлася цела дзіцяці.

35 І ўстаў і прайшоў па сьвяцёлцы ўзад і ўперад; потым зноў падняўся і прасьцёрся на ім. І чыхнула дзіця разоў сем, і расплюшчыла дзіця вочы свае.

36 І паклікаў ён Гіезія і сказаў: пакліч гэтую Санаміцянку. І той паклікаў яе. Яна прыйшла да яго, і ён сказаў: вазьмі сына твайго.

37 І падышла, і ўпала яму ў ногі, і пакланілася да зямлі; і ўзяла сына свайго і пайшла.

38 А Елісей вярнуўся ў Галгал. І быў голад у зямлі той, і сыны прарокаў сядзелі перад ім. І сказаў ён слузе свайму: пастаў вялікі кацёл і згатуй поліўку сынам прарокавым.

39 І выйшаў адзін зь іх у поле зьбіраць гародніну, і знайшоў дзікую павойную расьліну, і набраў зь яе дзікіх пладоў поўную вопратку сваю; і прыйшоў і накрышыў іх у кацёл з поліўкаю, бо яны ня ведалі іх.

40 І налілі ім есьці. Але як толькі пачалі яны есьці поліўку, дык нарабілі крыку і сказалі: сьмерць у катле, чалавеча Божы! І не маглі есьці.

41 І сказаў ён: падайце мукі. І ўсыпаў яе ў кацёл і сказаў Гіезію: налівай людзям, хай ядуць. І ня стала нічога благога ў катле.

42 Прыйшоў нехта з Ваалшалішы і прынёс чалавеку Божаму хлебны пачатак - дваццаць ячных хлебцаў і сырыя неабшалушаныя зярняты. І сказаў Елісей: аддай людзям, хай ядуць.

43 І сказаў слуга ягоны: што тут я дам ста чалавекам? І сказаў ён: аддай людзям, хай ядуць, бо так кажа Гасподзь: насыцяцца, і застанецца.

44 Ён падаў ім, і яны насыціліся, і яшчэ засталося, па слове Гасподнім.

Чацьвёртая Царстваў 5

1 Нэеман, ваеначальнік цара Сірыйскага, быў вялікі чалавек у гаспадара свайго і паважаны, бо празь яго даў Гасподзь перамогу Сірыйцам; і чалавек гэты быў выдатны воін, але пракажоны.

2 Сірыйцы аднойчы пайшлі атрадамі і ўзялі ў палон зь зямлі Ізраільскай маленькую дзяўчынку, і яна слугавала жонцы Нэеманавай.

3 І сказала яна гаспадыні сваёй: о, калі б гаспадар мой пабываў у прарока, які ў Самарыі, дык ён зьняў бы зь яго праказу ягоную!

4 І пайшоў Нэеман і перадаў гэта гаспадару свайму, кажучы: так і так кажа дзяўчынка, якая зь зямлі Ізраільскай.

5 І сказаў цар Сірыйскі Нэеману: ідзі, схадзі, а я пашлю ліст да цара Ізраільскага. Ён пайшоў і ўзяў з сабою дзесяць талантаў срэбра і шэсьць тысяч сікляў золата і дзесяць перамен вопраткі;

6 і прынёс ліст цару Ізраільскаму, у якім было сказана: разам зь лістом гэтым, вось я пасылаю да цябе Нэемана, слугу майго, каб ты зьняў зь яго праказу ягоную.

7 Цар Ізраільскі, прачытаўшы ліст, падраў вопратку на сабе і сказаў: хіба Я Бог, каб усьмерчваць і ажыўляць, што ён пасылае да мяне, каб я зьняў з чалавека праказу ягоную? вось, цяпер ведайце і глядзеце, што ён шукае зачэпкі варагаваць супроць мяне.

8 Калі пачуў Елісей, чалавек Божы, што цар Ізраільскі падраў вопратку на сабе, дык паслаў сказаць цару: навошта ты падраў вопратку на сабе? хай ён прыйдзе да мяне і даведаецца, што ёсьць прарок у Ізраіле.

9 І прыбыў Нэеман на конях сваіх і на калясьніцы сваёй і спыніўся каля ўваходу ў дом Елісееў.

10 І выслаў да яго Елісей слугу сказаць: ідзі, абмыйся сем разоў у Ярдане, і абновіцца цела тваё ў цябе, і будзеш чысты.

11 І разгневаўся Нэеман, і пайшоў, і сказаў: вось, я думаў, што ён выйдзе, стане, і пакліча імя Госпада Бога свайго, і пакладзе руку сваю на тое месца, і здыме праказу;

12 хіба Авана і Фарфар, рэкі Дамаскія, ня лепшыя за ўсе воды Ізраільскія? хіба я ня мог бы абмыцца ў іх і ачысьціцца? І павярнуўся і пайшоў у гневе.

13 І падышлі рабы ягоныя, і казалі яму, і сказалі: бацька мой, калі б што-небудзь важнае сказаў табе прарок, дык ці не зрабіў бы ты? а тым болей, калі ён сказаў табе толькі: абмыйся, і будзеш чысты.

14 І пайшоў ён і акунуўся ў Ярдане сем разоў, па слове чалавека Божага, і абнавілася цела ягонае, як цела малога дзіцяці, і ачысьціўся.

15 І вярнуўся да чалавека Божага ён і ўсе, што суправаджалі яго, і прыйшоў, і стаў перад ім, і сказаў: вось, я даведаўся, што на ўсёй зямлі няма Бога, як у Ізраіля; дык вось прымі дарунак ад раба твайго.

16 І сказаў ён: жывы Гасподзь, прад абліччам якога стаю! ня прыму. І той прымушаў яго ўзяць, але ён не згадзіўся.

17 І сказаў Нэеман: калі ўжо ня так, дык хай рабу твайму дадуць зямлі, колькі панясуць два кані, бо ня будзе больш раб твой прыносіць цэласпаленьні і ахвяры іншым багам, апрача Госпада;

18 толькі вось у чым хай даруе Гасподзь рабу твайму: калі пойдзе гаспадар мой у дом Рымона на пакланеньне там і абапрэцца на руку маю, і пакланюся я ў доме Рымона, дык, за маё пакланеньне ў доме Рымона, хай даруе Гасподзь рабу твайму ў гэтым выпадку.

19 І сказаў яму: ідзі зь мірам. І ён адэехаў ад яго на недалёкую адлегласьць.

20 І сказаў Гіезій, слуга Елісея, чалавека Божага: вось, гаспадар мой адмовіўся ўзяць у рукі Нэемана, гэтага Сірыйца, тое, што ён прыносіў. Жывы Гасподзь! пабягу я за ім і вазьму ў яго што-небудзь.

21 І пагнаўся Гіезій за Нэеманам. І ўбачыў Нэеман, што бяжыць за ім, і сышоў з калясьніцы насустрач яму, і сказаў: ці зь мірам?

22 Той адказваў: зь мірам; гаспадар мой паслаў мяне сказаць: вось, цяпер прышлі да мяне з гары Яфрэмавай двух маладых чалавекі з сыноў прарокавых; дай ім талант срэбра і дзьве перамены вопртакі.

23 І сказаў Нэеман: вазьмі, бадай што, два таланты. І ўпрошваў яго. І завязаў ён два таланты срэбра ў два мяхі і дзьве перамены вопраткі і аддаў двум слугам сваім, і панесьлі перад ім.

24 Калі ён прыйшоў да пагорка, дык узяў з рук іхніх і схаваў дома. І адпусьціў людзей, і яны пайшлі.

25 Калі ён прыйшоў і зьявіўся да гаспадара свайго, Елісей сказаў яму: адкуль, Гіезій? І сказаў ён: нікуды не хадзіў раб твой.

26 І сказаў ён яму: хіба сэрца маё не спадарожнічала табе, калі павярнуўся насустрач табе чалавек той з калясьніцы сваёй? ці час браць срэбра і браць вопратку, або масьлічныя дрэвы і вінаграднікі, і дробнае альбо буйное быдла, і рабоў альбо рабыняў?

27 няхай жа праказа Нэеманавая прыстане да цябе і да нашчадкаў тваіх навек. І выйшаў ён ад яго белы ад праказы, як сьнег.

Чацьвёртая Царстваў 6

1 І сказалі сыны прарокавыя Елісею: вось, месца, дзе мы жывём пры табе, цесна нам;

2 пойдзем да Ярдана і возьмем адтуль кожны па адным бервяне і зробім сабе там месца жыхарства. Ён сказаў: ідзеце.

3 І сказаў адзін: зрабі ласку, ідзі і ты з рабамі тваімі. І сказаў ён: пайду.

4 І пайшоў зь імі, і прыйшлі да Ярдана і пачалі сячы дрэвы.

5 І калі адзін валіў бервяно, сякера ягоная ўпала ў ваду. І закрычаў ён і сказаў: ах, гаспадару мой! а ён узяў быў на патрыманьне!

6 І сказаў чалавек Божы: дзе ён упаў? Ён паказаў яму месца. І адсек ён кавалак дрэва і кінуў туды, і выплыла сякера.

7 І сказаў ён: вазьмі сабе. Ён працягнуў руку сваю і ўзяў яго.

8 Цар Сірыйскі пайшоў вайною на Ізраільцян і раіўся са слугамі сваімі, кажучы: там-та і ў такім-та месцы я раскіну свой табар.

9 І пасылаў чалавек Божы да цара Ізраільскага сказаць: сьцеражэцеся праходзіць гэтым месцам, бо там Сірыйцы залеглі.

10 І пасылаў цар Ізраільскі на тое месца, пра якое казаў яму чалавек Божы і перасьцерагаў яго; і зьбярог сябе там ня раз і ня два.

11 І ўстрывожылася сэрца цара Сірыйскага з гэтай нагоды, і паклікаў ён рабоў сваіх і сказаў ім: скажэце мне, хто з вашых мае зносіны з царом Ізраільскім?

12 І сказаў адзін слуга ягоны: ніхто, гаспадару мой цар; а Елісей прарок, які ў Ізраіля, пераказвае цару Ізраільскаму і тыя словы, якія ты кажаш у спальні тваёй.

13 І сказаў ён: ідзеце, даведайцеся, дзе ён; я пашлю і вазьму яго. І данесьлі яму і сказалі: вось, ён у Датаіме.

14 І паслаў туды коні і калясьніцы і шмат войска. І прыйшлі ноччу і акружылі горад.

15 Раніцай служка чалавека Божага ўстаў і выйшаў; і вось, войска вакол горада і коні і калясьніцы. І сказаў яму слуга ягоны: шкада, гаспадару мой! што нам рабіць?

16 І сказаў ён: ня бойся, бо тых, якія з намі, больш, чым тых, якія зь імі.

17 І маліўся Елісей і казаў: Госпадзе! разамкні яму вочы, каб ён убачыў. І разамкнуў Гасподзь вочы слузе, і ён убачыў, і вось, уся гара напоўнена конямі і калясьніцамі вогненнымі вакол Елісея.

18 Калі пайшлі да яго Сірыйцы, Елісей памаліўся Госпаду і сказаў: спадобі іх сьлепатою. І Ён спадобіў іх сьлепатою па слове Елісея.

19 І сказаў ім Елісей: гэта ня тая дарога і ня той горад; ідзеце за мною, я правяду вас да таго чалавека, якога вы шукаеце. І прывёў іх у Самарыю.

20 Калі яны прыйшлі ў Самарыю, Елісей сказаў: Госпадзе! разамкні вочы ім, каб яны бачылі. І разамкнуў Гасподзь вочы ім, і ўбачылі, што яны ўсярэдзіне Самарыі.

21 І сказаў цар Ізраільскі Елісею, убачыўшы іх: ці не пабіць іх, бацька мой?

22 І сказаў ён: не забівай. Хіба мечам тваім і лукам тваім ты паланіў іх, каб забіваць іх? Прапануй ім хлеба і вады; няхай ядуць і п'юць, і пойдуць да гаспадара свайго.

23 І прыгатаваў ім вялікі абед, і яны елі і пілі. І адпусьціў іх, і пайшлі да гаспадара свайго. І не хадзілі больш тыя полчышчы Сірыйскія ў зямлю Ізраілеву.

24 Пасьля таго сабраў Вэенадад, цар Сірыйскі, усё войска сваё і выступіў, і аблажыў Самарыю.

25 І быў вялікі голад у Самарыі, калі яны аблажылі яе, так што асьліная галава прадавалася па восемдзесят сікляў срэбра, і чацьвёртая частка каба галубінага памёту - па пяць сікляў срэбра.

26 Аднойчы цар Ізраільскі праходзіў па сьцяне, і жанчына зь лямантам казала яму: памажы, гаспадару мой цар.

27 І сказаў ён: калі не паможа табе Гасподзь, з чаго я памагу табе? ці з гумна, ці з чавільні?

28 І сказаў ёй цар: што табе? І сказала яна: гэтая жанчына казала мне: аддай свайго сына, зьямо яго сёньня, а сына майго зьямо заўтра.

29 І згатавалі мы майго сына, і зьелі яго. І я сказала ёй на другі дзень: аддай жа твайго сына, і зьямо яго. Але яна схавала свайго сына.

30 Цар, выслухаўшы словы жанчыны, падраў вопратку на сабе; і праходзіў ён па сьцяне, і народ бачыў, што вярэта на самім целе ягоным.

31 І сказаў: няхай тое і тое зробіць мне Бог, і яшчэ болей зробіць, калі застанецца галава Елісея, сына Сафатавага, на ім сёньня.

32 А Елісей сядзеў у сваім доме і старцы сядзелі ў яго. І паслаў цар чалавека ад сябе. Перш чым прыйшоў пасланы да яго, ён сказаў старцам: бачыце, што гэты сын забойцы паслаў зьняць зь мяне галаву? Глядзеце, калі прыйдзе пасланец, зачынеце дзьверы і прыцісьніце яго дзьвярмі. А вось і тупат ног гаспадара яго за ім!

33 Яшчэ гаварыў ён зь імі, і вось пасланец прыходзіць да яго, і сказаў: вось якое бедства ад Госпада! чаго мне далей чакаць ад Госпада?

Чацьвёртая Царстваў 7

1 І сказаў Елісей: выслухайце слова Гасподняе: так кажа Гасподзь: заўтра гэтым часам мера лепшай мукі будзе па сіклі, дзьве меры ячменю па сіклі, каля брамы Самарыі.

2 І адказваў саноўнік, на руку якога апіраўся цар, чалавеку Божаму, і сказаў: калі б Гасподзь і адчыніў вокны на небе, дык і тады ці можа гэта быць? І сказаў той: вось убачыш сваімі вачыма, але есьці гэтага ня будзеш.

3 Чатыры чалавекі пракажоныя былі каля ўваходу ў браму і казалі яны адзін аднаму: што нам сядзець тут, чакаючы сьмерці?

