Паводле Матфея 1

1 Кніга роду Іісуса Хрыста, Сына Давідавага, Сына Аўраамавага.

2 Аўраам нарадзіў Ісаака; Ісаак нарадзіў Іакава; Іакаў нарадзіў Іуду і братоў ягоных;

3 Іуда нарадзіў Фарэса і Зару ад Фамары; Фарэс нарадзіў Эсрома; Эсром нарадзіў Арама;

4 Арам нарадзіў Амінадава; Амінадаў нарадзіў Наасона; Наасон нарадзіў Салмона;

5 Салмон нарадзіў Ваоза ад Рахавы; Ваоз нарадзіў Авіда ад Руфі; Авід нарадзіў Іесея;

6 Іесей нарадзіў Давіда цара; Давід цар нарадзіў Саламона ад былой жонкі Урыевай;

7 Саламон нарадзіў Раваама; Раваам нарадзіў Авію; Авія нарадзіў Асу;

8 Аса нарадзіў Іасафата; Іасафат нарадзіў Іарама; Іарам нарадзіў Азію;

9 Азія нарадзіў Іаафама; Іаафам нарадзіў Ахаза; Ахаз нарадзіў Езекію;

10 Езекія нарадзіў Манасію; Манасія нарадзіў Амона; Амон нарадзіў Іасію;

11 Іасія нарадзіў Іаакіма; Іаакім нарадзіў Іеханію і братоў яго, падчас перасялення вавілонскага.

12 Пасля ж перасялення вавілонскага Іеханія нарадзіў Салафііля; Салафііль нарадзіў Зарававеля;

13 Зарававель нарадзіў Авіуда; Авіуд нарадзіў Еліакіма; Еліакім нарадзіў Азора;

14 Азор нарадзіў Садока; Садок нарадзіў Ахіма; Ахім нарадзіў Еліуда;

15 Еліуд нарадзіў Елеазара; Елеазар нарадзіў Матфана; Матфан нарадзіў Іакава;

16 Іакаў нарадзіў Іосіфа, мужа Марыі, ад Якой нарадзіўся Іісус, Якога называюць Хрыстос.

17 І вось усіх пакаленняў ад Аўраама да Давіда чатырнаццаць пакаленняў; і ад Давіда да перасялення вавілонскага чатырнаццаць пакаленняў; і ад перасялення вавілонскага да Хрыста чатырнаццаць пакаленняў.

18 Нараджэнне Іісуса Хрыста было так: па заручынах Маці Яго Марыі з Іосіфам, перш чым сышліся яны, выявілася, што Яна мае ва ўлонні ад Духа Святога.

19 А Іосіф, муж Яе, будучы праведны і не жадаючы зняславіць Яе, хацеў употай адпусціць Яе.

20Калі ж надумаў ён гэта, — вось, Ангел Гасподні ў сне явіўся яму і сказаў: Іосіфе, сыне Давідаў! не бойся прыняць Марыю, жонку тваю; бо зачатае ў Ёй ёсць ад Духа Святога;

21 і народзіць Сына, і дасі Яму імя: Іісус; бо Ён збавіць людзей Сваіх ад грахоў іх.

22 А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа:

23 "Вось, Дзева ва ўлонні зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя: Эмануіл, што азначае: з намі Бог".

24 Устаўшы ад сну, Іосіф зрабіў, як загадаў яму Ангел Гасподні, і прыняў жонку сваю,

25 і не знаў Яе, пакуль нарадзіла Сына Свайго першароднага, і ён даў Яму імя: Іісус.

Паводле Матфея 2

1 Калі ж Іісус нарадзіўся ў Віфлееме Іудзейскім у дні цара Ірада, вось, магі з усходу прыйшлі ў Іерусалім і кажуць:

2 дзе народжаны Цар Іудзейскі? бачылі бо мы зорку Яго на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму.

3 Пачуўшы гэта, цар Ірад занепакоіўся, і ўвесь Іерусалім з ім.

4 І, сабраўшы ўсіх першасвятароў і кніжнікаў народных, пытаўся ў іх: дзе мае нарадзіцца Хрыстос?

5 Яны ж сказалі яму: у Віфлееме Іудзейскім, так бо напісана праз прарока:

6 "І ты, Віфлееме, зямля Іудава, нічым не меншы сярод ваяводстваў Іудавых; бо з цябе выйдзе Правадыр, Які ўпасвіць народ мой Ізраіля".

7 Тады Ірад, употай паклікаўшы магаў, выведаў у іх час з'яўлення зоркі

8 і, паслаўшы іх у Віфлеем, сказаў: ідзіце, добра разведайце пра Дзіця і, як знойдзеце, накажыце мне, каб і я пайшоў пакланіцца Яму.

9 Яны, выслухаўшы цара, пайшлі. І вось, зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, не стала ўгары над месцам, дзе было Дзіця.

10Угледзеўшы зорку, яны ўзрадаваліся радасцю вельмі вялікай,

11 і, увайшоўшы ў дом, убачылі Дзіця з Марыяю, Маці Яго, і, упаўшы, пакланіліся Яму; і адкрыўшы скарбы свае, прынеслі Яму дары: золата, ладан і смірну.

12 І ў сне атрымаўшы наказ не вяртацца да Ірада, іншай дарогай адышлі ў краіну сваю.

13 Калі ж яны адышлі, — вось, Ангел Гасподні яўляецца ў сне Іосіфу і кажа: устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго, і ўцякай у Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе; бо Ірад хоча шукаць Дзіцятка, каб загубіць Яго.

14 Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Яго, і адышоў у Егіпет,

15 і былі там да Ірадавай смерці, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: "З Егіпта паклікаў Я Сына Майго".

16 Тады Ірад, убачыўшы, што магі ашукалі яго, разгневаўся надта і паслаў перабіць усіх дзетак у Віфлееме і ва ўсіх межах яго, ад двух гадоў і ніжэй,

Паводле часу, які выведаў у магаў.

17 Тады збылося сказанае праз прарока Іерамію, які кажа:

18 "Голас у Раме чуцен, плач, і галашэнне, і лямант вялікі; Рахіль плача па дзецях сваіх і не хоча суцешыцца; бо іх няма".

19 А як Ірад памёр, — вось, Ангел Гасподні ў сне яўляецца Іосіфу ў Егіпце

20 і кажа: устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго і ідзі ў зямлю Ізраілеву;

бо памерлі тыя, што шукалі душы Дзіцяці.

21 Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Яго і прыйшоў у зямлю Ізраілеву.

22 Але пачуўшы, што Архелай царуе ў Іудзеі замест Ірада, бацькі свайго, пабаяўся туды ісці; і атрымаўшы ў сне наказ, адышоў у межы Галілейскія,

23 і, прыйшоўшы, пасяліўся ў горадзе, які называецца Назарэт, каб збылося сказанае праз прарокаў, што Ён Назарэем назавецца.

Паводле Матфея 3

1 У тыя дні прыходзіць Іаан Хрысціцель і прапаведуе ў пустыні Іудзейскай

2 і кажа: пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае.

3 Бо Ён Той, пра Каго сказаў прарок Ісаія: голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабіце сцежкі Яму.

4 А ў самога Іаана была вопратка з вярблюджага воласу і скураны пояс на паясніцы ягонай; а ежай яму былі акрыды і дзікі мёд.

5 Тады выходзілі да яго Іерусалім і ўся Іудзея, і ўсё наваколле Іарданскае

6 і хрысціліся ў Іардане ад яго, спавядаючыся ў грахах сваіх.

7 Убачыўшы многіх фарысеяў і садукеяў, што ішлі да яго хрысціцца, Іаан сказаў ім: адроддзе яхідніна! хто вас намовіў уцякаць ад будучага гневу?

8 Прынясіце ж годны плод пакаяння;

9 і не думайце гаварыць самі сабе: "бацька ў нас Аўраам"; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых узвесці дзяцей Аўрааму;

10 ужо і сякера пры корані дрэў ляжыць: бо ўсякае дрэва, якое не прыносіць добрага плоду, ссякаюць і кідаюць у агонь;

11 Я хрышчу вас вадою на пакаянне; але Той, Хто ідзе за мною, мацнейшы за мяне; я не варты панесці абутак Яго; Ён будзе хрысціць вас Духам Святым і агнём;

12 лапата Яго ў руцэ ў Яго, і Ён ачысціць гумно Сваё, і збярэ пшаніцу Сваю ў жытніцу, а мякіну спаліць агнём непагасным.

13 Тады прыходзіць Іісус з Галілеі на Іардан да Іаана хрысціцца ад яго.

14 Іаан жа стрымліваў Яго, кажучы: мне трэба ў Цябе хрысціцца, а Ты прыходзіш да мяне?

15 Але Іісус сказаў у адказ яму: дапусці цяпер, бо так належыць нам здзейсніць ўсякую праўду. Тады Іаан дапускае Яго.

16 І ахрысціўшыся, Іісус выйшаў адразу з вады; — і вось, адкрыліся Яму нябёсы, і ўбачыў Іаан Духа Божага, Які сыходзіў, як голуб, і апускаўся на Яго.

17 І вось, голас з нябёсаў прамовіў: Гэты ёсць Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў.

Паводле Матфея 4

1 Тады Іісус быў узведзены Духам у пустыню, на спакушэнне ад дыявала.

2 І, пасціўшы сорак дзён і сорак начэй, урэшце адчуў голад.

3 І прыступіў да Яго спакуснік і сказаў: калі Ты Сын Божы, скажы, каб камяні гэтыя сталі хлябамі.

4 А Ён сказаў яму ў адказ: напісана: "не хлебам адным будзе жыць чалавек, а ўсякім словам, якое зыходзіць з вуснаў Божых".

5 Тады бярэ Яго дыявал у святы горад і ставіць Яго на крыле храма,

6 і кажа Яму: калі Ты Сын Божы, кінься ўніз; бо напісана: "Ангелам Сваім накажа пра Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся Ты аб камень нагою Тваёю".

7 Сказаў яму Іісус: напісана яшчэ: "не спакушай Госпада Бога твайго".

8 Зноў бярэ Яго дыявал на вельмі высокую гару, і паказвае Яму ўсе царствы свету і славу іх,

9 і кажа Яму: усё гэта Табе дам, калі ўпаўшы паклонішся мне.

10 Тады кажа яму Іісус: адыдзі ад Мяне, сатана; бо напісана: "Госпаду Богу твайму пакланяйся, і Яму аднаму служы".

11 Тады пакідае Яго дыявал, — і вось, Ангелы прыступілі і слугавалі Яму.

12 Іісус, пачуўшы, што Іаан аддадзены варце, адышоў у Галілею,

13 і, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Капернауме прыморскім, у межах Завулонавых і Нефалімавых,

14 каб збылося сказанае праз прарока Ісаію, які кажа:

15 "Зямля Завулонава і зямля Нефалімава, на дарозе прыморскай за Іарданам, Галілея язычніцкая,

16 народ, што сядзеў у цемры, убачыў святло вялікае, і ўсім, хто сядзеў у краіне і цяні смерці, заззяла святло".

17 З таго часу Іісус пачаў прапаведаваць і казаць: пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае.

18 А праходзячы каля мора Галілейскага, угледзеў Ён двух братоў: Сімана, якога завуць Пятром, і Андрэя, брата ягонага, якія закідвалі мярэжы ў мора; бо яны былі рыбакі.

19 І кажа ім: ідзіце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей.

20 І яны адразу, пакінуўшы мярэжы, пайшлі за Ім.

21 Адтуль прайшоўшы далей, угледзеў Ён іншых двух братоў, Іакава Зевядзеевага і Іаана, брата ягонага, у лодцы з Зевядзеем, бацькам іх, якія ладзілі мярэжы свае, і заклікаў іх.

22 І яны адразу, пакінуўшы лодку і бацьку свайго, пайшлі за Ім.

23 І хадзіў Іісус па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сінагогах іхніх і прапаведуючы Дабравесце Царства і ацаляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у народзе.

24 І прайшоў пра Яго погалас па ўсёй Сірыі; і прыводзілі да Яго ўсіх нямоглых, рознымі хваробамі і пакутамі ахопленых, і апанаваных дэманамі, і лунатыкаў, і спаралізаваных, і Ён ацаляў іх.

25 І за Ім ішло мноства люду з Галілеі і Дзесяцігароддзя, і з Іерусаліма, і з Іудзеі, і з-за Іардана.

Паводле Матфея 5

1 Убачыўшы люд, Ён узышоў на гару; і калі сеў, прыступілі да Яго вучні Ягоныя.

2 I, адкрыўшы вусны Свае, Ён вучыў іх, кажучы:

3 Блажэнныя ўбогія духам, бо іх ёсць Царства Нябеснае.

4 Блажэнныя тыя, што плачуць, бо яны суцешацца.

5 Блажэнныя лагодныя, бо яны ўспадкуюць зямлю.

6 Блажэнныя тыя, хто жадае і прагне праўды, бо яны спатоляцца.

7 Блажэнныя міласэрныя, бо яны памілаваны будуць.

8 Блажэнныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.

9 Блажэнныя міратворцы, бо яны сынамі Божымі назавуцца.

10 Блажэнныя гнаныя за праўду, бо іх ёсць Царства Нябеснае.

11 Блажэнныя вы, калі будуць вас ганьбіць і гнаць і ўсякім словам ліхім несправядліва зневажаць за Мяне.

12 Радуйцеся і весяліцеся, бо ўзнагарода ваша вялікая на нябёсах: так гналі прарокаў, што былі перад вамі.

13 Вы — соль зямлі. Калі ж соль страціць сілу, то чым паправіць яе? Яна ўжо ні на што не прыдатная, хіба што выкінуць яе прэч на патаптанне людзям.

14 Вы — святло свету: не можа схавацца горад, які стаіць на гары.

15 І запаліўшы свечку, не ставяць яе пад пасудзінаю, а на падсвечніку, і свеціць усім, хто ў доме.

16 Так няхай свеціць святло ваша перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і ўслаўлялі Айца вашага, Які ёсць у нябёсах.

17 Не думайце, што Я прыйшоў парушыць закон, альбо прарокаў: не парушыць прыйшоў Я, а здзейсніць.

18 Бо праўду кажу вам: пакуль не мінецца неба і зямля, ані ёта адна, ані рыска адзіная не мінецца з закона, пакуль не збудзецца ўсё.

19 Дык вось, хто парушыць адну з запаведзяў гэтых найменшых і навучыць гэтак людзей, той найменшым назавецца ў Царстве Нябесным; а хто выканае і навучыць, той вялікім назавецца ў Царстве Нябесным.

20 Бо, кажу вам, калі праведнасць ваша не перавысіць праведнасці кніжнікаў і фарысеяў, дык не ўвойдзеце вы ў Царства Нябеснае.

21 Вы чулі, што сказана продкам: "Не забівай; а хто заб'е, падпадае суду".

22 А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго марна, падпадае суду; хто ж бо скажа брату свайму "рака", падпадае сінедрыёну; а хто скажа "неразумны", падпадае геене вогненнай.

23 Дык вось, калі ты прынясеш дар твой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мае нешта супроць цябе,

24 пакінь там дар твой перад ахвярнікам, і ідзі спярша памірыся з братам тваім, і тады прыйдзі і прынясі дар твой.

25 Мірыся з праціўнікам тваім хутчэй, пакуль ты яшчэ ў дарозе з ім, каб не аддаў цябе праціўнік суддзі, а суддзя не аддаў цябе слузе, і не кінулі цябе ў цямніцу;

26 праўду кажу табе: не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга кадранта.

27 Вы чулі, што сказана продкам: "Не чыні пералюбу".

28 А я вам кажу, што кожны, хто глядзіць на жанчыну з пажадаю, ужо ўчыніў пералюб з ёю ў сэрцы сваім.

29 Калі ж правае вока тваё спакушае цябе, вырві яго і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх, а не ўсё цела тваё было ўкінута ў геену.

30 І калі правая твая рука спакушае цябе, адатні яе і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх, а не ўсё цела тваё было ўкінута ў геену.

31 Сказана таксама, што, калі хто развядзецца з жонкаю сваёю, няхай дасць ёй разводны ліст.

32 А Я вам кажу: кожны, хто разводзіцца з жонкаю сваёю, акрамя як з прычыны распусты, той даводзіць яе да пралюбадзейства; і хто ажэніцца з разведзенай, той пралюбадзейнічае.

33 Зноў жа чулі вы, што сказана продкам: "Не давай ілжывай прысягі, а выконвай перад Госпадам прысягі твае".

34 А Я вам кажу: не прысягай зусім: ні небам, бо яно — Прастол Божы;

35 ні зямлёю, бо яна падножжа нагам Яго; ні Іерусалімам, бо ён горад Вялікага Цара;

36 ні галавою тваёю не прысягай, бо не можаш ніводнай валасінкі зрабіць белаю альбо чорнаю.

37 А няхай будзе слова ваша: "так - так", "не - не"; а што звыш гэтага, тое ад ліхога.

38 Вы чулі, што сказана: "Вока за вока, і зуб за зуб".

39 А Я кажу вам не працівіцца злому. А калі хто цябе ўдарыць па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую;

40 і калі хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе сарочку, аддай яму і вопратку;

41 і калі хто цябе змусіць ісці з ім адно попрышча, ідзі за ім два.

42 Таму, хто просіць у цябе, дай і ад таго, хто хоча пазычыць у цябе, не адварочвайся.

