1 Павал і Сілуан і Цімафей Царкве Фесаланіцкай у Богу Айцы і Госпадзе Ісусе Хрысьце: мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
2 Увесь час дзякуем Богу за ўсіх вас, спамінаючы вас у малітвах нашых,
3 няспынна памятаючы вашу дзею веры і працу любові і цярплівасьць спадзяваньня на Госпада нашага Ісуса Хрыста прад Богам і Айцом нашым,
4 ведаючы выбраньне ваша, любасныя браты;
5 бо наша зьвеставаньне ў вас было ня ў слове толькі, а і ў сіле, і ў Сьвятым Духу і з многімі сьведчаньнямі, як вы самі ведаеце, якія мы былі для вас паміж вамі.
6 І вы пачалі пераймаць нас і Госпада, прыняўшы слова ў вялікіх смутках з радасьцю Духа Сьвятога,
7 так што вы зрабіліся ўзорам усім веруючым у Македоніі і Ахаі.
8 Бо ад вас пранеслася слова Гасподняе ня толькі ў Македоніі і Ахаі, але і па ўсіх усюдах прайшла слава пра веру вашую ў Бога, так што нам ні пра што ня трэба распавядаць.
9 Бо самі яны распавядаюць пра нас, які прыход мы мелі ў вас і як вы навярнуліся ад ідалаў да Бога, каб служыць Богу жывому і сапраўднаму
10 і чакаць зь нябёсаў Сына Ягонага, Якога Ён уваскрэсіў зь мёртвых, Ісуса, Які ратуе нас ад будучага гневу.
1 Вы самі ведаеце, браты, пра наш прыход да вас, што быў ён не бясплённы;
2 але хоць перад тым мы зазналі пакутаў і мелі зьнявагу ў Піліпах, як вам вядома, мы адважыліся ў Богу нашым прапаведаваць вам Дабравесьце Божае зь вялікім подзьвігам.
3 Бо ў вучэньні нашым няма ні памылкі, ні нячыстых намыслаў, ні хітрыны;
4 а, як Бог выпрабоўваў нас, даверыўшы нам зьвеставаньне, так мы і гаворым, дагаджаючы ня людзям, а Богу, Які выпрабоўвае сэрцы нашыя.
5 Бо ніколі ня было ў нас (перад вамі) ані словаў лісьлівасьці, як вы ведаеце! ані рознай карысьлівасьці: Бог сьведка!
6 Ня шукаем славы людзкое ні ад вас, ні ад іншых:
7 мы маглі зьявіцца напышліва, як апосталы Хрыстовыя, але былі лагодныя сярод вас падобна таму, як карміцелька пяшчотна клапоціцца пра дзетак сваіх.
8 Так мы, пра вас дбаючы, захацелі перадаць вам ня толькі Дабравесьце Божае, але і душы нашыя, бо вы сталіся нам любаснымі.
9 Бо вы памятаеце, браты, працу нашую і зьнемажэньне: уночы і ўдзень працуючы, каб не абцяжарыць каго з вас, мы прапаведавалі ў вас Дабравесьце Божае.
10 Сьведкі вы і Бог, як сьвята і праведна і бездакорна рабілі мы перад вамі, веруючымі,
11 бо вы ведаеце, як кожнага з вас, быццам бацька дзяцей сваіх,
12 мы прасілі і пераконвалі і ўгаворвалі рабіць годна Бога, Які паклікаў вас у Сваё Царства і славу.
13 Таму і мы бесьперастанку дзякуем Богу, што, прыняўшы ад нас чутае слова Божае, вы прынялі ня як слова чалавечае, а як слова Божае, - якое яно і ёсьць у ісьціне, - якое і дзейнічае ў вас, веруючых.
14 Бо вы, браты, зрабіліся пераемцамі цэркваў Божых у Хрысьце Ісусе, якія ў Юдэі, таму што і тое самае адцярпелі ад сваіх аднапляменцаў, што і яны ад Юдэяў,
15 якія забілі і Госпада Ісуса і Ягоных прарокаў, і нас выгналі, і Богу ня годзяць, і ўсім людзям супрацівяцца,
16 якія не дазваляюць нам гаварыць язычнікам, каб выратаваліся, і праз гэта ўвесь час напаўняюць меру грахоў сваіх; але блізіцца на іх гнеў да канца.