4 Калі рашымся мы пайсьці ў горад, дык у горадзе голад, і мы там памром, а калі сядзець тут, дык таксама памром. Хадзем лепей у табар Сірыйскі: калі пакінуць нас жывых, будзем жыць, а калі заб'юць, памром.

5 І ўсталі на досьвітку, каб ісьці ў табар Сірыйскі. І прыйшлі да краю табара Сірыйскага, і вось, няма там ніводнага чалавека.

6 Гасподзь зрабіў так, што табару Сірыйскаму пачуўся стукат калясьніц і ржаньне коней, шум войска вялікага. І сказалі яны адзін аднаму: мусіць, наняў супроць нас цар Ізраільскі цароў Хэтэйскіх і Егіпецкіх, каб пайсьці на нас.

7 І ўсталі і пабеглі на досьвітку, і пакінулі намёты свае, і коней сваіх, і аслоў сваіх, увесь табар, як ён быў, і пабеглі, ратуючыся.

8 І прыйшлі тыя пракажоныя да краю табара, і ўвайшлі ў адзін намёт, і елі і пілі, узялі адтуль срэбра, і золата і вопратку, і пайшлі і схавалі. Пайшлі яшчэ ў іншы намёт, і там узялі, і пайшлі і схавалі.

9 І сказалі адзін аднаму: ня так мы робім. Дзень гэты - дзень радаснай весткі, калі мы замарудзім і будзем чакаць ранішняга сьвятла, дык упадзе на нас віна. Хадземце ж і паведамім дому царскаму.

10 І прыйшлі, і паклікалі брамнікаў гарадскіх, і расказалі ім, кажучы: мы хадзілі ў табар Сірыйскі, і вось, няма там ніводнага чалавека, ні голасу чалавечага, а толькі коні прывязаныя, і аслы прывязаныя, і намёты, як якія яны ёсьць.

11 І паклікалі брамнікаў, і яны перадалі вестку ў сам палац царскі.

12 І ўстаў цар уначы, і сказаў слугам сваім: скажу вам, што робяць з намі Сірыйцы. Яны ведаюць, што мы церпім голад, і выйшлі з табара, каб схавацца ў полі, думаючы так: калі яны выйдуць з горада, мы захопім іх жывых і ўворвемся ў горад.

13 І адказваў адзін, што слугаваў пры ім, і сказаў: хай возьмуць пяць з астатніх коней, што засталіся ў горадзе і пашлем, і пабачым.

14 І ўзялі дзьве пары коней, запрэжаных у калясьніцы. І паслаў цар сьледам Сірыйскаму войску, сказаўшы: ідзеце, паглядзеце.

15 І ехалі за ім да Ярдана, і вось уся дарога ўсланая вопраткай і рэчамі, якія пакідалі Сірыйцы пры пасьпешлівых уцёках сваіх. І вярнуліся пасланцы, і данесьлі цару.

16 І выйшаў народ, і разрабаваў табар Сірыйскі, і была мера лепшай мукі па сіклі, паводле слова Гасподняга.

17 І цар паставіў таго саноўніка, на руку якога абапіраўся, каля брамы; і растаптаў яго народ у браме, і ён памёр, як сказаў чалавек Божы, які гаварыў, калі прыходзіў да яго цар.

18 Калі чалавек Божы гаварыў так цару: дзьве меры ячменю па сіклі, і мера лепшай мукі па сіклі будуць заўтра гэтым часам каля брамы Самарыі,

19 тады адказваў гэты саноўнік чалавеку Божаму і сказаў: калі б Гасподзь і адчыніў вокны на небе, дык і тады ці можа такое быць? А ён сказаў: убачыш на свае вочы, але есьці гэтага ня будзеш.

20 Так і збылося зь ім: і затаптаў яго народ у браме, і ён памёр.

Чацьвёртая Царстваў 8

1 І казаў Елісей жанчыне, сына якое ён уваскрэсіў: устань, і йдзі, ты і дом твой, і пажыві там, дзе можаш пажыць, бо наслаў Гасподзь голад, і ён прыйдзе на гэтую зямлю на сем гадоў.

2 І ўстала тая жанчына, і зрабіла паводле слова Божага; і пайшла яна і дом яе, і жыла ў зямлі Філістымскай сем гадоў.

3 Празь сем гадоў вярнулася гэтая жанчына зь зямлі Філістымскай і прыйшла прасіць цара за дом свой і поле сваё.

4 Цар якраз гутарыў з Гіезіем, слугою чалавека Божага, і сказаў: раскажы мне ўсё пра выдатнае, што зрабіў Елісей.

5 І тым часам як ён расказваў цару, што той уваскрэсіў памерлага, жанчына, сына якое ён уваскрэсіў, прасіла цара за дом свой і за поле сваё. І сказаў Гіезій: гаспадару мой цар, гэта тая самая жанчына і той самы сын яе, якога ўваскрэсіў Елісей.

6 І спытаўся цар у жанчыны, і яна расказала яму. І даў ёй цар аднаго прыдворніка, сказаўшы: вярнуць ёй усё, што ёй належыць, і ўсе прыбыткі з поля, з таго дня, як яна пакінула зямлю, да сёньня.

7 І прыйшоў Елісей у Дамаск, калі Вэнадад цар Сірыйскі, быў хворы. І данесьлі яму, кажучы: прыйшоў чалавек Божы сюды.

8 І сказаў цар Азаілу: вазьмі ў рукі свае дарунак і йдзі насустрач чалавеку Божаму, і спытайся ў Госпада празь яго, кажучы: ці папраўлюся я ад гэтай хваробы?

9 І пайшоў Азаіл насустрач яму, і ўзяў дарунак у рукі свае і ўсяго найлепшага ў Дамаску, колькі могуць несьці сорак вярблюдаў, і прыйшоў і стаў перад абліччам ягоным, і сказаў: сын твой Вэнадад, цар Сірыйскі, паслаў мяне да цябе папытацца: ці папраўлюся я ад гэтай хваробы?

10 І сказаў яму Елісей: ідзі скажы яму: выздаравееш. Аднак жа адкрыў мне Гасподзь, што ён памрэ.

11 І скіраваў на яго Елісей позірк свой, і так заставаўся, аж зьбянтэжыў яго, і заплакаў чалавек Божы.

12 І сказаў Азаіл: чаго гаспадар мой плача? І сказаў ён: таму, што я ведаю, якога ліха наробіш ты сынам Ізраілевым; крэпасьці іхнія папаліш, а юнакоў іхніх пазабіваеш мечам, і немаўлят іхніх паб'еш, і цяжарных у іх пасячэш.

13 І сказаў Азаіл: што такое раб твой, сабака, каб мог зрабіць такую вялікую справу? І сказаў Елісей: указаў мне Гасподзь у табе цара Сірыі.

14 І пайшоў ён ад Елісея, і прыйшоў да гаспадара свайго. І сказаў яму гэты: што казаў табе Елісей? І сказаў: ён казаў мне, што ты паправішся.

15 А на другі дзень ён узяў коўдру, намачыў яе вадою і паклаў на твар ягоны, і той памёр. І зацараваў Азаіл замест яго.

16 У пяты год Ёрама, сына Ахава, цара Ізраільскага, зацараваў Ёрам, сын Ёсафатаў, цар Юдэйскі:

17 трыццаць два гады было яму, калі зацараваў, і восем гадоў цараваў у Ерусаліме;

18 і хадзіў шляхам цароў Ізраільскіх, як рабіў дом Ахаваў, бо дачка Ахава была жонкаю яго, і рабіў благое ў вачах Госпада.

19 Аднак не хацеў Гасподзь загубіць Юду, дзеля Давіда, раба Свайго, бо Ён абяцаў даць яму сьвяцільню ў дзецях ягоных на ўсе часы.

20 У дні ягоныя выступіў Эдом з-пад рукі Юды, і паставілі яны над сабою цара.

21 І пайшоў Ёрам у Цаір, і ўсе калясьніцы зь ім; і ўстаў ён уначы, і пабіў Ідумэянаў, якія акружалі яго, і начальнікаў над калясьніцамі, але народ уцёк у намёты свае.

22 І выступіў Эдом з-пад рукі Юды да сёньняшняга дня. У той самы час выступіла і Ліўна.

23 Астатняе пра Ёрама і пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.

24 І спачыў Ёрам з бацькамі сваімі, і пахаваны з бацькамі сваімі ў горадзе Давідавым. І зацараваў Ахозія, сын ягоны, замест яго.

25 У дванаццаты год Ёрама, сына Ахава, цара Ізраільскага, зацараваў Ахозія, сын Ёрама, цара Юдэйскага:

26 дваццаць два гады было Ахозію, калі зацараваў, і адзін год валадарыў у Ерусаліме. А імя маці ягонай Гатолія, дачка Амврыя, цара Ізраільскага.

27 І хадзіў шляхам дома Ахававага, і рабіў благое ў вачах Гасподніх, падобна дому Ахававаму, бо ён быў у радстве з домам Ахававым.

28 І пайшоў ён зь Ёрамам, сынам Ахава, на вайну з Азаілам, царом Сірыйскім, у Рамот Галаадскі, і паранілі Сірыйцы Ёрама.

29 І вярнуўся Ёрам цар, каб лячыцца ў Ізрэелі ад ранаў, якія прычынілі яму Сірыйцы ў Рамоце, калі ён ваяваў з Азаілам, царом Сірыйскім. І Ахозія, сын Ёрама, цар Юдэйскі, прыйшоў наведаць Ёрама, сына Ахава, у Ізрэель, бо ён быў хворы.

Чацьвёртая Царстваў 9

1 Елісей прарок паклікаў аднаго з сыноў прарокавых і сказаў яму: аперажы сьцёгны свае і вазьмі гэты посуд з алеем у руку тваю, і йдзі ў Рамот Галаадскі;

2 прыйшоўшы туды, знайдзі там Іуя, сына Ёсафата, сына Намэсіевага, і падыдзі, і скажы яму выйсьці з асяродзьдзя братоў свах, і ўвядзі яго ва ўнутраны пакой;

3 і вазьмі посуд з алеем, і вылі на галаву ягоную, і скажы: так кажа Гасподзь: памазваю цябе ў цара над Ізраілем. Потым адчыні дзьверы, і бяжы, і не чакай.

4 І пайшоў хлопец, слуга прарока, у Рамот Галаадскі,

5 і прыйшоў. І вось сядзяць ваеначальнікі, і сказаў: у мяне слова да цябе, ваеначальніча. І сказаў Іуй: да каго з усіх нас? І сказаў ён: да цябе, ваеначальніча.

6 І ўстаў ён, і ўвайшоў у дом. І хлопец выліў алей на галаву ягоную, і сказаў яму: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: памазваю цябе ў цара над народам Гасподнім, над Ізраілем,

7 і ты зьнішчыш дом Ахава, гаспадара твайго, каб Мне адпомсьціць за кроў рабоў Маіх прарокаў і за кроў усіх рабоў Гасподніх, якія загінулі ад рукі Езавэлі;

8 і загіне ўвесь дом Ахава, і зьнішчу ў Ахава таго, хто мочыцца да сьцяны, і замкнутага і таго, хто застаўся ў Ізраіле,

9 і зраблю дом Ахава, як дом Ераваама, сына Наватавага, і як дом Ваасы, сына Ахіінага;

10 А Езавэль зжаруць сабакі на полі Ізрэельскім, і ніхто не пахавае яе. І адчыніў дзьверы і ўцёк.

11 І выйшаў Іуй да слуг гаспадара свайго, і сказалі яму: ці зь мірам ты? Навошта прыходзіў гэты апантанец да цябе? І сказаў ім: вы ведаеце гэтага чалавека і што ён кажа.

12 І сказалі: няпраўда, скажы нам. І сказаў ён: тое і тое ён сказаў мне, кажучы: так кажа Гасподзь: памазваю цябе ў цара над Ізраілем.

13 І паспяшаліся яны і ўзялі кожны вопратку сваю, і падаслалі яму на самых прыступках, і затрубілі ў трубу, і сказалі: зацаруй Іуй!

14 І паўстаў Іуй, сын Ёсафата, сына Намэсіевага, супроць Ёрама; а Ёрам быў з усімі Ізраільцянамі ў Рамофе Галаадскім на варце супроць Азаіла, цара Сірыйскага.

15 Зрэшты сам цар Ёрам вярнуўся, каб лячыцца ў Ізрэелі ад ран, якія прычынілі яму Сірыйцы, калі ён ваяваў з Азаілам, царом Сірыйскім. І сказаў Іуй: калі вы згодныя, дык няхай ніхто ня сыходзіць з горада, каб ісьці падаць вестку ў Ізрэелі.

16 І сеў Іуй на каня, і паехаў у Ізрэель, дзе ляжаў Ёрам і куды Ахозія, цар Юдэйскі, прыйшоў наведаць Ёрама.

17 На вежы ў Ізрэелі стаяў дазорца, і ўбачыў ён полчышча Іуевае, калі яно ішло, і сказаў: полчышча бачу я. І сказаў Ёрам: вазьмі вершніка, і пашлі насустрач ім, і няхай скажа: ці зь мірам?

18 І выехаў вершнік на кані насустрач яму, і сказаў: так кажа цар: ці зь мірам? І сказаў Іуй: што табе да міру? Едзь за мною. І данёс дазорца, і сказаў: даехаў да іх, але не вяртаецца.

19 І паслалі другога вершніка, і ён прыехаў да іх, і сказаў: так кажа цар: ці зь мірам? І сказаў Іуй: што табе да міру? Едзь за мною.

20 І данёс дазорца, сказаўшы: даехаў да іх і не вяртаецца. А паходка, як быццам Іуева, сына Намэсіевага, бо ён едзе імкліва.

21 І сказаў Ёрам: запрагай. І запрэглі калясьніцу ягоную. І выступіў Ёрам, цар Ізраільскі, і Ахозія, цар Юдэйскі, кожны на калясьніцы сваёй. І выступілі насустрач Іую, і сустрэліся зь ім на полі Навутэя Іэрэеліцяніна.

22 І калі ўбачыў Ёрам Іуя, дык сказаў: ці зь мірам Іуй? І сказаў ён: які мір пры любаблудстве Езавэлі, маці тваёй, і пры многіх яе чарадзействах?

23 І павярнуў Ёрам рукі свае, і пабег, і сказаў Ахозію: здрада, Ахозія!

24 А Іуй напяў лук рукою сваёю, і пацэліў Ёраму паміж плячэй ягоных, і прайшла страла праз сэрца яго, і ўпаў ён на калясьніцы сваёй.

25 І сказаў Іуй Бідэкару, саноўніку свайму: вазьмі, кінь яго на дзялянку поля Навутэя Ізрэеліцяніна, бо ўспомні, як мы з табою ехалі ўдвух за Ахавам, бацькам ягоным, і як Гасподзь сказаў на яго такое прароцтва.

26 Сапраўды кроў Навутэя і кроў сыноў ягоных бачыў Я ўчора, кажа Гасподзь, і адпомшчу табе на гэтым полі. Дык вось, вазьмі, кінь яго на поле, паводле слова Гасподняга.