43 Вы чулі, што сказана: "Любі блізкага твайго і ненавідзь ворага твайго".

44 А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых, благаслаўляйце тых, што праклінаюць вас, рабіце дабро тым, што ненавідзяць вас і маліцеся за тых, што крыўдзяць вас і гоняць вас;

45 і будзеце вы сынамі Айца вашага, Які ёсць у нябёсах; бо Ён загадвае сонцу Свайму ўзыходзіць над ліхімі і добрымі і пасылае дождж на праведных і няправедных.

46 Бо, калі вы будзеце любіць тых, што любяць вас, якая вам узнагарода? Ці не тое ж самае робяць і мытнікі?

47 І калі вы вітаеце братоў вашых толькі, што асаблівага робіце? Ці не тое ж самае робяць і язычнікі?

48 Дык вось, будзьце дасканалыя, як дасканалы Анцец ваш Нябесны.

Паводле Матфея 6

1 Глядзіце, не выстаўляйце праведнасці вашай перад людзьмі, каб яны бачылі вас: інакш няма вам узнагароды ад Айца вашага, Які ёсць у нябёсах.

2 Дык вось, калі даеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб услаўлялі іх людзі. Праўду кажу вам: яны атрымліваюць узнагароду сваю.

3 У цябе ж, калі даеш міласціну, няхай не велае левая рука твая, што робіць правая,

4 каб міласціна твая была ў тайнасці, і Айцец твой, Які бачыць у тайнасці, аддасць табе на яве.

5 І калі молішся, не будзь, як крывадушнікі, што любяць у сінагогах і на рагах вуліц, стоячы, маліцца, каб выставіцца перад людзьмі. Праўду кажу вам, што яны атрымліваюць узнагароду сваю.

6 Ты ж, калі молішся, зайдзі ў пакой твой і, зачыніўшы дзверы твае, памаліся Айцу твайму, Які ў тайнасці; і Айцен твой, Які бачыць у тайнасці, аддасць табе на яве.

7 А молячыся, не гаварыце лішняга, бы язычнікі; бо яны думаюць, што ў мнагаслоўі сваім пачутыя будуць;

8 дык не будзьце ж падобныя да іх; бо ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней, чым вы ў Яго папросіце.

9 Дык вось, маліцеся так: Ойча наш, Які ёсць у нябёсах! Няхай свяціцца імя Тваё;

10Няхай прыйдзе Царства Тваё; няхай будзе воля Твая як на небе, і на зямлі;

11 хлеб наш надзённы дай нам сёння;

12 і даруй нам даўгі нашы, як і мы даруем даўжнікам нашым;

13 і не ўвядзі нас у спакусу, але збаў нас ад ліхога; бо Тваё ёсць Царства і сіла і слава навекі. Амінь.

14 Бо калі вы будзеце дараваць людзям правіны іх, дык даруе і вам Айцец ваш Нябесны;

15 а як не будзеце дараваць людзям іх правінаў, дык і Айцец ваш не даруе вам правінаў вашых.

16 І калі посціце, не будзьце панурыя, як крывадушнікі; бо яны памрочваюць абліччы свае, каб паказаць сябе людзям поснікамі. Праўду кажу вам, што яны атрымліваюць узнагароду сваю.

17 А ты, калі посціш, намасці галаву тваю і ўмый аблічча тваё,

18 каб явіцца поснікам не перад людзьмі, а перад Айцом тваім, Які ў тайнасці; і Айцец твой, Які бачыць у тайнасці, аддасць табе на яве.

19 Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа нішчаць і дзе зладзеі падкопваюцца і крадуць:

20 а збірайце сабе скарбы на небе, дзе ні моль, ні ржа не знішчаюць і дзе зладзеі не падкопваюцца і не крадуць;

21 бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца ваша.

22 Свяцільнік целу ёсць вока. Дык вось, калі вока тваё будзе чыстае, то ўсё цела тваё светлае будзе;

23 калі ж вока тваё будзе ліхое, то ўсё цела тваё цёмнае будзе. І вось, калі святло, якое ў табе, — цемра, дык якая ж цемра?

24 Ніхто не можа служыць двум гаспадарам: бо альбо аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; альбо аднаго пачне трымацца, а другім будзе пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне.

25 Таму кажу вам: не турбуйцеся дзеля душы вашае, што вам есці і што піць, ні дзеля цела вашага, у што апрануцца. Ці ж душа не большая за ежу, і цела — за вопратку?

26 Зірніце на птушак нябесных: яны не сеюць, ні жнуць, ні збіраюць у жытніцы; і Айцец ваш Нябесны корміць іх. Ці ж вы не намнога лепшыя за іх?

27 Ды і хто з вас, турбуючыся, можа дадаць сабе росту хоць на адзін локаць?

28 І пра вопратку што турбуецеся? Паглядзіце на лілеі палявыя, як яны растуць: не працуюць, ні прадуць;

29 але кажу вам, што і Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як кожная з іх;

30 калі ж траву палявую, якая сёння ёсць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, наколькі ж болей вас, малаверы!

31 Дык вось, не турбуйцеся і не кажыце: "што нам есці?" альбо: “што піць?" альбо: "у што апрануцца?".

32 Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі; ведае бо Айцец ваш Нябесны, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым.

33 Шукайце ж найперш Царства Божага і праўды Яго, і гэта ўсё дадасца вам.

34 Дык вось, не турбуйцеся заўтрашнім днём, бо заўтрашні сам за сябе патурбуецца: досыць кожнаму дню свайго клопату.

Паводле Матфея 7

1 Не судзіце, каб і вас не судзілі;

2 бо якім судом судзіце, такім вас судзіць будуць; і якою мераю мераеце, такою і вам адмераецца.

3 І што ты глядзіш на парушынку ў воку брата твайго, а бервяна ў тваім воку не заўважаеш?

4 Альбо, як скажаш брату свайму: '"Дай, я выму парушынку з вока твайго"; а вось у тваім воку бервяно?

5 Крывадушнік! вымі спачатку бервяно са свайго вока, і тады ўбачыш, як выняць парушынку з вока брата твайго.

6 Не давайце святога сабакам і не кідайце перлаў вашых перад свіннямі, каб яны не стапталі іх нагамі сваімі і, абярнуўшыся, не разарвалі вас.

7 Прасіце, і дадзена будзе вам; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам;

8 бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і, хто шукае, знаходзіць, і, хто стукаецца, таму адчыняць.

9 Ці ёсць сярод вас такі чалавек, які, калі папросіць сын ягоны ў яго хлеба, камень падаў бы яму?

10 і калі рыбы папросіць, змяю падаў бы яму?

11 Дык вось, калі вы, ліхія, умееце дары добрыя даваць вашым дзецям, тым болей Айцец ваш, Які ёсць у нябёсах, дасць даброты тым, хто просіць у Яго.

12 І вось усё, што хочаце, каб рабілі вам людзі, тое і вы рабіце ім; бо ў гэтым закон і прарокі.

13 Уваходзьце вузкімі варотамі; бо шырокія вароты і прасторная дарога вядуць у пагібель, і многія ідуць імі;

14 бо вузкія вароты і цесная дарога вядуць у жыццё, і нямногія знаходзяць іх.

15 Пільнуйцеся ад ілжывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечай адзежы, а ўсярэдзіне — ваўкі драпежныя;

16 па іхніх пладах пазнаеце іх. Ці ж збіраюць з цярноўніку вінаград, альбо з дзядоўніку смоквы?

17 Так усякае добрае дрэва родзіць і плады добрыя, а кепскае дрэва родзіць і плады кепскія:

18 не можа добрае дрэва радзіць кепскія плады, ні дрэва кепскае радзіць плады добрыя.

19 Усякае дрэва, якое не родзіць плоду добрага, ссякаюць і кідаюць у агонь.

20 Дык вось, па пладах іхніх пазнаеце іх.

21 Не кожны, хто кажа Мне: "Госпадзі! Госпадзі!" увойдзе ў Царства Нябеснае, а той, хто выконвае волю Айца Майго, Які ёсць у нябёсах.

22 Многія скажуць Мне ў той дзень: "Госпадзі! Госпадзі! ці не ад Твайго імя мы прарочылі? і ці не Тваім імем дэманаў выганялі? і ці не Тваім імем многія цуды ўчынялі?"

23.І тады абвяшчу ім: "Я ніколі не знаў вас; адыдзіце ад Мяне, вы, што робіце беззаконне".

24 Дык вось, кожнага, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, параўнаю з мужам разумным, які збудаваў свой дом на камені;

25 і паліўся дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і рынуліся на той дом; і ён не ўпаў, бо закладзены быў на камені.

26 А кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і не выконвае іх, падобны будзе да мужа неразважлівага, які збудаваў свой дом на пяску;

27 і паліўся дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і налеглі на дом той; і ён абваліўся, і было падзенне яго вялікае.

28 І сталася, калі Іісус выказаў гэтыя словы, вельмі здзіўляліся людзі вучэнню Яго,

29 бо Ён іх вучыў як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі і фарысеі.

Паводле Матфея 8

1 Калі Ён сышоў з гары, за Ім следам пайшло мноства людзей.

2 І вось, падышоў пракажоны і, кланяючыся Яму, сказаў: Госпадзе! калі хочаш, можаш мяне ачысціць.

3 Іісус, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго і сказаў: хачу, ачысціся. І адразу ачысціўся той ад праказы.

4 І кажа яму Іісус: глядзі, не кажы нікому; але ідзі, пакажыся святару, і прынясі дар, аб якім загадаў Майсей, на сведчанне ім.

5 Калі ж увайшоў Іісус у Капернаум, падышоў да Яго сотнік і папрасіў у Яго:

6 Госпадзе! слуга мой ляжыць дома ў паралічы і моцна пакутуе.

7 Іісус кажа яму: Я прыйду і ацалю яго.

8 А сотнік сказаў Яму ў адказ: Госпадзе! я не варты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах; але скажы толькі слова, і выздаравее слуга мой;

9 бо і я чалавек падуладны; і, маючы ў сябе ў падначаленні воінаў, кажу аднаму: "ідзі", і ідзе; і другому: "прыйдзі", і прыходзіць; і слузе майму: "зрабі тое", і робіць.

10 Пачуўшы гэта, Іісус здзівіўся і сказаў тым, што ішлі за Ім: праўду кажу вам: і ў Ізраілі не знайшоў Я такое веры.

11 Кажу к вам, што многія з усходу і з захаду прыйдуць і ўзлягуць з Аўраамам, Ісаакам і Іакавам у Царстве Нябесным;

12 а сыны царства будуць выкінуты у цемру вонкавую, там будзе плач і скрыгат зубоў.

13 І сказаў Іісус сотніку: ідзі, і, як ты вераваў, няхай будзе табе. І выздаравеў слуга ягоны ў тую ж гадзіну.

14 Прыйшоўшы ў дом Пятра Іісус убачыў цешчу яго, якая ляжала ў гарачцы,

15 і дакрануўся да рукі яе, і пакінула яе гарачка; і ўстала яна і слугавала ім.

16 Калі ж звечарэла, прывялі да Яго многа людзей, апанаваных дэманамі: і Ён выгнаў духаў словам і ўсіх нядужых ацаліў;

17 каб збылося сказанае праз прарока Ісаію, які кажа: "Ён узяў на Сябе нашы немачы, і хваробы панёс".

18 Калі ж Іісус убачыў вакол Сябе мноства люду, эагадаў вучням адплысці на той бок.

19 І адзін кніжнік, падышоўшы, сказаў Яму: Настаўнік! я пайду за Габою, куды б Ты ні пайшоў.

20 І кажа яму Іісус: лісы маюць норы, і птушкі нябесныя гнёзды; а Сын Чалавечы не мае, дзе прыхіліць галаву.

21 А другі, з вучняў, сказаў Яму: Госпадзе, дазволь мне спярша пайсці і пахаваць майго бацьку.

22 Але Іісус сказаў Яму: ідзі за Мною, і пакінь мёртвым хаваць сваіх памерлых.

23 І калі ўвайшоў Ён у лодку, увайшлі за Ім вучні Яго.

24 І вось, бура вялікая сталася на моры, ажно лодку захліствалі хвалі; а Ён спаў.

25 І вучні Яго, падышоўшы да Яго, разбудзілі Яго і сказалі: Госпадзе! ратуй нас, гінем.

26 І кажа ім: чаго вы спалохаліся, малаверы? Тады, устаўшы, забараніў вятрам і мору, і сталася ціша вялікая.

27 А людзі, дзівуючыся, казалі: хто Гэты, што і вятры, і мора слухаюцца Яго?

28 І калі прыплыў Ён на другі бераг у краіну Гергесінскую, сустрэлі Яго, выйшаўшы з магіл, двое апанаваных дэманамі, вельмі лютыя, так што ніхто не мог праходзіць тою дарогаю.

29 І вось, яны закрычалі: што Табе да нас, Іісусе, Сыне Божы? прыйшоў Ты сюды дачасна мучыць нас.

30 А зводдаль ад іх пасвіўся вялікі гурт свіней.

31 І дэманы прасіліся ў Яго: калі выганіш нас, дык пашлі нас у гурт свіней.

32 І Ён сказаў ім: ідзіце. І выйшлі яны, і пайшлі ў гурт свіны. І вось, кінуўся ўвесь гурт свіней з урвішча ў мора і загінуў у вадзе.

33 А пастухі паўцякалі і, прыйшоўшы ў горад, расказалі пра ўсё, і пра апанаваных дэманамі.

34 І вось, увесь горад выйшаў на сустрэчу Іісусу; і, убачыўшы Яго, прасілі, каб Ён адышоў ад іх межаў.

Паводле Матфея 9

1 Ён, увайшоўшы ў лодку, пераплыў і прыйшоў у Свой горад.

2 І вось, прынеслі да Яго паралізаванага, пакладзенага на пасцелі. І ўбачыўшы веру іхнюю, Іісус сказаў паралізаванаму: мацуйся, сыне! даруюцца табе грахі твае.

3 І вось, некаторыя кніжнікі сказалі самі сабе: Ён блюзнерыць.

4 А Іісус, зразумеўшы помыслы іх, сказаў: навошта вы намышляеце ліхое ў сэрцах вашых?

5 бо што лягчэй – сказаць: "даруюцца табе грахі", альбо сказаць: "устань і хадзі"?

6 Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі, тады кажа паралізаванаму: устань, вазьмі пасцель тваю і ідзі ў дом твой.

7 І той устаў, узяў пасцель сваю, і пайшоў у дом свой.

8 А людзі, убачыўшы гэта, дзіву даліся і праславілі Бога, Які даў такую ўладу людзям.

9 Праходзячы адтуль, убачыў Іісус чалавека, што сядзеў на мытні, якога звалі Матфей, і кажа яму: ідзі за Мною. І ўстаў той і пайшоў услед за Ім.

10 І сталася, калі Іісус узляжаў у доме, вось, многія мытнікі і грэшнікі прыйшлі і ўзлеглі з Ім і вучнямі Ягонымі.

11 І ўбачыўшы гэта, фарысеі сказалі вучням Яго: навошта Настаўнік ваш есць і п'е з мытнікамі і грэшнікамі?

12 А Іісус, пачуўшы гэта, сказаў ім: не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, а хворыя;

13 ідзіце, навучыцеся, што азначае: "міласці хачу, а не ахвяры"?, бо Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў да пакаяння.

14 Тады прыходзяць да Яго вучні Іаанавы і кажуць: чаму мы і фарысеі посцім многа, а Твае вучні не посцяць?

15 І сказаў ім Іісус: ці могуць засмучацца сыны харомаў вясельных, пакуль з імі жаніх? Але прыйдуць дні, калі адымецца ў іх жаніх, і тады будуць пасціць.

16 І ніхто не прыстаўляе латкі з нябеленага палатна да старон адзежыны; бо зноў прышытае аддзярэ ад старога, і дзірка будзе яшчэ горшая.

17 Не ўліваюць таксама віна і маладога ў мяхі старыя; а інакш дзяруцца мяхі, і віно выцякае, і мяхі прападаюць; а віно маладое ўліваюць у новыя мяхі, і зберагаецца тое і другое.

18 Калі Ён ім гэта казаў, вось, прыйшоў нейкі начальнік і, кланяючыся Яму, казаў: дачка мая зараз памерла; але прыйдзі, ускладзі на яе руку Тваю, і яна будзе жыць.

19 І ўстаўшы, Іісус пайшоў за ім, і вучні Яго.

20 І вось, жанчына, якая дванаццаць гадоў пакутавала ад крывацечы, падышоўшы ззаду, дакранулася да краю вопраткі Яго,

21 бо яна казала сама сабе: калі толькі дакрануся да вопраткі Яго, выздаравею.

22 А Іісус, абярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: мацуйся, дачка! вера твая ўратавала цябе. І выздаравела жанчына з таго часу.

23 А як прыйшоў Іісус у начальнікаў дом і ўбачыў жалейнікаў і збянтэжаны люд,

24 сказаў ім: выйдзіце; бо не памерла дзяўчына, а спіць. І насміхаліся з Яго.

25 Калі ж людзі былі высланы, Ён, увайшоўшы, узяў яе за руку, і дзяўчына ўстала.

26.І разнеслася вестка пра гэта па ўсёй зямлі той.

27 І калі ішоў адтуль Іісус, ішлі за Ім двое сляпых і крычалі: памілуй нас, Іісусе, Сыне Давідаў!