17 Мы ж, браты, разлучаныя з вамі на кароткі час абліччам, але ня сэрцам, з тым большаю ахвотаю імкнуліся ўбачыць аблічча вашае.
18 І таму мы, я Павал, і раз і два хацелі прыйсьці да вас; але перашкодзіў нам сатана.
19 Бо хто наша надзея, альбо радасьць, альбо вянок пахвалы? Ці ж ня і вы, прад Госпадам нашым Ісусам Хрыстом у прышэсьце Ягонае?
20 Бо вы - слава наша і радасьць.
1 І таму, ня могучы болей трываць, мы захацелі застацца ў Афінах адны,
2 і паслалі Цімафея, брата нашага і службіта Божага і супрацоўніка нашага ў зьвеставаньні Хрыстовым, каб умацаваць вас і суцешыць у веры вашай,
3 каб ніхто не пахіснуўся ў смутках нашых; бо вы самі ведаеце, што так нам наканавана.
4 Бо мы і тады, калі былі ў вас, прадказвалі вам, што будзем пакутаваць, як і здарылася, і вы ведаеце.
5 Таму і я, не чакаючы болей, паслаў даведацца пра веру вашую, каб як не спакусіў вас змусьціцель і ня сталася марнаю праца нашая.
6 А цяпер, калі прыйшоў да нас ад вас Цімафей і прынёс нам добрую вестку пра веру і любоў вашую, і што вы заўсёды маеце добрую памяць пра нас, хочучы нас бачыць, як і мы вас, -
7 дык мы, пры ўсім смутку і гароце нашай, суцешыліся з вамі, браты, дзеля вашай веры;
8 бо цяпер мы жывыя, калі вы стаіце ў Госпадзе.
9 Якую падзяку можам мы ўзьнесьці Богу за вас, за ўсю радасьць, якою радуемся за вас перад Богам нашым,
10 ноч і дзень найруплівей молячыся за тое, каб бачыць аблічча ваша і дапоўніць, чаго не ставала веры вашай?
11 А Сам Бог і Айцец наш і Гасподзь наш Ісус Хрыстос хай скіруе шлях наш да вас.
12 А вас Гасподзь хай напоўніць любоўю ўзаемнай і да ўсіх, якою мы поўныя да вас,
13 каб умацаваць сэрцы нашыя беззаганнымі ў сьвятыні прад Богам і Айцом нашым у прышэсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі сьвятымі Ягонымі. Амін.
1 За гэтым, браты, просім і молім вас Ісусам Хрыстом, каб вы, прыняўшы ад нас, як трэба вам паводзіцца і дагаджаць Богу, у гэтым яшчэ большы посьпех займелі,
2 бо вы ведаеце, якія мы далі вам запаведзі ад Госпада Ісуса.
3 Бо воля Божая ёсьць асьвячэньне вашае, каб вы ўстрымліваліся ад распусты;
4 каб кожны з вас умеў захоўваць свой сасуд у сьвятасьці і гонары,
5 а не ў запале пахацінства, як язычнікі, што ня ведаюць Бога;
6 каб вы ні ў чым не паводзіліся з братам сваім супрацьзаконна і карысьліва: бо Гасподзь - мсьцівец за ўсё гэта, як і раней мы казалі вам і сьведчылі.
7 Бо паклікаў нас Бог не да нячысьціні, а да сьвятасьці.
8 А таму непакорлівы ёсьць непакорны не чалавеку, а Богу, Які і даў нам Духа Свайго Сьвятога.