27 Ахозія, цар Юдэйскі, убачыўшы гэта, пабег па дарозе да дома, што ў садзе. І пагнаўся за ім Іуй, і сказаў: і яго беце на калясьніцы. Гэта было на пагорку Гур, што каля Іўлеама. І пабег ён у Мэгідон, і памёр там.

28 І адвезьлі яго рабы ягоныя ў Ерусалім, і пахавалі яго ў магільніцы ягонай, з бацькамі ягонымі, у горадзе Давідавым.

29 У адзінаццаты год Ёрама, сына Ахава, зацараваў Ахозія ў Юдэі.

30 І прыбыў Іуй у Ізрэель. А Езавэль, атрымаўшы вестку, нарумяніла твар свой і ўбрала галаву сваю, і глядзела ў акно.

31 Калі Іуй увайшоў у браму, яна сказала: ці мір Замврыю, забойцу гаспадара свайго?

32 І падняў ён твар свой да акна і сказаў: хто са мною, хто? І выглянулі да яго два, тры еўнухі.

33 І сказаў ён: выкіньце яе. І выкінулі яе. І пырснула кроў яе на сьцяну і на коней, і растапталі яе.

34 І прыйшоў Іуй, і еў, і піў, і сказаў: знайдзеце гэтую праклятую і пахавайце яе, бо царская дачка яна.

35 І пайшлі хаваць яе, і не знайшлі ад яе нічога, апрача чэрапа, і ног, і кісьцяў рук.

36 І вярнуліся, і данесьлі яму. І сказаў ён: такое было слова Госпада, якое Ён мовіў праз раба Свайго Ільлю Фэсьвіцяніна, сказаўшы: на полі Ізрэельскім зжаруць сабакі цела Езавэлі,

37 і будзе труп Езавэлі на дзялянцы Ізрэельскай, як гной на полі, так што ніхто ня скажа: гэта Езавэль.

Чацьвёртая Царстваў 10

1 У Ахава было семдзесят сыноў у Самарыі. І напісаў Іуй лісты, і паслаў у Самарыю начальнікам Ізрэельскім, старэйшынам і выхавальнікам дзяцей Ахававых, такога зьместу:

2 калі прыйдзе вам гэты ліст, дык, як што ў вас і сыны гаспадара вашага, у вас жа і калясьніцы, і коні, і ўмацаваны горад, і зброя,

3 выберыце найлепшага і найгоднейшага з сыноў гаспадара свайго, і пасадзеце на трон бацькі ягонага, і ваюйце за дом гаспадара свайго.

4 Яны вельмі спалохаліся і сказалі: вось, два цары не ўстаялі перад ім, як жа нам устаяць?

5 І паслаў начальнік над домам царскім, і начальнік горада, і старэйшыны, і выхавальнікі да Іуя сказаць: мы рабы твае, і што скажаш нам, тое і зробім; мы нікога не паставім царом, што заўгодна табе, тое і рабі.

6 І напісаў ён ім ліст другі раз такі: калі вы мае і слова майго слухаецеся, дык вазьмеце галовы сыноў гаспадара свайго, і прыйдзеце да мяне заўтра ў гэты час у Ізрэель.

7 Калі дайшоў да іх ліст, яны ўзялі царскіх сыноў, і закалолі іх - семдзесят чалавек, і паклалі галовы іхнія ў кашы, і паслалі да яго ў Ізрэель.

8 І прыйшоў пасланец, і данёс яму, і сказаў: прынесьлі галовы сыноў царскіх. І сказаў ён: раскладзеце іх на дзьве кучы каля ўваходу ў браму, да раніцы.

9 Раніцай ён выйшаў, і стаў, і сказаў усяму народу: вы не вінаватыя. Вось я паўстаў супроць гаспадара майго, і забіў яго, а іх усіх хто забіў?

10 Ведайце ж цяпер, што не ўпадзе на зямлю ніводнае слова Госпада, якое Ён мовіў пра дом Ахава: Гасподзь зрабіў тое, што мовіў праз раба Свайго Ільлю.

11 І аддаў Іуй сьмерці ўсіх, хто яшчэ заставаўся з дома Ахава ў Ізрэелі, і ўсіх вяльможаў ягоных, і блізкіх ягоных, і сьвятароў ягоных, так што не засталося ад яго ніводнага ацалелага.

12 І ўстаў, і пайшоў, і прыйшоў у Самарыю. Па дарозе пры Бэт-Экэдзе пастухоўскім,

13 сустрэў Іуй братоў Ахозіі, цара Юдэйскага, і сказаў: хто вы? Яны сказалі: мы браты Ахозіі, ідзём даведацца пра здароўе сыноў цара і сыноў гаспадарыні.

14 І сказаў ён: вазьмеце іх жывых. І ўзялі іх жывых, і закалолі іх - сорак два чалавекі, каля калодзежа Бэт-Экэда, і не засталося зь іх ніводнага.

15 І паехаў адтуль і сустрэўся зь Ёнадавам, сынам Рыхававым, які ішоў насустрач яму, і прывітаў яго, і сказаў яму: ці прыхіляецца тваё сэрца, як маё да твайго сэрца? І сказаў Ёнадаў: так. Калі так, дык дай руку тваю. І падаў ён руку сваю, і падняў ён яго да сябе ў калясьніцу,

16 і сказаў: едзь са мною і глядзі на руплівасьць маю за Госпада. І пасадзілі яго ў калясьніцу.

17 Прыехаўшы ў Самарыю, ён забіў усіх, хто заставаўся ў Ахава ў Самарыі, так што зусім вынішчыў яго, паводле слова Госпада, якое Ён мовіў Ільлю.

18 І сабраў Іуй увесь народ і сказаў ім: Ахаў мала служыў Ваалу; Іуй будзе служыць яму больш.

19 Дык вось, паклічце да мяне ўсіх прарокаў Ваала, усіх службітоў ягоных і ўсіх сьвятароў ягоных, каб ніхто ня быў адсутны, бо ў мяне будзе вялікая ахвяра Ваалу. А кожны, хто ня зьявіцца, не застанецца жывы. Іуй рабіў гэта з хітрым намерам, каб зьнішчыць службітоў Ваала.

20 І сказаў Іуй: назначце сьвяточны сход дзеля Ваала. І абвясьцілі сход.

21 І паслаў Іуй па ўсім Ізраілі, і прыйшлі ўсе службіты Ваала; не засталося ніводнага чалавека, хто ня прыйшоў бы; і ўвайшлі ў дом Ваалаў, і напоўніўся дом Ваалаў ад краю да краю.

22 І сказаў ён рызьніку: прынясі вопратку ўсіх служак Ваала. І ён прынёс ім вопратку.

23 І ўвайшоў Іуй з Ёнадавам, сынам Рыхававым, у дом Ваалаў, і сказаў служкам Ваала: разьведайце і разгледзьце, ці няма сярод вас каго з службітоў Гасподніх, бо тут павінны быць толькі адны службіты Ваала.

24 І прыступілі яны да ўчыненьня ахвяраваньняў і цэласпаленьняў. А Іуй паставіў па-за домам восемдзесят чалавек і сказаў: душа таго, у каго выратуецца хто-небудзь зь людзей, якіх я аддаю вам у рукі, будзе замест душы таго, хто выратаваўся.

25 Калі закончана было цэласпаленьне, Іуй сказаў скараходам і начальнікам: ідзеце, беце іх, каб ніводзін не ацалеў. І пабілі іх вастрыём меча, кінулі іх скараходы і начальнікі, і пайшлі ў горад, дзе было капішча Ваалавае,

26 і вынесьлі статуі з капішча Ваалавага і спалілі іх,

27 і разьбілі статую Ваала, і разбурылі капішча Ваалавае; і зрабілі зь яго месца нечысьці да сёньня.

28 І вынішчыў Іуй Ваала зь зямлі Ізраільскай.

29 У астатнім ад грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіля ў грэх, ад іх не адступаў Іуй, - ад залатых цялят, якія ў Вэфілі, і якія ў Дане.

30 І сказаў Гасподзь Іую: за тое, што ты ахвотна зрабіў, што было справядліва ў вачах Маіх, выканаў над домам Ахававым усё, што было на сэрцы ў Мяне, сыны твае да чацьвёртага роду будуць сядзець на троне Ізраілевым.

31 Але Іуй не стараўся хадзіць у законе Госпада Бога Ізраілевага ад усяго сэрца. Ён не адступаўся ад грахоў Ераваама, які ўвёў Ізраіля ў грэх.

32 У тыя дні пачаў Гасподзь адразаць часткі ад Ізраільцянаў, і пабіваў іх Азаіл ва ўсіх межах Ізраілевых.

33 На ўсход ад Ярдана, усю зямлю Галаад, калена Гадава, Рувімава, Манасііна, пачынаючы ад Ароера, што пры патоку Арноне, і Галаад і Васан.

34 Астатняе пра Іуя і пра ўсё, што ён зрабіў, і пра мужныя подзьвігі яго напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.

35 І спачыў Іуй з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў Самарыі. І зацараваў Ёахаз, сын ягоны, замест яго.

36 А часу валадараньня Іуя над Ізраілем, у Самарыі, было дваццаць восем гадоў.

Чацьвёртая Царстваў 11

1 Гатолія, маці Ахозіі, бачачы, што сын яе памёр, устала і вынішчыла ўсё царскае племя.

2 Але Ёсавеф, дачка цара Ёрама, сястра Ахозіі, узяла Ёаса, сына Ахозіі, і тайна зьвяла яго з атачэньня забіваных сыноў царскіх, яго і карміцельку ягоную, у пасьцельны пакой; і схавалі яго ад Гатоліі, і ён ня быў забіты.

3 І хавалі яго зь ёю ў доме Гасподнім шэсьць гадоў, тым часам як Гатолія царавала над зямлёю.

4 У сёмы год паслаў Ёдай, і ўзяў сотнікаў зь целаахоўцаў і скараходаў, і прывёў іх да сябе ў дом Гасподні, і ўчыніў зь імі ўгоду, і ўзяў зь іх клятву ў доме Гасподнім, і паказаў ім царскага сына;

5 і даў ім загад, сказаўшы: вось, што вы зрабеце: трэцяя частка з вас, з тых, што прыходзяць у суботу, будзе трымаць варту пры царскім доме;

6 трэцяя частка каля брамы Сур, і трэцяя частка каля брамы ззаду целаахоўцаў, і трымайце варту дома, каб ня было якое пашкоды;

7 і дзьве часткі з вас, з усіх, што адыходзяць у суботу, будуць трымаць варту каля дома Гасподняга дзеля цара;

8 і атачэце цара з усіх бакоў, кожны са зброяй сваёй у руцэ сваёй; і хто ўвайшоў бы ў рады, той хай будзе забіты; і будзьце пры цары, калі ён выходзіць і калі ўваходзіць.

9 І зрабілі сотнікі ўсё, што загадаў Ёдай сьвятар і ўзялі кожны людзей сваіх, што прыходзяць у суботу і што адыходзяць у суботу, і прыйшлі да Ёдая сьвятара.

10 І раздаў сьвятар сотнікам дзіды і шчыты цара Давіда, якія былі ў доме Гасподнім.

11 І сталі скараходы, кожны са зброяй ў руцэ сваёй, з правага боку дома да левага боку дома, каля ахвярніка і каля дома, вакол цара.

12 І вывеў ён царскага сына, і ўсклаў на яго царскі вянок і кляйноды, і ўцаравалі яго, і памазалі яго, і пляскалі ў далоні і ўсклікалі: хай жыве цар!

13 І пачула Гатолія голас народу, які бег, і пайшла да народу ў дом Гасподні.

14 І бачыць, і вось цар стаіць на ўзвышэньні, паводле звычаю, і князі і трубы каля цара; і ўвесь народ зямлі радуецца, і трубяць у трубы. І падрала Гатолія вопратку на сабе, і закрычала: змова! змова!

15 І даў загад Ёдай сьвятар сотнікам, начальнікам над войскам, і сказаў ім: выведзіце яе за рады, а хто пойдзе за ёю, забівайце мечам, бо сьвятар думаў, каб не забілі яе ў доме Гасподнім.

16 І далі ёй месца, і яна прайшла праз уваход конскі да дома царскага, і аддадзена сьмерці там.

17 І заключыў Ёдай запавет паміж Госпадам і царом і народам, каб ён быў народам Гасподнім, і паміж царом і народам.

18 І пайшоў увесь народ зямлі ў дом Ваала, і разбурылі ахвярнікі яго, і выявы ягоныя зусім пабілі, і Матфана, жраца Ваалавага, забілі перад ахвярнікамі. І ўстанавіў сьвятар нагляд над домам Гасподнім.

19 І ўзяў сотнікаў і целаахоўцаў і скараходаў і ўвесь народ зямлі, і праводзілі цара з дома Гасподняга, і прыйшлі па дарозе праз браму целаахоўцаў у дом царскі; і ён сеў на троне цароў.

20 І весяліўся ўвесь народ зямлі, і горад супакоіўся. А Гатолію ўсьмерцілі мечам у царскім доме.

21 Сем гадоў было Ёасу, калі зацараваў.

Чацьвёртая Царстваў 12

1 У сёмы год Іуя зацараваў Ёас і сорак гадоў валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай Цыўя, зь Вірсавіі.

2 І рабіў Ёас спадобнае ў вачах Гасподніх ва ўсе дні свае, пакуль настаўляў яго сьвятар Ёдай;

3 толькі вышыні ня былі адменены; народ яшчэ прыносіў ахвяры і дымленьні на вышынях.

4 І сказаў Ёас сьвятарам: усё срэбра, якое пасьвячаецца, якое прыносяць у дом Гасподні, срэбра ад тых, што праходзяць, срэбра, якое ўносіцца за кожную душу паводле ацэнкі, усё срэбра, колькі каму находзіць на сэрца, прынесьці ў дом Гасподні.

5 хай бяруць сьвятары сабе, кожны ў свайго знаёмага, і хай папраўляюць яны пашкоджанае ў храме, усюды, дзе знойдзецца пашкода.

6 Але як да дваццаць трэцяга года цара Ёаса сьвятары не папраўлялі пашкодаў у храме,

7 дык цар Ёас паклікаў сьвятара Ёдая і сьвятароў і сказаў ім: чаму вы не папраўляеце пашкодаў у храме? Не бярэце ж ад сёньня срэбра ў знаёмых сваіх, а на паправу шкоды ў храме аддайце яго.

8 І згадзіліся сьвятары ня браць срэбра ў народу на паправу пашкодаў у храме.

9 І ўзяў сьвятар Ёдай адну скрынку, і зрабіў дзірку наверсе яе, і паставіў яе каля ахвярніка з правага боку, дзе ўваходзілі ў дом Гасподні. І клалі туды сьвятары, якія стаялі на варце каля парога, усё срэбра, якое прыносілі ў дом Гасподні.