28 І калі Ён прыйшоў у дом, прыступілі да Яго сляпыя. І кажа ім Іісус: ці верыце, што Я магу зрабіць гэта? Яны кажуць Яму: так Госпадзе!

29 Тады Ён крануўся вачэй іх і сказаў: па веры вашай хан будзе вам.

30 І адкрыліся вочы ў іх; і строга наказаў ім Іісус: глядзіце, каб ніхто не даведаўся.

31 А яны, выйшаўшы, расказалі пра Яго па ўсёй зямлі той.

32 Калі ж тыя выходзілі, вось, прывялі да Яго чалавека нямога, апанаванага дэманам.

33 І калі дэман быў выгнаны, нямы пачаў гаварыць. І люд, дзіву даючыся, казаў: ніколі не было такога явішча ў Ізраілі.

34 А фарысеі казалі: сілаю князя дэманскага выганяе Ён дэманаў.

35 І хадзіў Іісус па ўсіх гарадах і па селішчах, вучачы ў сінагогах іх, прапаведуючы Дабравесце Царства і ацаляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у людзях.

36 Бачачы людзей, Ён пашкадаваў іх, бо яны былі знясіленыя і пакінутыя, як авечкі без пастуха.

37 Тады кажа вучням Сваім: жніва многа, ды работнікаў мала;

38 дык маліце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво Сваё.

Паводле Матфея 10

1 І паклікаўшы дванаццаць вучняў Сваіх, Ён даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх, і ацаляць усякую хваробу і ўсякую немач.

2 А дванаццаці Апосталаў імёны вось такія: першы Сіман, якога называюць Пятром, і Андрэй, брат ягоны, Іакаў Зевядзееў і Іаан, брат яго.

3 Філіп і Варфаламей, Фама і Матфей мытнік, Іакаў Алфееў і Леўвей, празваны Фадзеем,

4 Сіман Кананіт і Іуда Іскарыёт, які і здрадзіў Яму.

5 Гэтых дванаццаць паслаў Іісус і запавядаў ім, кажучы: на шлях язычнікаў не хадзіце і ў горад Самаранскі не ўваходзьце;

6 а ідзіце найболей да пагіблых авечак дому Ізраілевага;

7 і ходзячы, прапаведуўце, што наблізілася Царства Нябеснае;

8 хворых ацаляйце, пракажоных ачышчайце, мёртвых уваскрашайце, дэманаў выганяйце; задарам атрымалі, задарам давайце.

9 Не бярыце з сабою ні золата, ні срэбра, ні медзі ў паясы свае,

10 ні торбы ў дарогу, ні дзве вопраткі, ні абутку, ні посаха. Бо хто працуе, той варты пракорму.

11 У які горад ці селішча вы ні ўвайшлі б, даведайцеся, хто ў ім годны, і там заставайцеся, пакуль не выйдзеце;

12 а ўваходзячы ў дом, вітайце яго, кажучы: "мір дому гэтаму";

13 і калі дом будзе годны, дык сыдзе мір ваш на яго; калі ж не будзе годны, дык мір ваш да вас вернецца.

14 А калі хто не прыме вас і не паслухаецца слоў вашых, дык, выходзячы з дому, альбо з горада таго, абтрасіце пыл з ног вашых;

15 праўду кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садомскай і Гаморскай у дзень судны, чым гораду таму.

16 Вось, я пасылаю вас, як авечак сярод ваўкоў: дык вось, будзьце мудрыя, як змеі, і простыя, як галубы.

17 Сцеражыцеся ж людзей: бо яны аддаваць будуць вас на судзілішчы і ў сінагогах сваіх біць будуць вас,

18 і павядуць вас да правіцеляў і да цароў за Мяне, на сведчанне перад імі і язычнікамі.

19 Калі ж будуць выдаваць вас, не турбуйцеся, як або што сказаць; бо дадзена будзе вам у той час, што сказаць;

20 бо не вы будзеце гаварыць, а Дух Айца вашага гаварыць будзе ў вас.

21 І выдасць брат брата на смерть, і бацька — дзіця; і паўстануць дзеці на бацькоў і заб'юць іх;

22 і будзеце зненавіджаныя ўсімі за імя Маё; а хто вытрывае да канца, уратаваны будзе.

23 Калі ж будуць вас гнаць у адным горадзе, уцякайце ў другі, Бо праўду кажу вам: не паспееце абысці гарадоў Ізраілевых, як прыйдзе Сын Чалавечы.

24 Вучань не вышэйшы за настаўніка, і слуга не вышэйшы за гаспадара свайго.

25 Даволі вучню, каб ён быў, як настаўнік ягоны, і слузе, каб ён быў, як гаспадар ягоны. Калі гаспадара дома назвалі вельзевулам, дык ці не тым болей дамашніх яго?

26 Дык вось, не бойцеся іх: бо няма нічога схаванага, што не адкрылася б, і таемнага, што не было б уведана.

27 Што кажу вам у цемры, кажыце пры святле; і што на вуха чуеце, прапаведуйце з дахаў.

28 І не бойцеся тых, што забіваюць цела, але ж душы забіць не могуць; а бойцеся болей таго, хто можа і душу, і цела загубіць у геене.

29 Ці ж не два вараб’і прадаюцца за асарый? І ніводны з іх не ўпадзе на зямлю без волі Айца вашага;

30 а ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны;

31 дык не бойцеся: вы больш вартыя, чым мноства вераб’ёў.

32 Дык вось, кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, таго вызнаю і Я перад Айцом Маім, Які ёсць у нябёсах;

33 а хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, ад таго адракуся і Я перад Айцом Маім, Які ёсць у нябёсах.

34 Не думайце, што Я прыйшоў прынесці мір на зямлю; не мір прыйшоў Я прынесці, а меч;

35 бо Я прыйшоў падзяліць чалавека з бацькам ягоным, і дачку з маці яе, і нявестку са свякрухай яе.

36 І ворагі чалавеку — дамашнія яго.

37 Хто любіць бацьку ці маці больш за Мяне, не варты Мяне; і хто любіць сына ці дачку больш за Мяне, не варты Мяне;

38 і хто не бярэ крыжа свайго і не ідзе следам за Мною, той не варты Мяне.

39 Хто зберагае душу сваю, страціць яе; а хто страціў душу сваю за Мяне, зберажэ яе.

40 Хто прымае вас, Мяне прымае; а хто Мяне прымае, прымае Таго, Хто паслаў Мяне;

41 хто прымае прарока ў імя прарока, узнагароду прарокаву атрымае; і хто прымае праведніка ў імя праведніка, узнагароду праведнікаву атрымае.

42 І хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі чашай халоднай вады ў імя вучня, праўду кажу вам, не страціць узнагароды сваёй.

Паводле Матфея 11

1 І сталася, калі закончыў Іісус настаўленні дванаццаці вучням Сваім, перайшоў адтуль вучыць і прапаведаваць у гарадах іх.

2 А Іаан, пачуўшы ў цямніцы пра дзеі Хрыстовы, паслаў двух вучняў сваіх

3 сказаць Яму: ці Той Ты, Які павінен прыйсці, ці чакаць нам другога?

4 І сказаў ім Іісус у адказ: ідзіце, скажыце Іаану, што чуеце і бачыце:

5 сляпыя робяцца відушчымі і кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць, і ўбогія дабравесцяць,

6 і блажэнны, хто не спакусіцца аба Мне.

7 Калі ж пайшлі яны, Іісус пачаў гаварыць народу пра Іаана: што глядзець хадзілі вы ў пустыню? ці не трысціну, ветрам калыханую?

8 Што ж глядзець хадзілі вы? ці не чалавека, убранага ў мяккае адзенне? Але тыя, што носяць мяккае адзенне, жывуць у харомах царскіх.

9 Што ж глядзець хадзілі вы? прарока? Так, кажу вам, і больш, чым прарока.

10 Бо ён той, пра якога напісана: "вось, Я пасылаю Ангела Майго перад абліччам Тваім, які падрыхтуе шлях Твой перад Табою".

11 Праўду кажу вам: сярод народжаных жанчынамі не паўставаў большы за Іаана Хрысціцеля; але меншы ў Царстве Нябесным большы за яго.

12 Ад дзён жа Іаана Хрысціцеля да сёння Царства Нябеснае дасягаецца сілаю, і тыя, што сілу ўжываюць здабываюць яго;

13 бо ўсе прарокі і закон прадвясцілі да Іаана.

14 І калі хочаце прыняць, ён ёсць Ілія, які мае прыйсці.

15 Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе.

16 З кім параўнаю род гэты? Падобны ён да дзяцей, якія сядзяць на рынку і, аклікаючы адны другіх,

17 кажуць: "мы ігралі вам на дудцы, а вы не танцавалі; мы спявалі вам жалобнае, а вы не галасілі".

18 Бо прыйшоў Іаан, не есць, не п'е; і кажуць: "у ім дэман".

19 Прыйшоў Сын Чалавечы, есць і п'е; і кажуць: "вось, чалавек, які любіць есці і віно піць, прыяцель мытнікам і грэшніка". І апраўдана мудрасць дзецьмі яе.

20 Тады пачаў Ён дакараць гарады, у якіх найбольш праявіліся сілы Яго, бо яны не пакаяліся.

21 Гора табе, Харазіне! гора табе, Віфсаіда! бо калі б у Тыры і Сідоне явіліся сілы, яўленыя ў вас, яны б даўно ўжо ў валасяніцы і ў попеле пакаяліся;

22 але кажу вам: Тыру і Сідону лягчэй будзе ў дзень судны, чым вам.

23 І ты, Капернауме, што да неба ўзвысіўся, да пекла будзеш нізрынуты;

бо калі б у Садоме явіліся сілы, яўленыя ў табе, дык ён прастаяў бы па сённяшні дзень;

24 але кажу вам, што зямлі Садомскай лягчэй будзе ў дзень судны, чым табе.

25 Тым часам, далей прамаўляючы, Іісус сказаў: слаўлю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты ўтаіў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям.

26 Так, Ойча! бо такое было Тваё ўпадабанне.

27 Усё Мне перададзена Айцом Маім, і ніхто не ведае Сына, толькі Айцец; і Айца не ведае ніхто, толькі Сын, і каму Сын хоча адкрыць.

28 Прыйдзіце да Мяне, усе струджаныя і прыгнечаныя, і Я супакою вас;

29 вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я лагодны і пакорлівы сэрцам; і знойдзеце спакой душам вашым;

30 бо ярмо Маё добрае, і цяжар Мой лёгкі.

Паводле Матфея 12

1 Тым часам праходзіў Іісус у суботу пасевамі, а вучні Яго згаладаліся і пачалі зрываць каласы і есці.

2 Фарысеі, убачыўшы гэта, сказалі Яму: вось, вучні Твае робяць тое, што не дазволена рабіць у суботу.

3 А Ён сказаў ім: хіба вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, што былі з ім?

4 Як ён увайшоў у дом Божы і еў хлябы выстаўлення, якіх нельга было есці ні яму, ні тым, што з ім былі, а толькі адным святарам?

5 Альбо ці не чыталі вы ў законе, што ў суботы святары ў храме парушаюць суботу, аднак не вінаватыя?

6 Але кажу вам, што тут нешта большае за храм;

7 калі б ведалі вы, што азначае: "міласці хачу, а не ахвяры", не асудзілі б невінаватых;

8 бо Сын Чалавечы ёсць Гаспадар і суботы.

9 І перайшоўшы адтуль, увайшоў Ён у сінагогу іхнюю.

10 І вось там быў чалавек з сухою рукою. І спыталіся ў Яго: ці можна ацаляць у суботы? каб звінаваціць Яго.

11 А Ён сказаў ім: ці ёсць сярод вас такі чалавек, што маючы адну авечку, калі яна ў суботу ўпадзе ў яму, не возьме і не выцягне яе?

12 Наколькі ж чалавек лепшы за авечку! Таму можна ў суботы дабро рабіць.

13 Тады кажа чалавеку таму: працягні руку тваю. І той працягнуў; і стала яна здаровай, як другая.

14 А фарысеі выйшлі і раду мелі супраць Яго, як бы загубіць Яго.

Але Іісус, даведаўшыся, пайшоў адтуль.

15.І пайшло за Ім следам багата людзей, і Ён ацаліў іх усіх.

16 і забараніў ім расказваць пра Яго:

17 каб збылося сказанае праз прарока Ісаію, які кажа:

18 "Вось, Юнак Мой, Якога Я выбраў; Любасны Мой, Якога ўпадабала душа Мая. Ускладу Дух Мой на Яго і Ён суд народам абвесціць

19 не запярэчыць, ні залямантуе, і не пачуе ніхто на вуліцах голасу Яго;

20 трысціны надламанай не пераломіць, і кнота, які тлее, не патушыць, пакуль не давядзе суд да перамогі;

21 і на імя Яго будуць спадзявацца народы"

22 Тады прывялі да Яго апанаванага дэманам сляпога і нямога; і ацаліў яго, так што сляпы і нямы пачаў гаварыць і бачыць.

23 І здзіўляўся ўвесь люд і казаў: ці не гэта Хрыстос, Сын Давідаў?

24 А фарысеі, пачуўшы гэта, сказалі: Ён выганяе дэманаў няйначай, як сілаю вельзевула, князя дэманскага.

25 Але Іісус, ведаючы помыслы іх, сказаў ім: усякае царства, якое раздзялілася самое ў сабе, запусцее; і ўсякі горад альбо дом, які раздзяліўся сам у сабе, не ўстаіць.

26 І калі сатана сатану выганяе, дык ён раздзяліўся сам у сабе, як жа ўстаіць царства ягонае?

27 І калі Я вельзевулам выганяю дэманаў, дык сыны вашыя кім выганяюць? Таму яны вам суддзямі будуць.

28 Калі ж Я Духам Божым выганяю дэманаў, то дайшло да вас Царства Божае.

29 Альбо, як можа хто ўвайсці ў дом дужага і рэчы яго зрабаваць, калі спярша не звяжа дужага і тады дом яго зрабуе?

30 Хто не са Мною, той супраць Мяне; і хто не збірае са Мною, той раскідае.

31 Таму кажу вам: усякі грэх і блюзнерства даруюцца людзям; а супраць Духа блюзнерства не даруецца людзям;

32 калі хто скажа слова на Сына Чалавечага, даруецца яму; а калі хто скажа на Духа Святога, не даруецца яму ані ў гэтым веку, ані ў будучым.

33 Альбо прызнайце дрэва добрым і плод яго добрым; альбо прызнайце дрэва кепскім і плод яго кепскім, бо па плодзе дрэва пазнаецца.

34 Адроддзе яхідніна як вы можаце добрае казаць, калі вы ліхія? Бо ад лішніцы сэрца вусны маўляюць.

35 Добры чалавек з добрай скарбніцы выносіць добрае; а ліхі чалавек з ліхой скарбніцы выносіць ліхое.

36 Кажу ж вам, што за кожнае марнае слова, якое вымавяць людзі, дадуць яны адказ у дзень судны:

37 бо

Паводле слоў сваіх апраўдаешся, і

Паводле слоў сваіх асудзішся.

38 Тады адказалі некаторыя кніжнікі і фарысеі, кажучы: Настаўнік! хочам ад Цябе знаменне ўбачыць.

39 Ён ім сказаў у адказ: род ліхі і пералюбны знамення шукае; і знаменне не будзе дадзена яму, акрамя знамення Іоны прарока;

40 бо як Іона быў у чэраве ў кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.

41 Ніневіцяне ўстануць на судзе з родам гэтым і асудзяць яго, бо яны пакаяліся ад пропаведзі Іонавай; і вось, тут больш за Іону.

42 Царыца поўдня ўстане на судзе з родам гэтым і асудзіць яго, бо яна прыходзіла з краю зямлі паслухаць мудрасці Саламонавай, і вось, тут большае за Саламона.

43 Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, то блукае па бязводных мясцінах, шукаючы спакою, і не знаходзіць;

44 тады кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў. І прыйшоўшы застае яго пустым, падмеценым і прыбраным;

45 тады ідзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, люцейшых за сябе, і, ўвайшоўшы, жывуць там; і бывае апошняе для чалавека таго горшы за першае. Так будзе і роду гэтаму ліхому.

46 Калі ж Ён яшчэ прамаўляў да людзей, вось, Маці Яго і браты Яго стаялі на дварэ, хочучы гаварыць з ім.

47 І нехта сказаў Яму: вось Маці Твая і браты Твае на дварэ стаяць, хочучы гаварыць з Табою.

48 Ён жа ў адказ таму, хто гаварыў Яму, сказаў: хто маці Мая? і хто браты Мае?

49 І паказаўшы рукою Сваёю на вучняў Сваіх, сказаў: вось маці Мая і браты Мае;

50 бо хто будзе выконваць волю Айца Майго, Які ёсць у нябёсах, той Мне брат, і сястра, і маці.

Паводле Матфея 13

1 Выйшаўшы таго ж дня з дому, Іісус сеў каля мора.

2 І сабралася да Яго мноства людзей, так што Ён увайшоў у лодку і сеў; а ўвесь люд стаяў на беразе.

3 І гаварыў ім шмат прытчамі,кажучы: вось, выйшаў сейбіт сеяць.