9 Пра браталюбства ж няма патрэбы пісаць вам, бо вы самі навучаны Богам любіць адно аднаго,
10 бо вы так і робіце з усімі братамі па ўсёй Македоніі. Молім вас, браты, яшчэ болей старацца
11 і рупліва дбаць пра тое, каб жыць ціхмяна, рабіць сваю справу і працаваць сваімі рукамі, як мы наказвалі вам;
12 каб вы паводзіліся прыстойна перад чужымі і ні ў чым патрэбы ня мелі.
13 Не хачу, браты, пакінуць вас у няведаньні пра памерлых, каб вы не маркоціліся, як іншыя, што ня маюць надзеі.
14 Бо калі мы верым, што Ісус памёр і ўваскрэс, дык і памерлых у Ісусе Бог прывядзе зь Ім.
15 Бо гэта кажам вам словам Гасподнім, што мы, жывыя, што засталіся да прышэсьця Гасподняга, не папярэдзім памерлых;
16 бо Сам Гасподзь пры абвяшчэньні, пры голасе арханёла і трубе Божай, сыдзе зь неба, і мёртвыя ў Хрысьце ўваскрэснуць раней;
17 потым мы, хто застанецца жывы, разам зь імі ўзятыя будзем на воблакі на сустрэчу з Госпадам у паветры, і так вечна з Госпадам будзем.
18 Дык вось, суцяшайце адно аднаго гэтымі словамі.
1 А пра часы і часіны няма патрэбы пісаць вам, браты,
2 бо самі вы дакладна ведаеце, што дзень Гасподні так прыйдзе, як злодзей уначы.
3 Бо, калі будуць казаць: "мір і бясьпека", тады зьнянацку спасьцігне іх пагібель, як мука родамі спасьцігае цяжарную, і ня ўнікнуць.
4 Але вы, браты, ня ў цемры, каб дзень застаў вас, як злодзей;
5 бо ўсе вы - сыны сьвятла і сыны дня: мы - ня сыны ночы, ні цемры.
6 Дык вось, ня будзем спаць, як іншыя, а будзем чуваць і цьвярозіцца.
7 Бо, хто сьпіць, сьпіць уночы, і хто ўпіваецца, упіваецца ўночы.
8 Мы ж як сыны дня, будзем цьвярозіцца, апрануўшыся ў браню веры і любові і ў шалом надзеі на збавеньне,
9 таму што Бог вызначыў нас не на гнеў, а на атрыманьне збавеньня праз Госпада нашага Ісуса Хрыста,
10 Які памёр за нас, каб мы, ці то чуваем, ці то сьпім, жылі разам зь Ім.
11 Таму ўмаўляйце адно аднаго і навучайце адно аднаго, як вы і робіце.
12 Просім жа вас, браты, паважаць тых, якія працуюць у вас, і якія пастаўлены над вамі ў Госпадзе, і якія на розум вас настаўляюць,
13 і шанаваць іх пераважна зь любоўю за справу іхнюю; будзьце ў згодзе паміж сабою.
14 Молім вас таксама, браты, настаўляйце на розум бясчынцаў, суцяшайце маладушных, падтрымлівайце слабых, будзьце цярплівыя з усімі.
15 Глядзеце, каб хто каму не плаціў злом за зло; а заўсёды шукайце дабра і адно аднаму і ўсім.
16 Заўсёды радуйцеся.
17 Бесьперастанку малецеся.
18 За ўсё дзякуйце: бо такая за вас воля Божая ў Ісусе Хрысьце.
19 Духа не гасеце.
20 Прароцтваў не прыніжайце.
21 Усё выпрабоўвайце, добрага трымайцеся.
22 Ухіляйцеся ад ліхаты ў любым яе выглядзе.
23 Сам жа Бог міру няхай асьвеціць вас ва ўсёй поўніцы, і ваш дух і душа і цела ва ўсёй цэласьці няхай захаваюцца без пахібы ў прышэсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста.
24 Верны Той, Хто заклікае вас, Які і зьдзейсьніць гэта.
25 Браты! малецеся за нас.
26 Вітайце ўсіх братоў цалаваньнем сьвятым.
27 Заклікаю вас Госпадам прачытаць гэта пасланьне ўсім сьвятым братам. Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі. Амін.