10 І калі бачылі, што многа срэбра ў скрынцы, прыходзіў пісец царскі і першасьвятар, і завязвалі ў мяхі і пералічвалі срэбра, знойдзенае ў доме Гасподнім;

11 і аддавалі палічанае срэбра ў рукі майстрам, якія вялі работы і былі прыстаўлены да дома Гасподняга, а яны трацілі яго на цесьляроў і будаўнікоў, якія працавалі ў доме Гасподнім.

12 і на тых, што ладзілі сьцены, і на камнясекаў, а таксама на куплю драўніны і цясанага каменю і на папраўку пашкодаў у доме Гасподнім, і на ўсё, што трацілася на падтрыманьне храма.

13 Але ня зроблена было для дома Гасподняга срэбных місак, нажоў, чашаў, труб, усякага начыньня залатога і начыньня срэбнага з срэбра, што прыносяць у дом Гасподні,

14 работным майстрам аддавалі яго, і папраўлялі ім дом Гасподні.

15 І не патрабавалі адказу ў тых людзей, якім даручалі срэбра на раздачу майстрам, бо яны працавалі сумленна.

16 Срэбра за ахвяру па злачынстве і срэбра за ахвяру па грэху ня ўносілі ў дом Гасподні: сьвятарам яно належала.

17 Тады выступіў у паход Азаіл, цар Сірыйскі, і пайшоў вайною на Гет, і ўзяў яго; і намерыўся Азаіл ісьці на Ерусалім.

18 Але Ёас, цар Юдэйскі, узяў усё ахвяраванае, што ахвяравалі храму Ёсафат, і Ёрам і Ахозія, бацькі ягоныя, цары Юдэйскія, і што ён сам ахвяраваў, і ўсё золата, знойдзенае ў скарбніцах дома Гасподняга і дома царскага, і паслаў Азаілу, цару Сірыйскаму; і ён адступіў ад Ерусаліма.

19 Астатняе пра Ёаса і пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.

20 І паўсталі слугі ягоныя, і забілі Ёаса ў доме Міло, на дарозе да Сілы.

21 Яго забілі слугі ягоныя: Ёзакар, сын Шымэаты, і Егазавад, сын Шамэры; і ён памёр, і пахавалі яго з бацькамі ягонымі ў горадзе Давідавым. І зацараваў Амасія, сын ягоны, замест яго.

Чацьвёртая Царстваў 13

1 У дваццаць трэці год Ёаса, сына Ахозіінага, цара Юдэйскага, зацараваў Ёахаз, сын Іуя, над Ізраілем у Самарыі, і валадарыў сямнаццаць гадоў,

2 і рабіў благое ў вачах Гасподніх, і хадзіў у грахах Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіля ў грэх, і не адставаў ад іх.

3 І загарэўся гнеў Госпада на Ізраіля, і Ён аддаваў іх у руку Азаіла, цара Сірыйскага, і ў руку Венадада, сына Азаілавага, ва ўсе дні.

4 І памаліўся Ёахаз абліччу Гасподняму, і пачуў яго Гасподзь, бо бачыў прыгнечанасьць Ізраільцян, бо цясьніў іх цар Сірыйскі.

5 І даў Гасподзь Ізраільцянам збаўцу, і выйшлі яны з-пад рукі Сірыйцаў, і жылі сыны Ізраілевыя ў намётах сваіх, як учора і заўчора.

6 Аднак не адступалі ад грахоў дома Ераваама, які ўвёў Ізраіля ў грэх; хадзілі ў іх, і дуброва стаяла ў Самарыі.

7 У Ёахаза заставалася войска толькі пяцьдзясят вершнікаў, дзесяць калясьніц і дзесяць тысяч пешых, бо вынішчыў іх цар Сірыйскі і абярнуў іх у пыл на патаптаньне.

8 Астатняе пра Ёахаза і пра ўсё, што ён зрабіў, і пра мужныя подзьвігі ягоныя, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.

9 І спачыў Ёахаз з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў Самарыі. І зацараваў Ёас, сын ягоны, замест яго.

10 У трыццаць сёмы год Ёаса, цара Юдэйскага, зацараваў Ёас, сын Ёахазаў, над Ізраілем у Самарыі, і валадарыў шаснаццаць гадоў,

11 і рабіў благое ў вачах Гасподніх; не адставаў ад усіх грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіля ў грэх, а хадзіў у іх.

12 Астатняе пра Ёаса і пра ўсё, што ён зрабіў, і пра мужныя подзьвігі ягоныя, як ён ваяваў з Амасіем, царом Юдэйскім, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.

13 І спачыў Ёас з бацькамі сваімі, а Ераваам сеў на троне яго. І пахаваны Ёас у Самарыі з царамі Ізраільскімі.

14 Елісей захварэў на хваробу, ад якое пасьля і памёр. І прыйшоў да яго Ёас, цар Ізраільскі, і плакаў над ім, і казаў: бацька мой! бацька мой! калясьніца Ізраіля і коньніца ягоная!

15 І сказаў яму Елісей: вазьмі лук і стрэлы. І ўзяў ён лук і стрэлы.

16 І сказаў цару Ізраільскаму: пакладзі руку тваю на лук. І паклаў ён руку сваю. І паклаў Елісей рукі свае на рукі цара,

17 і сказаў: адчыні акно на ўсход. І ён адчыніў. І сказаў Елісей: стрэльні. І ён стрэліў. І сказаў: гэта страла збавеньня ад Госпада і страла збавеньня супроць Сірыі, і ты паб'еш Сірыйцаў у Атэку дарэшты.

18 І сказаў Елісей: вазьмі стрэлы. І ён узяў. І сказаў цару Ізраільскаму: бі па зямлі. І ўдарыў ён тры разы, і спыніўся.

19 І ўгневаўся на яго чалавек Божы і сказаў: трэба было біць пяць ці шэсьць разоў, тады ты пабіў бы Сірыйцаў зусім, а цяпер толькі тры разы паб'еш Сірыйцаў.

20 І памёр Елісей, і пахавалі яго. І полчышчы Маавіцян прыйшлі ў зямлю на другі год.

21 І было, што калі хавалі аднаго чалавека, дык, убачыўшы гэта полчышча, пахавальнікі кінулі таго чалавека ў магілу Елісеевую, і ён, падаючы, дакрануўся да касьцей Елісея, і ажыў, і ўстаў на ногі свае.

22 Азаіл, цар Сірыйскі, цясьніў Ізраільцян ва ўсе дні Ёахаза.

23 Але Гасподзь умілажаліўся зь іх і памілаваў іх, і зьвярнуўся да іх дзеля запавету Свайго з Абрагамам, Ісакам і Якавам, і не хацеў зьнішчыць іх, і не адхіліў іх ад аблічча Свайго дагэтуль.

24 І памёр Азаіл, цар Сірыйскі, і зацараваў Венадад, сын ягоны, замест яго.

25 І ўзяў назад Ёас, сын Ёахаза, з рукі Венадада, сына Азаілавага, гарады, якія ён узяў вайною з рукі бацькі ягонага, Ёахаза. Тры разы разьбіў яго Ёас і вярнуў гарады Ізраілевыя.

Чацьвёртая Царстваў 14

1 У другі год Ёаса, сына Ёахазавага, цара Ізраільскага, зацараваў Амасія, сын Ёаса, цар Юдэйскі:

2 дваццаць пяць гадоў было яму, калі зацараваў, і дваццаць дзевяць гадоў валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай Егаадань, зь Ерусаліма.

3 І рабіў ён добрае ў вачах Гасподніх, хоць і ня так, як бацька ягоны Давід: ён ва ўсім рабіў так, як бацька яго Ёас.

4 Толькі вышыні ня былі адменены: народ учыняў яшчэ ахвяры і дымленьні на вышынях.

5 Калі ўмацавалася царства ў руках яго, тады ён аддаў сьмерці слуг сваіх, якія забілі цара, бацьку ягонага.

6 Але дзяцей забойцаў не забіў, бо напісана ў кнізе закона Майсеевага, у якой наказваў Гасподзь, кажучы: не павінны быць караныя сьмерцю бацькі за дзяцей, ні дзеці не павінны быць караныя сьмерцю за бацькоў, а кожны за сваё злачынства павінен быць караны сьмерцю.

7 Ён пабіў дзесяць тысяч Ідумэянаў у даліне Саляной, і ўзяў Сэлу вайною, і даў ёй імя Ёктэіл, якое і да сёньня.

8 Тады паслаў Амасія паслоў да Ёаса, цара Ізраільскага, сына Ёахаза, сына Іуя, сказаць: выйдзі, пабачымся асабіста.

9 І паслаў Ёас, цар Ізраільскі, да Амасіія, цара Юдэйскага, сказаць: цярне, якое на Ліване, паслаў да кедра, які таксама на Ліване, сказаць: аддай дачку сваю за жонку сыну майму. Але прайшлі дзікія зьвяры, што на Ліване, і вытапталі гэтае цярне.

10 Ты пабіў Ідумэянаў, і заганарылася сэрца тваё. Вялічайся і сядзі ў сябе дома. Навошта табе распальваць свару сабе на бяду? Загінеш ты і Юда з табою.

11 Але не паслухаўся Амасія. І выступіў Ёас, цар Ізраільскі, і пабачыліся асабіста ён і Амасія, цар Юдэйскі, у Бэтсамісе, што ў Юдэі.

12 І разьбіты былі Юдэі Ізраільцянамі, і разьбегліся па намётах сваіх.

13 І Амасію, цара Юдэйскага, сына Ёаса, сына Ахозіі, захапіў Ёас, цар Ізраільскі, у Бэтсамісе, і пайшоў у Ерусалім і разбурыў сьцяну Ерусалімскую ад брамы Яфрэмавай да брамаў вуглавых на чатырыста локцяў.

14 І ўзяў усё золата і срэбра, і ўвесь посуд, які знайшоўся ў доме Гасподнім і ў скарбніцах царскага дома, і заложнікаў, і вярнуўся ў Самарыю.

15 Астатняе пра Ёаса, што ён зрабіў, і пра мужныя подзьвігі ягоныя, і як ён ваяваў з Амасіем, царом Юдэйскім, напісанага ў летапісе цароў Ізраільскіх.

16 І спачыў Ёас з бацькамі сваімі, і пахаваны ў Самарыі з царамі Ізраільскімі. І зацараваў Ераваам, сын ягоны, замест яго.

17 І жыў Амасія, сын Ёасаў, цар Юдэйскі, пасьля сьмерці Ёаса, сына Ёахазавага, цара Ізраільскага, пятнаццаць гадоў.

18 Астатнія дзеі Амасіі запісаны ў летапісе цароў Юдэйскіх.

19 І склалі супроць яго змову ў Ерусаліме, і ўцёк ён у Лахіс. І паслалі за ім у Лахіс, і забілі яго там.

20 І прывезьлі яго на конях, і пахаваны ён быў у Ерусаліме з бацькамі сваімі ў горадзе Давідавым.

21 І ўзяў увесь народ Юдэйскі Азарыю, якому было шаснаццаць гадоў, і ўзьвялі яго ў цара замест бацькі ягонага Амасія.

22 Ён забудаваў Элат і вярнуў яго Юдэі, пасьля таго як цар спачыў з бацькамі сваімі.

23 У пятнаццаты год Амасіі, сына Ёасавага, цара Юдэйскага, зацараваў Ераваам, сын Ёасаў, цар Ізраільскі, у Самарыі і валадарыў сорак адзін год,

24 і рабіў ён благое ў вачах Гасподніх: не адступаўся ад усіх грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіля ў грэх.

25 Ён аднавіў межы Ізраіля, ад уваходу ў Эмат да мора пустыні, паводле слова Госпада Бога Ізраілевага, якое Ён сказаў праз раба Свайго Ёну, сына Аматыінага, прарока з Гатхэфэра,

26 бо Гасподзь бачыў бедства Ізраіля, вельмі горкае, так што не заставалася ні замкнутага, ні таго, хто застаўся, і ня было памочніка ў Ізраіля.

27 І не захацеў Гасподзь выкараніць імя Ізраільцян з паднябеснай, і выратаваў іх рукою Ераваама, сына Ёасавага.

28 Астатняе пра Ераваама і пра ўсё, што ён зрабіў, і пра мужныя подзьвігі ягоныя, як ён ваяваў і як вярнуў Ізраілю Дамаск і Эмат, што належаў Юду, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.

29 І спачыў Ераваам з бацькамі сваімі, з царамі Ізраільскімі. І зацараваў Захарый, сын ягоны, замест яго.

Чацьвёртая Царстваў 15

1 У дваццаць сёмы год Ераваама, цара Ізраільскага, зацараваў Азарый, сын Амасія, цар Юдэйскі:

2 шаснаццаць гадоў было яму, калі зацараваў, і пяцьдзясят два гады валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай Ехолія, зь Ерусаліма.

3 Ён рабіў спадобнае ў вачах Гасподніх ва ўсім так, як рабіў Амасій, бацька ягоны.

4 Толькі вышыні ня былі адменены: народ учыняў яшчэ ахвяры і дымленьні на вышынях.

5 І пабіў Гасподзь цара, і быў ён пракажоны да дня сьмерці сваёй і жыў у асобным доме. А Ётам, сын цароў, начальнічаў над палацам і кіраваў народам зямлі.

6 Астатняе пра Азарыя і пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.

7 І спачыў Азарый з бацькамі сваімі, і пахавалі яго з бацькамі ягонымі ў горадзе Давідавым. І зацараваў Ётам, сын ягоны, замест яго.

8 У трыццаць восьмы год Азарыя, цара Юдэйскага, зацараваў Захарый, сын Ераваама, над Ізраілем у Самарыі і валадарыў шэсьць месяцаў.

9 Ён рабіў благое ў вачах Гасподніх, як рабілі бацькі ягоныя; не адставаў ад грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіля ў грэх.

10 І склаў супроць яго змову Сэлум, сын Явіса, і ўдарыў яго перад народам, і забіў яго, і зацараваў замест яго.

11 Астатняе пра Захарыя напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.

12 Такое было слова Госпада, якое Ён сказаў Іую, сказаўшы: сыны твае да чацьвёртага роду будуць сядзець на троне Ізраілевым. І збылося так.

13 Сэлум, сын Явіса, зацараваў на трыццаць дзявятым годзе Азарыя, цара Юдэйскага, і цараваў адзін месяц у Самарыі.

14 І пайшоў Менаім, сын Гадыя з Тырцы, і прыйшоў у Самарыю, і пабіў Сэлума, сына Явісавага, у Самарыі, і забіў яго, і зацараваў замест яго.

15 Астатняе пра Сэлума і пра змову ягоную, якую ён склаў, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.

16 І пабіў Менаім Тыпсах і ўсіх, што былі ў ім і ў межах яго, ад Тырцы, за тое, што горад не адчыніў брамы, і разьбіў яго: і ўсіх цяжарных жанчын у ім парубаў.