4 І калі сеяў ён, адно ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі і падзяўблі тое;

5 іншае ўпала на мясціны камяністыя, дзе няшмат было зямлі, і неўзабаве ўзышло, таму што зямля была неглыбокая.

6 А калі ўзышло сонца, завяла і, як не мела карэння, засохла;

7 іншае ўпала ў церне, і вырасла церні і заглушыла яго;

8 іншае ўпала на добрую зямлю і ўрадзіла плод: адно ў сто разоў, а другое ў шэсцьдзесят, а тое ў трыццаць.

9 Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!

10 І прыступіўшы, вучні сказалі Яму: чаму прытчамі гаворыш ім?

11 Ён сказаў ім у адказ: таму, што вам дадзена ведаць тайны Царства Нябеснага, а ім не дадзена;

12 бо хто мае, таму дадзена будзе і памножыцца; а хто не мае, у таго адымецца і тое, што мае;

13 дзеля таго прытчамі прамаўляю ім, што яны бачачы не бачаць, і чуючы не чуюць, і не разумеюць;

14 і збываецца над імі прароцтва Ісаіі, якое кажа: "слыхам пачуеце, і не ўразумееце; і вачыма глядзець будзеце, і не ўбачыце;

15 агрубела бо сэрца ў людзей гэтых, і вушыма цяжка чуюць, і вочы свае змежылі, каб не ўгледзець вачыма, і вушыма не пачуць, і сэрцам не ўразумець, і не звернуцца, каб Я ацаліў іх".

16 А вашы блажэнныя вочы, што бачаць; і вушы вашыя, што чуюць;

17 бо праўду кажу вам, што многія прарокі і праведнікі жадалі бачыць тое, што вы бачыце, і не бачылі, і чуць тое, што вы чуеце, і не чулі.

18 Але ж вы пачуйце прытчу пра сейбіта:

19 да кожнага, хто слухае слова пра Царства і не разумее, прыходзіць ліхі і крадзе пасеянае ў сэрцы яго: вось каго азначае пасеянае пры дарозе.

20 А пасеянае на камяністых мясцінах азначае таго, хто чуе слова і адразу з радасцю прымае яго;

21 але не мае кораня ў сабе і непастаянны: калі настане ўціск альбо ганенне за слова, адразу спакушаецца.

22 А пасеянае ў церні азначае таго, хто чуе слова, але клопат веку гэтага і панада багацця заглушае слова, і яно стаецца бясплодным.

23 А пасеянае на добрай зямлі азначае таго, хто чуе слова і разумее, які і плод прыносіць і дае адзін сто, другі шэсцьдзесят, а іншы трыццаць.

24 Другую прытчу прапанаваў Ён ім, кажучы: Царства Нябеснае падобнае на чалавека, які пасеяў добрае насенне на полі сваім;

25 калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў куколь сярод пшаніцы, і пайшоў;

26 калі ўзышла рунь і завязала плод, тады з'явіўся і куколь.

27 Прыйшоўшы, рабы гаспадара дома сказалі яму: гаспадар ці ж не добрае насенне пасеяў ты на полі тваім? адкуль жа на ім куколь?

28 А ён сказаў ім: варожы чалавек гэта зрабіў. А рабы сказалі яму: хочаш, мы пойдзем, выпалем яго?

29 А ён сказаў: не, каб, выбіраючы куколь, вы не павырывалі разам з ім і пшаніцы;

30 пакіньце расці разам тое і другое да жніва; а ў час жніва я скажу жняцам: збярыце перш куколь і звяжыце яго ў снапы, каб спаліць яго; а пшаніцу збярыце ў жытніцу мае.

31 Іншую прытчу прапанаваў Ён ім, кажучы: падобнае Царства Нябеснае на зерне гарчычнае, якое чалавек узяў і пасеяў на полі сваім,

32 якое, хоць меншае за ўсякае насенне, але, калі вырастае, бывае большае за ўсякую траву і робіцца дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і гняздзяцца ў голлі яго.

33 Іншую прытчу сказаў Ён ім: падобнае Царства Нябеснае на закваску, якую жанчына, узяўшы паклала ў тры меры мукі, пакуль не ўкісла ўсё.

34 Гэта ўсё казаў Іісус прытчамі люду, і без прытчы нічога не казаў ім,

35 каб збылося сказанае праз прарока, які кажа: "Разамкну ў прытчах вусны Мае; выкажу ўтоенае ад стварэння свету".

36 Тады Іісус, адпусціўшы людзей, увайшоў у дом. І прыступіўшы да Яго, вучні Яго сказалі: растлумач нам прытчу пра куколь на полі.

37 А Ён ім сказаў у адказ: сейбіт добрага насення ёсць Сын Чалавечы;

38 поле ёсць свет; добрае насенне гэта — сыны Царства, а куколь — сыны ліхога;

39 вораг, які пасеяў яго, ёсць дыявал; жніво ёсць сканчэнне веку, а жняцы — Ангелы.

40 А таму, як збіраюць куколь і агнём паляць, гэтак сама будзе пры сканчэнні веку гэтага:

41 пашле Сын Чалавечы Ангелаў Сваіх, і збяруць з Царства Яго ўсе спакусы і тых, што чыняць беззаконне,

42 і ўкінуць іх у печ вогненную; там будзе плач і скрыгат зубоў;

43 тады праведныя заззяюць, як сонца, у Царстве Айца іх. Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!

44 Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на скарб, схаваны на полі, які, знойшоўшы, чалавек утоіў, і ў радасці ад гэтага ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе поле тое.

45 Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на купца, які шукае прыгожых перлаў,

46 які, знайшоўшы адзін шматкаштоўны перл, пайшоў і прадаў усё, што меў, і купіў яго.

47 Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на невад, закінуты ў мора і поўны рыбы ўсялякага роду,

48 які, калі ён напоўніўся, выцягнулі на бераг і, сеўшы, добрае склалі ў начынне, а нядобрае выкінулі прэч.

49 Так будзе пры сканчэнні веку: выйдуць Ангелы і аддзеляць ліхіх з асяроддзя праведных,

50 і ўкінуць іх у печ вогненную:там будзе плач і скрыгат зубоў.

51 Сказаў ім Іісус: ці зразумелі вы гэта ўсё? Яны кажуць Яму: так, Госпадзе!

52 А Ён сказаў ім: таму ўсякі кніжнік, навучаны Царству Нябеснаму, падобны на гаспадара дома, які выносіць са скарбніцы сваёй новае і старое.

53 І сталася, калі скончыў Іісус прытчы гэтыя, пайшоў адтуль.

54 І прыйшоўшы на бацькаўшчыну Сваю, вучыў іх у сінагозе іхняй, так што яны здзіўляліся і казалі: адкуль у Яго гэтая мудрасць і сілы?

55 ці не цясляроў Ён Сын? ці не Ягоную Маці завуць Марыя, і браты Яго Іакаў і Іасій, і Сіман і Іуда?

56 і сёстры Яго ці не ўсе сярод нас? адкуль жа ў Яго ўсё гэта?

57 І спакушаліся аб Ім. А Іісус сказаў ім: не бывае прарока без пашаны, хіба што толькі на бацькаўшчыне сваёй, і ў доме сваім.

58 І не ўчыніў там многіх цудаў з-за няверства іх.

Паводле Матфея 14

1 У той час Ірад тэтрарх пачуў погалас пра Іісуса,

2 і сказаў служкам сваім: гэта Іаан Хрысціцель; ён паўстаў з мёртвых, і таму цуды ўчыняюцца ім.

3 Бо Ірад, узяўшы Іаана, звязаў яго і пасадзіў у цямніцу з-за Ірадыяды, жонкі Філіпа, брата свайго;

4 таму што Іаан казаў яму: нельга табе мець яе.

5 І хацеў яго забіць, але пабаяўся народу, бо яго ўважалі за прарока.

6 А ў дзень народзін Ірада, скакала дачка Ірадыяды перад усімі і дагадзіла Іраду;

7 таму ён пад прысягаю абяцаў ёй даць, чаго толькі яна ні папросіць.

8 А яна, падбухтораная маці сваёю, сказала: дай мне тут на місе галаву Іаана Хрысціцеля.

9 І засмуціўся цар; але дзеля прысягі і тых, што ўзляжалі з ім, загадаў даць ёй,

10 і паслаў адцяць Іаану галаву ў цямніцы.

11 І прынеслі галаву яго на місе, і далі дзяўчыне; а яна занесла маці сваёй.

12 А вучні яго, прыйшоўшы, узялі яго цела і пахавалі яго; і пайшлі, абвясцілі Іісусу.

13 І пачуўшы, адплыў Іісус адтуль на лодцы ў пустэльнае месца адзін; а люд, пачуўшы

пра тое, пайшоў за Ім з гарадоў пяшком.

14 І выйшаўшы, Іісус убачыў мноства людзей і пашкадаваў іх, і ацаліў хворых іх.

15 Калі ж звечарэла, прыступілі да Яго вучні Ягоныя і сказалі: пустэльная тут мясціна, і час ужо позні; адпусці людзей, каб яны пайшлі ў селішчы і купілі ежы сабе.

16 Але Іісус сказаў ім: не трэба ім ісці; вы дайце ім есці.

17 Яны ж кажуць Яму: у нас тут толькі пяць хлябоў і дзве рыбіны.

18 Ён сказаў: прынясіце іх Мне сюды.

19 І загадаў народу ўзлегчы на траву і, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбіны, узвёў вочы ў неба, благаславіў, разламаў і даў хлябы вучням, а вучні — народу.

20 І елі ўсе, і насыціліся; і набралі рэшты кавалкаў дванаццаць кашоў поўных;

21 а тых, што елі, было каля пяці тысяч чалавек, апроч жанчын і дзяцей.

22 І адразу прымусіў Іісус вучняў Сваіх увайсці ў лодку і выправіцца раней за Яго на той бок, пакуль Ён адпусціць людзей.

23 І адпусціўшы людзей, Ён узышоў на гару сам-насам памаліцца; і калі звечарэла, заставаўся там адзін.

24 А лодка была ўжо на сярэдзіне мора, і яе біла хвалямі, бо вецер быў супраціўны.

25 А ў чацвёртую варту ночы пайшоў да іх Іісус, ідучы па моры.

26 І вучні, убачыўшы Яго, што ішоў Ён па моры, сумеліся і казалі: гэта прывід; і ад страху закрычалі.

27 Але Іісус адразу загаварыў з імі і сказаў: узбадзёрцеся; гэта Я, не бойцеся.

28 Пётр сказаў Яму ў адказ: Госпадзе! калі гэта Ты, загадай мне прыйсці да Цябе па вадзе.

29 А Ён сказаў: ідзі. І выйшаўшы з лодкі, Пётр пайшоў па вадзе, каб падысці да Іісуса;

30 але, бачачы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў: Госпадзе! уратуй мяне.

31 Іісус адразу, працягнуўшы руку, падтрымаў яго і кажа яму: малаверны! навошта ты засумняваўся?

32 І калі ўвайшлі яны ў лодку, вецер аціх.

33 А тыя, што ў лодцы былі, падышлі, пакланіліся Яму і сказалі: сапраўды, Ты Сын Божы.

34 І пераправіўшыся, прыбылі ў зямлю Генісарэцкую.

35 І, пазнаўшы Яго, жыхары той мясціны паслалі ва ўсё наваколле тое і прынеслі да Яго ўсіх хворых,

36 і прасілі Яго, каб толькі дакрануцца да краю адзення Яго; і каторыя дакраналіся, ацаляліся.

Паводле Матфея 15

1 Тады прыходзяць да ІІсуса Іерусалімскія кніжнікі і фарысеі і кажуць:

2 навошта вучні Твае парушаюць звычай старцаў? бо не ўмываюць рук сваіх, калі ядуць хлеб.

3 А Ён сказаў ім у адказ: навошта і вы парушаеце запаведзь Божую дзеля звычаю вашага?

4 Бо Бог запаведаў, сказаўшы: шануй бацьку і маці; і: хто ліхасловіць бацьку альбо маці, смерцю няхай памрэ.

5 А вы кажаце: калі хто скажа бацьку альбо маці: "дар Богу -тое, чым бы ты ад мяне карыстаўся",

6 той можа і не ўшанаваць бацьку альбо маці сваю; такім чынам вы скасавалі запаведзь Божую дзеля звычаю вашага.

7 Крывадушнікі! добра прарочыў пра вас Ісаія, кажучы:

8 "Набліжаюцца да Мяне людзі гэтыя вуснамі сваімі і шануюць Мяне языком; а сэрца іх далёка адлягае ад Мяне;

9 але марна шануюць Мяне, навучаючы вучэнням, запаведзям чалавечым".

10 І паклікаўшы люд, сказаў яму: слухайце і разумейце:

11 не тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека; а што выходзіць з вуснаў, тое апаганьвае чалавека.

12 Тады вучні Яго, прыступіўшы, сказалі Яму: ці ведаеш, што фарысеі, пачуўшы слова гэтае, спакусіліся?

13 А Ён сказаў у адказ: усякая расліна, якую не Айцец Мой Нябесны пасадзіў, выкараніцца;

14 пакіньце іх: яны — сляпыя павадыры сляпых; а калі сляпы сляпога вядзе, дык абодва ў яму ўпадуць.

15 А Пётр сказаў Яму ў адказ: растлумач нам прытчу гэтую.

16 Іісус сказаў: няўжо і вы яшчэ не маеце разумення?

17 ці яшчэ не разумееце, што ўсё, што ўваходзіць у вусны, праходзіць у чэрава і вывяргаецца прэч?

18 а што выходзіць з вуснаў — з сэрца выходзіць; і гэта апаганьвае чалавека;

19 бо з сэрца выходзяць ліхія помыслы, забойствы, пралюбадзействы, распуста, крадзяжы, ілжывыя сведчанні, знявагі:

20 гэта апаганьвае чалавека; а есці няўмытымі рукамі — не апаганьвае чалавека.

21 І выйшаўшы адтуль, адышоў Іісус у межы Тырскія і Сідонскія.

22 І вось, жанчына Хананеянка, выйшаўшы з тых мясцін, закрычала Яму: памілуй мяне, Госпадзе, Сыне Давідаў, дачку маю цяжка мучыць дэман.

23 Але Ён не адказаў ёй ні слова. І вучні Яго, прыступіўшы, прасілі Яго, кажучы: адпусці яе, бо крычыць за намі.

24 А Ён сказаў у адказ: Я пасланы толькі да пагіблых авечак дому Ізраілевага.

25 А яна, падышоўшы, кланялася Яму, кажучы: Госпадзе! памажы мне.

26 А Ён сказаў у адказ: нядобра - узяць хлеб ад дзяцей і кінуць шчанятам.

27 Яна ж сказала: так, Госпадзе! але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іх.

28 Тады Іісус сказаў ёй у адказ: о жанчына! вялікая вера твая; няхай станецца табе, як ты хочаш. І выздаравела яе дачка ў тую ж гадзіну.

29 Перайшоўшы адтуль, прыйшоў Іісус да мора Галілейскага і, узышоўшы на гару, сеў там.

30 І прыступіла да Яго мноства людзей, маючы з сабою кульгавых, сляпых, нямых, знявечаных і іншых многіх, і паклалі іх да ног Іісусавых; і Ён ацаліў іх;

31 так што людзі здзіўляліся, бачачы, як нямыя гавораць, знявечаныя здаравеюць, кульгавыя ходзяць і сляпыя бачаць; і праслаўлялі Бога Ізраілевага.

32 А Іісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў ім: шкада Мне людзей, бо ўжо тры дні застаюцца пры Мне, і няма чаго ім есці; і адпусціць іх няеўшых не хачу, каб не аслаблі ў дарозе.

33 І кажуць Яму вучні Яго: адкуль нам узяць у пустыні столькі хлябоў, каб накарміць столькі людзей?

34 І кажа ім Іісус: колькі ў вас хлябоў? А яны адказалі: сем, і трошкі рыбак.

35 І загадаў людзям узлегчы на зямлю.

36 I, узяўшы сем хлябоў і рыбы, узнёс падзяку, пераламаў і даў вучням Сваім, а вучні — людзям.

37 І елі ўсе, і наеліся; і набралі рэшты кавалкаў сем кашоў поўных;

38 А тых, што елі, было чатыры тысячы чалавек, акрамя жанчын і дзяцей.

39 І адпусціўшы народ, Ён увайшоў у лодку і прыбыў у межы Магдалінскія.

Паводле Матфея 16

1 І прыступілі фарысеі і садукеі і, спакушаючы, прасілі Яго паказаць ім знаменне з неба.

2 А Ён сказаў ім у адказ: вечарам вы кажаце: будзе пагода, бо неба агністае;

3 і раніцай: сёння непагадзь, бо неба агніста-хмарнае. Крывадушнікі! аблічча неба вы ўмееце адрозніваць, а знакаў часу не можаце?

4 Род ліхі і пералюбны азнакі шукае, і азнака не дасца яму, акрамя азнакі Іоны прарока. І пакінуўшы іх, адышоў.

5 І перапраўляючыся на другі бок, вучні Яго забыліся ўзяць хлябоў.

6 Іісус сказаў ім: глядзіце, сцеражыцеся закваскі фарысейскай і садукейскай.

7 Яны ж разважалі самі сабе, кажучы: хлябоў мы не ўзялі.

8 Уразумеўшы гэта, Іісус сказаў ім: што разважаеце самі сабе, малаверныя, што хлябоў не ўзялі?

9 Няўжо яшчэ не разумееце і не памятаеце пра пяць хлябоў на пяць тысяч, і колькі кашоў вы набралі?

10 Ні пра сем хлябоў на чатыры тысячы, і колькі кошыкаў набралі?

11 Як не разумееце, што не пра хлябы Я сказаў вам: "сцеражыцеся закваскі фарысейскай і садукейскай"?

12 Тады яны зразумелі, што Ён сказаў асцерагацца не закваскі хлебнай, а вучэння фарысейскага і садукейскага.

13 А прыйшоўшы ў межы Кесарыі Філіпавай, Іісус пытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: за каго людзі ўважаюць Мяне, Сына Чалавечага?

14 Яны сказалі: адны за Іаана Хрысціцеля, а другія за Ілію, а іншыя за Іерамію альбо за аднаго з прарокаў.

15 Ён кажа ім: а вы за каго ўважаеце Мяне?

16 І Сіман Пётр сказаў у адказ: Ты — Хрыстос, Сын Бога Жывога.

17 І Іісус сказаў яму ў адказ: блажэнны ты, Сімане, сыне Іонаў, бо не плоць і кроў адкрылі табе гэта, а Айцец Мой, Які ёсць у нябёсах;

18 і Я кажу табе: ты Пётр, і на камені гэтым Я збудую Царкву Маю, і брамы пякельныя не адолеюць яе.

19 І дам табе ключы Царства Нябеснага: і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў нябёсах; і што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў нябёсах.

20 Тады Іісус загадаў вучням Сваім, каб нікому не казалі, што Ён ёсць Хрыстос.

21 3 таго часу Іісус пачаў адкрываць вучням Сваім, што Яму належыць ісці ў Іерусалім і многа адпакутаваць ад старэйшын і першасвятароў і кніжнікаў, і мае быць забіты, і на трэці дзень уваскрэснуць.

22 I, адвёўшы Яго, Пётр пачаў пярэчыць Яму, кажучы: міласэрны Ты, Госпадзе! Няхай не будзе гэтага з Табою!

23 А Ён, абярнуўшыся, сказаў Пятру: адыдзі ад Мяне, сатана! ты Мне спакуса, бо думаеш не пра тое, што Божае, а што чалавечае.

24 Тады Іісус сказаў вучням Сваім: калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой і ідзе ўслед за Мною;

25 бо хто хоча душу сваю ўратаваць, той страціць яе; а хто страціць душу сваю дзеля Мяне, той знойдзе яе;

26 бо якая карысць чалавеку, калі ён увесь свет здабудзе, а душы сваёй пашкодзіць? альбо які выкуп дасць чалавек за душу сваю?

27 бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца Свайго з Ангеламі Сваімі, і тады аддасць кожнаму

Паводле спраў ягоных.

28 Праўду кажу вам: ёсць сярод тых, што стаяць тут, некаторыя, якія не зазнаюць смерці, пакуль не ўбачаць Сына Чалавечага, як Ён ідзе ў Царстве Сваім.

Паводле Матфея 17

1 І праз шэсць дзён ўзяў Іісус Пятра, Іакава і Іаана, брата яго, і ўзвёў іх на гару высокую адных,

2 і перамяніўся перед імі, і заззяла аблічча Яго, як сонца, а ўбранне Яго стала белае, як святло.

3 I вось, явіліся ім Маісей і Ілія, і з Ім гутарылі.

4 Азваўшыся, Пётр сказаў Іісусу: Госпадзе! добра нам тут быць; калі хочаш, зробім тут тры шатры: Табе адну, і Маісею адну, і адну Іліі.

5 Калі ён яшчэ гаварыў, вось, воблака светлае ахінула іх; і вось, голас з воблака мовіў: Гэты ёсць Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў; Яго слухайце.

6 І пачуўшы, вучні ўпалі на твары свае і вельмі перапалохаліся.

7 І прыступіўшы, Іісус дакрануўся да іх і сказаў: устаньце і не бойцеся.

8 А узвёўшы вочы свае, яны нікога не ўбачылі, акрамя аднаго Іісуса.

9 І калі сыходзілі яны з гары, Іісус загадаў ім, кажучы: нікому не кажыце пра бачанае, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых.

10 І спыталіся ў Яго вучні Ягоныя, кажучы: як жа кніжнікі кажуць, што Ілія мае прыйсці раней?

11 Іісус сказаў ім у адказ: Ілія сапраўды прыйдзе раней і падрыхтуе усё;

12 але кажу вам, што Ілія ўжо прыйшоў, і не пазналі яго, а зрабілі з ім, што хацелі; так і Сын Чалавечы мае пацярпець ад іх.

13 Тады зразумелі вучні, што Ён пра Іаана Хрысціцеля казаў ім.

14 І калі прыйшлі яны да люду, надышоў да Яго чалавек і, укленчыўшы перад ім,

15 сказаў: Госпадзе! памілуй сына майго; ён лунатык і цяжка пакутуе, бо часта падае ў агонь і часта ў ваду;

16 я прыводзіў яго да вучняў Тваіх, і яны не маглі ацаліць яго.

17 А Іісус сказаў у адказ: о, родзе бязверны і разбэшчаны! дакуль буду з вамі? дакуль буду цярпець вас? прывядзіце яго да Мяне сюды.

18 І забараніў яму Іісус; і выйшаў з яго дэман; і выздаравеў хлопец у тую ж хвіліну.

19 Тады вучні, прыступіўшы да Іісуса асобна, сказалі: чаму мы не маглі выгнаць яго?

20 А Іісус сказаў ім: ад няверства вашага; бо праўду кажу вам: калі вы будзеце мець веру з гарчычнае зерне і скажаце гары гэтай: "перайдзі адсюль туды", і яна пяройдзе; і нічога не будзе немагчымага вам.

21 Гэты ж род выганяецца толькі малітваю і постам.

22 У той час, як былі яны ў Галілеі, сказаў ім Іісус: аддадзены будзе Сын Чалавечы ў рукі чалавечыя,

23 і заб'юць Яго, і на трэці дзень уваскрэсне. І засмуціліся яны вельмі.

24 Калі ж прыйшлі яны ў Капернаум, дык падышлі збіральнікі дыдрахмаў да Пятра і сказалі: Настаўнік ваш ці не дасць дыдрахмы?

25 Ён кажа: так. І калі ўвайшоў ён у дом, дык Іісус, напярэдзіўшы яго, сказаў: як табе здаецца, Сімане? цары зямныя з каго бяруць мыта ці падатак? ці з сыноў сваіх, ці з чужых?

26 Кажа Яму Пётр: з чужых. Сказаў яму Іісус: значыцца, сыны свабодныя;

27 але каб нам не спакусіць іх, ідзі на мора, закінь вуду, і першую рыбіну, якая зловіцца, вазьмі; і, адкрыўшы рот ёй, знойдзеш статыр; вазьмі яго і дай ім за Мяне і за сябе.

Паводле Матфея 18

1 У той час прыступілі вучні да Іісуса, кажучы: хто ж большы ў Царстве Нябесным?

2 І паклікаўшы дзіця, Іісус паставіў яго сярод іх

3 і сказаў: праўду кажу вам, калі не навернецеся і не будзеце, як дзеці, не ўвойдзеце ў Царства Нябеснае;

4 дык вось, хто ўпакорыцца, як гэтае дзіця, той большы ў Царстве Нябесным;

5 і хто прыме адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае;

6 а хто спакусіць аднаго з малых гэтах, што веруюць у Мяне, таму лепей было б, каб павесілі жарон млынавы на шыю яго і ўтапілі яго ў глыбіні марской.

7 Гора свету ад спакусаў, бо павінны прыйсці спакусы; але гора таму чалавеку, праз якога спакусы прыходзяць.

8 Калі ж рука твая, альбо нага твая спакушае цябе, адатні яе і кінь ад сябе: лепш табе ўвайсці ў жыццё без рукі альбо без нагі, чым з дзвюма рукамі і дзвюма нагамі быць укінутым у агонь вечны;

9 і калі вока тваё спакушае цябе, вырві яго і кінь ад сябе: лепш табе з адным вокам ў жыццё ўвайсці, чым з двума вачыма быць укінутым у геену вогненную.

10 Глядзіце, не пагарджайце ніводным з малых гэтых; бо кажу вам, што Ангелы іх на нябёсах заўсёды бачаць аблічча Айца Майго Нябеснага.

11 Бо прыйшоў Сын Чалавечы зыскаць і выратаваць пагіблае.

12 Як вам здаецца? Калі б у нейкага чалавека было сто авечак і заблудзілася адна з іх; ці не пакіне ён дзевяноста дзевяці ў гарах ; ці не пойдзе тую шукаць, што заблудзілася?

13 і калі ўдасца знайсці яе, дык, праўду кажу вам, ён радуецца за яе болей, чым за дзевяноста дзевяць, што не заблудзіліся.

14 Так няма волі Айца вашага Нябеснага, каб загінуў адзін з малых гэтых.

15 А калі саграшыць супроць цябе брат твой, ідзі і выкрый яго паміж табою і ім адным; калі паслухаецца цябе, дык здабыў ты брата твайго;

16 калі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго альбо двух, каб вуснамі двух альбо трох сведкаў пацвердзілася кожнае слова;

17 калі ж не паслухаецца іх, скажы царкве; а калі і царквы не паслухаецца, дык няхай будзе ён табе, як язычнік і мытнік.

18 Праўду кажу вам: што вы звяжаце на зямлі, тое будзе звязана на небе; і што развяжаце на зямлі, тое будзе развязана на небе.

19 Праўду таксама кажу вам, што калі двое з вас пагодзяцца на зямлі прасіць за любую справу, дык чаго б ні папрасілі, будзе ім ад Айца Майго, Які ёсць у нябёсах;

20 бо дзе двое альбо трое сабраныя ў імя Маё, там Я сярод іх.

21 Тады прыступіў Пётр і сказаў Яму: Госпадзе! колькі разоў дараваць брату майму, які грашыць супроць мяне? ці да сямі разоў?

22 Кажа яму Іісус: не кажу табе: "да сямі", а да сямі разоў па семдзесят.

23 Таму Царства Нябеснае падобнае на цара, які захацеў зрахавацца з рабамі сваімі.

24 Калі ён пачаў рахавацца, прывялі да яго аднаго, хто быў вінен яму дзесяць тысяч талантаў;

25 а як ён не меў, чым заплаціць, дык уладар ягоны загадаў прадаць яго, і жонку яго, і дзяцей, і ўсё, што ён меў, і заплаціць.

26 Тады раб той упаў і, кланяючыся яму, казаў: "уладару! пацярпі на мне, і ўсё табе заплачу".

27 Уладар, злітаваўшыся над рабом тым, адпусціў яго і доўг дараваў яму.

28 А раб той, выйшаўшы, знайшоў аднаго з таварышаў сваіх, які вінен яму быў сто дынарыяў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: "аддай мне, што вінен".

29 Тады таварыш ягоны ўпаў да ног яму, умольваў яго і казаў: "пацярпі на мне, і ўсё аддам табе".

30 Але той не схацеў, а пайшоў і ўвязніў яго ў цямніцу, пакуль не аддасць доўгу.

31 Таварышы яго, убачыўшы тое, засмуціліся вельмі, і прыйшоўшы расказалі ўладару свайму пра ўсё, што было.

32 Тады ўладар ягоны заклікае яго і кажа: "ліхі раб! увесь доўг той я дараваў табе, бо ўпрасіў ты мяне;

33 ці не след было і табе памілаваць таварыша твайго, як і я цябе памілаваў?"

34 I, угневаўшыся, уладар ягоны аддаў яго катам, пакуль не аддасць увесь доўг свой.

35 Так і Айцец Мой Нябесны зробіць з вамі, калі не даруеце кожны брату свайму ад сэрца свайго правінаў ягоных.

Паводле Матфея 19

1 І сталася, калі Іісус закончыў словы гэтыя, дык выйшаў з Галілеі і прыйшоў у межы Іудзейскія, па той бок Іардана.

2 За Ім следам пайшло шмат людзей, і Ён ацаліў іх там.

3 I прыступілі да Яго фарысеі і, спакушаючы Яго, казалі Яму: ці з усякай прычыны дазволена чалавеку разводзіцца з жонкай сваёю?

4 Ён сказаў ім у адказ: ці не чыталі вы, што Творца ад пачатку стварыў іх мужчынам і жанчынай?

5 І сказаў: таму пакіне чалавек бацьку і маці і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое плоццю адною,

6 так што яны ўжо не двое, а адна плоць. Дык вось, што Бог злучыў, таго чалавек няхай не разлучае.

7 Яны кажуць Яму: як жа Маісей запаведаў даваць разводны ліст і разводзіцца з ёю?

8 Ён кажа ім: Маісей, з прычыны жорсткага сэрца вашага, дазволіў вам разводзіцца з жонкамі вашымі; а спачатку не было так.

9 Але Я кажу вам: хто развядзецца з жонкаю сваёю не за распусту і ажэніцца з іншаю, той пралюбадзейнічае; і хто ажэніцца з разведзенай, пралюбадзейнічае.

10 Кажуць Яму вучні Яго: калі такі абавязак чалавека перад жонкаю, дык лепш не жаніцца.

11 А Ён сказаў ім: не ўсе разумеюць слова гэтае, а каму дадзена,

12 бо ёсць скапцы, якія з лона матчынага нарадзіліся так; і ёсць скапцы, якія выпакладаны людзьмі; і ёсць скапцы, якія зрабілі самі сябе скапцамі дзеля Царства Нябеснага. Хто можа зразумець, няхай зразумее.

13 Тады прыведзены былі да Яго дзеці, каб Ён усклаў на іх рукі і памаліўся; а вучні забаранялі ім.

14 Але Іісус сказаў: пусціце дзяцей і не перашкаджайце ім прыходзіць да Мяне, бо такім належыць Царства Нябеснае.

15 І ўсклаўшы на іх рукі, пайшоў адтуль.

16 І вось, адзін нейкі, падышоўшы, сказаў Яму: Настаўнік Добры! што зрабіць мне добрага, каб мець жыццё вечнае?

17 А Ён сказаў яму: што ты называеш Мяне добрым? Ніхто не добры, толькі адзін Бог. Калі ж хочаш увайсці ў жыццё, трымайся запаведзяў.

18 Кажа Яму: якіх? А Іісус сказаў: не забівай; не пралюбадзейнічай; не крадзі; не сведчы лжыва;

19 шануй бацьку і маці; і: любі блізкага твайго, як самога сябе.

20 Кажа Яму юнак: усё гэта захаваў я з юнацтва майго: чаго яшчэ не хапае мне?

21 Сказаў яму Іісус: калі хочаш дасканалым быць, ідзі, прадай уласнасць тваю і раздай убогім; і мець будзеш скарб на нябёсах; і прыходзь, і ідзі за Мною.

22 Пачуўшы слова гэтае, юнак адышоў у смутку, бо ў яго была вялікая маёмасць.

23 А Іісус сказаў вучням Сваім: праўду кажу вам, што цяжка багатаму ўвайсці ў Царства Нябеснае;

24 і яшчэ кажу вам: лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Царства Божае.

25 Пачуўшы гэта, вучні Яго вельмі здзівіліся і сказалі: дык хто ж можа быць збаўлены?

26 А Іісус паглядзеў і сказаў ім: людзям гэта немагчыма, а Богу ўсё магчыма.

27 Тады Пётр, адказваючы, сказаў Яму: вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі следам за Табою; што ж будзе нам?

28 А Іісус сказаў ім: праўду кажу вам, што вы, хто пайшоў следам за Мною, у новым жыцці, калі сядзе Сын Чалавечы на прастоле славы Сваёй, сядзеце і вы на дванаццаці прастолах судзіць дванаццаць каленаў Ізраілевых;

29 і кожны, хто пакіне дамы, альбо братоў, альбо сясцёр, альбо бацьку, альбо маці, альбо жонку, альбо дзяцей, альбо палі дзеля імя Майго, атрымае ў сто разоў больш і ўспадкуе жыццё вечнае.

30 А многія першыя будуць апошнімі, і апошнія першымі.

Паводле Матфея 20

1 Бо Царства Нябеснае падобнае на гаспадара дома, які выйшаў на досвітку наняць работнікаў у вінаграднік свой.

2 І, згадзіўшы работнікаў па дынарыі ў дзень, паслаў іх у вінаграднік свой.

3 І выйшаўшы каля трэцяй гадзіны, ён убачыў іншых, якія стаялі на рынку без працы,

4 і ім сказаў: ідзіце і вы ў вінаграднік мой, і што справядліва будзе, дам вам. Яны пайшлі.

5 Зноў выйшаўшы каля шостай і дзевятай гадзіны, зрабіў тое самае.

6 А, выйшаўшы каля адзінаццатай гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі без працы, і кажа ім: што вы тут стаіце цэлы дзень без працы?

7 Яны кажуць яму: ніхто не наняў нас. Ён кажа ім: ідзіце і вы ў вінаграднік мой, і што справядліва будзе, атрымаеце.

8 А калі звечарэла, кажа гаспадар вінаградніка наглядчыку свайму: пакліч работнікаў і аддай ім плату, пачаўшы з апошніх да першых.

9 І тыя, што прыйшлі каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынарыі.

10 Тыя, што прыйшлі першыя, думалі, што болей атрымаюць; але атрымалі і яны па дынарыі.