17 На трыццаць дзявятым годзе Азарыя, цара Юдэйскага, зацараваў Менаім, сын Гадыя, над Ізраілем; і валадарыў дзесяць гадоў у Самарыі;

18 і рабіў ён благое ў вачах Гасподніх: не адставаў ад грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіль у грэх, ва ўсе дні свае.

19 Тады прыйшоў Фул, цар Асірыйскі, на зямлю Ізраілевую. І даў Менаім Фулу тысячу талантаў срэбра, каб рукі ягоныя былі за яго і каб умацаваць царства ў руцэ сваёй.

20 І расклаў Менаім гэта срэбра на Ізраільцянаў, на ўсіх людзей багатых, па пяцьдзясят сікляў срэбра на кожнага чалавека, каб аддаць цару Асірыйскаму. І пайшоў назад цар Асірыйскі, і не застаўся там у зямлі.

21 Астатняе пра Менаіма і пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.

22 І спачыў Менаім з бацькамі сваімі. І зацараваў Факія, сын ягоны, замест яго.

23 На пяцідзясятым годзе Азарыя, цара Юдэйскага, зацараваў Факія, сын Менаіма, над Ізраілем у Самарыі, і валадарыў два гады;

24 і рабіў ён благое ў вачах Гасподніх: не адставаў ад грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіль у грэх.

25 І склаў супроць яго змову Факей, сын Рэмалія, саноўнік ягоны, і пабіў яго ў Самарыі ў палаце царскага дома, з Арговам і Арыем, маючы пры сабе шэсьцьдзясят чалавек Галаадыцянаў, і забіў яго, і зацараваў замест яго

26 Астатняе пра Факія і пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.

27 У пяцьдзясят другі год Азарыя, цара Юдэйскага, дацараваў Факей, сын Рэмалія, над Ізраілем у Самарыі і валадарыў дваццаць гадоў;

28 і рабіў ён благое ў вачах Гасподніх: не адставаў ад грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіля ў грэх.

29 У дні Факея, цара Ізраільскага, прыйшоў Тэглатфэласар, цар Асірыйскі, і ўзяў Ён, Авэл-бэт-Мааху і Янох і Кедэс і Асор, і Галаад і Галілею, усю зямлю Нэфталімавую, і перасяліў іх у Асірыю.

30 І склаў змову Асія, сын Ілы, супроць Факея, сына Рэмаліінага, і пабіў яго, і забіў яго, і зацараваў замест яго ў дваццаты год Ёатама, сына Азіінага.

31 Астатняе пра Факея і пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.

32 На другім годзе Факея, сына Рэмаліінага, цара Ізраільскага, зацараваў Ёатам, сын Азіі, цара Юдэйскага.

33 дваццаць пяць гадоў было яму, калі зацараваў, і шаснаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай Еруша, дачка Садока.

34 Ён рабіў спадобнае ў вачах Гасподніх: ва ўсім, як рабіў Азія, бацька ягоны, так рабіў і ён.

35 Толькі вышыні ня былі адменены: народ учыняў яшчэ ахвяры і дымленьні на вышынях. Ён пабудаваў верхнюю браму пры доме Гасподнім.

36 Астатняе пра Ёатама і пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.

37 У тыя дні пачаў Гасподзь пасылаць у Юдэю Рэцына, цара Сірыйскага, і Факея, сына Рэмаліінага.

38 І спачыў Ёатам з бацькамі сваімі ў горадазе Давіда, бацькі ягонага. І зацараваў Ахаз, сын ягоны, замест яго.

Чацьвёртая Царстваў 16

1 На семнаццатым годзе Факея, сына Рэмаліінага, зацараваў Ахаз, сын Ёатама, цара Юдэйскага:

2 дваццаць гадоў было Ахазу, калі зацараваў, і шаснаццаць гадоў валадарыў ён у Ерусаліме, і не рабіў спадобнага ў вачах Госпада Бога свайго, як Давід, бацька ягоны,

3 а хадзіў шляхам цароў Ізраільскіх, і нават сына свайго правёў праз агонь, пераймаючы мярзоты народаў, якіх прагнаў Гасподзь ад аблічча сыноў Ізраілевых,

4 і ўчыняў ахвяры і дымленьні на вышынях і на пагорках і пад кожным галінастым дрэвам.

5 Тады пайшоў Рэцын, цар Сірыйскі, і Факей, сын Рэмаліін, цар Ізраільскі, супроць Ерусаліма, каб заваяваць яго, і трымалі Ахаза ў аблозе, але адолець не маглі.

6 Тым часам Рэцын, цар Сірыйскі, вярнуў Сірыі Элат і прагнаў Юдэяў з Элата; і Ідумэяне ўступілі ў Элат, і жывуць там да сёньня.

7 І паслаў Ахаз паслоў да Тэглатфэласара, цара Асірыйскага, сказаць: раб твой і сын твой я; прыйдзі і абарані мяне ад рукі цара Сірыйскага і ад рукі цара Ізраільскага, што паўсталі на мяне.

8 І ўзяў Ахаз срэбра і золата, якое знайшлося ў доме Гасподнім і ў скарбніцах дома царскага, і паслаў цару Асірыйскаму ў дарунак.

9 І паслухаўся яго цар Асірыйскі; і пайшоў цар Асірыйскі ў Дамаск і ўзяў яго, і перасяліў жыхароў яго ў Кір, а Рэцына аддаў сьмерці.

10 І пайшоў цар Ахаз насустрач Тэглатфэласару, цару Асірыйскаму, у Дамаск, і ўбачыў ахвярнік, які ў Дамаску, і паслаў цар Ахаз да Урыя сьвятара выяву ахвярніка і рысунак усёй будовы.

11 І пабудаваў сьвятар Урыя ахвярнік паводле ўзору, які прыслаў цар Ахаз з Дамаска; і зрабіў так сьвятар Урыя да прыбыцьця цара Ахаза з Дамаска.

12 І прыйшоў цар з Дамаска, і ўбачыў цар ахвярнік, і падышоў цар да ахвярніка, і прынёс на ім ахвяру;

13 і ўчыніў цэласпаленьне сваё і хлебнае прынашэньне, і ўчыніў выліваньне сваё, і акрапіў крывёю мірнай ахвяры сваёй ахвярнік.

14 А медны ахвярнік, які прад абліччам Гасподнім, ён перасунуў ад пярэдняга боку храма, зь месца паміж ахвярнікам новым і домам Гасподнім, і паставіў яго збоку гэтага ахвярніка на поўнач.

15 І даў загад цар Ахаз сьвятару Урыю, сказаўшы: на вялікім ахвярніку ўчыняй ранішняе цэласпаленьне і вячэрняе хлебнае прынашэньне, і цэласпаленьне ад цара і хлебнае прынашэньне ад яго, і цэласпаленьне ад усіх людзей зямлі і хлебнае прынашэньне ад іх, і выліваньне ад іх і ўсякай крывёю цэласпаленьняў і ўсякаю крывёю ахвяр акрапляй яго, а ахвярнік медны застанецца да маёй распарады.

16 І зрабіў сьвятар Урыя ўсё так, як загадаў цар Ахаз.

17 І абламаў цар Ахаз абадкі на падстаўках, і зьняў зь іх умывальніцы, і мора зьняў з медных валоў, якія былі пад ім, і паставіў яго на каменную падлогу.

18 І адмяніў крыты суботні ход, які збудавалі пры храме, і зьнешні царскі ўваход да дома Гасподняга, дзеля цара Асірыйскага.

19 Астатняе пра Ахаза, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.

20 І спачыў Ахаз з бацькамі сваімі, і пахаваны з бацькамі сваімі ў доме Давідавым. І зацараваў Эзэкія, сын ягоны, замест яго.

Чацьвёртая Царстваў 17

1 На дванаццатым годзе Ахаза, цара Юдэйскага, зацараваў Асія, сын Ілы, у Самарыі над Ізраілем і валадарыў дзевяць гадоў,

2 і рабіў ён неспадобнае ў вачах Гасподніх, але ня так, як цары Ізраільскія, якія былі да яго.

3 Супроць яго выступіў Салманасар, цар Асірыйскі, і зрабіўся Асія падуладны яму і даваў яму даніну.

4 І заўважыў цар Асірыйскі ў Асіі здраду, бо ён пасылаў паслоў да Сігора, цара Егіпецкага, і не дастаўляў даніны цару Асірыйскаму кожны год; і ўзяў яго цар Асірыйскі пад варту, і ўвязьніў яго ў цямніцу.

5 І пайшоў цар Асірыйскі на ўсю зямлю, і падступіўся да Самарыі, і трымаў яе ў аблозе тры гады.

6 На дзявятым годзе Асіі ўзяў цар Асірыйскі Самарыю, і перасяліў Ізраільцян у Асірыю, і пасяліў іх у Халаху і ў Хаворы, каля ракі Гозан, і ў гарадах Мідыйскіх.

7 Калі пачалі грашыць сыны Ізраілевыя прад Госпадам Богам сваім, Які вывеў іх зь зямлі Егіпецкай, і пачалі ўшаноўваць багоў іншых;

8 і пачалі ўчыняць паводле звычаяў іншых народаў, якіх Гасподзь прагнаў ад аблічча сыноў Ізраілевых, і паводле звычаяў цароў Ізраільскіх, як учынялі яны;

9 і пачалі рабіць сыны Ізраілевыя дзеі незаўгодныя Госпаду Богу свайму, і зладзілі сабе вышыні ва ўсіх гарадах сваіх, ад дазорнай вежы да ўмацаванага горада;

10 і паставілі ў сябе статуі і выявы Астартаў на кожным высокім пагорку і пад кожным цяністым дрэвам;

11 і пачалі там учыняць дымленьні на ўсіх вышынях, як тыя народы, якіх прагнаў ад іх Гасподзь, і рабілі благія дзеі, што ўгняўлялі Госпада;

12 і служылі ідалам, пра якіх казаў ім Гасподзь: не рабеце гэтага.

13 Тады Гасподзь праз усіх прарокаў Сваіх, праз кожнага празорліўца перасьцерагаў Ізраіля і Юду, кажучы: вярнецеся зь ліхіх шляхоў вашых і захоўвайце наказы Мае, пастановы Мае па ўсім вучэньні, якое Я запавядаў бацькам вашым і якое Я выклаў вам праз рабоў Маіх, прарокаў.

14 Але яны ня слухаліся і ўжарсьцьвілі шыю сваю, як была шыя бацькоў іхніх, якія ня верылі ў Госпада Бога свайго

15 і пагарджалі пастановамі Яго, і запаветам Ягоным, які Ён заключыў з бацькамі іхнімі, і адкрыцьцямі Ягонымі, якімі Ён перасьцерагаў іх, і пайшлі сьледам марнасьці і змарнаваліся, і сьледам народаў навакольных, пра якіх Гасподзь наказваў ім, каб не рабілі так, як яны,

16 і пакінулі ўсе запаведзі Госпада Бога свайго, і парабілі сабе літыя выявы двух цялят, і зладзілі дуброву, і пакланяліся ўсяму войску нябеснаму, і служылі Ваалу,

17 і праводзілі сыноў сваіх і дочак сваіх праз агонь, і варажылі, і чаравалі, і аддаліся таму, каб рабіць благое ў вачах Госпада і ўгняўляць Яго.

18 І ўгневаўся Гасподзь моцна на Ізраільцян, і адкінуў іх ад аблічча Свайго. Не засталося нікога акрамя калена Юдавага.

19 І Юда таксама ня трымаўся запаведзяў Госпада Бога свайго, і рабіў паводле звычаяў Ізраільцян, як рабілі яны.

20 І адвярнуўся Гасподзь ад усіх нашчадкаў Ізраіля, і ўпакорыў іх, і аддаваў іх у рукі грабежнікаў, і нарэшце адкінуў іх ад аблічча Свайго.

21 Ізраільцяне адпалі ад дому Давідавага і ўзьвялі царом Ераваама, сына Наватавага. І ўхіліў Ераваам Ізраільцян ад Госпада, і ўцягнуў іх у вялікі грэх.

22 І дзеялі сыны Ізраілевыя паводле ўсіх грахоў Ераваама, якія ён рабіў, не адставалі ад іх,

23 пакуль Гасподзь не адкінуў Ізраіля ад аблічча Свайго, як казаў праз усіх рабоў Сваіх, прарокаў. І пераселены Ізраіль зь зямлі сваёй у Асірыю, дзе ён і да гэтага дня.

24 І перавёў цар Асірыйскі людзей з Вавілона, і з Куты, і з Авы, і з Эмата, і з Сэпарваіма, і пасяліў іх у гарадах Самарыйскіх замест сыноў Ізраілевых. І яны валодалі Самарыяй, і пачалі жыць у гарадах яе.

25 І як на пачатку жыхарства свайго там яны не шанавалі Госпада, дык Гасподзь пасылаў на іх ільвоў, якія аддавалі іх сьмерці.

26 І данесьлі цару Асірыйскаму і сказалі: народы, якія ты перасяліў і пасяліў у гарадах Самарыйскіх, ня ведаюць закона Бога той зямлі, і за тое Ён пасылае на іх ільвоў, і вось яны забіваюць іх, бо яны ня ведаюць закона Бога той зямлі.

27 І загадаў цар Асірыйскі, і сказаў: адпраўце туды аднаго сьвятара з тых, што вы выселілі адтуль; няхай пойдзе і жыве там, і ён навучыць іх закону Бога той зямлі.

28 І прыйшоў адзін сьвятар з тых, каго выселілі з Самарыі, і жыў у Вэтылі, і вучыў іх, як шанаваць Госпада.

29 Прытым зрабіў кожны народ і сваіх багоў і паставіў у бажніцах вышыняў, якія ўсталявалі Самаране, - кожны народ у сваіх гарадах, дзе жывуць яны:

30 Вавілоняне зрабілі Сукотбэнот, Кутыйцы зрабілі Нэргала, Эмацяне зрабілі Ашыму,

31 Авійцы зрабілі Ніўхаза і Тартака, а Сэпарваімцы спалілі сыноў сваіх у агні Адрамэлэху і Анамэлэху, багам Сэпарваімскім.

32 Тым часам шанавалі і Госпада, і паставілі ў сябе сьвятароў вышыняў з асяродзьдзя свайго, і яны служылі ў іх у капішчах вышыняў.

33 Госпада яны шанавалі, і багам сваім яны служылі паводле звычаю народаў, зь якіх выселілі іх.

34 Да гэтага дня робяць яны паводле сваіх звычаяў: не баяцца Госпада і ня ўчыняюць паводле пастановаў і абрадаў, якія наказаў Гасподзь сынам Якава, якому даў Ён імя Ізраіля.