11 І атрымаўшы, пачалі наракаць на гаспадара дома

12 і казалі: гэтыя апошнія адну гадзіну працавалі, і ты зраўняў іх з намі, а мы ж перанеслі цягату дня і спёку.

13 А ён у адказ сказаў аднаму з іх: дружа! я не крыўджу цябе; ці ж не за дынарый ты дамовіўся са мною?

14 вазьмі сваё ды ідзі; я ж хачу гэтаму апошняму даць што і табе;

15 хіба я не маю ўлады рабіць што хачу ў сваім? ці вока тваё зайздрослівае ад таго, што я добры?

16 Так будуць апошнія першымі, і першыя апошнімі; бо шмат пакліканых, ды мала выбраных.

17 І, узыходзячы ў Іерусалім, Іісус адвёў дванаццаць вучняў асобна і дарогаю сказаў ім:

18 вось, мы ўзыходзім у Іерусалім, і Сын Чалавечы, выдадзены будзе першасвятарам і кніжнікам, і засудзяць Яго на смерць;

19 і выдадуць Яго язычнікам на ганьбаванне і біццё і ўкрыжаванне; і на трэці дзень уваскрэсне.

20 Тады прыступіла да Яго маці сыноў Зевядзеевых з сынамі сваімі, кланяючыся і чагосьці просячы ўЯго.

21 Ён жа сказаў ёй: чаго ты хочаш? Яна кажа Яму: скажы, каб селі гэтыя два сыны мае адзін праваруч, а другі леваруч ад Цябе ў Царстве Тваім.

22 Іісус сказаў у адказ: не ведаеце, чаго просіце; ці можаце піць чашу, якую Я буду піць, альбо хрышчэннем, якім Я хрышчуся хрысціцца? Яны кажуць Яму: можам.

23 І кажа ім: чашу Маю будзеце піць, і хрышчэннем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысціцца; але даць сесці ў Мяне праваруч і леваруч не ад Мяне залежыць, а каму ўгатавана Айцом Маім.

24 Пачуўшы гэта, дзесяцера вучняў абурыліся на двух братоў.

25 Іісус жа, паклікаўшы іх, сказаў: вы ведаеце, што князі народаў пануюць над імі, і вяльможы ўладараць над імі.

26 Але не так няхай будзе паміж вамі; а хто хоча між вамі большым быць, няхай будзе вам слугою;

27 і хто хоча між вамі быць першым, няхай будзе вам рабом;

28 бо Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму служылі, а каб паслужыць і аддаць душу Сваю як выкуп за многіх.

29 І калі выходзілі яны з Іерыхона, за Ім следам ішло мноства людзей.

30 І вось, двое сляпых, што сядзелі пры дарозе, пачуўшы, што Іісус ідзе міма, пачалі крычаць: памілуй нас, Госпадзе, Сыне Давідаў!

31 А людзі змушалі іх маўчаць; але яны яшчэ галасней закрычалі: памілуй нас, Госпадзе, Сыне Давідаў!

32 Іісус, спыніўшыся, паклікаў іх і сказаў: што вы хочаце, каб Я зрабіў вам?

33 Яны кажуць Яму: Госпадзе! каб адкрыліся вочы нашыя.

34 Іісус жа, злітаваўшыся, дакрануўся да вачэй іх; і адразу вочы іх пачалі бачыць, і яны пайшлі за Ім.

Паводле Матфея 21

1 І калі наблізіліся да Іерусаліма і прыйшлі ў Віфагію да гары Елеонскай, тады Іісус паслаў двух вучняў,

2 сказаўшы ім: ідзіце ў селішча, што проста перад вамі; і адразу знойдзеце асліцу прывязаную і асляня з ёю; адвязаўшы, прывядзіце да Мяне.

3 І калі вам хто скажа што-небудзь, адказвайце, што яны патрэбныя Госпаду; і адразу

пашле іх.

4 Усё ж гэта было, каб збылося сказанае праз прарока, які гаворыць:

5 "скажыце дачцэ Сіёнавай: вось, Цар твой ідзе да цябе лагодны, седзячы на асліцы і асляне, сыне пад'ярэмнай".

6 Вучні пайшлі і зрабілі так, як загадаў ім Іісус,

7 прывялі асліцу і асляня і паклалі на іх вопратку сваю, і Ён сеў паверх яе.

8 Мноства людзей пасцілалі вопратку сваю на дарозе, а іншыя рэзалі галіны з дрэў і пасцілалі на дарозе;

9 а люд, які ішоў спераду і следам, усклікаў: асанна Сыну Давідаваму! Благаславёны Той, Хто прыходзіць ў імя Гасподняе! Асанна ў вышніх!

10 І калі ўвайшоў Ён у Іерусалім, увесь горад прыйшоў у рух і казалі: хто гэта?

11 А люд казаў: Гэта Іісус,Прарок з Назарэта Галілейскага.

12 І ўвайшоў Іісус у храм Божы і выгнаў усіх тых, што прадавалі і куплялі ў храме, і сталы мянялаў перакуліў і ўслоны прадаўцоў галубоў,

13 і сказаў ім: напісана: "дом Мой домам малітвы назавецца"; а вы зрабілі з яго логава разбойнікаў.

14 І прыступілі да Яго ў храме сляпыя і кульгавыя, і Ён ацаліў іх.

15 А першасвятары і кніжнікі, убачыўшы цуды, якія Ён учыніў, і дзяцей, якія ўсклікалі ў храме і казалі: "асанна Сыну Давідаваму", абураліся

16 і сказалі Яму: ці чуеш, што яны кажуць? А Іісус кажа ім: так! хіба вы ніколі не чыталі: "з вуснаў дзетак і немаўлят Ты ўчыніў хвалу?"

17 І пакінуўшы іх, выйшаў з горада ў Віфанію і правёў там ноч.

18 А раніцай, вяртаючыся ў горад, схацеў есці.

19 І, угледзеўшы пры дарозе адну смакоўніцу, падышоў да яе і, нічога на ёй не знайшоўшы, акрамя толькі лісця, кажа ёй: няхай не будзе больш ад цябе плоду вавек. І адразу ўсохла смакоўніца.

20 Убачыўшы гэта, вучні здзівіліся і казалі: як гэта адразу ўсохла смакоўніца?

21 А Іісус сказаў ім у адказ: праўду кажу вам: калі будзеце мець веру і не спаняверыцеся, не толькі зробіце тое, што зроблена са смакоўніцай, але, калі і гары гэтай скажаце: "падыміся і ўвергніся ў мора", — будзе;

22 і ўсё, чаго ні папросіце ў малітве з вераю, атрымаеце.

23 І калі прыйшоў Ён у храм і вучыў, прыступілі да Яго першасвятары і старэйшыны народу і сказалі: якою ўладаю Ты гэта робіш? і хто Табе даў такую ўладу?

24 Іісус сказаў ім у адказ: спытаю і Я ў вас адну рэч; калі пра тое скажаце Мне, і Я вам скажу, якою ўладаю гэта раблю.

25 Хрышчэнне Іаанава адкуль было: з нябёсаў, ці ад людзей? Яны ж разважалі паміж сабою: калі скажам: "з неба", дык Ён скажа нам: "чаму ж вы не паверылі яму?"

26 а калі скажам: "ад людзей", — баімся народу, бо ўсе лічаць Іаана прарокам.

27 І сказалі ў адказ Іісусу: не ведаем. Сказаў ім і Ён: і Я вам не скажу, якою ўладаю гэта раблю.

28 А як вам здаецца? У аднаго чалавека было два сыны; і ён, падышоўшы да першага, сказаў: сыне! ідзі, сёння працуй у вінаградніку маім.

29 Але ён сказаў у адказ: "не хачу"; а пасля, раскаяўшыся, пайшоў.

30 І, падышоўшы да другога, ён сказаў тое самае. Гэты сказаў у адказ: "іду, гаспадар". І не пайшоў.

31 Каторы з двух выканаў бацькаву волю? Кажуць Яму: першы. Кажа ім Іісус: праўду кажу вам, што мытнікі і распусніцы паперад вамі ідуць у Царства Божае.

32 Бо прыйшоў да вас Іаан шляхам праведнасці, і вы не паверылі яму, а мытнікі і распусніца паверылі яму; вы ж, і бачыўшы гэта, не раскаяліся пасля, каб паверыць яму.

33 Выслухайце іншую прытчу. Быў адзін гаспадар дома, які пасадзіў вінаграднік: і абнёс агароджаю яго, і выкапаў у ім выціскальню і збудаваў вежу, і аддаў яго вінаградарам, і адлучыўся.

34 А калі надышоў час пладоў, ён паслаў сваіх рабоў да вінаградараў узяць плады свае.

35 Вінаградары, схапіўшы рабоў яго, каго набілі, каго забілі, а каго каменнем пабілі.

36 Зноў паслаў ён іншых рабоў, больш чым раней; і з імі зрабілі тое самае.

37 Нарэшце паслаў ён да іх сына свайго, кажучы: пасаромеюцца сына майго.

38 Але вінаградары, убачыўшы сына, сказалі адзін аднаму: гэта спадкаемец; хадзем, заб'ем яго і завалодаем спадчынай яго:

39 І схапіўшы яго, вывелі вонкі з вінаградніка і забілі.

40 І вось, калі прыйдзе гаспадар вінаградніка, што зробіць ён з гэтымі вінаградарамі?

41 Кажуць Яму: ліхадзеяў гэтых аддасць на лютую смерць, а вінаграднік аддасць іншым вінаградарам, якія аддаваць будуць яму плады ў свой час.

42 Іісус кажа ім: няўжо вы ніколі не чыталі ў Пісанні: "Камень, які адкінулі будаўнікі, той самы зрабіўся галавою вугла: гэта — ад Госпада, і ёсць дзіўна ў вачах нашых"?

43 Таму кажу вам, што адымецца ад вас Царства Божае, і дадзена будзе народу, які прыносіць плады яго.

44 І той, хто ўпадзе на гэты камень, разаб'ецца; а на каго ён упадзе, таго раздушыць.

45 І чуючы прытчы Яго, першасвятары і фарысеі зразумелі, што Ён пра іх гаворыць;

46 і намерваліся схапіць Яго; але пабаяліся люду, бо Яго ўважалі за прарока.

Паводле Матфея 22

1 І ў адказ Іісус зноў прамовіў да іх у прытчах, кажучы:

2 падобнае Царства Нябеснае на чалавека-цара, які справіў вяселле сыну свайму

3 і паслаў рабоў сваіх клікаць запрошаных на вяселле; і не хацелі прыйсці.

4 Зноў паслаў іншых рабоў, сказаўшы: скажыце запрошаным: "вось я прыгатаваў абед мой, цяляты мае і што ўкормлена, заколата, і ўсё гатова; прыходзьце на вяселле".

5 Але яны, не даўшы ўвагі, пайшлі, хто на поле сваё, а хто да гандлю свайго.

6 Астатнія ж, схапіўшы рабоў ягоных, зняважылі і забілі іх.

7 І пачуўшы, цар той угневаўся, і, паслаўшы войскі свае, вынішчыў забойцаў тых і горад іхні спаліў.

8 Тады кажа ён рабам сваім: вяселле гатова, а запрошаныя не былі вартыя.

9 Дык вось, ідзіце на ростані і ўсіх, каго спаткаеце, клічце на вяселле.

10 І рабы тыя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі, і ліхіх і добрых; і напоўнілася вяселле бяседнікамі.

11 Цар, увайшоўшы паглядзець на бяседнікаў, убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельныя строі,

12 і кажа яму: дружа! як ты ўвайшоў сюды не ў вясельных строях? А той маўчаў.

13 Тады сказаў цар слугам: звязаўшы яму рукі і ногі, вазьміце яго і выкіньце ў цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгат зубоў;

14 бо шмат пакліканых, ды мала выбраных.

15 Тады фарысеі пайшлі і дамаўляліся, як злавіць Яго на слове.

16 І пасылаюць да Яго вучняў сваіх з ірадыянамі, кажучы: Настаўнік! мы ведаем, што Ты справядлівы, і шляху Божаму праўдзіва вучыш, і не стараешся дагадзіць каму-небудзь, бо не глядзіш на абліччы;

17 дык вось скажы нам: як Табе здаецца? ці дазваляецца даваць падатак кесару, ці не?

18 Але Іісус, убачыўшы зламыснасць іхнюю, сказаў: што спакушаеце Мяне, крывадушнікі?

19 пакажыце Мне манету, якою плаціцца падатак. Яны прынеслі Яму дынарый.

20 І кажа ім: чыя гэта выява і надпіс?

21 І кажуць Яму: кесаравы. Тады кажа ім: дык аддавайце кесарава кесару, а Божае Богу.

22 Пачуўшы гэта, яны здзівіліся і, пакінуўшы Яго, пайшлі.

23 У той дзень падышлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасення, і спыталіся ў Яго:

24 Настаўнік! Маісей сказаў: "калі хто памрэ, не маючы дзяцей, няхай возьме брат яго жонку яго і адродзіць семя брату свайму".

25 Было ў нас сем братоў: першы, ажаніўшыся, памёр і, не маючы семені, пакінуў жонку сваю брату свайму;

26 гэтак сама і другі, і трэці, нават да сёмага;

27 а пасля ўсіх памерла і жонка.

28 Дык вось, ва ўваскрэсенні, катораму з сямі будзе яна за жонку, бо ўсе мелі яе.

29 Іісус сказаў ім у адказ: памыляецеся, не ведаючы Пісанняў, ні сілы Божай;

30 бо ва ўваскрэсенні ні жэняцца, ні выходзяць замуж, а жывуць, як Ангелы Божыя на нябёсах.

31 А пра ўваскрэсенне мёртвых ці не чыталі вы сказанага вам Богам:

32 "Я Бог Аўраама, і Бог Ісаака, і Бог Іакава"? Бог не ёсць Бог мёртвых, а жывых.

33 І пачуўшы, люд здзіўляўся з вучэння Яго.

34 А фарысеі, пачуўшы, што Ён прывёў садукеяў у маўчанне, сабраліся разам.

35 І спытаўся адзін з іх, законнік, спакушаючы Яго і кажучы:

36 Настаўнік! якая запаведзь найбольшая ў законе?

37 Іісус жа сказаў яму: "узлюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменнем тваім".

38 гэта найбольшая і першая запаведзь;

39 а другая падобная да яе: "узлюбі блізкага твайго, як самога сябе";

40 на гэтых дзвюх запаведзях грунтуецца ўвесь закон і прарокі.

41 Калі ж сабраліся фарысеі, спытаўся ў іх Іісус:

42 што вы думаеце пра Хрыста? чый Ён сын? Кажуць Яму: Давідаў.

43 Кажа ім: як жа Давід, з натхнення, Госпадам Яго называе, калі кажа:

44 "Сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх"?

45 Дык вось, калі Давід называе Яго Госпадам, як жа Ён сын яму?

46 І ніхто не мог адказаць Яму ні слова; і не адважваўся ўжо ніхто з таго дня дапытвацца ў Яго.

Паводле Матфея 23

1.Тады Іісус прамовіў да люду і вучняў Сваіх,

2 кажучы: на Маісеевым пасадзе селі кніжнікі і фарысеі;

3 дык вось, усё, што яны кажуць вам захоўваць, рабіце і захоўвайце; а

Паводле ўчынкаў іхніх не рабіце, бо яны гавораць, і неробяць:

4 звязваюць цяжары важкія і непасільныя і ўскладаюць на плечы людзям, а самі не хочуць і пальцам зрушыць іх;

5 а ўсе справы свае робяць дзеля таго, каб бачылі іх людзі; пашыраюць філактэрыі свае ды павялічваюць кутасы на адзенні сваім;

6 а таксама любяць узляжаць наперадзе на гасцінах, і наперадзе сядзець у сінагогах,

7 і вітанні на плошчах, і каб людзі клікалі іх: "Вучыцель! вучыцель!"

8 А вы не называйцеся вучыцелямі, бо адзін у вас Вучыцель — Хрыстос, а ўсе вы — браты;

9 і айцом сабе не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец, Які на нябёсах;

10 і не называйцеся настаўнікамі, бо адзін у вас Настаўнік — Хрыстос.

11 Большы з вас няхай будзе вам слуга:

12 бо хто ўзвышае сябе, той прыніжаны будзе; а хто прыніжае сябе, той узвысіцца.

13 Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што зачыняеце Царства Нябеснае перад людзьмі; бо самі не ўваходзіце і тых, што ўваходзяць, не пускаеце ўвайсці.

14 Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што паядаеце дамы ўдоў і напаказ доўга моліцеся: за тое прымеце тым большае асуджэнне.

15 Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што праходзіце мора і сушу, каб прыдбаць хоць аднаго нававерца; і калі гэта здараецца, робіце яго сынам геены, двойчы горшым за вас.

16 Гора вам, павадыры сляпыя, што кажаце: "калі хто прысягне храмам, дык нічога; а калі прысягне золатам храма, дык вінаваты".

17 Неразумныя і сляпыя! што большае: золата, ці храм, які асвячае золата?

18 І: "калі хто прысягне ахвярнікам, дык нічога; а калі прысягне дарам, які на ім, дык вінаваты".

19 Неразумныя і сляпыя! што большае: дар, ці ахвярнік, які асвячае дар?