35 Устанавіў Гасподзь зь імі запавет і наказаў ім, кажучы: не шануйце багоў іншых і не пакланяйцеся ім, і ня служэце ім, і ня прыносьце ахвяраў ім,

36 але Гасподзь, Які вывеў вас зь зямлі Егіпецкай сілаю вялікаю і мышцаю прасьцёртай, - Яго шануйце і Яму пакланяйцеся, і Яму прыносьце ахвяры,

37 і пастановы, і ўстанаўленьні, і закон, і наказы, якія Ён напісаў вам, старайцеся выконваць ва ўсе дні, і не шануйце багоў іншых;

38 і запавета, які я ўстанавіў з вамі, не забывайце, і не шануйце багоў іншых,

39 толькі Госпада Бога вашага шануйце, і Ён выбавіць вас ад рукі ўсіх ворагаў вашых.

40 Але яны не паслухаліся, а ўчынялі паводле сваіх ранейшых звычаяў.

41 Народы гэтыя шанавалі Госпада, але і балванам сваім служылі. Ды і дзеці іхнія і дзеці дзяцей іхніх да сёньня робяць гэтак сама, як рабілі бацькі іхнія.

Чацьвёртая Царстваў 18

1 На трэцім годзе Асіі, сына Ілы, цара Ізраільскага, зацараваў Эзэкія, сын Ахаза, цара Юдэйскага:

2 дваццаць пяць гадоў было яму, калі зацараваў, і дваццаць дзевяць гадоў валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Аві, дачка Захара.

3 І рабіў ён заўгоднае ў вачах Гасподніх ва ўсім так, як рабіў Давід, бацька ягоны;

4 ён адмяніў вышыні, разьбіў статуі, высек дуброву і зьнішчыў меднага зьмея, якога зрабіў Майсей, бо да самых тых дзён сыны Ізраілевыя кадзілі яму і называлі яго Нэхуштан.

5 На Госпада Бога Ізраілевага спадзяваўся ён; і такога, як ён, ня было сярод усіх цароў Юдэйскіх і пасьля яго і да яго.

6 І прыляпіўся ён да Госпада і не адступаўся ад Яго, і выконваў наказы Ягоныя, якія запавядаў Гасподзь Майсею.

7 І быў Гасподзь зь ім: усюды, куды ён ні хадзіў, рабіў ён добра і разумна. І аддзяліўся ён ад цара Асірыйскага і перастаў служыць яму.

8 Ён пабіў Філістымлянаў да Газы і ў межах яе, ад дазорнай вежы да ўмацаванага горада.

9 На чацьвёртым годзе цара Эзэкіі, гэта значыць, на сёмым годзе Асіі, сына Ілы, цара Ізраільскага, пайшоў Салманасар, цар Асірыйскі, на Самарыю і аблажыў яе,

10 і ўзяў яе праз тры гады, на шостым годзе Эзэкіі, гэта значыць, на дзявятым годзе Асіі, цара Ізраільскага, узята Самарыя.

11 І перасяліў цар Асірыйскі Ізраільцянаў у Асірыю, і пасяліў іх у Халаху і ў Хаворы, каля ракі Гозан, і ў гарадах Мідыйскіх,

12 за тое, што яны ня слухаліся голасу Госпада Бога свайго і пераступілі запавет Ягоны: усяго, што наказаў Майсей раб Гасподні, яны ня слухалі і ня выконвалі.

13 На чатырнаццатым годзе цара Эзэкіі, пайшоў Сэнахірым, цар Асірыйскі, супроць усіх умацаваных гарадоў Юды і ўзяў іх.

14 І паслаў Эзэкія, цар Юдэйскі, да цара Асірыйскага ў Лахіс сказаць: вінаваты я; адыдзі ад мяне; што накладзеш на мяне, я ўнясу. І наклаў цар Асірыйскі на Эзэкію, цара Юдэйскага, трыста талантаў срэбра і трыццаць талантаў золата.

15 І аддаў Эзэкія ўсё срэбра, якое знайшлося ў доме Гасподнім і ў скарбніцах дома царскага.

16 У той час зьняў Эзэкія золата зь дзьвярэй дома Гасподняга і зь дзьвярных слупоў, якія пазалаціў Эзэкія, цар Юдэйскі, і аддаў яго цару Асірыйскаму.

17 І паслаў цар Асірыйскі Тартана і Рабсарыса і Рабсака з Лахіса да цара Эзэкіі зь вялікім войскам у Ерусалім. І пайшлі, і прыйшлі да Ерусаліма; і пайшлі, і прыйшлі, і сталі каля вадаправода верхняе сажалкі, якая на дарозе поля лямцавальнага.

18 І клікалі яны цара. І выйшаў да іх Эліякім, сын Хэлкіін, начальнік палаца, і Сэўна пісар, і Ёах, сын Асафаў, дзеяпісец.

19 І сказаў ім Рабсак: скажэце Эзэкіі: так кажа цар вялікі, цар Асірыйскі: што гэта за спадзяваньне, на якое ты спадзяешся?

20 Ты казаў толькі пустыя словы: для вайны патрэбны рада і сіла. А сёньня на каго ты спадзяешся, што адпаўся ад мяне?

21 Вось, ты думаеш абаперціся на Егіпет, на гэтую трысьціну надламаную, якая, калі хто абапрэцца на яе, увойдзе яму ў руку і праколе яе. Такі фараон, цар Егіпецкі, для ўсіх, хто спадзяецца на яго.

22 А калі вы скажаце мне: на Госпада Бога нашага мы спадзяёмся, дык ці не на таго, вышыні і ахвярнікі якога адмяніў Эзэкія і сказаў Юду і Ерусаліму: толькі перад гэтым ахвярнікам пакланяйцеся ў Ерусаліме.

23 Дык вось, уступі ў саюз з гаспадаром маім царом Асірыйскім; я дам табе дзьве тысячы коней, ці можаш ты дастаць сабе вершнікаў на іх?

24 Як табе адолець і аднаго правадыра з найменшых слуг гаспадара майго? І спадзяешся на Егіпет дзеля калясьніц і коней?

25 Пры гэтым ці ж бо я бяз волі Гасподняй пайшоў на месца гэтае, каб спустошыць яго? Гасподзь сказаў мне: ідзі на зямлю гэтую і спустошы яе.

26 І сказаў Эліякім, сын Хэлкіін, і Сэўна і Ёах Рабсаку: кажы рабам тваім па-Арамейску, бо мы разумеем, а не гавары з намі па-Юдэйску ў голас народу, які на сьцяне.

27 І сказаў ім Рабсак: хіба толькі да гаспадара твайго і да цябе паслаў мяне гаспадар мой сказаць гэтыя словы? Не, таксама і да людзей, якія сядзяць на сьцяне, каб есьці памёт свой і піць мачу сваю з вамі.

28 І ўстаў Рабсак і абвясьціў гучным голасам па-Юдэйску, і гаварыў, і сказаў: слухайце слова цара вялікага, цара Асірыйскага!

29 Так кажа цар: хай не спакушае вас Эзэкія, бо ён ня можа вас уратаваць ад рукі маёй;

30 і хай не абнадзейвае вас Эзэкія Госпадам, кажучы: выратуе нас Гасподзь і ня будзе горад гэты аддадзены ў рукі цара Асірыйскага.

31 Ня слухайце Эзэкіі. Бо так кажа цар Асірыйскі: прымірэцеся са мною і выйдзіце да мяне, і хай кожны есьць плады вінаграднай лазы сваёй і смакоўніцы сваёй, і хай кожны п'е ваду са свайго калодзежа,

32 пакуль я ня прыйду і не вазьму вас у зямлю такую самую, як і ваша зямля, у зямлю хлеба і віна, у зямлю пладоў і вінаграднікаў, ў зямлю масьлічных дрэў і мёду, і будзеце жыць, і не памраце. Ня слухайце ж Эзэкіі, які зводзіць вас, кажучы: Гасподзь уратуе нас.

33 Ці ўратавалі багі народаў, кожны сваю зямлю, ад рукі цара Асірыйскага?

34 Дзе багі Эмата і Арпада? Дзе багі Сэпарваіма, Эны і Івы? Ці выратавалі яны Самарыю ад рукі маёй?

35 Хто з усіх багоў зямель гэтых выратаваў зямлю сваю ад рукі маёй? Дык няўжо Гасподзь выратуе Ерусалім ад рукі маёй?

36 І маўчаў народ і не адказвалі яму ні слова, бо быў загад цара: не адказвайце яму.

37 І прыйшоў Эліякім, сын Хэлкіін, начальнік палаца, і Сэўна пісец і Ёах, сын Асафаў, дзеяпісец, да Эзэкіі ў падранай вопратцы, і пераказалі яму словы Рабсакавыя.

Чацьвёртая Царстваў 19

1 Калі пачуў гэта цар Эзэкія, дык падраў вопратку на сабе і накрыўся вярэтай, і пайшоў у дом Гасподні.

2 І паслаў Эліякіма, начальніка палаца, і Сэўну пісца, і старэйшых сьвятароў, пакрытых вярэтай, да Ісаі прарока, сына Амосавага.

3 І яны сказалі яму: так кажа Эзэкія: дзень смутку і кары і паганьбеньня - дзень гэты; бо дайшлі немаўляты да адтуліны нутробы мацярынскай, а сілы няма нарадзіць.

4 Можа, пачуе Гасподзь, Бог твой, усе словы Рабсака, якога паслаў цар Асірыйскі, гаспадар ягоны, зьневажаць Бога жывога і ганіць яго словамі, якія чуў Гасподзь, Бог твой. Учыні ж малітву за пазасталых, якія яшчэ жывыя.

5 І прыйшлі слугі цара Эзэкіі да Ісаі,

6 і сказаў ім Ісая: так скажэце гаспадару вашаму: так кажа Гасподзь: ня бойся слоў, якія ты чуў, якімі ганілі Мяне слугі цара Асірыйскага.

7 Вось Я пашлю ў яго дух, і ён пачуе вестку, і вернецца ў зямлю сваю, і Я паб'ю яго мечам у зямлі ягонай.

8 І вярнуўся Рабсак, і знайшоў цара Асірыйскага, які ваяваў супроць Ліўны, бо ён чуў, што той адышоў ад Лахіса.

9 І пачуў ён пра Тыргака, цара Эфіопскага; яму сказалі: вось, ён выйшаў біцца з табою. І паслаў ён паслоў да Эзэкіі сказаць:

10 так скажэце Эзэкію, цару Юдэйскаму: няхай не ашуквае цябе Бог твой, на Якога ты спадзяешся, думаючы: ня будзе аддадзены Ерусалім у рукі цара Асірыйскага.

11 Ты ж чуў, што зрабілі цары Асірыйскія з усімі землямі, наклаўшы на іх закляцьце, - дык жа ці ты ацалееш?

12 Багі народаў, якіх спустошылі бацькі мае, ці ж выратавалі іх? - Ці выратавалі Газан, і Харан, і Рэцэф, і сыноў Эдэна! што ў Таласары?

13 Дзе цар Эмата, і цар Арпада, і цар горада Сэпарваіма, Эны і Івы?

14 І ўзяў Эзэкія ліст з рукі паслоў і прачытаў яго, і пайшоў у дом Гасподні, і разгарнуў яго Эзэкія прад абліччам Гасподнім,

15 і маліўся Эзэкія прад абліччам Гасподнім і казаў: Госпадзе Божа Ізраілеў, Які сядзіць на херувімах! Ты адзін Бог усіх царстваў зямлі, Ты стварыў неба і зямлю.

16 Прыхілі, Госпадзе, вуха Тваё і пачуй; разамкні, Госпадзе, вочы Твае і паглядзі, і пачуй словы Сэнахірыма, які паслаў ганіць Бога жывога!

17 Праўда, о, Госпадзе, цары Асірыйскія спустошылі народы і землі іхнія,

18 і паўкідалі багоў іхніх у агонь, але гэта не багі, а вырабы рук чалавечых, дрэва і камень, - таму і вынішчылі іх.

19 І сёньня, Госпадзе Божа наш, выратуй нас ад рукі ягонай, і даведаюцца ўсе царствы зямлі, што Ты, Госпадзе, Бог адзін.

20 І паслаў Ісая, сын Амосаў, да Эзэкіі сказаць: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: тое, за што ты молішся Мне супроць Сэнахірыма, цара Асірыйскага, Я пачуў.

21 Вось слова, якое сказаў Гасподзь пра яго: пагардзіць цябе, пасьмяецца зь цябе дзеўная дачка Сіёна; усьлед табе пахітае галавою дачка Ерусаліма.

22 Каго ты асуджаў і ганіў? І на каго ты падняў голас, і падняў так высока вочы свае? На Сьвятога Ізраілевага?

23 Праз паслоў тваіх ты асуджаў Госпада і сказаў: з мноствам калясьніц маіх я ўзыду на вышыню гор, на рэбры Лівана, і сьсяку рослыя кедры яго, выдатныя кіпарысы яго, і прыйду на самае крайняе прыстанішча яго, у гай саду яго:

24 і адкапаю я і піцьму ваду чужую, і асушу ступакамі ног маіх усе рэкі Егіпецкія.

25 Хіба ты ня чуў, што Я здаўна зрабіў гэта, у даўнія дні наканаваў гэта, а сёньня выканаў тым, што ты спусташаеш умацаваныя гарады, ператвараючы ў груды развалін?

26 І жыхары іх зрабіліся маламоцныя, трымцяць і застаюцца ў сораме. Яны сталі як трава на полі і пяшчотная зеляніна, як пораст на дахах і апалены хлеб, да таго як выкаласіцца.

27 Ці сядзеш ты, ці выйдзеш, ці ўвойдзеш, Я ўсё ведаю; ведаю і дзёрзкасць тваю супроць Мяне.

28 За тваю дзёрзкасць супроць Мяне і за тое, што пагарда твая дайшла да вушэй Маіх, Я ўвяду колца Маё ў ноздры твае і цуглі Мае ў рот твой, і вярну цябе назад тою самаю дарогаю, якою прыйшоў ты.

29 І вось табе азнака: ежце ў гэты год тое, што вырасла ад апалага зерня, і на другі год - самароднае, а на трэці год сейце і жнеце, і садзеце вінаградныя сады і ежце плады іх.

30 І ацалелае ў доме Юдавым, што засталося, пусьціць зноў корань унізе і ўродзіць плод наверсе,

31 бо зь Ерусаліма павядзецца рэшта, і выратаваньне ад гары Сіёна. Руплівасць Госпада Саваофа зробіць гэта.

32 Таму так кажа Гасподзь пра цара Асірыйскага: ня ўвойдзе ён у горад гэты, і ня кіне туды стрэлы, і не падступіцца да яго з шчытом, і не насыпле супроць яго вала.

33 Тою самаю дарогай, якою прыйшоў, вернецца, і ў горад гэты ня ўвойдзе, кажа Гасподзь.

34 Я буду ахоўваць горад гэты, каб уратаваць яго дзеля Сябе і дзеля Давіда, раба Майго.

35 І сталася тае ночы: пайшоў анёл Гасподні і пабіў у табары сто восемдзесят пяць тысяч. І ўсталі раніцай, і вось усе целы мёртвыя.