20 Дык вось, хто прысягне ахвярнікам, прысягае ім і ўсім, што на ім;

21 і той, хто прысягае храмам, прысягае ім і Тым, Хто жыве ў ім;

22 і той, хто прысягае небам, прысягае прастолам Божым і Тым, Хто сядзіць на ім.

23 Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што даяце дзесяціну з мяты, анісу і кмену, і адкінулі важнейшае ў законе: суд, міласць і веру; гэта трэба было рабіць, і таго не пакідаць.

24 Павадыры сляпыя, што адцэджваеце камара, а вярблюда праглынаеце!

25 Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што ачышчаеце знешнасць чашы і місы, а усярэдзіне яны поўныя драпежнасці і няпраўды.

26 Фарысей сляпы! ачысці спярша сярэдзіну чашы і місы, каб чыстая была і знешнасць іх.

27 Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што прыпадабняецеся да павапленых магіл, якія звонку здаюцца прыгожымі, а ўсярэдзіне поўныя касцей мёртвых і ўсякага бруду;

28 так і вы знешне здаяцеся людзям праведнымі, а ўсярэдзіне поўныя крывадушнасці і беззаконня.

29 Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што будуеце грабніцы прарокам і ўпрыгожваеце помнікі праведнікам,

30 і кажаце: "калі б мы былі ў дні бацькоў нашых, дык не былі б саўдзельнікамі іх у праліванні крыві прарокаў";

31 тым самым вы самі сведчыце супроць сябе, што вы сыны тых, якія забілі прарокаў;

32 дапаўняйце ж меру бацькоў вашых.

33 Змеі, адроддзе яхідніна! як унікнеце вы асуджэння ў геену?

34 Таму, вось, Я пасылаю да вас прарокаў, і мудрых, і кніжнікаў; і некаторых з іх вы заб'яце і ўкрыжуеце, а некаторых будзеце біць у сінагогах вашых і гнаць з горада ў горад;

35 каб спала на вас уся кроў праведная, пралітая на зямлі, ад крыві Авеля праведнага да крыві Захарыі, сына Варахіевага, якога вы забілі паміж храмам і ахвярнікам.

36 Праўду кажу вам: усё гэта спадзе на род гэты.

37 Іерусаліме, Іерусаліме, ты забіваеш прарокаў і каменнем пабіваеш пасланых да цябе! колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка збірае птушанят сваіх пад крылы, і вы не захацелі!

38 Вось, пакідаецца вам дом ваш пусты.

39 Бо кажу вам: не ўбачыце Мяне ад сёння, пакуль не ўсклікнеце: "благаславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе!"

Паводле Матфея 24

1 І выйшаўшы, Іісус ішоў ад храма. І прыступілі вучні Яго, каб паказаць Яму будынкі храма.

2 Ён жа сказаў ім: ці бачыце ўсё гэта? Праўду кажу вам: не застанецца тут каменя на камені; усё будзе разбурана.

3 Калі ж сядзеў Ён на гары Елеонскай, дык прыступілі да Яго вучні асобна, кажучы: скажы нам, калі гэта будзе? і якое знаменне Твайго прышэсця і сканчэння веку?

4 І ў адказ Іісус сказаў ім: глядзіце, каб хто вас не ўвёў у зман;

5 бо многія прыйдуць пад імем Маім і будуць казаць: "я Хрыстос", — і многіх ўвядуць у зман.

6 Таксама пачуеце пра войны і ваенныя чуткі. Глядзіце, не жахайцеся; бо павінна ўсё тое быць. Але гэта яшчэ не канец:

7 бо паўстане народ на народ і царства на царства; і будзе голад і мор, і землятрусы месцамі;

8 а ўсё гэта — пачатак пакут.

9 Тады будуць выдаваць вас на пакуты і забіваць вас; і вы будзеце зненавіджаныя ўсімі народамі за імя Маё.

10 І тады спакусяцца многія; і адзін аднаго будуць выдаваць, і ўзненавідзяць адзін аднаго;

11 і многія ілжэпрарокі паўстануць і ўвядуць у зман многіх;

12 і з-за памнажэння беззаконнасці ахалоне любоў у многіх;

13 а хто выцерпіць да канца, уратуецца.

14 І абвешчана будзе гэтае Дабравесце Царства па ўсім свеце, на сведчанне ўсім народам; і тады прыйдзе канец.

15 Дык вось, калі ўбачыце мярзоту спусташэння, пра якую сказана прарокам Даніілам, якая паўстане на святым месцы, — хто чытае, няхай разумее, —

16 тады хто будзе ў Іудзеі, няхай уцякаюць у горы;

17 і хто на даху, той няхай не сыходзіць узяць што-небудзь з дома свайго;

18 і хто ў полі, той няхай не вяртаецца назад, каб узяць вопратку сваю.

19 Гора ж цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі, у тыя дні!

20 Маліцеся, каб не здарыліся ўцёкі вашы зімою, альбо ў суботу;

21 бо тады будзе вялікае ліха, якога не было ад пачатку свету да сёння, і не будзе.

22 І калі б не скараціліся тыя дні, дык не ўратавалася б ніякая плоць; але дзеля выбраных скароцяцца тыя дні.

23 Тады калі хто скажа вам: "вось, тут Хрыстос", альбо "там", — не верце;

24 бо паўстануць ілжэхрысты ды лжэпрарокі і дадуць знаменні вялікія і цуды, каб увесці ў зман, калі магчыма, і выбраных.

25 Вось, Я наперад сказаў вам.

26 Значыцца, калі скажуць вам: "вось Ён у пустыні", — не выходзьце; "вось, Ён у патайных пакоях", — не верце;

27 бо, як маланка бліскае з усходу і відна бывае аж да захаду, такім будзе прышэсце Сына Чалавечага;

28 бо дзе будзе труп, там збяруцца арлы.

29 І раптам, пасля смутку дзён тых, сонца памеркне, і месяц не дасць святла свайго, і зоркі спадуць з неба, і сілы нябесныя зрушацца;

30 і тады явіцца азнака Сына Чалавечага на небе; і тады заплачуць усе плямёны зямныя і ўбачаць Сына Чалавечага, Які будзе ісці на аблоках нябесных з сілаю і славаю вялікай;

31 і пашле Ангелаў Сваіх з трубою громагучнаю, і збяруць выбраных Ягоных ад чатырох вятроў, ад краю нябёсаў да краю іх.

32 Ад смакоўніцы вазьміце падабенства: калі голле яе ўжо мякчэе і пускае лісце, вы ведаеце, што блізка лета;

33 так і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што блізка, пры дзвярах.

34 Праўду кажу вам: не міне род гэты, як усё гэта будзе;

35 неба і зямля мінуць, а словы Мае не мінуць;

36 а пра дзень той і гадзіну ніхто не ведае, ні Ангелы нябесныя, а толькі Айцец Мой адзін;

37 але як было ў дні Ноя, так будзе і ў прышэсце Сына Чалавечага:

38 бо як у дні перад патопам елі, пілі, жаніліся і выходзілі замуж да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг,

39 і не разумелі, пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх, — так будзе і прышэсце Сына Чалавечага;

40 тады будуць двое на полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты;

41 дзве будуць малоць у жорнах: адна будзе ўзята, а другая пакінута.

42 Дык чувайце ж, бо не ведаеце, ў якую гадзіну Гасподзь ваш прыйдзе...

43 Але гэта вы знаеце, што калі б ведаў гаспадар дома, у якую варту прыйдзе злодзей, дык не спаў бы і не даў бы падкапаць дома свайго.

44 Таму і вы будзьце гатовыя, бо у час, пра які не думаеце, Сын Чалавечы прыйдзе.

45 Хто ж верны і разумны раб, якога гаспадар ягоны паставіў над слугамі сваімі, каб даваў ім ежу ў свой час?

46 Блажэнны той раб, якога гаспадар яго, прыйшоўшы, застане, што робіць так;

47 праўду кажу вам, што над усёй маёмасцю сваёю паставіць яго.

48 А калі скажа ліхі раб той ў сэрцы сваім: "не хутка прыйдзе гаспадар мой",

49 і пачне біць таварышаў сваіх, і есці і піць з п'яніцамі, —

50 прыйдзе гаспадар раба таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзіну, у якую не ведае,

51 і рассячэ яго напалам, і вызначыць яму адзін лёс з крывадушнікамі: там будзе плач і скрыгат зубоў.

Паводле Матфея 25

1 Тады ўпадобніцца Царства Нябеснае дзесяці дзевам, якія, узяўшы свяцільнікі свае, выйшлі сустрэць жаніха;

2 пяць з іх было неразумных пяць мудрых;

3 неразумныя, узяўшы свяцільнікі свае, не ўзялі з сабою алею;

4 а мудрыя узялі алею ў пасудзінах разам з свяцільнікамі сваімі;

5 і калі жаніх замарудзіўся, дык задрамалі ўсе і паснулі.

6 Але апоўначы крык пачуўся: "вось, жаніх ідзе, выходзьце на сустрэчу яму".

7 Тады ўсталі ўсе дзевы тыя і паправілі свяцільнікі свае.

8 А неразумныя мудрым сказалі: "дайце нам алею вашага, бо свяцільнікі нашыя гаснуць".

9 А мудрыя сказалі ў адказ: "каб не сталася недахопу і ў нас і ў вас, ідзіце лепей да прадаўцоў і купіце сабе".

10 Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў жаніх, і гатовыя ўвайшлі з ім на вяселле, і зачыніліся дзверы.

11 Пасля прыходзяць і астатнія дзевы і кажуць: "пане! пане! адчыні нам".

12 Ён жа сказаў ім у адказ: "праўду кажу вам: не ведаю вас".

13 Дык вось, чувайце; бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны, у якую прыйдзе Сын Чалавечы.

14 Гэтак і чалавек нейкі, адыходзячы, заклікаў рабоў сваіх і даручыў ім маёмасць сваю:

15 і аднаму даў пяць талантаў, другому два, іншаму адзін, кожнаму

Паводле яго сілы; і адразу адышоў.

16 Той, хто атрымаў пяць талантаў, пайшоў: уклаў іх у справу і набыў другія пяць;

17 гэтак сама і той з двума набыў другія два;

18 а той, хто атрымаў адзін талант, пайшоў і закапаў яго ў зямлю і схаваў серабро гаспадара свайго.

19 Па доўгім часе прыходзіць гаспадар рабоў тых і зводзіць з імі рахунак.

20 І той, хто атрымаў пяць талантаў, падышоўшы, прынёс другія пяць талантаў і кажа: "Гаспадар! пяць талантаў ты даў мне; вось, другія пяць талантаў я набыў на іх".

21 Сказаў жа яму гаспадар яго: "добра, раб добры і верны! у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасць гаспадара твайго".

22 Падышоў таксама і той, што атрымаў два таланты, і сказаў: "гаспадар! два таланты ты даў мне; вось, другія два таланты набыў я на іх".

23 Сказаў жа яму гаспадар яго: "добра, раб добры і верны! у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасць гаспадара твайго".

24 Падышоў і той, што атрымаў адзін талант, і сказаў: "гаспадар! я ведаў цябе, што ты чалавек жорсткі, жнеш, дзе не сеяў, і збіраеш, дзе не рассыпаў;

25 і пабаяўшыся, пайшоў і схаваў талант твой у зямлі; вось табе тваё".

26 Гаспадар жа ягоны сказаў яму ў адказ: "ліхі раб і гультай! ты ведаў, што я жну, дзе не сеяў, і збіраю, дзе не рассыпаў;

27 таму трэба было табе аддаць серабро маё гандлярам, і я, прыйшоўшы, атрымаў бы маё з прыбыткам.

28 Дык вось вазьміце ў яго талант і дайце таму, хто мае дзесяць талантаў,

29 бо кожнаму, хто мае, дасца і памножыцца, а ў таго, хто не мае, адымецца і тое, што мае;

30 а нягоднага раба выкіньце ў цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгат зубоў". (Сказаўшы гэта, усклікнуў: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!)

31 Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй і ўсе святыя Ангелы з Ім, тады сядзе на прастоле славы Сваёй,

32 і збяруцца перад Ім усе народы; і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў;

33 і паставіць авечак праваруч ад Сябе, а казлоў — леваруч.

34 Тады скажа Цар тым, якія праваруч ад Яго: "Прыйдзіце, благаславёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Царства, угатаванае вам ад стварэння свету:

35 бо быў галодны Я, і вы далі Мне есці; быў сасмяглы, і вы напаілі Мяне; быў падарожны, і вы прынялі Мяне;

36 быў голы, і вы адзелі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; у цямніцы быў, і вы прыйшлі да Мяне.

37 Тады праведнікі скажуць Яму ў адказ: "Госпадзе! калі мы бачылі Цябе галоднага і накармілі? альбо сасмяглага і напаілі?

38 калі ж мы бачылі Цябе падарожнага і прынялі? альбо голага і адзелі?

39 калі ж мы бачылі Цябе хворага, альбо ў цямніцы, і прыйшлі да цябе?"

40 І Цар скажа ім у адказ: "праўду кажу вам: як што зрабілі вы гэта аднаму з братоў Маіх меншых, дык зрабілі Мне".

41 Тады скажа і тым, якія леваруч ад яго: "ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, угатаваны дыявалу і ангелам яго:

42 бо быў галодны Я, вы не далі Мне есці; быў сасмяглы, і вы не напаілі Мяне;

43 быў падарожны, і не прынялі Мяне; быў голы, і не адзелі Мяне; хворы і ў цямніцы, і не адведалі Мяне".

44 Тады і яны скажуць Яму ў адказ: "Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галоднага, альбо сасмяглага, альбо падарожнага, альбо голага, альбо хворага, альбо ў цямніцы, і

не паслужылі Табе?"

45 Тады скажа ім у адказ: "праўду кажу вам: як што вы не зрабілі гэтага аднаму з гэтых меншых, дык не зрабілі Мне".

46 І пойдуць гэтыя на пакуты вечныя, а праведнікі ў жыццё вечнае.

Паводле Матфея 26

1 І сталася: калі скончыў Іісус усе словы гэтыя, дык сказаў вучням Сваім:

2 вы ведаеце, што праз два дні Пасха будзе, і Сын Чалавечы выдадзены будзе на ўкрыжаванне.

3 Тады сабраліся першасвятары і кніжнікі і старэйшыны народу ў двор першасвятара, якога звалі Каіафа,

4 і дамовіліся ўзяць Іісуса хітрасцю і забіць;

5 але казалі: толькі не ў свята, каб не сталася абурэння ў народзе.

6 Калі ж Іісус быў у Віфаніі, у доме Сімана пракажонага,

7 прыступіла да Яго жанчына з алебастравай пасудзінай міра шматкаштоўнага і ліла Яму на галаву, калі Ён узляжаў за сталом.

8 Убачыўшы, вучні Яго абурыліся і казалі: навошта такая трата?

9 бо можна было б прадаць гэтае міра за вялікія грошы і даць убогім.

10 Але Іісус, зразумеўшы гэта, сказаў ім: што бянтэжыце жанчыну? Яна добры ўчынак зрабіла для Мяне;

11 бо заўсёды убогіх вы маеце з сабою, а Мяне не заўсёды маеце;

12 бо ўзліўшы гэтае міра на Цела Маё, яна падрыхтавала Мяне да пахавання;

13 праўду кажу вам: дзе ні будзе абвешчана Дабравесце гэтае ў цэлым свеце, сказана будзе ў памяць яе і пра тое, што зрабіла яна.

14 Тады адзін з дванаццаці, якога звалі Іуда Іскарыёт, пайшоў да першасвятароў

15 і сказаў: што вы дасце мне, і я вам выдам Яго? Яны прапанавалі яму трыццаць срэбранікаў;

16 і з таго часу ён шукаў зручнай нагоды выдаць Яго.

17 У першы ж дзень праснакоў прыступілі вучні да Іісуса і сказалі Яму: дзе хочаш, каб мы прыгатавалі Табе есці пасху?

18 Ён жа сказаў: ідзіце ў горад да такога і такога і скажыце яму: "Настаўнік кажа: час мой блізкі, у цябе ўчыню пасху з вучнямі Маімі".

19 І зрабілі вучні, як загадаў ім Іісус, і прыгатавалі пасху.

20 Калі ж звечарэла, Ён узлёг з дванаццацю вучнямі;

21 І калі яны елі, сказаў: праўду кажу вам, што адзін з вас выдасць мяне.

22 Яны вельмі засмуціліся і пачалі казаць Яму, кожны з іх: ці не я, Госпадзе?

23 А Ён сказаў у адказ: хто апусціў са Мною руку ў місу, той выдасць Мяне.

24 Бо Сын Чалавечы ідзе, як напісана пра Яго; але гора таму чалавеку, які выдае Сына Чалавечага: лепей было б таму чалавеку не радзіцца.

25 У адказ жа Іуда, які выдаў Яго, сказаў: ці не я, Равві? Іісус кажа яму: ты сказаў.

26 А калі яны елі: Іісус, узяўшы хлеб і благаславіўшы, пераламіў і, раздаючы вучням, сказаў: прыміце, ешце: гэта Цела Маё.

27 І ўзяўшы чашу, і падзякаваўшы, падаў ім і сказаў: піце з яе ўсе;

28 бо гэта Кроў Мая новага запавету, за многіх праліваная дзеля даравання грахоў.

29 Кажу ж вам, што ад сёння не буду піць ад плоду гэтага вінаграднага да таго дня, калі буду піць з вамі новае віно ў Царстве Айца Майго.

30 І заспяваўшы, пайшлі на гару Елеонскую.

31 Тады кажа ім Іісус: усе вы спакусіцеся аба Мне ў гэтую ноч, бо напісана: "паражу пастыра, і рассеюцца авечкі статку".

32 А пасля ўваскрэсення Майго сустрэну вас у Галілеі.

33 У адказ жа Пётр сказаў Яму: калі і ўсе спакусяцца аб Табе, я не спакушуся.

34 Сказаў яму Іісус: праўду кажу табе, што гэтае ночы, перш чым заспявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне.

35 Кажа Яму Пётр: хоць бы мне і памерці з Табою, не адракуся ад Цябе. Падобнае і ўсе вучні казалі.

36 Потым прыходзіць з імі Іісус у мясціну, званую Гефсіманія, і кажа вучням: пасядзіце тут, пакуль Я пайду, памалюся там.

37 І ўзяўшы Пятра і абодвух сыноў Зевядзеевых, пачаў смуткаваць і журыцца.

38 Тады кажа ім Іісус: душа Мая смуткуе да смерці; пабудзьце тут і чувайце са Мною.

39 І адышоўшы крыху, упаў абліччам Сваім, маліўся і казаў: Ойча Мой! калі магчыма, няхай абміне Мяне чаша гэтая; але не як Я хачу, а як Ты.

40 І прыходзіць да вучняў і знаходзіць, што яны спяць, і кажа Пятру: ці так не змаглі вы адну гадзіну патрываць са Мною?

41 Не спіце і маліцеся, каб не ўпасці ў спакусу: дух бадзёры, а плоць нядужая.

42 Яшчэ, адышоўшы другі раз, маліўся, кажучы: Ойча Мой! калі не можа чаша гэтая абмінуць Мяне, каб Мне не піць яе, няхай будзе воля Твая.

43 І прыйшоўшы, знайшоў, што зноў яны спяць, бо ў іх вочы ацяжэлі.

44 І пакінуўшы іх, адышоў зноў і памаліўся трэці раз, тое самае слова сказаўшы.

45 Тады прыходзіць да вучняў Сваіх і кажа ім: вы ўсё яшчэ спіце і спачываеце; вось, наблізілася гадзіна, і Сын Чалавечы аддаецца ў рукі грэшнікаў;

46 устаньце, хадзем: вось наблізіўся той, хто выдае Мяне.

47 І калі яшчэ гаварыў Ён, вось, Іуда, адзін з дванаццаці, прыйшоў, і з ім мноства людзей з мячамі і каламі, ад першасвятароў і старэйшын народных.

48 А хто выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: каго я пацалую, Той і ёсць, вазьміце Яго.

49 I, адразу падышоўшы да Іісуса, сказаў: радуйся, Равві! І пацалаваў Яго.

50 Іісус жа сказаў яму: дружа, чаго ты прыйшоў? Тады падышлі, і ўсклалі рукі на Іісуса, і ўзялі Яго.

51 І вось, адзін з тых, што былі з Іісусам, працягнуўшы руку, дастаў меч свой і, ударыўшы раба першасвятаровага, адсек яму вуха.

52 Тады кажа яму Іісус: вярні меч твой у месца ягонае, бо ўсе, хто возьме меч, ад мяча і загінуць;

53 альбо думаеш, што Я не магу цяпер упрасіць Айца Майго, і Ён дасць Мне больш за дванаццаць легіёнаў Ангелаў?

54 як жа збудуцца Пісанні, што так павінна быць?

55 У тую гадзіну сказаў Іісус народу: быццам на разбойніка выйшлі вы з мячамі і каламі ўзяць Мяне; кожны дзень з вамі сядзеў Я, вучачы ў храме, і вы не ўзялі Мяне.

56 А ўсё гэта было, каб збыліся пісанні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі.

57 А тыя, што ўзялі Іісуса, прывялі Яго да Каіафы першасвятара, куды сабраліся кніжнікі і старэйшыны.

58 А Пётр ішоў следам за ім зводдаль, да двара першасвятаровага і ўвайшоўшы ў сярэдзіну, сеў са слугамі, каб бачыць канец.

59 Першасвятары і старэйшыны і ўвесь сінедрыён шукалі ілжывага сведчання супроць Іісуса, каб аддаць Яго на смерць;

60 і не знаходзілі; і хоць шмат ілжывых сведкаў прыходзіла, не знайшлі. Але нарэшце прыйшлі два ілжывыя сведкі

61 і сказалі: Ён казаў: "магу разбурыць храм Божы і за тры дні збудаваць яго".

62 І ўстаўшы, першасвятар сказаў Яму: нічога не адказваеш? што яны супроць Цябе сведчаць?

63 Іісус жа маўчаў. І першасвятар сказаў Яму: заклінаю Цябе Богам жывым, скажы нам, ці Ты Хрыстос, Сын Божы?

64 Кажа яму Іісус: ты сказаў; нават маўляю вам: ад сёння ўгледзіце Сына Чалавечага, што сядзіць праваруч сілы і ідзе на аблоках нябесных.

65 Тады першасвятар разадраў адзенне сваё і сказаў: Ён блюзнерыць. Навошта яшчэ нам сведкі? Вось, вы чулі блюзнерства Яго!

66 Як вам здаецца? А яны сказалі ў адказ: варты смерці.

67 Тады плявалі Яму ў твар і тузалі Яго; а іншыя білі па шчоках

68 і казалі: скажы нам, Хрысце, хто ўдарыў Цябе?

69 А Пётр сядзеў звонку на дварэ. І падышла да яго адна служанка і сказала: і ты быў з Іісусам Галілеянінам.

70 Але ён адрокся перад усімі, сказаўшы: не ведаю, што ты кажаш.

71 А калі ён выходзіў за браму, убачыла яго другая, і кажа тым, што былі там: і гэты быў з Іісусам Назарэем.

72 І зноў адрокся ён, прысягнуўшы: я не ведаю Гэтага Чалавека.

73 Крыху пазней падышлі тыя, што стаялі, і сказалі Пятру: сапраўды і ты з іх, бо і гаворка твая выдае цябе.

74 Тады ён пачаў прысягаць і бажыцца: я не ведаю Гэтага Чалавека. І тут жа заспяваў певень.

75 І згадаў Пётр словы, сказаныя яму Іісусам: перш чым заспявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне. І выйшаўшы вонкі, плакаў горка.

Паводле Матфея 27

1 Калі ж настала раніца, зрабілі нараду ўсе першасвятары і старэйшыны народу супраць Іісуса, каб аддаць Яго на смерць:

2 і звязаўшы Яго, завялі і перадалі Яго Понцію Пілату, намесніку.

3 Тады Іуда, які выдаў Яго, убачыўшы, што засудзілі Яго, і раскаяўшыся, аддаў трыццаць срэбранікаў першасвятарам і старэйшынам,

4 кажучы: саграшыў я, прадаўшы кроў нявінную. Яны ж сказалі: што нам да таго? глядзі сам.

5 І кінуўшы срэбранікі ў храме, ён адышоў; і пайшоўшы, павесіўся.

6 Першасвятары, узяўшы срэбранікі, сказалі: не дазваляецца класці іх у храмавую скарбніцу, бо гэта цана крыві.

7 І зрабіўшы нараду, купілі на іх поле ганчара для пахавання чужынцаў;

8 таму і называецца поле тое "полем крыві" па сённяшні дзень;

9 тады збылося сказанае праз прарока Іерамію, які кажа: "і ўзялі трыццаць срэбранікаў, цану Ацэненага, Якога ацанілі сыны Ізраілевы,

10 і далі іх за поле ганчара, як сказаў мне Гасподзь".

11 Іісус жа стаў перад намеснікам. І запытаў у Яго намеснік, кажучы: Ты Цар Іудзейскі? Іісус жа сказаў яму: ты кажаш.

12 І калі вінавацілі Яго першасвятары і старэйшыны, Ён нічога не адказваў.

13 Тады кажа Яму Пілат: ці не чуеш, колькі сведчаць супроць Цябе?

14 І не адказваў яму на ніводнае слова, так што намеснік вельмі здзіўляўся.

15 А на свята намеснік меў звычай адпускаць народу аднаго вязня, якога б хацелі.

16 Быў тады ў іх вядомы вязень, званы Варава.

17 І вось, як сабраліся яны, сказаў ім Пілат: каго хочаце, каб я адпусціў вам: Вараву ці Іісуса, якога завуць Хрыстом?

18 Бо ведаў, што з зайдрасці выдалі Яго.

19 Тым часам, як сядзеў ён на судовым месцы, жонка яго паслала яму сказаць: не рабі нічога Праведніку Таму, бо я сёння ў сне шмат адцярпела за Яго.

20 Але першасвятары і старэйшыны падбухторылі люд прасіць Вараву, а Іісуса загубіць.

21 Тады намеснік сказаў ім у адказ: каго хочаце з двух, каб я адпусціў вам? Яны сказалі: Вараву.

22 Кажа ім Пілат: што ж мне зрабіць з Іісусам, якога завуць Хрыстом? Кажуць яму ўсе: няхай будзе распяты!

23 Намеснік жа сказаў: якое ж ліха ўчыніў Ён? Але яны яшчэ мацней крычалі: няхай будзе распяты!

24 Пілат, бачачы, што нічога не дапамагае, а неспакой расце, узяў вады і ўмыў рукі перад людзьмі, кажучы: невінаваты я ў крыві Праведніка Гэтага; глядзіце самі.

25 І, адказваючы, увесь люд сказаў: Кроў Яго на нас і на дзецях нашых.

26 Тады адпусціў ім Вараву, а Іісуса, біўшы, аддаў на распяцце.

27 Тады воіны намеснікавы, узяўшы Іісуса ў прэторыю, сабралі на Яго цэлы полк,

28 і раздзеўшы Яго, надзелі на Яго баграніцу;

29 і, сплёўшы вянец з цёрну, усклалі на галаву Яму і далі Яму ў правую руку кій, і, стаўшы на калені перад Ім, кпілі з Яго, кажучы: радуйся, Цару Іудзейскі?

30 і плявалі на Яго і, узяўшы кій, білі па галаве Яго.

31 І калі накпіліся з Яго, знялі з Яго пурпуру і апранулі Яго ў адзежу Ягоную, і павялі Яго на распяцце.

32 Выходзячы, спаткалі яны аднаго Кірынеяніна, імем Сіман: яго і прымусілі несці крыж Яго.

33 І прыйшоўшы на месца, якое называецца Галгофа, што азначае "месца чэрапа",

34 далі Яму піць воцату, змяшанага з жоўцю; і, пакаштаваўшы, не хацеў піць.

35 Тыя, што ўкрыжавалі Яго, дзялілі адзежу Яго, кідаючы жэрабя;

36 і, седзячы, вартавалі Яго там;

37 і змясцілі над галавою Яго надпіс з віною Яго: гэта Іісус, Цар Іудзейскі.

38 Тады ўкрыжавалі з Ім двух разбойнікаў: аднаго па правы бок, а другога па левы.

39 А тыя, што міма праходзілі, зневажалі Яго, ківаючы галовамі сваімі

40 і кажучы: Ты, што разбураеш храм і за тры дні будуеш! уратуй Сябе Самога. Калі Ты Сын Божы, сыдзі з крыжа.

41 Падобна і першасвятары з кніжнікамі і старэйшынамі і фарысеямі, насміхаючыся, казалі:

42 іншых ратаваў, а Самога Сябе не можа ўратаваць. Калі Ён Цар Ізраілеў, няхай цяпер сыдзе з крыжа, і ўверуем у Яго;

43 спадзяваўся на Бога: няхай цяпер выбавіць Яго, калі Ён угодны Яму. Бо Ён сказаў: Я Божы Сын.

44 Таксама і разбойнікі, укрыжаваныя з Ім, ганьбілі Яго.

45 Ад шостай жа гадзіны цемра настала па ўсёй зямлі да гадзіны дзевятай;

46 а каля дзевятай гадзіны ўскрыкнуў Іісус моцным голасам, кажучы: Ілі, Ілі! лема савахфані? што азначае: Божа Мой, Божа Мой! чаму Ты Мяне пакінуў?

47 Некаторыя з тых, што стаялі там, чуючы гэта, казалі: Ілію кліча Ён.

48 І адразу пабег адзін з іх, узяў губку, намачыў у воцат і, насадзіўшы на кій, даваў Яму піць;

49 а другія казалі: чакай; пабачым, ці прыйдзе Ілія ўратаваць Яго.

50 Іісус жа, зноў ўскрыкнуўшы моцным голасам, спусціў дух.

51 І вось, завеса храма разадралася напалам, зверху данізу; і зямля здрыганулася; і каменне раскалолася;

52 і магілы расчыніліся; і многія целы памерлых паўсталі;

53 і выйшаўшы з магіл пасля ўваскрэсення Яго, ўвайшлі ў святы горад і явіліся многім.

54 Сотнік жа і тыя, што з ім вартавалі Іісуса, бачачы землятрус і ўсё, што адбылося, перапалохаліся вельмі і казалі: сапраўды Ён быў Сын Божы.

55 Там былі таксама і глядзелі здалёк многія жанчыны, якія ішлі следам за Іісусам з Галілеі, служачы Яму;

56 сярод іх былі Марыя Магдаліна і Марыя, маці Іакава і Іасіі, і маці сыноў Зевядзеевых.

57 Калі ж звечарэла, прыйшоў багаты чалавек з Арымафеі, імем Іосіф, які таксама вучыўся ў Іісуса;

58 ён, прыйшоўшы да Пілата, прасіў цела Іісусава. Тады Пілат загадаў аддаць цела.

59 І ўзяўшы цела, Іосіф абгарнуў яго чыстаю плашчаніцаю

60 і паклаў яго ў новай сваёй магіле, якую высек у скале; і прываліўшы вялікі камень да дзвярэй магілы, адышоў.

61 Была ж там Марыя Магдаліна і другая Марыя, якія сядзелі насупраць магілы.

62 На другі дзень, які ідзе за пятніцай, сабраліся першасвятары і фарысеі да Пілата

63 і казалі: пане! мы ўспомнілі, што ашуканец той, яшчэ калі быў жывы, сказаў: "праз тры дні ўваскрэсну";

64 дык вось, загадай вартаваць магілу да трэцяга дня, каб вучні Яго, прыйшоўшы ўначы, не ўкралі Яго і не сказалі народу: "уваскрэс з мёртвых", і будзе апошняе ашуканства горшае за першае.

65 А Пілат сказаў ім: маеце варту; ідзіце, ахоўвайце, як ведаеце.

Паводле Матфея 28

1 Як прайшла субота, на світанні першага дня тыдня, прыйшла Марыя Магдаліна і другая Марыя паглядзець магілу.

2 І вось, зрабіўся вялікі землятрус: бо Ангел Гасподні, які сышоў з неба, прыступіўшы, адваліў камень ад уваходу ў магілу і сядзеў на ім;

3 выгляд жа яго быў, як маланка, і ўбранне яго белае, як снег.

4 І ад страху перад ім затрымцелі вартаўнікі, і сталі як мёртвыя.

5 Ангел жа, прамаўляючы да жанчын, сказаў: не бойцеся вы; бо ведаю, што вы шукаеце Іісуса ўкрыжаванага;

6 няма Яго тут; Ён уваскрэс, як сказаў; падыдзіце, пабачце месца, дзе ляжаў Гасподзь;

7 ды ідзіце хутка, скажыце вучням Яго, што Ён уваскрэс з мёртвых і сустракае вас у Галілеі: там Яго ўбачыце; вось я сказаў вам.

8 І пайшоўшы спешна ад магілы, яны са страхам і радасцю вялікаю пабеглі ўзвясціць вучням Яго;

9 калі ж ішлі яны ўзвясціць вучням Ягоным, і вось, Іісус сустрэў іх і сказаў: радуйцеся! І яны, прыступіўшы, абхапілі ногі Яго і пакланяліся Яму.

10 Тады кажа ім Іісус: не бойцеся; ідзіце, узвясціце братам Маім, каб ішлі ў Галілею, і там яны ўбачаць Мяне.

11 А калі яны ішлі, дык некаторыя з варты, увайшоўшы ў горад, паведамілі першасвятарам усё, што адбылося.

12 І яны, сабраўшыся са старэйшынамі і зрабіўшы нараду, немалыя грошы далі воінам,

13 кажучы: скажыце, што вучні Яго, уначы прыйшоўшы, укралі Яго, калі мы спалі;

14 і калі чуткі пра гэта дойдуць да намесніка, мы пераканаем яго і вас ад непрыемнасці выбавім.

15 Яны ж, узяўшы грошы, зрабілі, як навучаныя былі. І пранеслася слова гэгае сярод Іудзеяў аж да сённяшняга дня.

16 Адзінаццаць жа вучняў пайшлі ў Галілею, на гару, куды загадаў ім Іісус;

17 і, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму; а другія засумняваліся.

18 І, прыступіўшы, Іісус сказаў ім: дадзена Мне ўсякая ўлада на небе і на зямлі:

19 дык ідзіце, навучыце ўсе народы, хрысцячы іх у імя Айца і Сына і Святога Духа,

20 вучачы іх выконваць усё, што Я запаведаў вам; і вось, Я з вамі ва ўсе дні да сканчэння веку. Амінь.