36 І выправіўся, і пайшоў, і вярнуўся Сэнахірым, цар Асірыйскі, і жыў у Нінэвіі.

37 І калі ён пакланяўся ў доме Нісроха, бога свайго, дык Адрамэлэх і Шарэцэр, сыны ягоныя, забілі яго мечам, а самыя ўцяклі ў зямлю Арарацкую. І зацараваў Асардан, сын Гоны, замест Яго.

Чацьвёртая Царстваў 20

1 У тыя дні захварэў Эзэкія сьмяротна; і прыйшоў да яго Ісая, сын Амосаў, прарок, і сказаў яму: так кажа Гасподзь: учыні тастамент дому твайму, бо памрэш ты і ня выздаравееш.

2 І адвярнуўся Эзэкія тварам сваім да сьцяны і маліўся Госпаду, кажучы:

3 о, Госпадзе, успомні, што я хадзіў прад абліччам Тваім верна і з адданым сэрцам, і рабіў спадобнае ў вачах Тваіх. І заплакаў Эзэкія моцна.

4 Ісая яшчэ ня выйшаў з горада, як было яму слова Гасподняе:

5 вярніся і скажы Эзэкію, уладыку народу Майго: так кажа Гасподзь Бог Давіда, бацькі твайго: Я пачуў малітву тваю, убачыў сьлёзы твае. Вось, я ацалю цябе; на трэці дзень пойдзеш у дом Гасподні;

6 і дадам да дзён тваіх пятнацаць гадоў, і ад рукі цара Асірыйскага ўратую цябе і горад гэты, і абараню горад гэты дзеля Сябе і дзеля Давіда, раба Майго.

7 І сказаў Ісая: вазьмеце скрылік смоквы. І ўзялі, і прыклалі да нарыву: і ён выздаравеў.

8 І сказаў Эзэкія Ісаю: якая азнака, што Гасподзь ацаліў мяне, і што пайду я на трэці дзень у дом Гасподні?

9 І сказаў Ісая: вось табе азнака ад Госпада, што выканае Гасподзь слова, якое Ён мовіў: ці наперад прайсьці ценю на дзесяць прыступак ці вярнуцца на дзесяць прыступак?

10 І сказаў Эзэкія: лёгка ценю пасунуцца наперад на дзесяць прыступак; не, хай вернецца цень назад на дзесяць прыступак.

11 І заклікаў Ісая прарок Госпада, і вярнуў цень на прыступках, дзе цень апускаўся па прыступках Ахазавых, на дзесяць прыступак.

12 Тым часам паслаў Бэродах Баладан, сын Баладана, цар Вавілонскі, лісты і дарунак Эзэкію, бо ён чуў, што Эзэкія быў хворы.

13 Эзэкія, выслухаўшы пасланцаў, паказаў ім кладоўкі свае, срэбра і золата, і пахошчы, і масьці дарагія, і ўвесь збройны дом свой і ўсё, што было ў скарбніцах ягоных: не заставалася ніводнай рэчы, якой не паказаў бы ім Эзэкія ў доме сваім і ва ўсім валоданьні сваім.

14 І прыйшоў Ісая прарок да цара Эзэкіі і сказаў яму: што казалі гэтыя людзі, і адкуль яны прыходзілі да цябе? І сказаў Эзэкія: зь зямлі далёкай яны прыходзілі, з Вавілона.

15 І сказаў Ісая: што яны бачылі ў доме тваім? І сказаў Эзэкія: усё, што ў доме маім, бачылі, не засталося ніводнай рэчы, якое б я не паказаў ім у скарбніцах маіх.

16 І сказаў Ісая Эзэкію; выслухай слова Гасподняе:

17 вось прыйдуць дні, і ўзята будзе ўсё, што ў доме тваім і, што сабралі бацькі твае да сёньня, у Вавілон; нічога не застанецца, кажа Гасподзь.

18 З сыноў тваіх, якія пойдуць ад цябе, якіх народзіш ты, возьмуць, і будуць яны еўнухамі ў палацы цара Вавілонскага.

19 І сказаў Эзэкія Ісаю: добрае слова Гасподняе, якое ты сказаў. І сказаў далей: хай будзе мір і дабрабыт у дні мае!

20 Астатняе пра Эзэкію і пра ўсе подзьвігі ягоныя, і пра тое, што ён зрабіў сажалку і вадаправод і правёў ваду ў горад, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.

21 І спачыў Эзэкія з бацькамі сваімі, і зацараваў Манасія, сын ягоны, замест яго.

Чацьвёртая Царстваў 21

1 Дванаццаць гадоў было Манасію, калі зацараваў, і пяцьдзясят гадоў валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Хэфцыба.

2 І рабіў ён благое ў вачах Гасподніх, пераймаючы мярзоты народаў, якіх прагнаў Гасподзь ад аблічча сыноў Ізраілевых.

3 І зноў зладзіў вышыні, якія зьнішчыў бацька ягоны Эзэкія, і паставіў ахвярнікі Ваалу, і зрабіў дуброву, як зрабіў Ахаў, цар Ізраільскі; і пакланяўся ўсяму воінству нябеснаму, і служыў яму,

4 і спарудзіў ахвярнікі ў доме Гасподнім, пра які сказаў Гасподзь: у Ерусаліме пакладу імя Маё.

5 І спарудзіў ахвярнікі ўсяму воінству нябеснаму на абодвух дварах храма Гасподняга.

6 і правёў сына свайго праз агонь, і чараваў, і варажыў, і завёў закліначоў мёртвых і чарадзеяў; многа зрабіў неспадобнага ў вачах Госпада, каб угнявіць Яго.

7 І паставіў балвана Астарты, які зрабіў у доме, пра які казаў Гасподзь Давіду і Саламону, сыну ягонаму: у доме гэтым і ў Ерусаліме, які Я выбраў з усіх каленаў Ізраілевых, Я кладу імя Маё навек;

8 і ня дам наперад выступіць назе Ізраільцяніна зь зямлі, якую Я даў бацькам іхнім, калі толькі яны будуць старацца рабіць згодна з усім тым, што Я загадаў ім, і з усім законам, які наказаў ім раб Мой Майсей.

9 Але яны не паслухаліся; і зьвёў іх Манасія да таго, што яны рабілі горш за тыя народы, якія вынішчыў Гасподзь ад аблічча сыноў Ізраілевых.

10 І казаў Гасподзь праз рабоў Сваіх прарокаў і сказаў:

11 за тое, што зрабіў Манасія, цар Юдэйскі, такія мярзоты, горш за ўсё тое, што рабілі Амарэі, якія былі да яго, і ўвёў Юду ў грэх ідаламі сваімі,

12 за тое, так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў, вось, Я навяду такое зло на Ерусалім і на Юду, пра якога хто пачуе, зазьвініць увушшу ў таго;

13 і працягну на Ерусалім мерны шнур Самарыі і вагу дома Ахававага, і вытру Ерусалім так, як выціраюць шалю, вытруць і перакуляць яе;

14 і адкіну рэшту спадчыны Маёй, і аддам у рукі ворагаў іхніх, і будуць на разрабаваньне і спусташэньне ўсім нязычліўцам сваім

15 за тое, што яны рабілі благое ў вачах Маіх і ўгневалі Мяне з таго дня, як выйшлі бацькі іхнія зь Егіпта, і да сёньня.

16 А яшчэ праліў Манасія і даволі многа нявіннай крыві, так што напоўніў ёю Ерусалім ад краю да краю, звыш свайго грэху, што ён увёў Юду ў грэх - рабіць благое ў вачах Гасподніх.

17 Астатняе пра Манасію і пра ўсё, што ён зрабіў, і пра грахі ягоныя, у чым ён зграшыў, напісана ў летапіе цароў Юдэйскіх.

18 І спачыў Манасія з бацькамі сваімі, і пахаваны ў садзе каля дома ягонага, у садзе Узы. І зацараваў Амон, сын ягоны, замест яго:

19 дваццаць два гады бло Амону, калі зацараваў, і два гады валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Мэшулэмэт, дачка Харуца, зь Ятбы.

20 І рабіў ён благое ў вачах Гасподніх так, як рабіў Манасія, бацька ягоны;

21 і хадзіў тою самаю дарогаю, якою хадзіў бацька ягоны, і служыў балванам, якім служыў бацька ягоны, і пакланяўся ім,

22 і пакінуў Госпада Бога бацькоў сваіх, не хадзіў шляхам Гасподнім.

23 І склалі змову слугі Амонавыя супроць яго, і забілі цара ў доме ягоным.

24 Але народ зямлі перабіў усіх, хто быў у змове супроць цара Амона; і паставіў народ зямлі царом Ёсію, сына ягонага, замест яго.

25 І пахавалі яго ў магільніцы ягонай, у садзе Узы. І зацараваў Ёсія, сын ягоны, замест яго.

Чацьвёртая Царстваў 22

1 Восем гадоў было Ёсію, калі зацараваў, і трыццаць адзін год валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Едыда, дачка Адаі, з Боцкафы.

2 І рабіў ён добрае ў вачах Гасподніх, і хадзіў ва ўсім шляхам Давіда, бацькі свайго, і ня ўхіляўся ні направа, ні налева.

3 На васемнаццатым годзе цара Ёсіі, паслаў цар Шафана, сына Ацаліі, сына Мэшуламавага, пісца ў дом Гасподні, сказаўшы:

4 ідзі да Хэлкіі першасьвятара, хай ён пералічыць срэбра, прынесенае ў дом Гасподні, якое сабралі ў народу дазорныя каля парога,

5 і хай аддадуць яго ў рукі майстрам на працы, што прыстаўлены да дома Гасподняга, а гэтыя хай раздаюць яго тым, што працуюць у доме Гасподнім, на паправу пашкодаў у доме,

6 цесьлярам і каменярам, і мулярам сьцен, і на куплю драўніны і часанага каменю на папраўленьне дома;

7 зрэшты не патрабаваў у іх адказу за срэбра, перададзенае ў рукі іхнія, бо яны сумленныя.

8 І сказаў Хэлкія першасьвятар Шафану пісцу: кнігу закона я знайшоў у доме Гасподнім. І падаў Хэлкія кнігу Шафану, і ён чытаў яе.

9 І прыйшоў Шафан пісец да цара, і прынёс цару адказ, і сказаў: узялі рабы твае срэбра, і знойдзена ў доме, перадалі яго ў руку майстрам працы, прыстаўленым да дома Гасподняга.

10 І данёс Шафан пісец цару, кажучы:

13 ідзеце, папрасеце Госпада за мяне і за народ і за ўсю Юдэю пра словы гэтай знойдзенай кнігі, бо вялікі гнеў Гасподні, які загарэўся на нас за тое, што ня слухалі бацькі нашыя слоў кнігі гэтай, каб рабіць згодна з прадпісаным нам.

14 І пайшоў Хэлкія сьвятар, і Ахікам, і Ахбор, і Шафан, і Асая да Алдамфы прарочыцы, жонкі Шалума, сына Тыквы, сына Хархаса, захавальніка вопраткі, - а жыла яна ў Ерусаліме, у другой частцы, - і гаварылі зь ёю.

15 І яна сказала ім: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: скажэце чалавеку, які паслаў вас да мяне:

16 так кажа Гасподзь: навяду ліха на месца гэтае і на жыхароў яго - усе словы кнігі, якую чытаў цар Юдэйскі.

17 За тое, што пакінулі Мяне, і дымяць іншым багам, каб раздражняць Мяне ўсімі дзеямі рук сваіх, загарэўся гнеў Мой на месца гэтае, і не патухне.

18 А цару Юдэйскаму, які паслаў вас папытацца ў Госпада, скажэце: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў пра словы, якія ты чуў:

19 як што зьмякчылася сэрца тваё, і ты ўпакорыўся прад Госпадам, пачуўшы тое, што Я сказаў пра месца гэтае і пра жыхароў яго, што яны будуць прадметам жаху і пракляцьця, і ты падраў вопратку сваю і плакаў прад Мною, дык і Я пачуў цябе, кажа Гасподзь.

20 За гэта, Я прыкладу цябе да бацькоў тваіх, і ты пакладзены будзеш у магільніцу тваю ў міры, і ня ўбачаць вочы твае ўсяго таго бедства, якое Я навяду на месца гэтае. І прынесьлі цару адказ.

Чацьвёртая Царстваў 23

1 І паслаў цар, і сабралі да яго ўсіх старэйшынаў Юды і Ерусаліма.

2 І пайшоў цар у дом Гасподні, і ўсе Юдэі, і ўсе жыхары Ерусаліма зь ім, і сьвятары, і прарокі, і ўвесь люд ад малога да вялікага, і прачытаў уголас ім усе словы кнігі запавета, знойдзенай у доме Гасподнім.

3 Потым устаў цар на ўзвышанае месца і даў перад домам Гасподнім запавет - трымацца Госпада і захоўваць наказы Ягоныя і адкрыцьці Ягоныя, і пастановы Ягоныя, ад усяго сэрца і ад усёй душы, каб выканаць словы запавету гэтага, напісаныя ў кнізе гэтай. І ўвесь народ уступіў у запавет.

4 І загадаў цар Хэлкію першасьвятару і іншым сьвятарам і дазорным каля парога вынесьці з храма Гасподняга ўсе рэчы, зробленыя дзеля Ваала і дзеля Астарты і дзеля ўсяго воінства нябеснага, і спаліў іх за Ерусалімам у даліне Кедрон, і загадаў попел ад іх аднесьці ў Вэтыль.

5 І пакінуў жрацоў, якіх паставілі цары Юдэйскія, каб учыняць дымленьне на вышынях у гарадах Юдэйскіх і ваколіцах Ерусаліма, - і якія кадзілі Ваалу, сонцу, і месяцу, і сузор'ям і ўсяму воінству нябеснаму;

6 І вынес Астарту з дома Гасподняга за Ерусалім да патока Кедрон і спаліў яе каля патока Кедрон, і сьцёр яе ў пыл і кінуў пыл яе на могілках агульнанародных;

7 і разбурыў дамы блудныя, якія былі пры храме Гасподнім, дзе жанчыны ткалі вопратку Астарце;

8 і вывеў усіх жрацоў з гарадоў Юдэйскіх, і спаганьбіў вышыні, на якіх учынялі дымленьне жрацы, ад Гевы да Вірсавіі, і разбурыў вышыні перад брамаю - тую, якая перад уваходам у браму Ісуса начальніка горада, і тую, якая зь левага боку каля гарадское брамы.

9 Зрэшты жрацы вышыняў ня прыносілі ахвяр на ахвярніку Гасподнім у Ерусаліме, а праснакі елі разам з братамі сваімі.

10 І спаганьбіў ён Тафэт, што ў даліне сыноў Энома, каб ніхто не праводзіў сына свайго і дачкі сваёй праз агонь Малоху;

11 і адмяніў коней, якіх ставілі цары Юдэйскія сонцу перад уваходам у дом Гасподні паблізу пакояў Нэтан-Мэлэха еўнуха, што ў Фарурыме, калясьніцы сонца спаліў агнём.

12 І ахвярнікі на даху сьвятліцы Ахазавай, якія зрабілі цары Юдэйскія, і ахвярнікі, якія зрабіў Манасія на абодвух дварах дома Гасподняга разбурыў цар і выкінуў адтуль, і кінуў пыл іх у паток Кедрон.

13 І вышыні, якія каля Ерусаліма, направа ад Алейнай гары, якія спарудзіў Саламон, цар Ізраілеў, Астарце, мярзоце Сідонскай, і Хамосу, мярзоце Маавіцкай, і Мілхому, мярзоце Аманіцкай, спаганьбіў цар;

14 і паламаў статуі, і высек дубровы, і напоўніў месца іх касьцямі чалавечымі.

15 Таксама і ахвярнік, які ў Вэтылі, вышыню, спаруджаную Ераваамам, сынам Наватавым, які ўвёў Ізраіля ў грэх, - таксама і ахвярнік той і вышыню ён разбурыў, і спаліў гэтую вышыню, сьцёр у пыл, і спаліў дуброву.

16 І зірнуў Ёсія, і ўбачыў магілы, якія там на гары, і паслаў, і ўзяў косьці з магілаў, і спаліў на ахвярніку, і спаганьбіў яго па слове Гасподнім, якое абвясьціў чалавек Божы, які прадказаў падзеі гэтыя,

17 і сказаў Ёсія: што гэта за помнік, які я бачу? І сказалі яму жыхары горада: гэта магіла чалавека Божага, які прыходзіў зь Юдэі, і абвясьціў пра тое, што ты робіш над ахвярнікам Вэтыльскім.

18 І сказаў ён: пакіньце яго ў спакоі, ніхто хай не чапае касьцей ягоных. І пахавалі косьці яго і косьці прарока, які прыходзіў з Самарыі.

19 Таксама і ўсе капішчы вышыняў у гарадах Самарыйскіх, якія спарудзілі цары Ізраільскія, прагняўляючы Госпада, разбурыў Ёсія, і зрабіў зь імі тое самае, што зрабіў у Вэтылі;

20 і закалоў усіх жрацоў вышыняў, якія там былі, на ахвярніках, і спаліў косьці чалавечыя на іх, - і вярнуўся ў Ерусалім.

21 І загадаў цар усяму народу, сказаўшы: учынеце пасху Госпаду Богу вашаму, як напісана ў гэтай кнізе запавета, -

22 таму што ня была ўчынена такая пасха ад дзён судзьдзяў, якія судзілі Ізраіля ва ўсе дні цароў Ізраільскіх і цароў Юдэйскіх;

23 а на васемнаццатым годзе цара Ёсіі была ўчынена гэтая пасха Госпаду ў Ерусаліме.

24 І закліначоў мёртвых, і чараўнікоў, і тэрафімаў, і ідалаў, і ўсе мярзоты, якія паяўляліся ў зямлі Юдэйскай і ў Ерусаліме, зьнішчыў словы закона, напісаныя ў кнізе, якую знайшоў Хэлкія сьвятар у доме Гасподнім.

25 Падобнага да яго ня было цара да яго, які зьвярнуўся б да Госпада ўсім сэрцам сваім, і ўсёю душою сваёю, і ўсімі сіламі сваімі, па ўсім законе Майсеевым; і пасьля яго не паявіўся падобны да яго.

26 Аднак жа Гасподзь не адклаў вялікай лютасьці гневу Свайго, якою загарэўся гнеў Ягоны і на Юду за ўсе зьнявагі, якімі ўгневаў Яго Манасія.

27 І сказаў Гасподзь: і Юду адкіну ад аблічча Майго, як адкінуў Я Ізраіля, і адкіну горад гэты, Ерусалім, які Я выбраў, і дом, пра які Я сказаў: будзе імя Маё там.

28 Астатняе пра Ёсію, пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.

29 У дні ягоныя пайшоў фараон Нэхаа, цар Егіпецкі, супроць цара Асірыйскага на раку Еўфрат. І выйшаў цар Ёсія насустрач яму, і той забіў яго ў Мэгідоне, калі ўбачыў яго.

30 І рабы ягоныя павезьлі яго мёртвага з Мэгідона, і прывезьлі яго ў Ерусалім, і пахавалі яго ў магільніцы ягонай. І ўзяў народ землі Ёахаза, сына Ёсінага, і памазалі яго і паставілі царом замест бацькі ягонага.

31 Дваццаць тры гады было Ёахазу, калі зацараваў, і тры месяцы валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Хамутал, дачка Ераміі, зь Ліўны.

32 І рабіў ён благое ў вачах Гасподніх ва ўсім так, як рабілі бацькі ягоныя.

33 І затрымаў яго фараон Нэхаа ў Рыўле, у зямлі Эматскай, каб ён не валадарыў у Ерусаліме, - і наклаў спагону на замлю ягоную сто талантаў срэбра і сто талантаў золата.

34 І паставіў царом фараон Нэхаа Эліякіма, сына Ёсіінага, замест Ёсіі, бацькі ягонага, і памяняў імя ягонае на Ёакіма; а Ёхаза ўзяў і вывез у Егіпет, дзе ён і памёр.

35 І срэбра і золата даваў Ёакім фараону; ён зрабіў ацэну зямлі, каб даваць срэбра па загадзе фараона; ад кожнага народу зямлі, паводле ацэны сваёй, ён спаганяў срэбра і золата, каб аддаваць фараону Нэхаа.

36 Дваццаць пяць гадоў было Ёакіму, калі зацараваў, і адзінаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Зэбуда, дачка Фэдаі, з Румы.

37 І рабіў ён неспадобнае ў вачах Гасподніх ва ўсім так, як рабілі бацькі ягоныя.

Чацьвёртая Царстваў 24

1 У дні ягоныя выступіў Навухаданосар цар Вавілонскі, і зрабіўся Ёакім падуладным яму на тры гады, але потым адпаў ад яго.

2 І пасылаў на яго Гасподзь полчышчы Халдэяў, і полчышчы Сірыйцаў, і полчышчы Маавіцянаў, і полчышчы Аманіцянаў, - пасылаў іх на Юду, каб пагубіць яго па слове Госпада, якое Ён сказаў праз рабоў Сваіх прарокаў.

3 Па загадзе Госпада было гэта зь Юдам, каб адкінуць яго ад аблічча Яго за грахі Манасіі, за ўсё, што ён зрабіў;

4 і за кроў нявінную, якую ён праліў, напоўніўшы Ерусалім крывёю нявіннаю, Гасподзь не захацеў дараваць.

5 Астатняе пра Ёакіма і пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.

6 І спачыў Ёакім з бацькамі сваімі, і зацараваў Еханія, сын ягоны, замест яго.

7 Цар Егіпецкі ня выходзіў болей зь зямлі сваёй, бо ўзяў цар Вавілонскі ўсё, ад патока Егіпецкага да ракі Еўфрата, што належала цару Егіпецкаму.

8 Васямнаццаць гадоў было Еханіі, калі зацараваў, і тры месяцы валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Нэхушта, дачка Элнафана, зь Ерусаліма.

9 І рабіў ён благое ў вачах Гасподніх ва ўсім так, як рабіў бацька ягоны.

10 У той час падступіліся рабы Навухаданосара, цара Вавілонскага, да Ерусаліма, і падупаў горад аблозе.

11 І прыйшоў Навухаданосар, цар Вавілонскі, да горада, калі рабы ягоныя аблажылі яго.

12 І выйшаў Еханія, цар Юдэйскі, да цара Вавілонскага, ён і маці ягоная, і слугі ягоныя, і князі ягоныя, і еўнухі ягоныя, - і ўзяў яго цар Вавілонскі на восьмым годзе свайго валадараньня,

13 і вывез ён адтуль усе скарбы дома Гасподняга і скарбы царскага дома; і паламаў, як сказаў Гасподзь, увесь залаты посуд, які Саламон, цар Ізраільскі, зрабіў у храме Гасподнім;

14 і сьсяліў увесь Ерусалім, і ўсіх князёў, і ўсё адважнае войска, - дзесяць тысяч было пераселеных, - і ўсіх цесьляроў і кавалёў; нікога не засталося, апрача беднага люду зямлі.

15 І перасяліў ён Еханію ў Вавілон; і маці цара, і жонак цара, і еўнухаў ягоных, і моцных зямлі вывеў на пасяленьне зь Ерусаліма ў Вавілон.

16 І ўсё войска лікам сем тысяч, і ўмельцаў, і будаўнікоў тысячу, усіх адважных, якія ходзяць на вайну, вывеў цар Вавілонскі на пасяленьне ў Вавілон.

17 І паставіў царом цар Вавілонскі Матанію, дзядзьку Еханіі, замест яго, і перамяніў імя ягонае на Сэдэкію.

18 Дваццаць адзін год было Сэдэкію, калі зацараваў, і адзінаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Хамутал, дачка Ераміі, зь Ліўны.

19 І рабіў ён благое ў вачах Гасподніх ва ўсім так, як рабіў Ёакім.

20 Гнеў Гасподні быў над Ерусалімам і над Юдам да таго, што Ён адкінуў іх ад аблічча Свайго. І адпаў Сэдэкія ад цара Вавілонскага.

Чацьвёртая Царстваў 25

1 На дзявятым годзе валадараньня свайго, на дзясятым месяцы, у дзень дзясяты месяца прыйшоў Навухаданосар, цар Вавілонскі, з усім войскам сваім да Ерусаліма, і аблажыў яго, і насыпаў вакол яго вал.

2 І быў горад у аблозе да адзінаццатага года цара Сэдэкіі.

3 На дзявяты дзень месяца ўзмацніўся голад у горадзе, і ня было хлеба ў народу зямлі.

4 І ўзяты быў горад, і пабеглі ўсе вайсковыя ўначы па дарозе да брамы, паміж дзьвюма сьценамі, што каля царскага саду; а Халдэі стаялі вакол горада, і цар пайшоў дарогаю раўніне.

5 І пагналася войска Халдэйскае за царом, і дагналі яго на раўнінах Ерыхонскіх, і ўсё войска ягонае разьбеглася ад яго.

6 І ўзялі цара, і завялі яго да цара Вавілонскага ў Рыўлу, і ўчынілі над ім суд:

7 і сыноў Сэдэкіі закалолі на вачах у яго, а самому Сэдэкію асьляпілі вочы і закавалі яго ў кайданы, і завялі яго ў Вавілон.

8 На пятым месяцы, у сёмы дзень месяца, гэта значыцца, на дзевятнаццатым годзе Навухаданосара, цара Вавілонскага, прыйшоў Навузардан, начальнік целаахоўцаў, слуга цара Вавілонскага, у Ерусалім

9 і спаліў дом Гасподні і дом цара, і ўсе дамы ў Ерусаліме, і ўсе дамы вялікія спаліў агнём;

10 і сьцены вакол Ерусаліма разбурыла войска Халдэйскае, якое было ў начальніка целаахоўцаў.

11 І астатні люд, які заставаўся ў горадзе, і перабежчыкаў, якія перакінуліся да цара Вавілонскага і астатні просты люд выселіў Навузардан, начальнік целаахоўцаў.

12 Толькі некалькіх зь беднага люду зямлі пакінуў начальнік целаахоўцаў работнікамі вінаграднікаў і ратаямі.

13 І слупы медныя, якія былі каля дома Гасподняга, і падставы, і мора меднае, якое ў доме Гасподнім, паламалі Халдэі, і занесьлі медзь іх у Вавілон;

14 і тазы, і лапаткі, і нажы, і лыжкі, і ўвесь посуд медны, які ўжываўся пры служэньні, узялі;

15 і кадзільніцы, і чары, што было залатое і што было срэбнае, узяў начальнік целаахоўцаў:

16 слупы лікам два, мора адно, і падставы, якія зрабіў Саламон у дом Гасподні, - медзі ва ўсіх гэтых рэчах ня было вагі.

17 Васемнаццаць локцяў вышыні ў адным слупе; вянок на ім медны, а вышыня вянка тры локці, і сетка і гранатавыя яблыкі вакол вянка - усе зь медзі. Тое самае і на другім слупе зь сеткаю.

18 І ўзяў начальнік целаахоўцаў Сэраю першасьвятара і Цэфанію, сьвятара другога, і трох, якія стаялі на варце каля парога.

19 І з горада ўзяў аднаго еўнуха, які начальнічаў над людзьмі ваеннымі, і пяць чалавек, якія стаяць перад абліччам цара, якія былі ў горадзе, і пісца галоўнага ў войску, які запісваў у войска людзей зямлі, якія былі ў горадзе.

20 І ўзяў іх Навузардан, начальнік целаахоўцаў, і адвёў іх да цара Вавілонскага ў Рыўлу.

21 І пабіў іх цар Вавілонскі і забіў іх у Рыўле, у зямлі Эмат. І выселены Юдэі зь зямлі сваёй.

22 А над людам, які заставаўся ў зямлі Юдэйскай, які пакінуў Навухаданосар, цар Вавілонскі, - над імі паставіў начальнікам Гадолію, сына Ахікама, сына Шафанавага.

23 Калі пачулі ўсе ваеначальнікі, яны і людзі іх, што цар Вавілонскі паставіў начальнікам Гадолію, дык прыйшлі да Гадоліі ў Масіфу, і менавіта: Ісмаіл, сын Нэтаніі, і Ёханан, сын Карэя, і Сэрая, сын Танхумэта з Нэтафата, і Езанія, сын Маахіцяніна, яны і людзі іхнія.

24 І запрысягнуўся Гадолія ім і людзям іхнім, і сказаў ім: ня бойцеся быць падуладнымі Халдэям, сялецеся на зямлі і служэце цару Вавілонскаму, і хай будзе добра вам.

25 Але на сёмым месяцы прыйшоў Ісмаіл, сын Нэтаніі, сына Элішамы, з племя царскага, зь дзесяцьцю чалавекамі, і пабіў Гадолію, і ён памёр, і Юдэяў і Халдэяў, якія былі зь ім у Масіфе.

26 І ўстаў увесь народ, ад малога да вялікага, і ваеначальнікі, і пайшлі ў Егіпет, бо баяліся Халдэяў.

27 На трыццаць сёмым годзе перасяленьня Еханіі, цара Юдэйскага, на дванаццатым месяцы, у дваццаць сёмы дзень месяца, Эвілмэродах, цар Вавілонскі, у год свайго ўцараваньня, вывеў Еханію, цара Юдэйскага, з дома турэмнага.

28 і гаварыў зь ім дружалюбна, і паставіў трон ягоны вышэй за трон цароў, якія былі ў яго ў Вавілоне;

29 і перамяніў турэмную вопратку ягоную, і ён усюды меў ежу ў яго, ва ўсе дні жыцьця ягонага.

30 І ўтрыманьне яго, утрыманьне пастаяннае, выдавалася яму ад цара, дзень у дзень, ва ўсе дні жыцьця ягонага.